дзя́куючы,

1. Дзеепрысл. незак. ад дзякаваць.

2. прыназ. з Д. З прычыны, з-за, з дапамогай. Дзякуючы святу .. ён да звычайнай порцыі сну дабавіў яшчэ гадзін пяць-шэсць. Крапіва. Дзякуючы камсамольцам удалося дастаць супрацьтанкавую гарматку. Брыль. Сухаваты твар [Андрэя Міхайлавіча] меў энергічны выгляд дзякуючы дзвюм рэзкім маршчынам, што ляглі ад носа да кутоў падціснутых вуснаў. Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чорнагало́вік, ‑а, м.

1. Шматгадовая травяністая расліна сямейства губакветных. На купінах рос чорнагаловік і асака самага горшага гатунку. Крапіва.

2. Разм. Пра таго, хто мае цёмныя або чорныя валасы. Вось важаты першага звяна Лёня Ваўчок, энергічны, жвавы чорнагаловік. Краўчанка.

3. Разм. Разнавіднасць баравіка з цёмнай, чорнай шапкай. Тут — баравікі-прыгажуны, пераважна чорнагаловікі, і растуць яны сем’ямі. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бо́йкі, ‑ая, ‑ае.

1. Рашучы, энергічны, смелы. Рыгорка — хлопчык здольны, бойкі і вельмі ганарысты. Колас. «Ну, будзе дзянёк!» — .. падумала .. [Таня], міжвольна прыслухоўваючыся да голасу бойкага юнака ў карычневай футболцы. Даніленка.

2. Жвавы, скоры. А жыў там адзін чалавек. З выгляду так сабе — недалужны, затое на язык бойкі: за словам у кішэню не лезе. Якімовіч.

3. Ажыўлены, поўны руху, дзейнасці. Бойкі шлях. Бойкі гандаль. □ Самы бойкі клёў плоткі назіраецца, як правіла, на досвітку і позна ўвечары, калі яе касякі выходзяць на кармленне пад берагі. Матрунёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сукро́, мн. л. сукры́ ’кучары’ (Ласт.), ’локаны’ (Касп.), ’завіткі валасоў або шэрсці’, адз. л. сукра́ (Крывіцкі, вусн. паведамл.), сюды ж сукра́вы ’кучаравы’ (Ласт.), сукрава́ты ’крутавата спрадзены’ (Сл. ПЗБ), сукра́ты ’моцна звіты, ссучаны, тугі’ (Ласт.), сукры́сты ’кучаравы’ (Гарэц., Касп.), ’крута спрадзены’ (Сл. ПЗБ), а таксама вытворныя ад іх: сукраватка (гл.), су́кравіца ’закрутка на крутой нітцы’ (Сл. ПЗБ), сукрак (гл.), су́крат ’скручаная пятля ці вузел на нітцы’ (ЛА, 5); су́кратка ’тс’, су́кратак ’скрутак ільновалакна’ (Сл. ПЗБ), су́кроток ’скручаная нітка пры крутой пражы’, су́кротка ’сударга’: хватае су́кротка ногі у водзе (КСТ), сукряцы́ ’скручаныя ніткі, заікання ў палатне’, адз. л. сукрец? (Сл. ПЗБ), сукра́ч ’скручаная пятля ці вузлік пры прадзенні’, ’скрутак сена’ (КСТ), сукрані́цы ’закруткі на нітках (Жд. 2), су́крыцца, гл. Да прасл. *sukrъ ’звіты, скручаны’, параўн. літ. sukrùs ’вяртлявы, жвавы; круты’, sùkras ’тс’, лат. sukrs ’жвавы, энергічны’. З іншай ступенню вакалізму гл. сукарак.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бадзёры, ‑ая, ‑ае; кар. ф. бадзёр, ‑а.

Поўны сіл, энергіі, жвавасці. Рыгор прачнуўся бадзёрым, свежым. Гартны. А ён, шальмец, бадзёр і гладак І пэўна спрытны баламут!.. Колас. // Жыццесцвярджальны, энергічны, дзейсны. У маладым калгасе адразу занялася жвавае, бадзёрае жыццё. Зарэцкі. // Які выяўляе здаровы, жыццярадасны стан. І гучаць тут песні, і цвітуць усмешкі На бадзёрых тварах шчырых змагароў. Журба. І сам голас бацькі Цімоха, бадзёры і звонкі, і тая ўпэўненасць, з якою ён гаварыў, радавалі Пецю. Сіняўскі. // Вясёлы, ажыўлены. Шумлівы, прыветны, вясёлы, бадзёры, Красуйся, жыццём неўгамонным бурлі, Абноўлены горад мой, сонечны горад — Адзін з прыгажэйшых на нашай зямлі. Гілевіч. У звонкую марозную раніцу ўварваўся вясёлы .. гоман гармоніка і бадзёры хор чыстых жаночых галасоў. Васілевіч. // Які надае сілы, ажыўляе. [Каліноўскі:] Трэба слова бадзёрае кінуць, Каб паднялі галовы вышэй. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рашу́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які прымае рашэнні смела, без хістанняў і не спыняецца перад цяжкасцямі ў іх выкананні. Перад Юркам і зараз, як жывы, стаяў смелы, рашучы, вынаходлівы і справядлівы капітан Немо. Курто. Чалавек Мікалай, хоць і пісьменны, але не надта рашучы, таксама не надта бывалы на свеце, ды яшчэ натуру мае спакойную. Чорны. // Дзейсны, моцны або энергічны. Рашучыя меры.

2. Канчатковы, пэўны, які ўяўляе сабой рашэнне. Затрымцела Ганна, пачуўшы рашучую пастанову Петруся. Нікановіч. // Які не дапускае пярэчанняў, цвёрды, катэгарычны. Рашучая прапанова. Рашучае асуджэнне. □ Жэнька .. кінуў у цемру рашучы загад: — Серада, устань! Падыйдзі сюды. Брыль. // Які выяўляе непахіснасць у выкананні прынятых рашэнняў. Рашучы выгляд. Рашучы жэст. Рашучы твар.

3. Найбольш важны, які вызначае далейшы ход, развіццё чаго‑н.; рашаючы. Пеця быў упэўнены, што гэты бой будзе адным з самых рашучых і жорсткіх баёў, у якіх толькі [Бумажкова] спадзяваліся як на чалавека, які ў рашучы момант дасць верную параду. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упэ́ўнены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад упэўніць.

2. у знач. прым. Які цвёрда верыць у што‑н., перакананы ў чым‑н. Сын быў упэўнены, што ёсць адна рэвалюцыйная праўда. Чорны. Клаўся ставы спаць ужо нават упэўнены, што Лапця недзе ў партызанах. Кулакоўскі. // Перакананы ва ўласных сілах, які спадзяецца на сябе. Рос [Быстроў] дужым, вынослівым і ўпэўненым у сабе. Мележ. // Які выражае ўпэўненасць, перакананасць. Васіль Іванавіч стаяў па трыбуне і ўпэўненым голасам расказваў аб дасягненнях жывёлаводаў. Шашкоў. Ва ўсіх па змораных тварах разгубленасць, і толькі ў Чыжыка ўпэўнены погляд. Лупсякоў.

3. у знач. прым. Рашучы, энергічны. Тацяна ўпэўненымі гаспадарчымі рукамі ўпарадкавала небагатыя клумкі Марыны Паўлаўны. Зарэцкі. Не ў пошуках хлеба, зямлі ці заробку, З Прыпяці трапілі людзі сюды, — На заклік Радзімы ўпэўненым крокам Прыйшлі будаваць яны край малады. Жычка. Рухі ў.. [Цімкі] былі ўпэўненыя, эканомныя, стрыжаныя. Карпаў.

•••

Будзь упэўнены — не сумнявайся, не турбуйся, усё будзе так, як трэба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шо́рсткі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае нягладкую паверхню; шурпаты. Уздоўж плота разасланым палатном ляжаў тратуар: асфальт быў шэры і шорсткі, як каровін язык. Адамчык. Дуб лугавы. Сланечнік з лісцем шорсткім. Пысін. // Не эластычны, не мяккі, агрубелы, жорсткі (пра скуру, а таксама пра часткі цела, пакрытыя такой скурай). Рука ў .. [Балюты] была цёплая, цвёрдая і шорсткая — у дробных белых пісягах. Пташнікаў. // Які мае грубую, калючую паверхню або ворс; колкі навобмацак. А .. [Зося], тручыся шчакою аб шорсткі шынель, усё паўтарала тое ж самае. Карпаў. Дотык.. [дзядзькавай] калючай шорсткай барады я, здаецца, і цяпер адчуваю на сваім твары. Дамашэвіч. // Калючы, цвёрды. Снег не здаваўся такім мяккім, як раней, а шорсткім і грубым. Асіпенка. Цёплы снег увесь у цёмных крапках, Шорсткі, наздраваты і тугі, Ціха асядае. Толькі ў шапках Журацца далёкія стагі. Грахоўскі.

2. перан. Рэзкі, рашучы; з цвёрдым характарам. [Андрэенка] быў энергічны, шпаркі ў рашэннях, часам шорсткі і гарачы, аднак да першага сакратара ставіўся з павагай. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

імклі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Вельмі хуткі, быстры, шпаркі. Імклівы бег. Імклівая плынь. □ Ракета запаволіла свой імклівы, нястрымны рух. Мы набліжаемся да прыстані. В. Вольскі. Хацелася ўзяць ручку.. на сябе, даць поўны газ і адчуць імклівую хуткасць палёту. Алешка. // Які мае вялікую хуткасць, вызначаецца вялікай хуткасцю. Да стромкага берага Выпі, маленькай, але імклівай рачулкі, прыляпіўся стары, пахілы млын. Асіпенка. Міцю здаецца — вось-вось вылецяць з лесу імклівыя коннікі, у руках іх.. бліснуць шаблі. Навуменка. Вада бегла імклівымі ручаінамі з узгорка. Чорны. // перан. Які характарызуецца хуткасцю развіцця, узнікнення або напружанасцю праяўлення. Імклівае жыццё. □ Напорны час, Імклівы час, Гарыць агнём жывое сэрца... Кляшторны.

2. Які вызначаецца хуткасцю рухаў і дзеянняў; рухавы, энергічны, жвавы (пра чалавека). Мірон быў больш разважлівы, спакойны хлопец, а Віктар — жвавы, імклівы. Маўр. Арэшкін хоць і быў вышэйшы ростам, але крочыў паважна, не спяшаючыся, і імкліваму, хуткаму ў рухах Лемяшэвічу прыйшлося запаволіць сваю хаду. Шамякін.

3. Які выражае парыў, імкненне да чаго‑н.; палкі, гарачы, парывісты. Нехта ўжо гаварыў кароткую, але імклівую і палкую прамову. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

баявы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да вайны, звязаны з вядзеннем бою; ваенны. Баявыя аперацыі. Баявы разлік. Баявыя парадкі. Баявая гатоўнасць. Баявая і палітычная падрыхтоўка. Баявыя часці. Баявы вылет. □ Аднекуль з вуліцы данёсся сігнал баявой трывогі. Крапіва. [Чыжык] прызвычаіўся ўжо да баявога жыцця — да атак і кулямётнага агню. Лупсякоў. Сышліся сябры-партызаны Згадаць баявыя гады. Смагаровіч. // Прызначаны для бою, бітвы. Баявы патрон. □ У дзеда Талаша, прызнацца, стрэльба і ёсць і схавана яна якраз у лесе, схавана разам з баявымі прыпасамі. Колас. Імчыцца сталёвай лавінай Калона машын баявых. Аўрамчык. // Які ўдзельнічаў у баях, праяўлены і здабыты ў баях. Баявы камандзір. Баявы подзвіг. Баявыя заслугі. Баявыя адзнакі. □ Людзей паважалі выключна за іх баявыя якасці. Брыль.

2. Выпрабаваны, загартаваны ў баях, гатовы да барацьбы. Баявыя арганізацыі бальшавікоў. □ Па пытанню аб утварэнні асобых баявых груп я магу сказаць, што лічу іх неабходнымі. Ленін.

3. Рашучы, энергічны, дзейны. [Манковіч:] — У атрадзе звыш сарака камсамольцаў. Гэта наша баявое звяно. Дзенісевіч.

4. перан. Разм. Бойкі, смелы. Звеннявая па ільну — баявая і гаваркая дзяўчына. Шчарбатаў.

5. Асабліва важны для данага моманту, які патрабуе выканання ў першую чаргу. Навукова-тэхнічны прагрэс — баявая задача дня.

•••

Баявая галоўка гл. галоўка.

Баявая спружына гл. спружына.

Баявое хрышчэнне гл. хрышчэнне.

Баявы лісток гл. лісток.

Баявы пост гл. пост.

Баявы статут гл. статут.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)