Лаве́ц1 ’лавец, паляўнічы’, ’той, хто ловіць’ (Янк. II, Бяльк., ТС), укр. лове́ць ’тс’, рус. лове́ц ’тс’, ’рыбак’, польск. łowca ’паляўнічы’, ст.-польск. ’паляўнічы сабака’, устар. łowiec (з XIV ст.) ’паляўнічы’, каш. łȯvca ’тс’, łȯvc ’той, хто ловіць’, н.-луж. łowc ’паляўнічы; той, хто займаецца лоўляй’, чэш., славац. lovec, славен. lóvec, łȍu̯c, серб.-харв. ло̀вац ’паляўнічы’, ’егер’, ’ястраб-перапёлачнік’, макед. ловец, балг. ловец ’паляўнічы’. Прасл. lovьcь ’той, хто ловіць звяроў, птушак, рыб’. Першаснае nomen agentis ад loviti > лавіць (гл.), утворанае пры дапамозе суф. ‑ьcь (Слаўскі, 5, 232; SP, 1, 100). Ст.-бел. ловца ’птушкалоў’ (XVII ст.) < ст.-польск. łowca ’тс’ (Булыка, Запазыч., 90).

Лаве́ц2 ’ражон, завостраная палачка, дубчык, на які чапляюць сала і смажаць яго на агні’ (Янк. II, Бяльк., Мат. Гом.; жлоб., Нар. словатв.) з *ламец (уплыў народнай этымалогіі) пры перастаноўцы м > в, параўн. ломжалаўжолобжа (Мат. Гом.). Суфікс ‑ец той жа, што і ў дубе́ц. Корань лом‑ у роднасных ламы́, лам’ё, ламяйко, ламата́ ’абцярэбленыя сукі, дробнае галлё’ (Сцяшк., Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каршу́н1, укр. коршун, рус. коршун. Генетычна суадносіцца з бел. каршак ’каршун’, коршакястраб’. У індаеўрапейскіх паралелях, якія звычайна прыводзяцца, найбольш пераканаўчыя ст.-інд. káršati ’цягне, валочыць, рве’, ст.-іран. karš‑ ’цягнуць’. Тады слова каршун пры рэгулярнай у славянскіх мовах суфіксацыі для вытворных Nomina agentis чляніцца на марфемы kъrš і ‑unъ. Як мы бачым, у індаеўрапейскіх прыкладах іншая ступень аблаўту, але гэта яшчэ не азначае, што прыведзеныя лексемы не знаходзяцца ў генетычных суадносінах. Калі ўсё ж такі прызнаць генетычную суаднесенасць прасл. kъrš‑ і ст.-іран. karš‑, то kъrš‑unъ можна тлумачыць як ’той, хто цягне і рве’ (параўн. věd‑unъ ’той, хто ведае’). Але перш чым рабіць такі вывад, трэба ўлічыць характэрную распаўсюджанасць лексемы (толькі ўсходнеславянскія мовы, славацкую паралель можна тлумачыць як пранікненне з усходу: kršak < коршак). Лінгвагеаграфія сведчыць хутчэй па карысць іранскага паходжання.

Каршу́н2 ’частка калаўрота ў выглядзе двузубай вілкі з жалезнымі зубамі, на якую надзяюць шпульку’ (Шатал.). Метафарычны перанос назвы птушкі на прыладу. Гл. каршун1.

Каршу́н3 ’гульня ў каршуна’. Адзін з удзельнікаў («перадавы») стаіць, астатнія бяруцца за яго. Каршун іх ловіць, а перадавы яму не дазваляе, абараняе сваіх дзетак (Нар. словатв.). Гл. каршун1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ляля́к1 ’казадой, Caprimulgus europaeus’ (ТСБМ, Сержп. Грам., Маш., Фед.–Долб.), ле́ляк, лялёк, лелек ’н’ (Бес., Маш., паўн.-зах., КЭС), лельч. ле́ляк ’кажан’ (ЛАПП), леля́кястраб’, (перан.) ’недалуга, недарэка’ (ТС). Укр. леля́к, лиля́к, рі́ляк, лили́к ’кажан’, ле́літ ’сыч’, леле́ка ’бусел’; рус. лилок, лела́к, лелёк, паўн. леле́к ’тс’, ’кажан’; польск. lelek, lelet ’варона’, ’сыч’, ’кваква’, ’чайка’, ’удод’, ’д’ябал, злы дух’, каш. lélek ’казадой’, ’начны прывід, злы дух’, lelač ’дурань, расцяпа’, в.-луж. lělak ’дурань’, ’балбатун’, lělawa ’перапёлка’, чэш. lelek ’казадой’, старое ’кваква’, lelkovati, státi jako lelek ’быць разявай’; славен. lilek, ст.-серб.-харв. лиљкъ ’казадой’, серб.-харв. љи́љак, liljak, макед. лилјак, балг. лиляк, лилия́к ’кажан’, лилек ’казадой’, ц.-слав. лилѣкъ, лиликъ ’нырэц’. Прасл. lel‑ьkъ, lil‑ьkъ, а таксама lel‑jakъ, lel‑ikъ ’казадой’. Пасля назва перайшла на іншых начных птушак (Слаўскі, 4, 139–140) або на птушак, падобных да яго спосабам лятання. І.‑е. адпаведнікі: літ. lė́lis, lelỹs ’казадой’, лат. lêlis, lelis ’расцяпа, няўклюда’. Прасл. лексемы ўзыходзяць да прасл. lelěti, lelějati ’калыхацца, люляць’. Птушка названа паводле яе мягкага, пакалыхваючага лёту, калыхання ўправа і ўлева ўсім целам’ (Развадоўскі, Quest. gram., 2, Kraków, 1899, 259; Мацэнаўэр, LF, 9, 199; Буга, Rinkt, 1, 452; Махэк₂, 326; Шустэр–Шэўц, 11, 825–826; БЕР, 3, 402). Булахоўскі (Вибр. пр., 3, 260, 297) мяркуе, што ў аснове ляжыць гукаперайманне, параўн. зах.-укр. лелет леле́че ’сыч крычыць’. Булыка (Лекс. запазыч., 143) памылкова выводзіць ст.-бел. лелекъ, лелякъ ’казадой’ са ст.-польск. lelek.

Ляля́к2 ’бесклапотны, збалаваны чалавек’ (мазыр., З нар. сл.), ’гультай’ у выразе сядзець, як ляляк, ’гультайнічаць’ (Ян.). Аналагічна ле́жань (гл.) ’казадой’ і ’гультай’. У выніку семантычнага пераносу з ляляк1 (гл.) паводле адносна спакойнага лятання птушкі днём. Параўн. каш. za leleka chodzëc ’гультаяваць, бадзяжнічаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Калбу́к, колбу́к ’віхар’. Па тэрыторыі гэта фіксацыя адносіцца, паводле меркаванняў Кольберга, 440, да зах. Палесся (пруж.). Дакладных адпаведнікаў у значэнні ’віхар’ як быццам няма на іншай бел. тэрыторыі. На думку Цыхуна, Бел.-польск. ізал., 148, суадносіцца з польск. kołbuk ’міфічная істота ў вобразе птушкі’, kołbuk, або kłobuk ’злы дух. д’ябал’, дух у выглядзе агню’, якія фіксуюцца на Мазоўшы і ў Варміі. Меркаванне аўтара аб тым, што ідэнтыфікацыя бел. і польск. слоў у якасці ізалексы магчымая, паколькі ў народных прымхах віхар вельмі часта атаясамліваецца з д’яблам, патрабуе ўдакладнення. Па сутнасці, для польск. лексем аб значэнні ’віхар’ (’д’ябал’ < ’віхар’) мяркуецца’ на аснове бел., аднак няясна, ці ёсць значэнне ’д’ябал’ у бел. слова. Не выключана, што асноўныя яго значэнні іншыя і назва віхру — рэалізацыя пабочнай семемы. Можна думаць, што асноўнае значэнне бел. слова адпавядае польскаму ’злы дух, д’ябал’ і ўжыта яно было менавіта ў такім сэнсе. Супраць гэтага лінгвагеаграфія. Ёсць пэўныя цяжкасці і семантычнага плана. Польск. лексіка лічыцца запазычанай, у якасці крыніцы аўтары Варшаўскага слоўніка бяруць або Chobold ’міфічная істота ў вобразе птушкі’, або kobold казачная істота, якая пільнуе скарбы ў гарах’. Зыходзячы з формы kłobuk як асноўнай, Слаўскі (2. 257) уключае адзначаныя польскія лексемы ў артыкул kłobuk ’капялюш, каўпак’. У польск. гаворках адзначана kłobuchястраб’, што можна супаставіць з вышэй прыведзеным значэннем ’злы дух у выглядзе птушкі’. Аднак тэрыторыя, на якой сустракаюцца гэтыя лексемы, розная. Калі зыходнай формай лічыць kołbuk, відавочна абгрунтаваным аказваецца меркаванне Цыхуна (там жа), што слова, магчыма, звязана з усх.-слав. колб‑ ’шар, круглы і тоўсты канец чаго-н.’, а значэнне ’д’ябал’ магло непасрэдна суадносіцца з вядомай на ўсходзе семантыкай лексем коўб ’страўнік жывёлы’, коўбы ’вантробы, кішкі’, паколькі ёсць розныя «зневажальныя» назвы аналагічнай з’явы на Кашубшчыне (гл. Сыхта, JP, 37, 1957; Сыхта, 1, 35–38). Паколькі падобныя назвы страўніка з’яўляюцца хутчэй за ўсё другаснымі (натуральныя вытворныя ад колб‑ ’шар і да т. п.’), а прыведзеныя польскія тэрміны для д’ябла этымалагічна няясныя, можна выказаць сумненне ў суаднесенасці бел. і польск. слоў. У такім выпадку застаецца прааналізаваць магчымасць утварэння разглядаемага слова ад клубок або ад клобук, або, як прапанаваў Цыхун, ад колб‑. Фармальна першыя дзве лексемы аднолькава падыходзяць у якасці крыніцы. Бліжэй да мяркуемага ўтваральнага слова клобук (для першага неабходная метатэза клубок ∼ клобук).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

плы́сці і плыць, плыву, плывеш, плыве; плывём, плывяце; пр. плыў, плыла, плыло; заг. плыві; незак.

1. Перамяшчацца па паверхні вады або ў вадзе, робячы адпаведныя рухі рукамі і нагамі (лапамі, плаўнікамі і пад.). Расстраляўшы ўсе патроны, Старобінскі кінуўся плысці цераз Нёман. Гурскі. // Перамяшчацца па вадзе (пра карабель, лодку, плыт і пад.). Насустрач... [людзям] з другога берага плыла лодка. Якімовіч.

2. Ехаць на караблі, лодцы і пад. Плысці на параходзе. Плысці на пароме.

3. перан. Плаўна рухаючыся, перамяшчацца ў паветры. Над вёскай плыве ў небе ястраб. В. Вольскі. Угары эскадрыллямі плылі самалёты. Мележ. У небе, пераганяючы адна адну, плылі шэрыя хмары. Гурскі. І зноў на палі і на травы сівыя плывуць туманы. Кляшторны. / Пра месяц, сонца. Месяц ціха плыве Залатым чаўнаком. Бядуля. / Пра гукі, пахі. Над рэчкай плыла мелодыя нейкай вельмі знаёмай песні. Асіпенка. Праз запацелыя шыбы плылі гукі піяніна. Грахоўскі. Акно было расчынена насцеж, і ў пакой шырока плыў духмяны водар асенняга саду. Краўчанка. Пахла спелай збажыной — пах гэты плыў з палёў. Шамякін.

4. перан. Плаўна рухацца, ісці. На высокай роўнядзі ляжалі жоўтыя кучы саломы, а на хвалістай нізіне за сцяною жыта плыў камбайн. Дуброўскі. Бесперарыўны паток войск плыве і плыве па галоўнай вуліцы. Пестрак. // Прабягаць перад вачыма (тых, хто едзе на чым‑н.). І вось плывуць міма акна знаёмыя саснякі-пасадкі, шэрыя з лапінамі прозелені лугавіны, асеннія палі. Навуменка. // Аб чым‑н., што здаецца рухомым чалавеку ў паўпрытомным стане. А ў таго [Гарыка] ногі дрыжалі, у вачах плылі кругі. Скрыпка. Плывуць зялёныя кругі Ў яго [вязня] вачах. Колас. // Праходзіць у памяці (пра думкі, вобразы і пад.). Але зусім не туды плылі думкі Казіміра. Пестрак. // Ісці няспынным патокам (пра пісьмы, паперы і пад.). З ваяводства плылі загады за загадамі — узмацніць варты над банкамі, над маёнткамі, над касцёламі, пашырыць і узмацніць разведку. Пестрак.

5. перан. Праходзіць, мінаць. Праходзіў час, плылі нядзелі, Далёка бежанства, шпіталь, І дні дзяцінства адляцелі Кудысь у выцвіўшую даль. Колас. Над Старыцай, далёкім ад Мінска паселішчам, над палямі і ляснымі нетрамі, гэтак жа, як і над Мінскам, плыла позняя вераснёвая ноч. Хадкевіч.

6. перан. Высыпацца (аб пераспеўшым збожжы). Па сонцы жыта, як вада, плыве. Чуць дакранешся — усе зярняткі так і сыплюцца. Грахоўскі.

7. Разм. Тое, што і цячы (у 1 знач.). Вада ў рэчцы плыве, здаецца, цішэй. Чорны. У Мішкі з вуха плыве кроў, а з вачэй — слёзы. Лупсякоў.

•••

Плысці па цячэнню — прыстасоўвацца да абставін, дзейнічаць згодна з абставінамі, не выказваючы супраціўлення.

У рукі плыве — пра тое, што лёгка, без намаганняў дастаецца каму‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)