Ты́шчыцца разм. ‘пралазіць, прабірацца з цяжкасцю; лезці куды-небудзь’ (ТСБМ, Шат.; лаг., Гіл.), ‘хавацца, залазіць у шчыліну, у дзірку; зашывацца’ (маладз., Янк. Мат., Варл.), ты́шчыць ‘соваць’ (Шат.), ‘рыць, успорваць зямлю’: svińnia tyščuć łoh (Варл.). Няясна. Мажліва, адзіны захаваны ў сучасных славянскіх мовах адпаведнік ст.-слав. тъщати сѧ ‘спяшацца, імкнуцца, старацца, сіліцца’, паколькі старое рус. тщи́ться ‘тс’, ст.-серб. таштати се ‘тс’ лічацца запазычаннямі праз царкоўнаславянскую мову (ESJSt, 17, 1007), як і ст.-бел. тщитися ‘старацца’, адзначанае выключна ў рэлігійных тэкстах (ГСБМ). Магчыма, што захаванню архаізма ў абмежаваным арэале садзейнічалі фармальна і семантычна блізкія літ. kýščioti ‘соваць, усоўваць, запіхваць’, зваротнае kìštisумешвацца’ няяснага паходжання (Смачынскі, 292).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

вяза́цца, вяжуся, вяжашся, вяжацца; заг. вяжыся; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Знаходзіцца ў адпаведнасці з кім‑, чым‑н.; узгадняцца. Версія не вяжацца з фактамі. □ Гэта была праўда, але праўда гэтая не вязалася з душой жанчыны. Чорны. // Ладзіцца, атрымлівацца. Гаворка не вязалася. Лявону больш не было чаго казаць. Чарнышэвіч.

2. Прыставаць, прывязвацца, чапляцца. — А ты таксама не вяжыся вельмі да людзей! — параіла Вычыха. Кулакоўскі.

3. Зал. да вязаць (у 1, 3 знач.).

•••

Вязацца слатою — прыставаць, чапляцца да каго‑н.

Вязацца ў сваркуумешвацца, увязвацца ў сварку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заты́чка і за́тычка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Тое, чым затыкаюць што‑н. Гумно было адамкнёна, а ў прабоі тырчала звычайная драўляная затычка, прывязаная да прабоя канаплянаю вяровачкай. Дамашэвіч. Раз-пораз Карней Адамавіч адкрываў затычку ў сцяне і праз шчылінку пазіраў на дарогу. Жычка. // перан. Пра таго, кім часта замяняюць, падмяняюць каго‑н. — Калі выбралі мяне старшынёю, дык і слухайцеся, а не хочаце — скідайце, — гаварыў Тамаш. — А толькі я затычкай не буду. Гурскі.

•••

Ад усіх дзірак (бочак) затычка — пра чалавека, які любіць умешвацца не ў свае справы.

Затычка ад пустой бочкі — пра непатрэбнага, лішняга чалавека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прымаўля́ць, прымоўля́ць ’прыгаворваць; угаворваць; папракаць; прыгаворваць пры варажбе; прыварожваць’ (Шпіл., Нас., ТСБМ, ТС), ’ужываць прымаўкі, прыказкі’, ’галасіць’, ’наймаць’ (шчуч., віл., в.-дзв., Сл. ПЗБ). Сюды ж вытворныя: пры́маўка, прымо́ўка ’ўстойлівы выраз; прыгаворка; папрокі; лаянка; словы, якія выкарыстоўваюцца пры чараванні, варажбе’ (Шпіл., Гарб., Нас., Байк. і Некр., Касп., Растарг., Яруш., ТСБМ; глыб., ганц., Сл. ПЗБ; ТС), ’нагавор; заклінанне’ (Ян.), ’урокі’ (кіраў., ЛА, 3), прымо́ўны ’хвароба, якая лечыцца замовамі, прымаўленнем’ (Нар. Гом.), ст.-бел. примолвяти ’заклінаць’, примолвение ’замова, заклінанне’ (Сл. Скарыны). Ад мо́віць (гл.). Падобна на тое, што значэнне ’прыгаворваць пры варажбе; замаўляць’ было першасным, параўн. стараж.-рус. примълвление, примолвление ’замова, заклінанне’, примълва, примолва ’прыгавор’, рус. дыял. прима́вливать, примо́влить ’запрашаць (у госці)’, укр. примовля́ти ’прыгаворваць, прымаўляць; гаварыць, казаць, умешвацца ў размову’, при́мівка, при́мовка, примо́вля ’прыказка, прымаўка’, примо́ва ’замова’, примовля́ння ’прыгаворка; замова’, примі́вник ’чараўнік, які лечыць замовамі, шаптун’. Гл. таксама ЕСУМ, 3, 491–492.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

мяша́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Злучацца, змешвацца з чым‑н. Снегавыя крупы мяшаліся з пылам, чарнелі і прападалі. Чорны. Раса паступова высыхала, і лес напаўняла густая, паркая духмень, у якой мяшаліся пахі травы, сосен, суніц. Мележ. // Перамешвацца. Бярозы мяшаюцца з елкамі. □ Чырвоныя хустачкі дзяўчат мяшаліся з хлапцоўскімі шапкамі розных гатункаў. Колас. // Рабіцца невыразным, неразборлівым. Мяшаюцца ў вачах літары.

2. Прыходзіць у беспарадак, блытацца. Пяхота зусім сплывае ў пшанічныя палеткі: тут ужо ясна — і рэзервы, і першая лінія мяшаюцца. Чорны. // Траціць яснасць, рабіцца незразумелым (пра думкі, мову). Думкі мяшаліся. Мінулае ўрывалася ў сённяшняе, а сённяшняе нырала ў мінулае. Новікаў.

3. перан. Разм. Умешвацца ў што‑н. Мяшацца ў чужыя справы. □ Дзядзька, як кажа бабуля,.. не мяшаецца ў палітыку, а толькі чытае ды піша. Брыль.

4. Зал. да мяшаць ​1 (у 1, 2 і 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

су́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; заг. сунься; зак. і незак.

Разм.

1. зак. Кінуцца, палезці куды‑н. Сляпы куды ні сунецца, усё на агонь натыкаецца. Якімовіч. Сунуліся мы з Санькам у адно месца — багна; паткнуліся ў другое — грузне пад нагамі куп’ё. Сяркоў. Не зведаўшы броду, не сунься ў воду. Прыказка. // Паспрабаваць зрабіць што‑н. (цяжкае, рызыкоўнае, небяспечнае і пад.). [Цімошка:] — А калі Мурашка на рэўком паляціць? Што тады? — Ага, паляціць, — хмыкнуў Сцёпка. Няхай сунецца. Хомчанка. Спрабавалі карнікі сунуцца ў лес, але партызаны так іх паперлі назад, што больш і носа баяліся паказаць туды. Кірэйчык. — Ды я на парог яго [Ігара] не пушчу, дачушка!.. Ды я яго памыямі аб[лію], калі сюды сунецца! — горача паклялася маці. Сіняўскі.

2. зак. Звярнуцца да каго‑, чаго‑н., куды‑н. з якой‑н. мэтай. Браток .. пайшоў да старога пана. Як адважыўся сунуцца да яго Браток, застанецца назаўсёды загадкай. Асіпенка.

3. зак. Раптоўна ўпасці, паваліцца. Косця сунуўся носам на брук. Новікаў.

4. незак. Ісці, ехаць вельмі павольна. Віктар ідзе наперадзе, і я моўчкі сунуся следам, і дошкі сходкаў зыбаюцца пад нашымі нагамі. Савіцкі. Сунецца лодка па роўнай паверхні ракі, і зусім не відаць таго, хто вяслуе. Ваданосаў. // Плысці, пасоўвацца (пра хмары, туман і пад.). З лагчыны цераз пуці сунуліся шэрыя космы туману. Быкаў. Пушчай сунуўся змрок, хмарай высь завалок. Куляшоў. Ветру няма, а хмара сунецца, цёмная, страшная. Жычка. / у перан. ужыв. Так і думкі ў галаве ідуць, сунуцца неахвотна, спакваля. Шынклер.

5. незак. Перамяшчацца, перасоўвацца куды‑н. Напружваючы апошнія сілы, дырэктар зірнуў угору. Край даху паволі сунуўся ўніз. Нядзведскі. Завішнюк ціха адчыніў вароты — яны зарыпелі, аселі і сунуліся, хоць і новыя, па зямлі. Пташнікаў. Ножка [дзіцяці] была цэлая, толькі, відаць, трохі зачапіла яе колам, калі машына сунулася ў адхон. Кулакоўскі. // Адсоўвацца. Людзі пачціва сунуліся ў бакі, уступаючы .. [Баталевічу] дарогу. Васілёнак.

6. незак. Умешвацца без спросу ў што‑н., куды‑н.; імкнуцца прыняць удзел у чым‑н. Маша ўзлавалася: чаму .. [жанчыны] па-бабску сунуцца ў чужыя справы. Шамякін. [Жорка:] — А ты [Васіль] без паняцця сунешся ў такую скрыпічную тонкасць. Беразняк.

•••

Сунуцца з (сваім) носам — умяшацца (умешвацца) звычайна не ў сваю справу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нос, -а, мн. насы́, насо́ў, м.

1. Орган нюху, які знаходзіцца на твары чалавека або мордзе жывёлы.

Н. з гарбінкай.

2. Дзюба ў птушкі.

Бусляняты закідваюць насы ўгору.

3. Пярэдняя частка судна, лодкі, самалёта і пад.

4. Аб выступаючай пярэдняй частцы якога-н. прадмета.

5. Тое, што і насок (у 2 знач.).

Туфлі з вострымі насамі.

Рымскі нос — вялікі, правільнай формы нос з гарбінкай.

Бубніць сабе пад нос (разм.) — гаварыць вельмі ціха, незразумела.

Вадзіць за нос каго — абяцаць і не выконваць; уводзіць у зман (разм.).

Вярнуць нос (разм.) — адносіцца да каго-н. з пагардай.

Драць нос — важнічаць, задавацца (разм.).

З-пад (самага) носа (узяць, украсці; разм.) — на вачах у каго-н., у непасрэднай блізкасці ад каго-н.

На носе (разм.) — вельмі скора, у самы блізкі час (адбудзецца што-н.).

Носам рыць (груб.) — выказваць сваю незадаволенасць кім-, чым-н.

Нос у нос; носам к носу (разм.) — вельмі блізка адзін да аднаго.

Пад самым носам (разм.) — блізка, у непасрэднай блізкасці ад каго-, чаго-н.

Пакінуць з носам каго (разм.) — абдурыць, падмануць.

Соваць нос (разм., неадабр.) — умешвацца не ў сваю справу.

|| памянш.-ласк. но́сік, -а, мн. -і, -аў м. (да 1 знач.), насо́к, -ска́, мн. -скі́, -ско́ў, м. (да 1 і 5 знач.).

|| прым. насавы́, -а́я, -о́е (да 1 і 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ле́зці, ле́зу, ле́зеш, ле́зе; лезь; незак.

1. Хапаючыся рукамі і чапляючыся нагамі ўзбірацца, падымацца куды-н. або спускацца ўніз.

Л. на гару.

Л. на дрэва.

2. Пранікаць, уваходзіць куды-н. крадучыся.

Л. ў чужы сад.

3. Пранікаць, забірацца куды-н., унутр чаго-н., а таксама выбірацца адтуль.

Л. ў кішэню.

Л. ў акно.

Л. ў ваду.

4. Настойліва ўмешвацца ў чужыя справы, жыццё і пад., дакучаць (разм.).

Л. не ў сваю справу.

5. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.; звычайна з адмоўем). Змяшчацца, быць у самы раз (пра абутак, адзенне).

Чаравік не лезе на нагу.

6. Насоўвацца, налазіць, спаўзаць.

Шапка лезе на вочы.

7. Надаедліва прыставаць, звяртацца з чым-н. да каго-н. (разм.).

Не лезь ты з такім глупствам.

8. Увязвацца ў што-н. непрыемнае.

Л. ў бойку.

9. Настойліва ісці, праходзіць, рабіць што-н., нягледзячы на забарону, перашкоды, цяжкасці.

10. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Выпадаць (пра валасы, поўсць).

11. Імкнуцца стаць кім-н., заняць больш высокую пасаду (разм.).

Л. ў начальнікі.

12. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Распаўзацца, ірвацца.

Сукенка лезе па швах.

Лезці (перціся) на ражон (разм.) — рабіць што-н. рызыкоўнае, загадзя асуджанае на няўдачу.

Лезці ў душуумешвацца ў чые-н. асабістыя справы, пачуцці, перажыванні.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

садзі́ць, саджу́, са́дзіш, са́дзіць; незак.

1. каго-што. Запрашаць, дапамагаць або прымушаць заняць якое-н. месца.

С. дзяцей у зале.

С. пасажыраў на параход.

С. авіялайнер (весці на пасадку).

2. каго (што). Змяшчаць куды-н., прымушаючы што-н. рабіць, або знаходзіцца ў якім-н. стане; абмяжоўваць у чым-н.

С. каго-н. за станок.

С. у астрог.

С. квактуху.

С. на дыету.

3. што. Закопваць у зямлю або сеяць з мэтай вырошчвання.

С. бульбу.

С. сад.

4. што. Ставіць у гарачую печ, сушню для выпякання, сушэння.

С. пірагі ў печ.

5. што. Усоўваць, змяшчаць што-н. куды-н.

С. руку ў цеста.

С. фотакартку за рамку (разм.).

6. і без дап. Ужыв. для ўтварэння якога-н. энергічнага дзеяння (разм.).

С. калом па плоце.

С. з ружжа (страляць). З коміна садзіў чорны дым (валіў густымі клубамі).

7. каго-што. Глыбока ўвязнуўшы ў што-н. гразкае, даць завязнуць, засесці.

С. калёсы ў гразь.

8. што. Наносіць, прымацоўваць што-н. на якую-н. паверхню (разм.).

С. плямы.

С. латкі на штаны.

9. што. Марна траціць, расходаваць (разм.).

Няма чаго напрасна с. грошы.

На пасад садзіць

1) рыхтаваць месца і садзіць на покуце — падчас вяселля;

2) аддаваць замуж.

Пасад садзіць — рассцілаць снапы на таку ў два рады, каласы да каласоў для абмалоту.

Садзіць нос куды, у што (разм., неадабр.) — умешвацца не ў сваю справу.

|| зак. пасадзі́ць, -саджу́, -са́дзіш, -са́дзіць; -са́джаны.

|| наз. паса́дка, -і, ДМ -дцы, мн. -і, -дак, ж. (да 1 знач. — пра самалёт або пра размяшчэнне ў вагоне, параходзе і пад. і 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Ты́каць1 ‘торкаць, тыцкаць’, ‘паказваць’, ‘даваць, падсоўваць што-небудзь каму-небудзь’, ‘рабіць папрок, упікаць’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Мат. Гом.): не тыкай на сонцэ, бо рука отсохне (Сержп. Прык.), ‘уторкваць, утыкаць’ (ТСБМ, Нас., Федар. 6, ТС), ‘закладаць снапы ў азярод, запраўляць, запіхваць’ (калінк., люб., Сл. ПЗБ), ‘соваць’: языча, языча, куды цябе тыча (пух., З нар. сл.), тыкаць, утыкаць (нос)умешвацца не ў сваю справу’ (Юрч. Фраз.), тыкаць у нос ‘рэзка ўказваць’, тыкаць пальцамі ‘адкрыта асуджаць’ (там жа), ты́кнуць ‘ткнуць, сунуць’ (Нас., ТСБМ, Некр. і Байк., ТС), тыко́ць ‘тыц’ (ТС), ст.-бел. тыкати ‘ўтыкаць; закранаць, датычыць’ (ГСБМ), ‘натыкаць’: дѣти на колье тыкахоу (XV ст., Карскі 2-3, 456). Параўн. укр. ти́кати, рус. ты́кать, стараж.-рус. тыкати ‘штурхаць’, ц.-слав. тыкати ‘калоць’; польск. tykać ‘дакранацца’, ‘кранаць’, ‘адносіцца, належаць’, ‘убіваць у зямлю’, славін. takac ‘датыкацца’, палаб. tåicě ‘тыкае’; н.-луж. tykaś ‘кранаць, датыкацца, штурхаць, тыкаць’, ‘падаваць’, в.-луж. tykać ‘соваць, тыкаць, утыкаць, набіваць (люльку)’, славен. tikati ‘належаць, адносіцца’, харв. tȉcati, серб. ти́цати ‘датыкацца’, ‘закранаць’, ‘датычыць’, балг. ти́кам ‘тыкаць, штурхаць’. Прасл. *tykati ‘датыкацца’ < ‘калоць, басці’, ‘злёгку таўчы, закрануць’ суадносіцца з прасл. *tъknǫti ‘дакрануцца’ (Сной₂, 764), гл. ткаць, ткнуць; роднаснае лат. tūkaȃt, tūcît ‘мясіць, ціснуць, мяць, запіхваць, біць, грукаць’, літ. tuksė́ti ‘стукаць, грукаць, біцца (аб сэрцы)’, ст.-в.-ням. dûchen ‘ціснуць’, ст.-грэч. τύκος ‘малаток’, ‘сякера’, асец. tuǧd ‘біцца, змагацца’, ťyst, ťunst ‘запіхваць, саваць’, ‘калоць’ < і.-е. *(s)teu̯‑ ‘таўчы, біць’ і *tēu̯‑ (Каруліс, 2, 435; Фасмер, 4, 130; ЕСУМ, 5, 566; Арол, 4, 124).

Ты́каць2 разм. ‘гаварыць камусьці «ты», называць імем’ (ТСБМ, Некр. і Байк., ТС), ты́кацца ‘звяртацца на «ты»’ (ТС): ni tykajsie za mnojy, ja z taboju świniej ni paświŭ (Федар. 4). Параўн. укр. ти́кати ‘звяртацца на «ты»’, рус. ты́кать ‘тс’, польск. tykać ‘тс’, н.-луж. tykáš se ‘тс’, в.-луж. tykać ‘тс’, чэш. tykat ‘тс’, славац. tykať si ‘тс’, серб. ти́кати ‘тс’, харв. tíkati ‘тс’, славен. tikati ‘тс’. Утвораны ад займенніка 2 ас. адз. л. ты (< прасл. *ty) накшталт ням. duzen (< du ‘ты’), франц. tutuer (< tu ‘ты’) (Сной₂, 764; Фасмер, 4, 130; ЕСУМ, 5, 563; Арол, 4, 125).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)