Па́параць ’шматгадовая травяністая расліна аддзела папарацепадобных’, па́паратнік. Агульнаславянскае: рус. па́пороть, па́поротник, укр. па́пороть, ст.-рус. папороть, польск. paproć, серб.-харв. па̏прат і г. д. Прасл. paportь. Роднасныя ў і.-е. мовах: літ. papártis, papartỹs ’папараць’, лат. papar̂de, paparkste, paparksts ’тс’, ст.-інд. parṇám ’крыло, пяро’, авесц. parena — н. р. ’крыло, пяро’, ст.-в.-ням. faru ’папараць’, ірл. raith ’тс’ (*prati‑) (гл. Траўтман, 206; Мейе–Эндзелін, 3, 80; Фасмер, 3, 202; Махэк, Jména rostl., 32). Аналагічная семантыка ў грэч. πτερίς ’папараць’ < πτερόν ’крыло’, параўн. яшчэ літ. spar̃nas, лат. spárns ’крыло’, ст.-слав. перѧ ’лячу’. Мяркулава (Очерки, 118), падкрэсліваючы ўстойлівасць семантычнай мадэлі ’пяро’ — ’папараць’, указвае яшчэ на рус. дыял. па́пороток ’крыло птушкі’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)