выйсці, выйду, выйдзеш, выйдзе; пр. выйшаў, ‑шла; заг. выйдзі; зак.
1. Пайсці адкуль‑н., пакінуць межы чаго‑н. Выйсці з горада. Выйсці з машыны. ▪ Гулка бразнулі дзверы. З хаты выйшлі людзі. Лынькоў. Бацька спрытна саскочыў з кузава, адчыніў дзверы кабіны і дапамог выйсці маці. Чарнышэвіч. // Накіравацца куды‑н. Малады высокі салдат, развітаўшыся з сваімі таварышамі, выйшаў пеша ў дарогу. Чорны. Свякроў знала, што будзе бяда, і таму не пайшла ў лён, а выйшла палоць грады. Брыль. // Прарвацца, прабіцца адкуль‑н. Выйсці з блакады. Выйсці з акружэння. // перан. Перастаць удзельнічаць у чым‑н.; выбыць. Выйсці з вайны. Выйсці з гульні. Выйсці з падполля. ▪ Уладзімір Вялічка быў просты чалавек. Ён зусім.. не ўсвядоміў сабе ўсяго значэння той справы, з якой толькі што выйшаў. Чорны. // перан. Пакінуць месца знаходжання дзе‑н. Выйсці са шпіталя пасля ранення.
2. перан. Быць выдадзеным, надрукаваным. Кніга выйшла з друку. ▪ [Вэня:] — Матэрыялы могуць выйсці асобнай брашурай. Чорны. // Уступіць у дзеянне, сілу (пра закон, загад і пад.). — Значыць, наколькі я асмелюся думаць, тут інструкцыя такая выйшла для няўхільнага правядзення ў жыццё. Чорны.
3. Прыйсці куды‑н., з’явіцца, апынуцца дзе‑н.; паказацца. Выйсці на палявую дарогу. Выйсці на нарад. Выйсці ў тыл ворагу. Сонца выйшла з-за хмары. Выйсці на арбіту. ▪ Сасновы бор скончыўся, і мы выйшлі на паляну. В. Вольскі. // Падысці да каго‑, чаго‑н. Выйсці да стала. Выйсці да людзей.
4. з чаго, з-пад чаго. Перастаць быць у якім‑н. стане, становішчы. Выйсці з цярпення. Выйсці з-пад улады. ▪ Жэня ўбачыў маці і зноў устрапянуўся, выйшаў з .. цяжкага здранцвення. Шамякін.
5. безас. Прыйсціся, дастацца, выпасці. На кожнага выйшла па сто рублёў.
6. Зрасходавацца, кончыцца. Выйшлі ўсе запасы. Выйшлі грошы. ▪ Гранаты выйшлі, у ранцах ні галеты. Калачынскі. Маці думала аб тым, што дома выйшаў хлеб, а сена для худобы засталося так мала, што ніяк не хопіць дацягнуць да маладой травы. Сіняўскі. // Прайсці, мінецца (пра час).
7. (звычайна са словам «замуж»). Стаць жонкай каго‑н. Выйшла Аўгіня замуж за Васіля Бусыгу. Колас. — Які з цябе будзе муж! — сказала Мальвіна, калі Адам прапанаваў ёй выйсці за яго замуж. Корбан.
8. Атрымацца, удацца. Выйшла добрая рэч. Добра выйсці на фота. ▪ Зброя выйшла хоць куды! Маўр. Усмешка выйшла разгубленая, бездапаможная. Карпаў. Усе былі перакананы, што з яго выйдзе славуты лётчык. Мележ. // Стаць, зрабіцца кім‑, чым‑н. Выйсці пераможцам. Выйсці ў вялікія майстры. ▪ [Бондар:] — Мой брат, старэйшы, у камбрыгі выйшаў. Навуменка.
9. Пра паходжанне каго‑н. Выйсці з асяроддзя людзей працы. ▪ Увесь гэты сялянскі воблік і простая вопратка не былі падробліваннем пад народ. Чалавек, які выйшаў з народа, жыў яго інтарэсамі і спадзяваннямі,.. не мог і не жадаў чым-небудзь адрознівацца ад людзей. С. Александровіч.
10. Здарыцца, нечакана адбыцца ў выніку чаго‑н. Выйшла самае нечаканае. ▪ Я хацеў выклікаць жаласць у сэрцы Барыса, а выйшла наадварот... Бядуля. [Дзяўчына:] — Дом цягне.. А мяне з дому пацягнула, бо сутычка з татам выйшла. Пташнікаў.
•••
Бокам выйсці; вомегам выйсці — тое, што і бокам (вомегам) вылезці (гл. вылезці).
Выйсці з берагоў — разліцца (пра раку, возера і пад.).
Выйсці з галавы — зусім забыцца.
Выйсці з давер’я — перастаць карыстацца чыім‑н. давер’ем.
Выйсці з моды — перастаць быць модным.
Выйсці з раман — парушыць агульнапрынятыя нормы.
Выйсці з сябе — раззлавацца.
Выйсці з узросту; выйсці з гадоў — перарасці ўзрост, вызначаны для каго‑, чаго‑н.
Выйсці за рамкі — перайсці межы чаго‑н.
Выйсці з-пад пяра каго — быць напісаным кім‑н.
Выйсці (выбіцца) на дарогу — знайсці сваё месца ў жыцці, стаць самастойным.
Выйсці на пенсію (у адстаўку) — перастаць служыць, працаваць.
Выйсці (усплыць) наверх (на паверхню) — выявіцца, стаць вядомым.
Выйсці са строю — стаць непрыгодным, непрацаздольным. Першы і найлепшы яго друг і камандзір выйшаў са строю. Кавалёў.
Выйсці (выбрацца) сухім з вады — пазбегнуць заслужанай кары; астацца непакараным.
Выйсці ў колас — пачаць каласаваць (пра збожжавыя расліны).
Выйсці (выбіцца) у людзі — пасля доўгіх намаганняў дасягнуць трывалага або высокага становішча ў грамадстве. Нарадавацца не магла з Васіля: дабіўся, чаго хацеў, — у людзі, лічы, выйшаў. Мележ.
Выйсці ў свет — быць апублікаваным (пра друкаванае выданне).
Выйсці ў тыраж — выйсці з ужытку, стаць непрыгодным да чаго‑н.
Выйсці чыстым — аказацца непакараным.
На маё (яго) выйшла — так, як я (ён) хацеў.
(Нічога) не выйдзе — не атрымаецца, не ўдасца. [Іван:] — «Не, з чытання сёння нічога не выйдзе. Ці не пайсці развеяцца?» Гаўрылкін. — «Сцёпа, пачакай! — затрымала яго жонка. — Давай заўтра махнём куды-небудзь у раён. — Нічога не выйдзе, — адказаў Сцяпан Ягоравіч. — Заўтра.. буду заняты». Корбан.