чы́сціць, чышчу, чысціні, чысціць; незак., каго-што.

1. Рабіць чыстым, ачышчаць каго‑, што‑н., здымаючы гразь, пыл і пад. Чысціць дыван. □ Запаліўшы ліхтар, фурман чысціў скрэблам і шчоткай каня. Пальчэўскі. Хто [з партызан] чысціў зброю, хто гатаваў ежу, у зямлянках сядзець нікому не хацелася. Сонца прыпякала. Новікаў. // Здымаючы які‑н. налёт (пылу і пад.) з паверхні чаго‑н., наводзіць бляск, глянцаваць. У святочныя дні дзед важна чысціў свае боты. Лынькоў. // Ачышчаць, вызваляць ад таго, што забруджвае, загрувашчвае што‑н. Ранейшыя зімы, калі ў Мсціжах стаяла аўтакалона, дарогу чысцілі трактарам. Пташнікаў. — Мо зноў нарад у мястэчку аэрадром чысціць? — спрабаваў выказаць здагадку бацька. Паўлаў. // Выдаляць, убіраць што‑н., расчышчаючы. Чышчу снег каля хаты, Што надзьмулі вятры. Смагаровіч.

2. Разм. Здымаць лупіны, скуру, луску і пад. (з гародніны, пладоў, рыбы і інш.). Бабуля садзіцца чысціць ментузоў, а дзед з Рамірам абедаюць. Асіпенка. Свякроў і нявестка селі на ўслончык на панадворку і пачалі чысціць бульбу на вячэру. Пестрак.

3. перан. Разм. Рабіць праверку з мэтай вызвалення ад шкодных, варожых элементаў.

4. перан. Разм. Рабаваць, абкрадаць. Чысціць кішэні. Чысціць сумкі. □ [Семяняка:] — Сынок яго ў лесе хаваецца ды валасныя касы чысціць, а ён [Сядура] тут нас на вайну ўгаворвае? Лобан. У той ваколіцы шляхта мела многа лесу. Гарадскія купцы іх патроху чысцілі. Бядуля.

5. перан. Разм. Лаяць, сварыцца на каго‑н. І ў захапленні тут жанкі Так пачалі нас чысціць спраўна, Ціпун бы ім на языкі. Бачыла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чы́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Незабруджаны, незапэцканы. Чысты абрус. Чыстая падлога. □ [Маці] прынесла з каморы чыстае адзенне. Якімовіч. А на далоні мне З маўклівасцю ўрачыстай Садзіцца зорны снег, Даверлівы і чысты. Матэвушаў. // у знач. наз. чы́стае, ‑ага, н. Тое, што не забруджана, не запэцкана. Баляслаў вымыўся ўжо, .. уздзеў ужо ўсё чыстае. Чорны. // Які ўтрымліваецца заўсёды ў чысціні; ахайны, дагледжаны. Гарадок быў зялёны, чысты, амаль цэлы, з брукаванымі вуліцамі і тратуарамі. Арабей. А суседкі каля вокнаў, Як бы ўбачылі праяву: — Які чысты, які стройны, Які з твару маладжавы! Купала.

2. Разм. Прызначаны не для штодзённых патрэб, а для ўрачыстых выпадкаў, для гасцей і пад. У чыстым пакоі прахрыпеў насценны гадзіннік і пачаў біць. Лобан. Таня трохі збянтэжылася, пачырванела. Кіўнула Вадзіму, а сама — барзджэй за дзверы, на чыстую палавіну хаты, прынесці яму крэсла. Паўлаў.

3. Звязаны з тым, што не вельмі пэцкае, брудзіць, з тым, што патрабуе майстэрства, умення. — Паслужыў у арміі [Мікола], і давайце ўжо яму чыстую работу. Ермаловіч. // Выкананы, зроблены дакладна, акуратна, старанна, без хібаў. — Здорава! — з захапленнем сказала Галя. — Вось гэта работа! Чыстая работа. Пятніцкі. // Перапісаны, перароблены начыста; чыставы. Чысты экземпляр артыкула.

4. Які мае адкрытую, нічым не занятую паверхню. Сам засценак стаяў сярод чыстага поля. Чарнышэвіч. Перада мною адкрыўся чысты роўны схіл гары і ўнізе — шырокае возера. Шамякін. // Не запознены нічым, не заняты літарамі, лічбамі, малюнкамі і пад. Кладзецца за радком радок На чысты ліст паперы. Смагаровіч. — Калі ласка, вось тут, — сказала Эмілія, падаючы.. [рамесніку] чысты бланк. Маўр. // Роўны, гладкі, без рабаціння і прышчоў (пра скуру). Твар [Волечкі], здаецца, прасвечваецца на танюсенькіх промнях месяца, такі чысты і прыгожы. Мыслівец. Жвір, як і раней, быў прыгожы; толькі з чыстага твару, з вачэй знікла яго колішняя весялосць. Адамчык. // Разм. Поўны, сыты. Чорныя, смалістыя валасы, дзябёлы чысты карак, на ёмкіх плячах бялюткая шаўковая тэніска. Ракітны. // Бязвоблачны; не закрыты туманам. Ноч. Халодная зямлянка. Перастрэлка. Цішыня. Неба, чыстае, як шклянка, Тупат быстрага каня. Глебка. Дні — як адзін — сонечныя, лагодныя, неяк на дзіва чыстыя: усё навокал у ласкавай, дзівоснай яснасці. Мележ. Хмары сышлі, неба было чыстае, вялікія і малыя зоры міргалі. Лупсякоў.

5. Без пабочных дамешак ці з невялікімі дамешкамі. Чыстая шэрсць. Чыстае золата. □ Шарон Свой парабелум разглядаць пачаў, Дзе выбіты быў чыстым серабром Год, дзень вайны. Танк. Сучасная тэхніка ў многіх выпадках патрабуе асабліва чыстых металаў. «Звязда». У адной з цыстэрнаў сапраўды быў чысты авіяцыйны бензін. Беразняк. / у перан. ужыв. Заснулі дрэвы ў пухавых Аснежаных уборах, І чыстым золатам на іх Ліюцца ціха зоры. Глебка. Сёння ж наваколле дрэмле ў ціхім сне, Марачы аб сонцы, кветках і вясне. Як на крыл[ах] вецер прынясе нам гром... А сняжынкі падаюць чыстым серабром. Хведаровіч. // Празрысты, не закаламучаны, не забруджаны (пра ваду). Ад вадакачкі цераз вуліцу цёк вузенькі раўчучок чыстай, як сляза, вады. Арабей. Вада ў затоцы светлая, чыстая. Ігнаценка. // Свежы, нядушны, няпыльны (пра паветра). Вуркочучы, на захад адыходзіла навальніца, і паветра было такое чыстае, што не мігцелі нават самыя далёкія агні. Карпаў. // Без пустазелля, без шкодных раслін (пра злакі). Чыстыя пасевы. // Не разведзены, не разбаўлены. Чысты спірт. // У якім растуць дрэвы адной пароды (пра лес, гай і пад.). За першай градой падлесных зараснікаў пайшоў лес чысты. Чорны. Дарога павярнула пад Імшару і пайшла па чыстым сасновым бары. Пташнікаў. // Не змешанай пароды, народжаны, выведзены без скрыжавання. Сабака чыстай пароды. Конь чыстай крыві. // Аднародны (пра колер). Чыстым блакітам У вочы глядзелі нябёсы. Куляшоў.

6. Выразны, без шумаў, без дадатковых гукаў. Калі ж я неяк з ёй [Веранікай] спаткаўся, Загаварыўшы, як у сне, — Яна зірнула на мяне, І раптам з вус[наў] яе сарваўся Такі бязвінны, чысты смех, Што на яго злавацца — грэх. Багдановіч. Чысты, звонкі спеў дразда прагучаў, як жалейка. Самуйлёнак. Барашкін пазнаў.. голас [Людмілы] адразу — мяккі, крыху насмешлівы, пявучы і чысты. Савіцкі.

7. Правільны, які адпавядае пэўным нормам, правілам (пра мову, склад і пад.). Камендант насустрач канвою загаварыў на чыстай рускай мове. Пестрак.

8. перан. Маральна бездакорны, шчыры і сумленны, без брудных, карыслівых думак і дзеянняў. Чыстае сумленне. □ [Іван] быў вельмі сучасны — справядлівы і чысты. Грахоўскі. [Сушынскі:] — Дзякую, што збераглі. Цяпер, па крайняй меры, я чысты перад вамі. Скрыган. // Высокамаральны, узвышаны. Чыстыя імкненні. Чыстыя парыванні. □ У такой жанчыны павінны быць чыстыя пачуцці, як крынічная вада. Дуброўскі. // Нявінны, бязгрэшны, цнатлівы. [Наталля:] Дзіцячая душа чыстая. Крапіва. Вечаровай часінай Зазвінела [песня] ў цішы Нерастрачанай сілай Чыстай юнай душы. Гілевіч. // Які выражае высокую маральнасць, бязгрэшнасць. [Рагоўскі], гледзячы ў яе [Тоніны] даверлівыя, чыстыя вочы, раптам падумаў: «А што калі б я пастукаў у другія дзверы?». Пішчыкава.

9. перан. Які не мае ў сабе падману, хлусні. [Вера:] — Я зайздрошчу табе, што ты вось ходзіш па зямлі, вочы ў цябе такія чыстыя-чыстыя, як тваё сэрца. Лынькоў. // Вольны ад якіх‑н. падазрэнняў, бездакорны. Палагея.. мела не зусім чыстую рэпутацыю і, апрача таго, славілася сваёй сварлівасцю. Шамякін.

10. Які застаецца пасля вылічэння чаго‑н. Чысты даход. Чысты прыбытак. // Які маецца ў наяўнасці, наяўны (пра грошы). Мікуць і Міхал назаўтра раздумаліся і ад малатарні Банадысёвай адмовіліся, а запатрабавалі за работу чыстымі грашыма. Чорны. / у знач. наз. чы́сты, ‑ага, м. [Павал Андрэевіч:] — Але гэта што, людзі сотнямі тысяч чыстага бяруць!.. Галавач.

11. Разм. Абсалютны, поўны. [Багдан:] — Ды калі сказаць чыстую праўду, то я... гэта самае... вельмі хацеў з вамі пабачыцца. Кулакоўскі.

12. Разм. Сапраўдны. [Паўлінка:] Са старым, дык чыстая бяда.. Хоць ты яму кол на галаве чашы. Купала. — Ах, Клава, ты — чыстае дзіця... Я хіба ведаў... А тут так павярнулася... — Ён [Язэп] памаўчаў крыху, як бы збіраючыся з думкамі. Асіпенка. // Які вельмі падобны на каго‑, што‑н. «Морж, чысты морж...» — думала.. [Майка], пазіраючы, як, ловячы агрубелым пальцам неўвароткі клавіш, Падудзік і соп і крахтаў. Лынькоў. [Глушачыха:] — Яўхім!.. Чысты Яўхім! Як дзве кроплі, падобна [дачка]! Мележ.

13. Не звязаны з практычным прымяненнем; проціл. прыкладны. Чыстая тэорыя.

•••

Чыстае мастацтва — тое, што і мастацтва для мастацтва (гл. мастацтва).

Чыстая вага гл. вага.

Ад чыстага сэрца гл. сэрца.

Вывесці на чыстую ваду гл. вывесці.

Выйсці чыстым гл. выйсці.

З чыстым сумленнем гл. сумленне.

Прыняць за чыстую манету гл. прыняць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трыма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Узяўшы ў рукі (зубы, рот і пад.), не даваць выпасці. Трымаць лыжку. Каршун трымаў у дзюбе кураня. □ Настаўніца трымала ў руцэ бліскучы цыркуль. Даніленка. Ён кол маланкаю хапае: — Тхор! тхор! Дзяржы яго! — галосіць, Гарачка дзядзьку так і носіць, Бяжыць, тхара ён даганяе, Напагатове кол трымае. Колас. // Браць, атрымліваць што‑н. — Быў Хвядос у нас у атрадзе, дык ён яму [бандыту] вінтоўку ў зубы, трымай, кажа. Галавач. // Мець сілы, магчы рабіць што‑н. [Сымон:] — Дні ўжо мае мін[у]лі. Рукі не так ужо моцна Вёслы трымаюць. Танк. А ўсе, хто мог трымаць у руках рыдлёўку, ад цямна да цямна працавалі на балоце. Паслядовіч. // Умець карыстацца якім‑н. інструментам, прыладай і пад. Васіль таксама ездзіў з маткаю, прывучаўся трымаць плуг, праганяць разору. Кулакоўскі. // Схапіўшы за што‑н., не адпускаць ад сябе або перашкаджаць руху. Воддаль слуга трымаў за павады пару асядланых коней. Крапіва. // Абняўшы рукамі, утрымліваць каго‑, што‑н. Трымаць дзіця на руках. □ Бо гэта вельмі цяжка — трымаць у абдымках маці, гаварыць ёй пяшчотныя словы, што бярог доўгія гады, і бачыць, што яна іх не чуе. Мехаў.

2. перан. Захоўваць за сабою; утрымліваць у сябе. За добрую работу калектыў .. трымае пераходны Чырвоны сцяг. «Маладосць». Так, нялёгка трымаць званне першага футбаліста ў вёсцы! Гамолка. // Захоўваць некаторы час. Іх [сосен] цёмна-зялёны кажух яшчэ трымае ўчарашняе нагрэтае сонцам паветра. Федасеенка. Пра Хмару нават гутаркі няма, яе слядоў я [Вецер] не пакіну ў небе. А Сонца жар не здолее трымаць, я прахалоду дам людзям і глебе. Дубоўка. // Утрымліваць, абараняць што‑н. ад непрыяцеля. Кустамі, пералескамі прабіралася Настачка да лініі абароны, якую мужна трымалі партызаны. Кавалёў. // Утрымліваць у асадным становішчы. Трымаць ворага ў асадзе. // Стрымліваць, спыняць каго‑, што‑н. Дамба трымае ваду. □ Няспынна, цеснаю сцяною Мяцежнікі ідуць да гор; Шахцёры мужнасцю адною Трымаюць іх круты напор. Глебка.

3. Прымушаць знаходзіцца, пакідаць дзе‑н. супраць волі, не выпускаць. Трымаць пад арыштам. Трымаць у палоне. Трымаць у турме. □ [Салдат:] — Было страшна, калі білі, калі ў пакаранне па цэлых сутках трымалі без яды, калі саджалі ў карцэр — сыры цёмны склеп, дзе вяліся пацукі і кажаны. Васілевіч.

4. Мець у сябе, у сваёй уладзе; кіраваць кім‑, чым. Трымаць у руках дзяржаўную ўладу. □ Трымаюць людзі катоў не так за іх работу, як з ласкі: жывому ж недзе жыць трэба. Калюга. [Паасобныя галасы:] — Тут трэба так, як па статуту належыць, а ты сабе хоць і карову трымай. Скрыган. // Мець у сябе ў якасці работніка. [Бабрук:] — Парабкаў, кажа, ды наймічак трымаў. Час быў такі, не я адзін трымаў. Брыль.

5. перан. Мець у духоўным падпарадкаванні. [Сцёпка:] — Бог, рай, той свет — усё гэта выдумкі, каб трымаць народ у страху і паслушэнстве. Колас. // Мець пад наглядам, пад прыцэлам. Сам прыстаў трымаў .. [Адася Гушку] перад сабою нешта гадзін са тры, а пасля пусціў, загадаўшы сваім людзям не спускаць яго залішне з вока. Чорны. // Разм. Абыходзіцца з кім‑н., адносіцца да каго‑н. нейкім чынам. [Гаспадыня:] — [Трахім] мне што казаў? Тое ж самае: трымай Гараньку ў строгасці. Савіцкі. // Мець пастаянна пры сабе (у якасці паклонніка, сімпатыі і пад.). [Анна Паўлаўна:] Нашто табе наогул трымаць яе [Зёлкіну] каля сябе? [Гарлахвацкі:] Як жа каля сябе? Проста яна працуе ва ўстанове, як і ўсе. Крапіва.

6. Надаўшы чаму‑н. якое‑н. становішча, захоўваць яго на некаторы час. Трымаць дзверы адчыненымі. // Падтрымліваць, захоўваць у якім‑н. становішчы, парадку. Трымаць кватэру ў чысціні. □ Гаспадарлівыя рукі, у меру патрэбы, давалі сценам рамонт і трымалі іх у ашчадзе ад вільгаці. Чорны. // Падтрымліваць, прытрымлівацца, выконваць. Трымай нагу ў паходны такт. Гарніст, іграй, звіні! Броўка.

7. Быць, служыць апорай чаму‑н.; падтрымліваць. Страху трымаюць кроквы і латы. □ Намеснікавы ногі, відаць, трымалі свайго гаспадара не дужа надзейна, бо ён абедзвюма рукамі ўхапіўся за лаўкі. Навуменка.

8. Аддаваць куды‑н. на які‑н. час; захоўваць дзе‑н. Трымаць грошы ў ашчаднай касе. Трымаць сшыткі ў шафе. // Мець пры сабе. [Скіба:] Дакументаў я вам не пакажу, бо пры сабе іх не трымаю. Крапіва. Недарэмна ён [камуніст] дбае, працуе як след, Каля сэрца трымае партыйны білет. Куляшоў. // Пакідаць што‑н. у сябе, не аддаваць. Тварыцкі трымаў у сябе ўкрадзеныя ў банку дзяржаўныя грошы. Чорны.

9. Забяспечваць сродкамі на жыццё. З жалем зірнуў Андрэй на маці і зразумеў, што яна больш не работніца. Ён павінен замяніць яе, каб трымаць сям’ю, а думаць пра вышэйшую адукацыю няма чаго... Чарнышэвіч. Праца чалавека трымае і ўзбагачае, а гультайства псуе. Прыказка. // Мець у рэзерве што‑н. Трымаць канцэнтраваны фураж на пасяўную. // Мець на продаж або для іншага выкарыстання. Трымаць качак і курэй. // Уст. Мець якое‑н. прадпрыемства. [Юрый:] — Мой бацька паравы млын трымаў, быў першым чалавекам на ўсё сяло. Навуменка. [Савулеску:] — Я і Андрыяна пераехалі ў Канстанцу. Там Андрыяніна цётка карчму трымала. Хомчанка.

10. Разм. Здаваць каму‑н. за плату памяшканне. [Старая:] — А .. [падчарыца з мужам] сабе, як панкі, — усё па курортах ездзяць. Дзіва: гэтулькі кватарантаў трымаюць, а ён, яшчэ ў нейкай канторы за начальніка. Вышынскі.

11. Разм. Рухацца ў якім‑н. напрамку. На Варшаву шлях трымалі. Бядуля. Пазняку спадабаўся такі рэцэпт, і ён амаль кожны дзень, скончыўшы службовыя справы, садзіўся на веласіпед і трымаў кірунак за горад, у лес. Дуброўскі. — Трымай, Бажэнка, правым бокам, На ворага ў абход! Броўка.

12. Мець кантакты з кім‑, чым‑н. Загадчыца бібліятэкі Аляксандра Панцюхова трымае цесную сувязь з мясцовай школай. «ЛіМ».

13. перан. Наводзіць сябе адпаведным чынам. Умець трымаць сябе сярод людзей.

14. перан. Не выпускаць з памяці, з думак; не забываць пра каго‑, што‑н. Трымаць у памяці наказ сяброў.

15. Утрымліваць, трымацца (пра мароз і пад.). Лёд трашчыць, але трымае. □ Раніцамі трымаў марозік, днём свяціла сонца. Чарнышэвіч.

16. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі азначае: ажыццяўляць, выконваць, здзяйсняць тое, аб чым гаворыць назоўнік. Трымаць экзамен. Трымаць ініцыятыву. Трымаць адказ.

•••

Ногі не трымаюць гл. нага.

Так трымаць! — а) каманда рулявому трымаць курс; б) працягваць работу, як і пачалі.

Трымаць банк — паставіўшы грошы на кон, весці гульню супраць партнёраў.

Трымаць вуха востра — не быць вельмі даверлівым, быць асцярожным, пільным.

Трымаць вуха трубкай — пільна прыслухоўвацца да чаго‑н., сачыць за чым‑н., каб не наклікаць бяды на сябе.

Трымаць высока сцяг — з годнасцю прадаўжаць і развіваць што‑н.

Трымаць галаву высока — паводзіць сябе горда, з пачуццём уласнай годнасці.

Трымаць за язык — не дазваляць гаварыць каму‑н.

Трымаць камень за пазухай — тое, што і насіць камень за пазухай (гл. насіць).

Трымаць курс (кірунак) — рухацца ў пэўным напрамку.

Трымаць лейцы ў руках — мець у сваіх руках уладу, кіраўніцтва.

Трымаць (вытрымліваць) марку — падтрымліваць сваю рэпутацыю, годнасць.

Трымаць на аброці — трымаць у пэўных рамках, у паслушэнстве. [Лукавіцын] умеў трымаць сэрца сваё на аброці, прыкрываючы яго .. панцырам практычнага розуму ад небяспечных стрэл амура. Крапіва.

Трымаць на адлегласці — пазбягаць блізкіх адносін, сувязей з кім‑н.

Трымаць на ланцугу; трымаць на прывязі каго — не даваць каму‑н. свабоды ў дзеяннях, учынках і пад.

Трымаць на мушцы — пазіраць, сачыць за кім‑, чым‑н.

Трымаць нос па ветры — прыстасоўвацца да абставін, беспрынцыпова мяняць свае паводзіны, свае погляды.

Трымаць пад замком каго-што — а) не выпускаць з памяшкання (арыштаванага, злачынца і пад.); б) не даваць карыстацца чым‑н.

Трымаць пад сваім крылом каго-што — апекаваць каго‑, што‑н., заступацца за каго‑, што‑н.

Трымаць пад сукном — не даваць ходу чаму‑н.; неаператыўна вырашаць якую‑н. справу.

Трымаць порах сухім — быць заўсёды гатовым да абароны.

Трымаць пры сабе (думкі, погляды) — не выказваць уголас, публічна.

Трымаць рукі па швах — слухаць і не пярэчыць.

Трымаць руку каго, чыю — заступацца за каго‑н., быць на чыім‑н. баку, адстойваць думку каго‑н. Па судзе я буду трымаць тваю руку. Скрыган.

Трымаць слова — выконваць абяцанне.

Трымаць сябе ў руках — стрымліваць свае пачуцці, падпарадкоўваць іх сваёй волі, валодаць сабой, захоўваць вытрымку.

Трымаць у галаве (у думках, у памяці, наўме) — пастаянна думаць, помніць пра каго‑, што‑н.

Трымаць у кулаку — а) трымаць у поўным падпарадкаванні. Валя таксама засмяялася: вельмі ж непадобна было, што такога чалавека, як Пятро Аляксеевіч, трэба трымаць у кулаку. Шамякін; б) сабраць разам каго‑, што‑н. Было нешта і станоўчае ў тым, што Гаруноў усё [справы, людзей] трымаў у сваім кулаку. Дуброўскі.

Трымаць у полі зроку — наглядаць за кім‑, чым‑н., не спускаць з вачэй каго‑н.

Трымаць у сабе — не выказваць, стрымліваць свае пачуцці.

Трымаць у сакрэце — не выдаваць таго, што павінна захоўвацца ўпотай.

Трымаць у сваіх руках — мець у сваім падпарадкаванні каго‑н., не даваць волі каму‑н.

Трымаць у струне — не распускаць, трымаць вельмі строга. Антон трымаў унука ў струне. Вітка.

Трымаць у шорах — прымушаць паводзіць каго‑н. пэўным чынам; абмяжоўваць свабоду дзеянняў каго‑н.

Трымаць у чорным целе — сурова, строга абыходзіцца з кім‑н.

Трымаць фасон — а) прытрымлівацца адпаведных норм паводзін; б) трымацца з шыкам; фарсіць.

Трымаць язык за зубамі — маўчаць, не гаварыць лішняга, быць асцярожным у выказваннях.

Трымаць язык на прывязі — маўчаць, не гаварыць лішняга.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)