спуск, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. спускаць — спусціць (у 1–3, 6–8 і 11 знач.) і спускацца — спусціцца (у 1, 2 і 5 знач.).

2. ‑а. Месца, па якім спускаюцца ўніз, нахіленая плоскасць. Найгорш было сыходзіць на крутым спуску каля суседняй вуліцы. Пальчэўскі. Са свістам і галёканнем праходзіла чарада гарадскіх падлеткаў, шукаючы спуска да ракі. Ракітны.

3. ‑а. Кручок у агнястрэльнай зброі, які націскаюць пальцам, каб зрабіць выстрал; спускавы кручок. // Прыстасаванне ў фота- і кінаапараце для адкрывання затвора аб’ектыва.

4. ‑а. Сталярная прылада з доўгай калодкай для выраўноўвання паверхні; фуганак.

5. ‑а. Спец. Пропуск у верхняй частцы старонкі перад пачаткам раздзела кнігі.

6. ‑а. Спец. Расстаноўка звярстаных палос набору ў такім парадку, які забяспечвае правільную паслядоўнасць старонак.

•••

Не даць спуску каму гл. даць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́гляд, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Вонкавае аблічча. Чалавек быў няголены, і гэта надавала яму пажылы выгляд, насуперак маладому позірку вачэй. Мележ. Слухаючы старшыню, карэспандэнт разглядаў фота ў альбоме.., мабыць, параўноўваючы цяперашні яго выгляд з тым, што было на здымках. Шахавец. // Знешняе аблічча чалавека як праяўленне яго ўнутранага стану, характару. Здаровы выгляд. Незалежны выгляд. □ Вочы дзяўчыны радасна смяяліся, хоць выгляд у яе быў паніклы і разгублены. Ракітны. Ад свайго бацькі Рыгор пераняў.. добрую шырокую натуру, мяккі і гасцінны выгляд. Гартны.

2. Знешні абрыс, контур прадмета. Усе .. [жыхары вёскі] былі заўзятыя паляўнічыя, захопліваліся адным толькі выглядам стрэльбы. Колас.

3. У спалучэнні з прыназ. «з», «на», «пад» утварае прыслоўныя словазлучэнні ў значэнне знешне. З выгляду гэты чалавек спакойны. □ Нязграбны на выгляд дзік вельмі спрытны і рухавы. В. Вольскі.

•••

Для выгляду — каб толькі здавалася.

Не падаць (не паказаць) выгляду гл. падаць.

Пад выглядам каго-чаго — пад маркай каго-чаго, выдаючы за каго‑, што‑н. [Міхал:] — Пад выглядам альтанак домікі будуюць, скляпы і чорт ведае што яшчэ там. Карпаў.

Рабіць выгляд гл. рабіць.

У выглядзе чаго — у форме чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зняць, зніму́, зні́меш, зні́ме; зняў, зняла́, -ло́; знімі́; зня́ты; зак.

1. каго-што. Дастаць, узяць, прыняць тое, што знаходзіцца зверху, на паверхні ці дзе-н. замацаванае.

З. паліто з вешалкі.

З. каструлю з агню.

З. вяршкі з малака.

З. ураджай (сабраць).

2. Пра апранутае адзенне: раздзяваючыся ці раздзяваючы каго-н., вызваліцца ад чаго-н.

З. шапку.

З. боты.

3. каго-што. Выдаліць, прымусіць пакінуць месца, пост.

З. ахову (адмяніць). З. варожага вартавога (забіць, звязаць).

4. што. Зрэзаць, ссячы.

З. галаву шабляй.

5. каго-што. Пазбавіць чаго-н., вызваліць ад чаго-н.

З. з работы.

З. з забеспячэння.

З. з уліку.

6. што. Спыніць дзеянне чаго-н., адмяніць, адмовіцца ад чаго-н.

З. сваю прапанову.

З. забарону.

З. судзімасць.

7. што. Выключыць, устараніць.

З. што-н. з абарачэння.

З. з продажу.

8. што. Устараніць, пераадолеўшы, вырашыўшы.

З. спрэчнае пытанне.

9. што. Дакладна аднавіць, скапіраваць, пераносячы на што-н.

З. мерку нагі.

З. копію з дакумента.

З. план мясцовасці.

10. каго-што. Адлюстраваць на фота- ці кінаплёнцы.

З. кінафільм.

11. што. Атрымаць шляхам апытання (спец.).

З. паказанні з каго-н.

12. што. Узяць у наймы.

З. пакой.

|| незак. зніма́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е і здыма́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. зня́цце, -я, н. (да 1 знач.; спец.) і зды́мка, -і, ДМ -мцы, ж. (да 9 і 10 знач.; спец.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

зняць, зніму, знімеш, зніме; пр. зняў, зняла, ‑ло; зак., каго-што.

1. Дастаць, узяць зверху ці з паверхні чаго‑н. (тое, што ляжыць, вісіць, стаіць на чым‑н.). Зняць тэлефонную трубку. Зняць паліто з вешалкі. □ Дзед урачыста зняў са сцяны стрэльбу. Лынькоў. // Адняць, прыняць (тое, што ляжыць, вісіць, стаіць на чым‑н.). Зняць каструлю з агню. □ Ніна па-гаспадарску зняла .. нябачную пушынку з.. пінжака. Шыцік. // Аддзяліць, адчапіць што‑н. замацаванае, пасаджанае дзе‑н., на што‑н. Зняць кола з восі. / Пра судна. Зняць карабель з мелі. // Прыбраць, знесці што‑н. часова пабудаванае, непатрэбнае. Зняць рыштаванні. Зняць апалубку з падмуроўкі.

2. Здзець тое, што было апранута, завязана; вызваліцца ад якога‑н. адзення, покрыва і пад. Зняць шапку. Зняць павязку. □ Рыгор як зняў паліто, так і стаяў з ім, забыўшыся павесіць. Гартны. // Разм. Грабячы, раздзець.

3. Спыніць дзеянне чаго‑н.; адмяніць. Зняць блакаду. Зняць судзімасць. □ — Я тады набралася гора, пакуль не з’явіўся сам гэты хлопец і не папрасіў зняць абвінавачванне, бо ён памыліўся. Чорны. // Вызваліць, збавіць сябе ад чаго‑н. (звычайна ад таго, што непакоіць, прыгнятае). Зняць з сябе віну.

4. Сабраць, садраць, зрэзаць тое, што пакрывае якую‑н. паверхню ці з’яўляецца верхнім слоем чаго‑н. Зняць вяршкі. Зняць кару з дрэва. □ Цяжка было цягнуць .. [барсука], а яшчэ цяжэй зняць скуру тымі прыладамі, якія былі ў хлопцаў. Маўр.

5. Сабраць пасля паспявання (збажыну, плады, агародніну). Зняць ураджай. □ У сонечны дзянёк харошы Плады зняў з яблынь гаспадар. Непачаловіч. // Спец. Атрымаць (прадукцыю) у выніку вытворчага працэсу. Зняць як можна больш дэталей з кожнага станка.

6. Адклікаць з якой‑н. работы, заняткаў (звычайна для іншай работы, заняткаў). Зняць жней з поля і паслаць на стагаванне сена. // Адвесці, перавесці з якога‑н. паста, пазіцыі, фронту і пад. Гвардзейскі полк па загаду Стаўкі знялі з Заходняга фронту і спехам перакінулі ў сталіцу. Сабаленка.

7. Забіўшы, звязаўшы і пад., абясшкодзіць, пазбавіць магчымасці дзейнічаць. Учора перад усходам сонца падпольшчыкі знялі патруля і ўзарвалі чыгуначны мост. Баранавых.

8. Вызваліць ад работы, звольніць з пасады. Зняць з работы. □ Праўленне зняло Шаройку з пасады брыгадзіра. Шамякін.

9. Адмовіцца ад чаго‑н. (вылучанага, прапанаванага); адмяніць, аб’явіць несапраўдным. Зняць кандыдатуру. Зняць сваю прапанову. □ Рэвалюцыя 1905 года зняла забарону з друкаванага беларускага слова. Юргелевіч.

10. Дакладна аднавіць, скапіраваць, пераносячы на што‑н. (памер, формы, аб’ём, змест і пад.). Зняць мерку. Зняць копію з дакумента.

11. Адлюстраваць на фота- ці кінаплёнцы; сфатаграфаваць. — Зараз мы выпусцім Эму і бегемота Рану, каб таварыш фотакарэспандэнт зняў іх, — сказаў.. той, у акулярах, прымаючы з Кірылкавых рук клетку. Даніленка. // Стварыць (кінафільм).

12. Узяць у наймы. — Вось кватаранта мне прыслалі. Хоча зняць у мяне пакой. Карпаў.

13. Перакласці верхнюю частку стасаваных карт уніз перад раздачай іх ігракам. Зняць калоду.

14. Спыніць дзейнасць каго‑, чаго‑н., выключыць адкуль‑н. Зняць каманду са спаборніцтваў. Зняць устарэлую марку машыны з вытворчасці. // Спец. Лічыць больш не падлягаючым чаму‑н.; пазбавіць чаго‑н. Зняць з забеспячэння. Зняць свіней з адкорму.

•••

Зняць галаву каму, у каго — а) забіць, адсячы галаву; б) сурова пакараць.

Зняць з уліку — перастаць лічыць у складзе якой‑н. установы.

Зняць (скінуць) маску — паказаць сваю сапраўдную сутнасць; перастаць прыкідвацца кім‑н. ці якім‑н.

Зняць падрад — наняцца, падрадзіцца зрабіць што‑н.

Зняць шапку перад кім — выказаць сваю павагу каму‑н.; пакланіцца.

Зняць швы — падрэзаць і выцягнуць ніткі з краёў зашытай раны.

Зняць шкуру (сем шкур) — тое, што і спусціць шкуру (гл. спусціць).

Як рукой зняло што — раптоўна прайшло, знікла бясследна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́йсці, выйду, выйдзеш, выйдзе; пр. выйшаў, ‑шла; заг. выйдзі; зак.

1. Пайсці адкуль‑н., пакінуць межы чаго‑н. Выйсці з горада. Выйсці з машыны. □ Гулка бразнулі дзверы. З хаты выйшлі людзі. Лынькоў. Бацька спрытна саскочыў з кузава, адчыніў дзверы кабіны і дапамог выйсці маці. Чарнышэвіч. // Накіравацца куды‑н. Малады высокі салдат, развітаўшыся з сваімі таварышамі, выйшаў пеша ў дарогу. Чорны. Свякроў знала, што будзе бяда, і таму не пайшла ў лён, а выйшла палоць грады. Брыль. // Прарвацца, прабіцца адкуль‑н. Выйсці з блакады. Выйсці з акружэння. // перан. Перастаць удзельнічаць у чым‑н.; выбыць. Выйсці з вайны. Выйсці з гульні. Выйсці з падполля. □ Уладзімір Вялічка быў просты чалавек. Ён зусім.. не ўсвядоміў сабе ўсяго значэння той справы, з якой толькі што выйшаў. Чорны. // перан. Пакінуць месца знаходжання дзе‑н. Выйсці са шпіталя пасля ранення.

2. перан. Быць выдадзеным, надрукаваным. Кніга выйшла з друку. □ [Вэня:] — Матэрыялы могуць выйсці асобнай брашурай. Чорны. // Уступіць у дзеянне, сілу (пра закон, загад і пад.). — Значыць, наколькі я асмелюся думаць, тут інструкцыя такая выйшла для няўхільнага правядзення ў жыццё. Чорны.

3. Прыйсці куды‑н., з’явіцца, апынуцца дзе‑н.; паказацца. Выйсці на палявую дарогу. Выйсці на нарад. Выйсці ў тыл ворагу. Сонца выйшла з-за хмары. Выйсці на арбіту. □ Сасновы бор скончыўся, і мы выйшлі на паляну. В. Вольскі. // Падысці да каго‑, чаго‑н. Выйсці да стала. Выйсці да людзей.

4. з чаго, з-пад чаго. Перастаць быць у якім‑н. стане, становішчы. Выйсці з цярпення. Выйсці з-пад улады. □ Жэня ўбачыў маці і зноў устрапянуўся, выйшаў з .. цяжкага здранцвення. Шамякін.

5. безас. Прыйсціся, дастацца, выпасці. На кожнага выйшла па сто рублёў.

6. Зрасходавацца, кончыцца. Выйшлі ўсе запасы. Выйшлі грошы. □ Гранаты выйшлі, у ранцах ні галеты. Калачынскі. Маці думала аб тым, што дома выйшаў хлеб, а сена для худобы засталося так мала, што ніяк не хопіць дацягнуць да маладой травы. Сіняўскі. // Прайсці, мінецца (пра час).

7. (звычайна са словам «замуж»). Стаць жонкай каго‑н. Выйшла Аўгіня замуж за Васіля Бусыгу. Колас. — Які з цябе будзе муж! — сказала Мальвіна, калі Адам прапанаваў ёй выйсці за яго замуж. Корбан.

8. Атрымацца, удацца. Выйшла добрая рэч. Добра выйсці на фота. □ Зброя выйшла хоць куды! Маўр. Усмешка выйшла разгубленая, бездапаможная. Карпаў. Усе былі перакананы, што з яго выйдзе славуты лётчык. Мележ. // Стаць, зрабіцца кім‑, чым‑н. Выйсці пераможцам. Выйсці ў вялікія майстры. □ [Бондар:] — Мой брат, старэйшы, у камбрыгі выйшаў. Навуменка.

9. Пра паходжанне каго‑н. Выйсці з асяроддзя людзей працы. □ Увесь гэты сялянскі воблік і простая вопратка не былі падробліваннем пад народ. Чалавек, які выйшаў з народа, жыў яго інтарэсамі і спадзяваннямі,.. не мог і не жадаў чым-небудзь адрознівацца ад людзей. С. Александровіч.

10. Здарыцца, нечакана адбыцца ў выніку чаго‑н. Выйшла самае нечаканае. □ Я хацеў выклікаць жаласць у сэрцы Барыса, а выйшла наадварот... Бядуля. [Дзяўчына:] — Дом цягне.. А мяне з дому пацягнула, бо сутычка з татам выйшла. Пташнікаў.

•••

Бокам выйсці; вомегам выйсці — тое, што і бокам (вомегам) вылезці (гл. вылезці).

Выйсці з берагоў — разліцца (пра раку, возера і пад.).

Выйсці з галавы — зусім забыцца.

Выйсці з давер’я — перастаць карыстацца чыім‑н. давер’ем.

Выйсці з моды — перастаць быць модным.

Выйсці з раман — парушыць агульнапрынятыя нормы.

Выйсці з сябе — раззлавацца.

Выйсці з узросту; выйсці з гадоў — перарасці ўзрост, вызначаны для каго‑, чаго‑н.

Выйсці за рамкі — перайсці межы чаго‑н.

Выйсці з-пад пяра каго — быць напісаным кім‑н.

Выйсці (выбіцца) на дарогу — знайсці сваё месца ў жыцці, стаць самастойным.

Выйсці на пенсію (у адстаўку) — перастаць служыць, працаваць.

Выйсці (усплыць) наверх (на паверхню) — выявіцца, стаць вядомым.

Выйсці са строю — стаць непрыгодным, непрацаздольным. Першы і найлепшы яго друг і камандзір выйшаў са строю. Кавалёў.

Выйсці (выбрацца) сухім з вады — пазбегнуць заслужанай кары; астацца непакараным.

Выйсці ў колас — пачаць каласаваць (пра збожжавыя расліны).

Выйсці (выбіцца) у людзі — пасля доўгіх намаганняў дасягнуць трывалага або высокага становішча ў грамадстве. Нарадавацца не магла з Васіля: дабіўся, чаго хацеў, — у людзі, лічы, выйшаў. Мележ.

Выйсці ў свет — быць апублікаваным (пра друкаванае выданне).

Выйсці ў тыраж — выйсці з ужытку, стаць непрыгодным да чаго‑н.

Выйсці чыстым — аказацца непакараным.

На маё (яго) выйшла — так, як я (ён) хацеў.

(Нічога) не выйдзе — не атрымаецца, не ўдасца. [Іван:] — «Не, з чытання сёння нічога не выйдзе. Ці не пайсці развеяцца?» Гаўрылкін. — «Сцёпа, пачакай! — затрымала яго жонка. — Давай заўтра махнём куды-небудзь у раён. — Нічога не выйдзе, — адказаў Сцяпан Ягоравіч. — Заўтра.. буду заняты». Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)