Тварэ́ц ’той, хто стварае матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці’ (ТСБМ), ’творца, стварыцель’ (Ласт., Некр. і Байк.), тво́ріц ’творца, Бог’ (Бяльк.), ст.-бел. творе́ц ’тварэц, стваральнік’ (XV ст., КГС). Параўн. укр. тво́ре́ць ’тс’, рус. творе́ц ’тс’, стараж.-рус. творьць ’тс’, польск. tworzec, ст.-польск. twarzec ’тс’, в.-луж. twórс, н.-луж. tworc ’будаўнік’, ’творца (рэліг.)’, серб.-харв. tvórac ’творчая асоба, творца’, балг. творе́ц ’тс’, ’стваральнік, Гасподзь’, макед. творец ’тс’. Прасл. *tvorьcь — дэрыват ад *tvoriti, гл. тварыць 1 (Шустар-Шэўц, 1565), рэлігійнае значэнне, хутчэй за ўсё, пад чэшскім уплывам, параўн. ст.-чэш. tvořitel ’стваральнік, Гасподзь’ (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 403), твары́цель ’тс’ (Нас.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ста́ласць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць сталага (у 1–3 і 5 знач.); высокая ступень развіцця, дасканаласці. Сталасць думак. Творчая сталасць пісьменніка. Палітычная сталасць моладзі. □ Роля Марылькі была пераходнай ад травесці да гераінь, яна сведчыла аб сталасці таленту актрысы, аб яе акцёрскім майстэрстве. «Полымя». Сярод таварыш[а]ў Сцёпка выдзяляўся сваёю стараннасцю ў навуцы, сваёю сталасцю і сур’ёзнасцю. Колас.
2. Стан арганізма, які дасягнуў поўнага развіцця. Васемнаццаць год — час юнацкай сталасці.
•••
Атэстат сталасці гл. атэстат.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
быль, ‑і, ж.
1. Тое, што сапраўды было, адбывалася, у адрозненне ад выдумкі, небыліцы. [Нікодым:] — Тут, чалавеча, так перамешана быль з небыліцай, што цяжка адрозніць, дзе праўда, а дзе творчая фантазія расказчыкаў. Машара.
2. Расказ, апавяданне аб праўдзівым здарэнні. Круглы год шумяць над Юркавай магілай высокія клёны. З пакалення ў пакаленне будзе перадавацца быль пра яго кароткае, але яркае жыццё. Курто. І зноў палілася старая быль пра камень: — Гэта было даўно, яшчэ пры паншчыне. Пестрак. Быль як смала, а небыліца як вадзіца. Прыказка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спе́ласць, ‑і, ж.
1. Якасць і стан спелага (у 1 знач.). Спеласць пшаніцы. Спеласць лесу. Спеласць глебы.
2. перан. Высокая ступень развіцця чаго‑н.; дасканаласць. Ідэйная спеласць. Палітычная спеласць. □ Сапраўдная творчая спеласць прыйшла да Э. Самуйлёнка значна пазней, калі ён напісаў раман «Будучыня» і п’есу «Пагібель ваўка». Кучар. Па шырыні абагульненняў, па спеласці пачуцця і выразнасці малюнка гэта [«Палессе»], бясспрэчна, адзін, з лепшых вершаў Броўкі. Бярозкін.
•••
Вясковая спеласць — фаза спеласці збожжа перад поўным паспяваннем.
Малочная спеласць — пачатковая фаза выспявання зерня збожжавых, калі яно напоўнена малочна-белай вадкасцю.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
маста́цтва, ‑а, н.
1. Творчая перадача рэчаіснасці ў мастацкіх вобразах. Творы мастацтва. □ [Антон Максімавіч:] — Наша мастацтва толькі тады будзе дзейсным, калі яно наблізіцца да жыцця. Рамановіч.
2. Галіна творчай мастацкай дзейнасці. Прыкладное мастацтва. Партрэтнае мастацтва. Дэкарацыйнае мастацтва. □ Керамічнае мастацтва дасягнула ў Марока яшчэ ў старадаўнія часы вельмі высокага ўзроўню. В. Вольскі.
3. Дасканалае ўменне, майстэрства ў якой‑н. справе, рабоце.
•••
Выяўленчае мастацтва — назва мастацтва, у творах якога вобраз увасоблены на плоскасці ці ў прасторы (жывапіс, скульптура, графіка).
Мастацтва для мастацтва — рэакцыйная эстэтычная тэорыя, якая адмаўляе грамадскае значэнне мастацтва.
Па ўсіх правілах мастацтва гл. правіла.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пульсава́ць, ‑суе; незак.
1. Рытмічна біцца, мець пульс (пра сэрца, артэрыі і пад.). На лбе ўсхвалявана пульсавала тонкая сіняватая жылка. Гамолка. // Рытмічна рухацца па крывяносных сасудах (пра кроў). У такіх роздумах Людвік і дабег да свайго лагера. Нейкі час не прыслухоўваўся, як пульсуе кроў у дзяўчыны, ці трымаецца ў грудзях дыханне. Кулакоўскі. І зноў з усіх ног бягу прэч ад школы... Бягу, а ў скронях б’е, пульсуе, аж звініць кроў — гэта праўда, усё праўда, што я думаў... Сачанка.
2. перан. Рытмічна рухацца; актыўна праяўляцца. Над Дняпром, над Волгай, над Масквой-ракою, — скрозь жыццё пульсуе, шпаркае такое. Дубоўка. Творчая фантазія пульсуе тут моцна, і актуальнасць праблематыкі не слабее. У. Калеснік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жы́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
1. Памянш. да жыла (у 1 знач.); тоненькая жыла. Коркія зусім блізка бачыў адрузлы, маршчыністы твар з чырвонымі жылкамі на пераноссі. Самуйлёнак. Вось з-за лесу ўстала сонца, Рассыпае каснікі, Залатыя ручнікі, І цалуе праз аконца Збітых кудзер валаконцы, Жылкі сінія рукі. Колас.
2. Ніць, вырабленая з сухажылля, капрону і пад.; лёска. Па дзень нараджэння тата падарыў сыну дзве вуды з капронавай жылкай. Юрэвіч.
3. Сасудзіста-валакністае патаўшчэнне ў выглядзе ніці ў лістах раслін і крылах насякомых. Павел Ільіч разглядаў малады, шыракалісты фікус, у якім на сонцы прасвечваліся тоненькія жылкі. Гурскі.
4. Ніцепадобная палоска ў горнай народзе, якая вылучаецца колерам. Мармур з чорнымі жылкамі.
5. перан.; якая або чыя. Здольнасць або прыродная схільнасць да чаго‑н. Працоўная жылка. Творчая жылка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
устано́ўка, ‑і, ДМ ‑ноўцы; Р мн. ‑новак; ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. устанаўліваць — устанавіць (у 1 знач.).
2. Механізм, прыстасаванне. Рэнтгенаўская ўстаноўка. Буравая ўстаноўка. Дажджавальная ўстаноўка. □ Ля корпуса [універсітэта] стаяла машына з пражэктарнымі ўстаноўкамі. Шахавец. Спецыяльныя аўтаматычныя ўстаноўкі падтрымлівалі пастаянную тэмпературу і вільготнасць у пакоі. Шыцік. // Разм. Баявая гармата, ракета, спараныя кулямёты. Узрывы гранат ярка асвятлялі зенітныя ўстаноўкі. Лынькоў.
3. Мэтавая накіраванасць, арыенціроўка на што‑н. Устаноўка на якасць прадукцыі. □ Творчая ўстаноўка пісьменніка ў пазнейшых апавяданнях істотна адрозніваецца ад той, якую мы бачылі ў першых празаічных вопытах. Навуменка. // Дырэктыва, прынцып, накіроўваючае ўказанне. Ленінскі этап не абмяжоўваецца перыядам жыцця Леніна, гэты этап няспынна працягваецца тэарэтычнай дзейнасцю КПСС і брацкіх партый, увасабляецца ў праграмных устаноўках сусветнага камуністычнага руху. «Звязда».
4. У псіхалогіі — схільнасць суб’екта да пэўнай актыўнасці пры пэўнай сітуацыі; цэннасныя арыентацыі асобы, індывідуума.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уяўле́нне, ‑я, н.
1. Стварэнне ў думках вобраза каго‑, чаго‑н.; узнаўленне ў свядомасці атрыманых раней успрыманняў. Створаны ўяўленнем вобраз, тым больш любога чалавека, не так лёгка разбурыць. Скрыган. У.. [Раманавым] уяўленні пачалі ўставаць малюнкі вайны, ён стараўся вызначыць тое месца, дзе грымелі гарматы, і пачаў вылічаць, калі да іх ціхага сяла дакоціцца хваля вайны. Колас. // Канкрэтны вобраз прадмета ці з’явы, які раней уздзейнічаў на органы пачуццяў, але ў гэты момант непасрэдна не ўспрымаецца свядомасцю. Зрокавыя ўяўленні. Слыхавыя ўяўленні.
2. Псіхічны працэс, які заключаецца ў стварэнні новых вобразаў на аснове ўжо наяўных шляхам іх пераўтварэння. // Творчая фантазія. Уяўленне мастака.
3. Разуменне, веданне чаго‑н., заснаванае на вопыце. Ужо да вечара, агледзеўшы гаспадарку, новы старшыня меў ўяўленне аб яе моцных і слабых баках. Барашка. Рост самасвядомасці героя адбываецца па меры таго, як ён настойліва пераасэнсоўвае свае ранейшыя ўяўленні аб грамадстве. Луфераў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скорагаво́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
1. Хуткае, паспешлівае маўленне. Шчаслівы .. смех [Тамары] перадаўся Мані, і яна, слухаючы таварышкі блытаную скорагаворку, не магла стрымаць яго і ў сабе. Васілевіч. Пачуўся смяшок, неразборлівая і, відаць, смяшлівая скорагаворка, і ўсё змоўкла. Паўлаў. // у знач. прысл. скорагаво́ркай. Хутка, паспешліва (пра мову). Мы цокалі на польскай мове — [Стася] з паморскім акцэнтам, скорагаворкай, а я нараспеў, як усе беларусы. Бажко. — Мяне тата прыслаў, — скорагаворкай прамовіў Юрка, — там, — ён махнуў рукой у бок лесу, — нейкія людзі... Двое... Курто. // Што‑н. (артыкул, кніга і пад.), напісанае наспех, без дакладнасці, неглыбока. Там, дзе зніжаецца творчая напружанасць паэта, з-пад яго пяра выходзіць скорагаворка. Бярозкін. Увага да ўсіх гістарычных этапаў, якія прайшла краіна, была прычынай адсутнасць сюжэтнай сканцэнтраванасці, хранікальнай бегласці і скорагаворкі ў асобных раздзелах. Кучар.
2. Жартаўлівая фраза, пабудаваная на спалучэнні гукаў, якія робяць цяжкім хуткае вымаўленне яе. Заняткі пачыналіся з работы над тэхнікай мовы. Колькі скорагаворак было вызубрана напамяць. «Беларусь».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)