Траві́ць1 ’засвойваць у працэсе стрававання, ператраўліваць’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, Гарэц., Др.-Падб.), ’карміць’ (Сцяшк. Сл.), ’харчавацца, есці’ (Хрэст, дыял.), ’спажываць’ (ТС), тра́віць ’ператраўляць (пра страўнік)’ (Нас.). Укр. трави́ти, дыял. трови́ти ’тс’, польск. trawić, чэш. tráviti ’ператраўляць ежу’, ’праводзіць час’, славац. tráviť ’тс’, серб. тра́вити ’карміць травой’, ’засяваць травой’, ст.-слав. травити ’жэрці’, натроути ’накарміць’. Прасл. *traviti < *truti, trovešь (параўн. мар. truju < trutʼ ’ператраўляць (пра страўнік)’, славац. trova ’выдаткі’) выступае ў славянскіх мовах у ступенях: *tru‑, *trov‑, *trav‑ (апошняя — з *‑ō‑), а таксама *trū‑, параўн. серб.-ц.-слав. трыти, трыѩ, балг. три́я ’тру, выціраю’, ц.-слав. растръва ’страта, згуба’, ’пагібель’, троути ’вынішчаць’ з багатым наборам значэнняў — да ’атручваць’ (Фасмер, 4, 92; Махэк₂, 650). Роднасныя: ст.-грэч. τρώω ’раню’, τρΰω ’знішчаю, свідрую’, ’выводжу’, ст.-в.-ням. drawa ’пагроза’, англ.-сакс. đréa ’тс’, ’кара’. Сной₂ (778) дапускае дзве і.-е. асновы для разглядаемай лексемы: 1) і.-е. *treu̯H‑ ’раздрабляць, раскрышваць, малоць, спажываць, расходаваць’: ст.-грэч. τρῶμα, τραῦμα ’рана’, вал. taraw ’таўчы, біць’, с.-брэтонск. tarauat ’працерці’, літ. trunýti ’гніць, тлець’; 2) і.-е. аснова *trōu̯ah2, *treu̯ah2, якая з і.-е. *(s)ter‑, — з апошняй выводзіцца ст.-інд. tṛ́ḥa ’трава’, прасл. *tьrnъ > бел. цёрн. Сюды ж траўленне ’страваванне’, траве́нье ’кармленне’ (ТС); траві͡енё ’ператраўліванне, засвойванне’ (беласт., Сл. ПЗБ), якое з польск. trawienie (Сл. ПЗБ, 5, 111).

Траві́ць2 ’таптаць лугі, з’ядаць пасевы; рабіць патраву’ (ТСБМ, Нас., ТС, Сержп. Прык.): козамі сена травіць (Пятк. 2), тра́віць ’тс’, ’нацкоўваць сабак на коз і свіней, каб не пустошылі агароды’ (Нас.). Укр. трави́ти ’рабіць патраву’, дыял. трови́ти ’выпасаць, травіць траву на корані’, рус. трави́ть ’псаваць, пашкоджваць, нішчыць, спустошваць, разбураць’, польск. trawić ’тс’, ’марнатравіць’, ’выдаткаваць’, ’паліць, спальваць’. Прасл. (паўночнае) *traviti ’нішчыць, выдаткоўваць’ (Борысь, 640). Да травіць1 (гл.). Сюды ж траві́ць ’апрацоўваць паверхню чаго-небудзь кіслатой або іншымі рэчывамі’ (ТСБМ), ’атручваць каларадскіх жукоў’ (Ян.), ’труціць, атручваць’ (ТС; віл., Сл. ПЗБ), траві́тісе ’труціцца’ (беласт., Сл. ПЗБ).

Траві́ць3 ’паволі, патроху адпускаць ліну, снасць, аслабляючы нацяжэнне’ (ТСБМ). Відавочна, з рус. трави́ть (снасть, канат) ’тс’.

Траві́ць4 пытраві́ць палоску ’апрацоўваць зямлю плугам трэці раз, пасля баранавання’ (бабр., ЛА, 2). Да траі́ць, трайні́ць, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

е́сці, ем, ясі, есць; ядзім, ясце, ядуць; пр. еў, ела; заг. еш; незак., каго-што.

1. і без дап. Прымаць ежу, перажоўваючы яе і глытаючы. Есці булку з маслам. Хацець есці. □ Не сказаць, каб вялікія ласункі былі з чэрствага хлеба, але еў яго Міколка з вялікай ахвотай. Лынькоў. // Ужываць у якасці ежы, для ежы. Не есці мяснога. □ Горкая рэдзька, ды ядуць, дрэнна замужам, ды ідуць. Прыказка. // Харчавацца. Прывезлі мяса дамоў. Дома пасалілі, — аж дванаццаць кадушак насалілі! Цэлы год тое мяса з гаспадаром елі. Якімовіч.

2. толькі ў інф. (у спалучэнні з дзеясл.). Ежа, харч. Варыць есці. □ Нясе жонка [аратаму] есці Цэлы спарышок. Купала.

3. Кусаць, грызці (пра насякомых, грызуноў). Моль есць футра. □ Ядуць вас мухі з камарамі. З нар.

4. Раз’ядаць, разбураць хімічна. Іржа на вышках есць парог. Купала. // Раздражняць, раз’ядаць (пра дым). Бела-сіні, надта горкі Лезе ў вочы, есць да слёз, Душыць горла дым махоркі, Самагон зрывае нос. Крапіва. Пыл есць вочы і горла забівае. Ермаловіч.

5. перан. Разм. Не даваць спакою, мучыць; грызці (пра сумленне, боль і пад.). Магло здавацца, што .. [Стафанковіча] есць з сярэдзіны нейкі боль. Чорны. Згрызае, есць яго нуда. Адзін ён тут у волкім змроку. Колас.

6. перан. Разм. Даймаць каго‑н. сваркамі, папрокамі, назаляць, не даваць спакою. Адразу пачаў гаварыць Апанас Сегень пра адвечную вясковую песню: за кавалак гнілой вяроўкі ўвесь век ядуць адно аднаго. Чорны.

•••

Дарэмна хлеб есці — гультаяваць, не прыносіць ніякай карысці.

Есці вачамі — пільна ўглядацца, не адводзячы позірку; упівацца вачамі.

Есці не просіць гл. прасіць.

Есці просяць гл. прасіць.

Есці чужы хлеб — жыць за чый‑н. кошт, знаходзіцца на чыім‑н. утрыманні.

Есць чарвяк каго гл. чарвяк.

Еш не хачу — усякай яды ўволю, з лішкам.

Мала кашы еў (з’еў) — яшчэ малады, нявопытны, каб брацца за сур’ёзную справу.

Пасаліўшы, есці можна — пра што‑н. пасрэднае, цярпімае.

Поедам есці — бесперастанку мучыць папрокамі.

Хлеб есці з чаго — мець карысць, даход з якога‑н. занятку.

Хоць воўк траву еш гл. воўк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)