Ласку́т, ласку́ць ’акравак, абрэзак’ (ТСБМ, Шат., Сл. паўн.-зах.), ’шматок скуры’, ’бялізна’ (Сл. паўн.-зах.), ласку́цце ’абрэзкі, акраўкі’ (Касп., Растарг.), ласкуці́ ’дробныя кавалачкі чаго-небудзь’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. лоскут ’тс’, ’рушнік’, ’лапік (зямлі)’, ст.-рус. лоскутъ ’тс’, балг. лоску́н ’круглы кавалак мыла’. Этымолагі (Бернекер, 734; Буга, РФВ, 67, 242; Траўтман, 150; Мюленбах-Эндзелін, 2, 453; Слаў-сні, 5, 351; БЕР, 3, 477–478 і інш.) звязваюць гэту лексему з літ. lãskana ’ласкуты’, lãskatas ’ануча, акравак’, laskatúoti ’вісець, віцца, махаць’, лат. lęska ’акравак’, ’камяк бруду’, с.-н.-ням. las, lasche ’ануча’ (Фасмер, 2, 521 — там жа літаратура).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мяць ’размінаць’, ’аддзяляць валакно ад трасты’, ’таўчы’, ’камячыць’, ’прыгінаць, прытоптваць (расліны) да зямлі’, ’умінаць, есці з апетытам’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС, Ян.; міёр., Нар. лекс.). Укр. мʼя́ти, мня́ти, рус. мять, ц.-слав. мѧти; польск. miąć, ст.-чэш. mieti, славац. mäť, славен. méti, балг. мъ̀на. Прасл. męti (mьnǫ), да якога роднаснымі з’яўляюцца літ. mìnti ’таптаць (пасевы)’, ’мяць лён’, лат. mĩt ’тс’, mīne ’месца, дзе мнуць гліну’, ст.-прус. mynix ’дубільшчык’, ст.-інд. carmamnāh ’кажамяка’, ірл. men ’мука́’, уэльск. mathr ’таптанне, размешванне нагамі’ — і.-е. *men‑ ’таптаць’ (Траўтман, 185; Мюленбах-Эндзелін, 2, 646; Фасмер, 2, 634; Бязлай, 2, 181).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Падла́сы ’з белай поўсцю на жываце (звычайна пра карову)’ (ТСБМ, Бяльк., Шат.), ’жаўтаваты, светла-руды’ (Гарэц., Некр., Мал.), ’аб сабаку: плямісты або з белай спіной ці белым жыватом’ (Федар.), подла́сы ’падласы’ (ТС), падла́сівенькі ’тс’ (Сл. ПЗБ). Рус. падла́сый ’цёмна-гняды з падпалінамі’, укр. підла́сий ’з белым жыватом’; далей рус. ла́са ’пляма прадаўгаватай формы, ільсняная пляма; паласа ад праса’, ла́сить ’пакідаць плямы’. Паводле Фасмера (2, 460), роднаснае літ. lãšas ’пляма’, лат. làse ’кропля, пляма, крапінка’ (гл. таксама Бернекер, 1, 691; Міклашыч, 160; Мацэнауэр, 9, 189). Збліжэнне з лат. lãpsa ’месца’ (Мее–Эндзелін, 2, 440); Фасмер (там жа) лічыць менш верагодным.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сек ‘даўняя мера вагі сыпкіх цел ёмістасцю 12 кг’ (Сл. ПЗБ; в.-дзв., Нар. сл.). Ст.-бел. секъ (ссекъ) пераважна ў магілёўскіх актах ‘адзінка колькасці мяса’ (Скурат, Меры, 145; Ст.-бел. лексікон), ‘мера сыпкіх цел’: семенʼя лняного секов два (Яблонскіс, 210). Скурат (там жа) лічыць вытворным ад *sěkti ‘сячы’, што сумніўна ў сувязі з вышэй прыведзеным значэннем. Хутчэй за ўсё, балтызм, параўн. літ. síekas ‘мера вагі (зерня) = 6 гарцаў, г. зн. каля 20 л’, лат. síeke ‘тс’, якія далей звязаны з літ. síekti ‘спрабаваць дасягнуць чаго-небудзь’, seikʼti ‘вымяраць мерамі’. Аб апошніх словах гл. Фрэнкель, 781; Мюленбах-Эндзелін, 3, 857.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ахало́на ’прахалода, ахаладжэнне’ (лід., Крывіч, 12, 111). Разам з ахалонуць ’астыць’ (КТС), укр. охолонути, рус. маск. охолонуть, польск. ochłonąć ’стаць халодным’ і ’прыйсці да сябе’ (апошняе з XVIII ст., раней ochłodnąć) ад *o‑xold‑nǫ‑ti, параўн. халодны; звычайна ахалода ’прахалода, ахаладжэнне’, ахаладзець ’стаць халодным’ (Яруш.), ахаладаць ’астыць’ (Янк. III), ахалодаць (Сцяшк., Сцяц.) ад халадзець, халадаць, гл. холад. Аб прадуктыўнасці словаўтваральнай мадэлі ў старабеларускай мове гл. Суф. словообраз. сущ. в вост.-слав. яз. XV–XVII вв. М., 1974, 193; адносна дзеясловаў на ‑ну‑ гл. Трубачоў, Проспект, 16; Эндзелін, РФВ, 18 (1912), 370–372; Сіталаў, Вестник ЛГУ, 20 (1961), 89; Штурм, ZfSl, 8 (1963), 496 і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ву́зел, род. скл. вузла́ (БРС, Касп., Шат., КСТ), ву́зял (Грыг.), вузёл (Бяльк., Яўс.). Укр. ву́зол, вузо́л, у́зол, рус. у́зел, ву́зел, у́зол, польск. węzeł, славац. uzol, чэш. uzel, в.-луж. wuzoł, палаб. vǫzȧl, славен. vózel, ózel, серб.-харв. у̏зао, род. скл. у̏зла, макед. вазол, јазол, јазел, вънзел, балг. възел. Прасл. vǫzьlъ ’вузел’ звязана з вязаць (Фасмер, 4, 154; Махэк₂, 673; Брукнер, 609; БЕР, 1, 203; Рудніцкі, 1, 495); указваюць на магчымую сувязь з літ. ąžuolas ’дуб’, лат. uôzuõls, ст.-прус. ansonis ’тс’ (гл. Зубаты, BB, 18, 259; Мюленбах-Эндзелін, 4, 427), што магло значыць ’вузлаватае дрэва’ (Фрэнкель, 28); параўн. таксама ст.-рус. вязожелдь ’падуб, Ilex aequifolium’ і макед. дыял. wъzal ’сук’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мараса́, мороса́ ’імжа’, ’павольны няспешны чалавек’ (ТС), ма́рась ’дробны дождж з туманам’ (Сцяшк. Сл.), марасі́ць, мырасі́ць, марусі́ць, моросі́ць, морусі́ць, марашы́ць, марушы́ць ’імгліць, імжэць, ісці (пра дробны дождж)’ (Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС; валож., Жыв. сл.), мархаце́ць ’тс’ (дзятл., Сл. ПЗБ). Рус. мороси́ть, моро́сь, моро́х, цвяр. моро́ха ’імжа’, славен. mršeti ’марасіць’, ’церушыць (аб снезе)’, mŕščati ’тс’. Самымі блізкімі і.-е. адпаведнікамі з’яўляюцца: лат. mirdzinât, merguôt ’марасіць’, męȓga, maȓga, mārga ’дробны, ціхі дождж’, літ. mirgė̃ti ’мігаць’, ст.-грэч. βροχή, βροχετός ’дождж’, βρέχω ’раблю вільготным’, і.-е. *merg(h)‑/*morg(h)‑ (Міклашыч, 202; Траўтман, 182; Мюленбах-Эндзелін, 2, 563, 583, 602; Фасмер, 2, 657; Фрыск, 1, 267; Бязлай, 2, 203).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Моршчыцца, моршчыць ’збірацца ў маршчыны’, ’моршчыць твар’, ’пакрывацца рабізнай (аб паверхні вады)’ (ТСБМ, Шат., Сл. ПЗБ; мсцісл., Жыв. сл.), моршч, моршча́к, моршчэнік ’маршчына’ (ТС), моршчы ’маршчыны’ (гродз., КЭС). Укр. мо́ршчити, моршо́к, мо́рщина, рус. морщить, морщина, ст.-рус. съмърсканъ ’зморшчаны’, польск. marszczyć, н.-луж. maršćiś, в.-луж. zmorsk, moršćić, чэш. mraštiti, ‑mrsknouti, славац. mŕštiť, mraštiť, славен. mŕščiti, серб.-харв. мр̏штити се, смр̏скати, мр̏ска, макед. мршти се, балг. мръщя, ст.-слав. съмръснѫти ’моршчыць’. Прасл. mьrsk‑/morsk‑, да якіх роднаснымі з’яўляюцца лат. mãrskla ’складка тлушчу, валлё-падбародак’, mãrskna ’тс’ (Мюлёнбах–Эндзелін, 2, 584; Фасмер, 2, 659; Бязлай, 2, 203), ст.-інд. mū́rcchati ’дранцвее, шэрхне, гусцее’, якое з *mr̥sk‑ (Махэк₂, 380). Гл. таксама моршчы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Па́параць ’шматгадовая травяністая расліна аддзела папарацепадобных’, па́паратнік. Агульнаславянскае: рус. па́пороть, па́поротник, укр. па́пороть, ст.-рус. папороть, польск. paproć, серб.-харв. па̏прат і г. д. Прасл. paportь. Роднасныя ў і.-е. мовах: літ. papártis, papartỹs ’папараць’, лат. papar̂de, paparkste, paparksts ’тс’, ст.-інд. parṇám ’крыло, пяро’, авесц. parena — н. р. ’крыло, пяро’, ст.-в.-ням. faru ’папараць’, ірл. raith ’тс’ (*prati‑) (гл. Траўтман, 206; Мейе–Эндзелін, 3, 80; Фасмер, 3, 202; Махэк, Jména rostl., 32). Аналагічная семантыка ў грэч. πτερίς ’папараць’ < πτερόν ’крыло’, параўн. яшчэ літ. spar̃nas, лат. spárns ’крыло’, ст.-слав. перѧ ’лячу’. Мяркулава (Очерки, 118), падкрэсліваючы ўстойлівасць семантычнай мадэлі ’пяро’ — ’папараць’, указвае яшчэ на рус. дыял. па́пороток ’крыло птушкі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пруса́к ’ураджэнец або жыхар Прусіі; паўночна-ўсходні немец’, пру́сы ’група балтыйскіх плямён, якія насялялі паўднёвае ўзбярэжжа Балтыйскага мора’ (ТСБМ), Прусы, Прушчына ’краіна Прусія’ (Варл.). Рус. пруса́к ’жыхар Прусіі’, пруца́к ’немец’, дыял. пруц, укр. прус ’прусак’, ст.-рус. Прусы ’Прусія’, польск. prusak ’прусак’, Prusy ’Прусія’. Ва ўсходнеславянскіх мовах праз польск. са ст.-прус. prū́sis ’прус’, літ. prū́sas, лат. prũsis ’тс’, Prūšmale ’Прусія’ (Мюленбах-Эндзелін З, 400). Этымалогіі этноніма няма. Траўтман (Altpreuß., 411) тлумачыў назву з *Po‑rusi, г. зн. ’тыл, якія жывуць паблізу Русі, па Русі’, што з’яўляецца непрымальным. Брукнер (439) выводзіў слова ад praũsti ’мыць’, prusnà ’морда, пыса’, што таксама вельмі няпэўна (Фасмер, 3, 389; ЕСУМ, 4, 617).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)