Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ КЕРА́МІКА,
традыцыйныя ганчарныя вырабы рамеснікаў з г. Магілёў канца 15 — пач. 20 ст. Выраблялі посуд, цацкі і інш. прадметы хатняга ўжытку. У канцы 15—16 ст. гаршкі з прамой шыйкай і косым ці закругленым краем венчыка, макотры аздаблялі хвалістым арнаментам, наколкамі, насечкамі. Традыцыі арнаментацыі непаліваных гаршкоў захоўваліся да 17—18 ст. З 16 ст. пашырылася вытв-сць паліванай і чорназадымленай керамікі. У 17—18 ст. выраблялі гаршкі, кубкі, куфлі, міскі, паўміскі, збаны, макотры, глякі, талеркі. Паліваны посуд (міскі і талеркі) упрыгожвалі арнаментам у выглядзе кругоў і кветак, збаны з вял. ручкай — адбіткам пальцаў на яе краях і арнаментам у выглядзе наляпных кветак на плечуках, куфлі — выявамі гар. герба і пакрывалі зялёнай палівай. У 2-й пал. 17—18 ст. выраблялі посуд (талеркі, збаны), аздоблены ангобнаю размалёўкаю (геам. і расл. арнамент). Выраблялі таксама кафлю (гл.Магілёўская кафля), дзіцячы посуд (кубачкі, талерачкі), падсвечнікі, рукамыйнікі, цэглу-пальчатку, непаліваную (плоскую і паўцыркульную) і паліваную зялёную дахоўку, магчыма, чорназадымленыя і паліваныя люлькі.
А.А.Трусаў, Н.І.Здановіч.
Да арт.Магілёўская кераміка. Талерка. 2-я пал. 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКАЯ КЕРА́МІКА,
вырабы ганчароў 12—19 ст. з г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. У 12—13 ст. выраблялі гаршкі з канаўкай на ўнутр. паверхні, аздобленыя на плечуках хвалістым арнаментам, насечкамі і наколкамі (такі дэкор захоўваўся да 15 ст.). Посуд 12—15 ст. меў на донцах клеймы ў выглядзе крыжоў, кругоў, ромбаў, трохвугольнікаў і інш. Посуд канца 16—пач. 18 ст (гаршкі, кубкі, куфлі, збаны, глякі, рынкі, талеркі, міскі) звонку і знутры пакрывалі зялёнай і карычневай палівай, аздаблялі шматрадковым лінейным або хвалістым узорам, радзей штампам, часам упрыгожвалі налепамі ў выглядзе кветак; выраблялі таксама чорназадымлены посуд. У 15—18 ст. рабілі і гартаваны посуд. З сярэдзіны 17—18 ст. выраблялі талеркі, паўміскі, збаны, куфлі, размаляваныя расл. арнаментам, паліваныя падсвечнікі, рукамыі, магчыма, люлькі, а таксама цэглу-пальчатку. Да канца 19 ст. асартымент вырабаў звузіўся і вытв-сць М.к. заняпала.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ КЕРА́МІКА,
вырабы 10—18 ст. з мясц. гліны, знойдзеныя ў час археал. раскопак у Віцебску.
Вырабы 10 — 1-й пал. 14 ст. (гаршкі, міскі) таўстасценныя, арнаментаваныя рэльефнымі ямкамі, касымі насечкамі, хвалістым малюнкам, лінейным рыфленнем, кальцавымі і спіральнымі налепамі. Кераміка 2-й пал. 14 — 1-й пал. 16 ст. (збаны, спарышы, макотры, накрыўкі) вызначаецца большай разнастайнасцю формаў і тонкімі сценкамі. У 2-й пал. 16—17 ст. посуд рабілі на нажным ганчарным крузе, знутры вырабы пакрывалі зялёнай і жоўтай глазурай, звонку дэкарыравалі ангобам або рэльефным (лінейным ці хвалістым) арнаментам. У 17 ст. значна пашырыўся асартымент (глякі, талеркі, кубкі, малочнікі, чайнікі і інш.), выкарыстоўвалася падглазурная ангобная размалёўка, арнаменты ў выглядзе ліній, салярных знакаў, кветак, кропак выконвалі карычневым і белым колерамі на зялёным і жоўтым фонах. Вырабы 18 ст. арнаментаваны менш, формы посуду спрошчаны, размалёўвалі толькі міскі і талеркі, выкарыстоўвалі пераважна аднаколерную паліву, якая пакрывала сценкі знутры і звонку. Гліняныя падсвечнікі, цацкі, люлькі і інш. прадметы хатняга ўжытку таго часу дэкарыраваны рэльефнымі арнаментамі, разеткамі.
В.М.Ляўко.
Віцебская кераміка. Уверсе: гаршчок, 14 ст. (злева); гляк, 15 ст.Унізе: паліваная пасудзіна для спецый, 16 ст. (злева); фрагмент размаляванай паліванай міскі, 16—17 ст. (у цэнтры); паліваная чарніліца, 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРА́МЦАВА-КУ́ДРЫНСКАЯ РАЗЬБА́,
рускі маст. промысел разьбы па дрэве. Вядзе пачатак ад майстэрні, арганізаванай у 1882 А.Дз.Паленавай з мясц. майстроў с. Кудрына, Ахтырка і інш. у сядзібе Абрамцава (гл.«Абрамцава»), Бытавыя рэчы і сувеніры (шкатулкі, талеркі) з плоскарэльефнай разьбой (раслінны і геам. арнамент, фігуркі птушак, жывёл) і паліраванай паверхняй цяпер выпускае Хацькоўская ф-ка разных маст. вырабаў (г. Хацькова Маскоўскай вобл.).
Літ.:
Василенко В.М. Русская народная резьба и роспись по дереву XVIII—XX вв. М., 1960.
Да арт.Абрамцава-Кудрынская разьба. А.Паленава. Совы (уверсе), шафка. 1880-я гады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЖЭ́ЛЬСКАЯ КЕРА́МІКА,
вырабы керамічных прадпрыемстваў у раёне с. Гжэль Раменскага р-на Маскоўскай вобл. У 2-й пал. 18 ст. «чорныя» (простыя) і паліваныя вырабы замяніліся маёлікай (кваснікі, талеркі, цацкі і г.д.) з арыгінальнай шматколернай размалёўкай па белай паліве, часам і з ляпнымі фігуркамі. У 19 ст. выраблялі фарфор, фаянс, паўфаянс. Цяпер традыцыі гжэльскай керамікі працягвае з-дмаст. керамікі ў пас. Турыгіна. Вырабы вызначаюцца акруглымі аб’ёмістымі формамі, сакавітай сіняй размалёўкай па белым фоне, выкананай шырокім мазком.
Літ.:
Гжель: Керамика XVIII—XIX вв.;
Керамика XX в.: Фотоальбом. М., 1982.
Г.А.Фатыхава.
Да арт.Гжэльская кераміка. Кваснік. 1773.Да арт.Гжэльская кераміка. Збан-арол. 1796.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУЖА́НСКАЯ КЕРА́МІКА,
ганчарныя вырабы майстроў 19—20 ст. з г. Пружаны Брэсцкай вобл., аднаго з буйнейшых ганчарных цэнтраў паўд.зах. Беларусі. Выраблялі чорнаглянцаваны посуд традыц. асартыменту: гаршкі і слоі з накрыўкамі, збаны, макатры, спарышы, міскі, талеркі, патэльні, кубкі і інш., якія вызначаліся буйнымі формамі, глянцаваным дэкорам у выглядзе вертыкальных і косых палос, рамбічнай сеткі, завіткоў, елачкі і інш. Характар размяшчэння дэкору падкрэсліваў выразнае чляненне форм вырабаў. З 1920-х г. асвоены таксама выраб глазураванага посуду. З 1984 промысел не існуе.
Літ.:
Сахута Я.М. Беларуская народная кераміка. Мн., 1987.
Я.М.Сахута.
Да арт.Пружанская кераміка. А.Такарэўскі. Ганчарны посуд. 1980-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ПЫСКАЯ КЕРА́МІКА,
ганчарныя вырабы канца 15—20 ст. з г.п. Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл. У 16—18 ст. рабілі гасп. посуд, кафлю (гл.Копыская кафля). Асаблівага развіцця К.к. дасягнула ў 19—1-й пал. 20 ст. У Копысі працавала каля 20 ганчарных заводаў, дзе выраблялі белагліняны паліваны посуд (збаны, гаршкі, слоікі, міскі і інш.) мяккіх акруглых форм. Вырабы аздаблялі прамымі і хвалістымі ціснёнымі паяскамі на плечуках пасудзін, налепамі, зашчыпамі па краях, падцёкамі карычневай або зялёнай палівы. Выраблялі таксама талеркі, вазы, кубкі, хлебніцы, чарніліцы, шкатулкі, пісьмовыя прылады, попельніцы з фігурамі львоў, мядзведзяў і інш., якія ўпрыгожвалі рэльефным раслінным і анімаліст. дэкорам, пажадальнымі надпісамі, пакрывалі рознакаляровай палівай. У 1920—30-я г. была пашырана вытв-сць настольнай дробнай пластыкі. Сярод майстроў А.Верамееў, В.Чабатароў, А.Чорцікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСО́РБЕР (ад лац. absorbere паглынаць),
апарат для паглынання (абсорбцыі) газаў з іх сумесі вадкімі абсарбентамі. У хім. і нафтаперапр. прам-сці выкарыстоўваюць некалькі канструкцый. Паверхневы абсорбер — рэзервуар з абсарбентам, над паверхняй якога прапускаюць газ, і кампаненты газавай сумесі часткова паглынаюцца абсарбентам. Выкарыстоўваюць, калі газавая сумесь добра раствараецца ў абсарбенце. Насадачны абсорбер — верт.метал. або керамічная калона (труба) з некалькімі гарыз. рашоткамі, на якія насыпаюць слаі насадкі (кокс, каменне, метал. або керамічныя кольцы і інш.). Абсарбент падаецца зверху і праз насадку сцякае ўніз, а сумесь газаў — знізу. У талерчатым абсорберы (гл.рыс.) газавую сумесь з рэчывамі, якія неабходна выдаліць, прадзімаюць знізу ўверх праз абсарбент, што сцякае з талеркі на талерку па пераліўных трубках. Адбываецца барбатаж (перамешванне) вадкасці з газам, што спрыяе паглынанню рэчываў абсарбентам. Абсорбер выкарыстоўваюць і ў сістэмах жыццезабеспячэння касм. апаратаў.