Віраце́йка ’вадзяная вужака’ (КЭС, лаг.), рус. перм. вератея ’рыба, Cobitis taenia’, укр. веретенниця, веретільник, веретільниця ’гадзюка вераценніца, Anguis fragilis’, рус. паўн. верете́льник ’п’яўка’, верете́льница ’маленькая, бязногая яшчарка’; ’вераценніца’, паўд. верете́ница, веретени́цаяшчарка’, смал., пск., калуж. ’вераценніца’, калуж. ’рыба, Cobitis taenia’; ’уюн, Cobitis fossilis’, веретеница ’малюскі, ракавіна якіх падобна да верацяна’, ленінгр. веретённик ’вераценніца’, пск. веретенница ’тс’, тамб. ’шабля-рыба з колкім ротам, падобная да пячкура’, польск. wrzecienica ’марская рыба’; ’балотная гадзіна’, н.-луж. (w)rjeśeńca, wrjeśenica ’кальчысты вужака, Coluber natrix’, в.-луж. wrjećeńca ’лазаніца, Lysimachia L.’; ’жаўтапузік, Ophisantus apodus’, чэш. vřetenice ’вераценніца’, vřetenka ’род рыбы з сям’і Callionymidae, Callionymus’, славац. vretenica ’гадзюка Vipera berus’, серб.-харв. вретѐнар, макед. вретенарка ’рыба Asper asper L.’, балг. вретена́рка ’тс’. Усе да верацяно, вярцець (гл.). Цікавым з’яўляецца параўнанне Патабні (РФВ, 5, 126) з літ. vérti ’нанізваць, працягваць праз што-небудзь’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жу́жалка1 ’жабянятка’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. с.-урал. жужа́лка, свярдл., арханг., гом., перм., новасіб. жужелка ’жук, насякомае’. Відаць, звязана з памянш. *жужалка, жужаль1. Параўн. рус. арханг. жу́желицаяшчарка’. Гэта назва дробнай істоты ўваходзіць, відаць, у кола тых істот, якія называліся першасна зборным жужаль1 паводле Махэка₂, 729.

Жу́жалка2 ’чарнявая жанчына’ (Жд.). Параўн. рус. паўд.-сіб. жу́желица ’чарнявая дзяўчына’. Семантычны перанос ад першапачатковага памянш. жужалка ’чорнае насякомае’ (< жужаль1) на асобу.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ашчэ́ ’яшчэ’ (Кліх, Шат., Сцяшк., Жд., Тэксты, 144), рус. дыял. ощо, пск. още, балг. о́ще, макед. уште. Тэарэтычна можа ўзыходзіць да прасл. ošče, параўн. ст.-рус. още (побач з ešče, ješče, jьšče, iščet гл. Слаўскі, 1, 368 з літар.), аднак ужо Карскі (1, 304; 2–3, 66) дапускаў пазнейшае паходжанне беларускага слова з ješče са стратай пачатковага j, параўн. вядомае ў гэтым арэале адпадзенне j, в і г у пачатку слова: акрас ’якраз’, ачай (< ячай) ’адтуліна ў верхнім камені жорнаў’, авёрка ’вавёрка’, ашчына ’вашчына’, алстук ’гальштук’ (Сцяц. Нар.), аром ’ярмо’ (слуц., Рэгіян. асабл., 54), рус. пск. ащерицаяшчарка’ і пад. Гл. яшчэ.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пе́гі ’вяснушкі, рабацінне’ (астрав., Сл. ПЗБ), польск. piega, н.-луж. pěga, в.-луж. piha, чэш. píha, славац. peha, балг. пе́га ’вяснушка’, славен. pẹ́ga ’вяснушка, пляма’, макед. пега ’тс’, серб.-харв. пе̏га ’вяснушка; брудная пляма’, сюды ж рус. пе́гий ’плямісты; пярэсты; рабы’, ст.-слав. пѣготы ’праказа, нарывы’. Прасл. *pěga і прыметнік *pěgъ узыходзяць да і.-е. *poi̯g‑/*pei̯g (з якімі звязана аснова *pig‑ у ст.-інд. piṅga ’чырвона-карычневы’, piŋgas, piŋgalás, piñjaras ’залаціста-жоўты’, лац. pingō ’малюю, вышываю’, ст.-грэч. πίγγαλοςяшчарка’), паралельнага да і.-е. *pei̯kʼ‑ > што дало прасл. *pьsati, першапачатковае значэнне якога было ’маляваць’, параўн. укр. пи́санка ’размаляванае велікоднае яйка’, рус. писать (картину) ’маляваць’. Адзінкавая фіксацыя бел. пе́гі, відаць, сведчыць пра запазычанне з польск. piegi ’вяснушкі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ву́сеніца1 ’вусень’ (Сцяшк. МГ), укр. у́сениця, гу́сениця, рус. гу́сеница, польск. gąsienica, ст.-польск. таксама wąsienica, кашуб. vansevnica, чэш. дыял. housenice, славац. húsenica, в.-луж. husańca, н.-луж. guséńca, палаб. vǫ̓sənáįćə, славен. gosênica, vosênica, серб.-харв. гу́сеница, балг. гъ́сеница, въ́сеница. Прасл. *vǫsenica (*ǫsěnica), утворанае ад *vǫsъ (*ǫsъ) ’вус’ (Бернекер, 1, 341; Младэнаў, 118; Фасмер, 2, 477; Брукнер, 604; Махэк₂, 180; Слаўскі, 1, 266; Скок, 1, 635); формы з г, якія маюць праславянскі характар, тлумачаць па-рознаму: Слаўскі (1, 266) і Якабсон (Word, 8) як вынік пратэзавання; Ваян (RÉS, 18, 77) пад уплывам gǫsь ’гусь’; Фасмер (2, 477) пад уплывам ст.-слав. гоуштерица; Скок (1, 635) кантамінацыяй з guščericaяшчарка’ (з-за афарбоўкі).

Ву́сеніца2 ’нарыў паміж капыта ў каровы’; ’гнаявік у капытах (у каня, каровы)’ (КСТ). Відаць, да ву́сеніца ’вусень’; параўн. семантычную паралель славац. liška ’лішай (хвароба)’ і ’вусень, матылёк’, што, як паказаў Важны (O jménech, 106 і наст.), звязана з уяўленнямі пра насякомых як разносчыкаў хвароб.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сабра́ць, збяру, збярэш, збярэ; збяром, збераце; зак.

1. каго-што. Запрасіць прыйсці, прыехаць; склікаць каго‑н. Сабраць гасцей. Сабраць радню. Сабраць таварышаў па вучобе. □ [Мазавецкі:] — Вы, пане Сурвіла, не думайце, што мы прагадаем, калі збяром на гэтую куплю вялікі гурт. Чорны. // Склікаць удзельнікаў, членаў якой‑н. арганізацыі для працы. Сабраць нараду. Сабраць кансіліум. □ Гэтай жа ноччу Мікіта Мінавіч сабраў партыйны сход брыгады. Кулакоўскі. Палкоўнік Кавальчук збярэ свой баявы штаб — усіх камандзіраў брыгад і атрадаў, — і яны супольна што-небудзь прыдумаюць. Ваданосаў. // Прымусіць сабрацца, сагнаць у адно месца (людзей, жывёлу). Хто з немцаў уцёк, а многіх у палон забралі, абяззброілі. Сабралі ў кучу, наладзілі допыт. Лынькоў. // Прыцягнуць увагу. Крыкі здзіўлення, радасці сабралі сюды ўсё насельніцтва. Маўр. // Арганізаваць, аб’яднаць у адно цэлае што‑н. разрозненае. Стаяла задача — сабраць усе нашы сілы, упершыню каардынаваць дзеянні і ўдарыць па гарнізонах адначасова. Казлоў. // Абагуліць. Мы сабралі палоскі-шнуры У адно, у шырокае поле, Каб хадзілі ў нас трактары Па бязмежным калгасным прыволлі. Астрэйка. // Сканцэнтраваць каго‑, што‑н. у адным месцы. На вузкім участку фронту вораг сабраў значныя сілы і рыхтаваў наступленне. Жычка.

2. што і чаго. Накапіць, паступова збіраючы, адшукваючы. Сабраць бібліятэку. Сабраць калекцыю марак. □ І ў Міхала раптам з’явіліся аднекуль грошы.. Ён-то збіраў, але не мог гэтулькі сабраць. Чорны. Залатоўку схавай кожны дзень, дык і то вунь колькі збярэш! Галавач. // Назносіць чаго‑н. для чаго‑н. [Свірчэўская] згрупавала вакол сябе надзейных людзей, якія прагнулі працы, і па літары сабрала друкарню, дастала паперу, фарбу. Гурскі.

3. што. Атрымаць ад каго‑н. што‑н. Сабраць членскія ўзносы. // Апытаўшы ўсіх, многіх, даведацца пра што‑н. Сабраць подпісы. Сабраць прапановы. Сабраць звесткі. □ Петыцыя племені вамеру была правалена. Яна не сабрала патрэбнага ліку галасоў. Лынькоў. // Сыскаць што‑н. пазычанае, узятае кім‑н. Сабраць даўгі. Сабраць раздадзеныя кнігі.

4. што. Размясціць блізка адно ля другога; злучыць у што‑н. Сабраць кветкі ў букет. □ Сабрала сонца ўсе свае прам[я]ні ў адзін пучок. Якімовіч. // перан. Атрымаць выяўленне ў чым‑н. Увосень, пад поўдзень, як збярэ свае сілы сонца, — разгорнецца дзе над каляінай позні, сіратлівы малачайнік. Чорны. Раўчук, як яшчарка, ў лагчыну слізгае І доўга там штурхаецца пад снегам, Пакуль збярэ вясёлую паводку. Чэрня. Колеры лета рабіна сабрала І чырванее па сонцы яна. Агняцвет. / у вобразным ужыв. Найлепшыя краскі з батрацкіх шнуроў Сабрала ў вянок Беларусь. Танк.

5. што. Зняць ураджай з палёў, садоў; намалаціць збожжа. Мы ўсе працавалі нястомна І сабралі ўраджай, Небывалы для нашых палёў. Танк. [Сакольчык:] — Каб сабраць гэтае сена, мы павінны выставіць сотні касцоў, бо касілкі ўсюды не пусціш. Асіпенка. Калі добра ўзарэш, то і ўраджай збярэш. Прыказка. Сёй у добрую пару — збярэш хлеба гару. Прыказка. // Прыняць што‑н. адкуль‑н. Сабраць пасуду са стала. □ [Тодар:] — Папалуднаваўшы, ячмень збераце з току, ды яшчэ аўса ўмалоцім трохі сёння. Крапіва.

6. што і чаго. Пазбіраць, падбіраючы з зямлі або зрываючы. Калі даспеюць сочныя суніцы — Няма каму знайсці іх і сабраць. Кірэенка. Сама ж [Марына] пайшла пад азярыну Сабраць хоць шчаўя да стала. Колас. Як ішоў па мурожнай траве, Не сабраў табе ў прыгаршчы рос... Не парай ты за гэта мяне, — Сваё сэрца табе я прынёс. Русак. // Падабраць што‑н. рассыпанае, раскіданае. Сабраць цацкі. □ Ігнась цярпліва чакаў чарговае кпіны і ўжо сабраў каменьчыкі, каб пакласці ў кішэню, як Паўлюк узяў яго за руку і высыпаў іх перад сабою. Мурашка. Сабралі [людзі] тое, што засталося ад папа, прывезлі ў двор і пахавалі. Машара. // Прыбраць, прывесці ў парадак. Турсевіч сабраў са стала кнігі, акуратна злажыў іх і палажыў на палічку. Колас. Мірон таксама старанна палажыў сушыцца свой хлеб і нават сабраў усе крошкі. Маўр.

7. што. Злучаючы асобныя часткі, дэталі, атрымаць што‑н. цэлае (механізм, машыну і пад.). Сабраць радыёпрыёмнік. Сабраць затвор. □ Там на вашых вачах збяруць і матор, і бліскучы, як шкло, радыятар. Панчанка. // Паставіць, скласці якое‑н. збудаванне з асобных, разрозненых частак. Тым часам увішныя робаты прыгналі гідраплан. Потым сабралі будыніну, дзе людзі маглі б адпачываць, устанавілі там пульты і экраны прыбораў назірання. Шыцік.

8. каго-што. Падрыхтаваць у дарогу. Сабралі ў дарогу Петруся, як роднага сына. Нікановіч. [Аленка] загадзя сабрала свае кнігі і рэчы і чакала дня ад’езду. Колас. Праз некалькі дзён Яша сабраў свае манаткі і развітаўся з дзіцячым домам. Кулакоўскі. // Упакаваць, спакаваць для дарогі (пра рэчы). Сабралі чамаданы, у асобны кошык упакавалі Сашкаў мяч, легкавічок, стрэльбачку, што страляе ад папяровых кружочкаў. Даніленка. // Скласці, пакласці ў адно месца (рэчы, прадметы). Сабраць кнігі ў сумку. □ Покуль паводзіць і гадзіць, Сена сабраць бы ў стагі. Танк. Падышла Галя да яблынькі — і ўсе яблыкі ўпалі да яе ног. Сабрала яна іх у прыпол, прынесла гусару. Якімовіч.

9. што. Паставіць, падаць на стол (пасуду, стравы). Стол .. [Віта] сабрала багаты: капуста, гуркі, квашаныя брусніцы, патэльня яечні, якая ўсё яшчэ сярдзіта сквірчэла і напаўняла хату апетытным пахам. Шамякін. // Прыгатаваць яду. Вячэру сабраць. □ Маці раніцай сабрала Бацьку полудзень. Кірэенка.

10. перан.; каго-што. Унутрана мабілізаваць сябе для чаго‑н. (пра сілы, волю, энергію і пад.). Тварыцкі.. сабраў апошнія сілы і кінуў Толіка Скуратовіча ў «чортава вока». Чорны. Лукашык намагаўся сабраць свае думкі. Дамашэвіч. Ды мне не страшна: нешта застанецца Пасля мяне ад дум маіх і спраў, Ад парыванняў, што ў душы сабраў. Бураўкін.

11. што і без дап. Зрабіць зборкі, пашыць у зборкі. Сабраць плацце ў таліі. // Зморшчыць скуру на твары. Фамін наморшчыў лоб, сабраў зморшчынкі над пераноссем. Кухараў. Насустрач крочыць мой таварыш, у зморшчыны свой лоб сабраў. Панчанка.

12. што. Асцярожна зняць што‑н. з якой‑н. паверхні. Сабраць смятану з малака.

•••

(І) зубоў не сабраць — атрымаць моцны ўдар. — Дык ён табе як бразне — зубоў не збярэш. Я ведаю гэтага Курмышкавага каня, — сказаў бацька. Кулакоўскі.

(І) касцей не сабраць — не астацца цэлым. [Рыль:] — Што пхаешся, панская падэшва? Ды я цябе як піхну, дык ты і касцей сваіх не збярэш! Колас.

Сабраць на стол — падрыхтаваць стол да яды, накрыўшы яго абрусам, расклаўшы прыборы і паставіўшы стравы. — Зося! — паклікаў Мікула. — Можа б ты памагла нам сабраць на стол? Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)