паляндві́ца, ‑ы, ж.

Мяса вышэйшага сорту з сярэдняй часткі свіной тушы каля хрыбта, якое вэндзяць або вяляць. Тым часам на стале з’явіліся відэльцы, нажы і талеркі і следам паплылі сакаўныя вэнджаныя кілбасы, цэлая талерка па-мастацку нарэзаных скрылікаў паляндвіцы, чырвоных, як пялёсткі вяргіні. Колас.

[Польск. polędwica.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

павыпуска́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Выпусціць усіх, многіх або ўсё, многае. Павыпускаць звяроў на волю. Павыпускаць кнігі. Павыпускаць рукавы. Павыпускаць кіпцюры. □ Павыносілі [бандыты] падушкі з хат камунарскіх ды пух на вецер павыпускалі. Барашка. — Макарка, не глядзі гэтак на мяне, талеркі з рук павыпускаю, — гарэзна казала .. [Іра]. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тале́рка ’плоская сталовая пасуда круглай формы, міска’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Ласт., Байк. і Некр., Нік. Очерки, Касп., Шат., Бяльк., Сл. ПЗБ; ашм., Стан.; ЛА, 4), тарэ́лка ’тс’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 4), талі́рка ’тс’ (Сл. ПЗБ), талі́рок ’тс’ (Сл. Брэс.), тале́рка ’металічны кружок над вісячай лямпай’ (Сцяшк. Сл.), тале́ркі ’дыскі’ (Кал.). Паводле Карскага (1, 315), з ням. Teller ’талерка’ (гл. талер2) з захаваннем характэрнага для беларускай мовы спалучэння л–р (без метатэзы, параўн. укр. тарілка, рус. тарелка ’тс’), магчыма, пад уплывам польск. talerzyk, дыял. talerka ’тс’, асабліва talarek ’малы кружок’. Параўн. адаптаванае ў народнай мове тэро́лка ’талерка’ (бяроз., Шатал.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пара́дкаваць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак., каго-што і без дап.

Прыводзіць у парадак каго‑, што‑н.; наводзіць парадак дзе‑н., у чым‑н. Маці з урачыстым выглядам парадкавала на стале талеркі і відэльцы. Карпаў. Качагар.. быў на тэндэры, парадкаваў там вугаль. Лынькоў. Антосю таксама хапала працы. Пакуль зямля падсыхала, ён тупаў каля хаты, парадкаваў у хляве і гумне. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пракла́сці, -ладу́, -ладзе́ш, -ладзе́; -ладзём, -ладзяце́; -ладу́ць; -ла́ў, -ла́ла; -ладзі; -ла́дзены; зак., што.

1. Правесці, зрабіць (дарогу, шлях і пад.).

П. шашу. П. газаправод. П. сабе дарогу (таксама перан.: дабіцца добрага становішча ў жыцці). П. шлях, дарогу каму-, чаму-н. (таксама перан.: пасадзейнічаць каму-, чаму-н. у чым-н., стварыць умовы для развіцця чаго-н.). П. курс караблю (вычарціць на карце).

2. Укласці што-н. паміж чым-н.

П. паперу паміж талеркамі (або талеркі паперамі) пры ўпакоўцы.

|| незак. праклада́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е і пракла́дваць, -аю, -аеш, -ае.

|| наз. праклада́нне, -я, н., пракла́дванне, -я, н. і пракла́дка, -і, ДМ -дцы, ж.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

дымі́цца, ‑міцца; незак.

Выпускаць дым; тлець, вылучаючы дым. Дымяцца трубы заводаў і фабрык. □ У зубах .. [бацькі] дымілася люлька, на галаве красаваўся саламяны капялюш. Гамолка. Ад моста засталіся толькі абгарэлыя палі, дыміўся яшчэ ўцалелы насціл ля самага берага. Лынькоў. // Вылучаць пару. На стале дыміліся талеркі з супам. Пестрак. Пасля дажджу пацела, Дымілася зямля. Калачынскі. // Падымацца клубамі (пра туман, пару). Сырая зямля дыміцца лёгкаю параю — падсыхае. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перакла́сці, -ладу́, -ладзе́ш, -ладзе́; -ладзём, -ладзяце́, -ладу́ць; -ла́ў, -ла́ла; -ладзі; -ла́дзены; зак.

1. каго-што. Палажыць у іншае месца.

П. кнігі з паліцы ў шафу.

2. перан., што. Ускласці абавязкі, адказнасць і пад. на іншага.

П. ўсю работу на памочніка.

3. што чым. Укласці, змясціўшы ў прамежках што-н.

П. талеркі стружкамі.

4. што. Злажыць нанава, іначай.

П. комін.

5. што. Перадаць сродкамі іншай мовы.

П. з беларускай мовы на рускую.

|| незак. пераклада́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е і перакла́дваць, -аю, -аеш, -ае (да 1—4 знач.).

|| наз. пераклада́нне, -я, н., перакла́дванне, -я, н. (да 1—4 знач.) і перакла́д, -у, М -дзе, м. (да 5 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

дабі́ць, -б’ю́, -б’е́ш, -б’е́; -б’ём, -б’яце́, -б’ю́ць; -бі́ты; зак.

1. каго (што). Прыкончыць (у 2 знач.) раненага, падстрэленага.

Паляўнічы дабіў звера.

Гэтыя весткі зусім дабілі старога (перан.).

2. перан., каго-што. Канчаткова разграміць.

Д. варожыя сілы.

3. што. Канчаткова разбіць што-н. недабітае, трэснутае; перабіць усё, што засталося цэлым.

Д. талеркі.

4. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), што і чаго. Скончыць біць, утвараць гукі (пра гадзіннік).

Гадзіннік не паспеў д. шостага ўдару, як пачалася нарада.

5. што. Увагнаць да канца.

Д. цвік.

6. перан., што. Завяршыць якую-н. работу.

К вечару дабілі жніво.

Дабіць да ручкі (разм.) — давесці да развалу, да поўнай непрыгоднасці.

|| незак. дабіва́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

паты́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Разм.

1. Папароць, пакалоць. І не было на кажусе ні аднаго жывога месца: так застракацілі яго белыя і чорныя ніткі і так патыкала яго іголка. Колас.

2. і без дап. Тыкаць некаторы час; тыкнуць некалькі разоў. — Вось ты паглядзі, — Лапцін патыкаў рукой на талеркі: — Нам гэта за што далі? Савіцкі.

патыка́ць 1, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да паткнуць.

патыка́ць 2, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да паткаць (у 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перабі́цца, ‑б’юся, ‑б’ешся, ‑б’ецца; ‑б’емся, ‑б’яцеся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разбіцца — пра ўсё, многае. Перабіліся талеркі.

2. Разм. Перажыць нястачу, цяжкасці; сяк-так пражыць, абысціся некаторы час без чаго‑н.; перакідацца. — На людзях і гора не такое горкае. Як будуць усе жыць, гэтак і мае [родныя] пераб’юцца, — сказаў я Марынічу. Сабаленка. [У вёсцы] пражыць танней, можна было не чапаць пенсіі за летнія месяцы, перабіцца на дамашнім хлебе і на бацькоўскім крупніку. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)