праніза́ць, ‑ніжу, ‑ніжаш, ‑ніжа; зак.

1. каго-што. Пракалоць, праткнуць наскрозь чым‑н. вострым. Немец не паспеў крыкнуць, як вострае джала нямецкага штыка наскрозь пранізала яго. Кавалёў. Іголка так і пранізала наскрозь палец. Васілевіч.

2. перан.; каго-што. Праткнуць, прайсці праз што‑н. Сонечнае святло пранізала тоўшчу вады аж да самага дна. Хомчанка. Сонца толькі што ўзышло і пранізала праменямі голыя кроны дрэў. Дуброўскі. Агонь выцягнуўся доўгім языком, лізнуў ім высокую купу ельніку, пранізаў яе навылёт. Васілевіч.

3. перан.; каго-што. Пранікнуўшы ўнутр каго‑, чаго‑н., выклікаць якія‑н. фізічныя адчуванні (пра холад, вецер, боль і пад.). Сцюжа пранізала .. [Рахмільку] да самых касцей. Бядуля. [Хлопец] падняўся і паспрабаваў узняць руку, але востры боль пранізаў усё яго цела. Шчарбатаў. // Рэзка, моцна падзейнічаць. Усю .. [Любу] пранізала нейкая здранцвеласць, ногі не слухаліся яе. Краўчанка. Ганна раптам засмяялася. Смех гэты пранізаў сэрца. Мележ.

4. што. Нізаць некаторы час (гл. нізаць у 1 знач.). Пранізаць каралі ўвесь дзень.

•••

Пранізаць вачамі — пільна, уважліва паглядзець на каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лю́ты 1, ‑ая, ‑ае.

1. Злы, крыважэрны (пра жывёл). Лютыя камары. Люты звер. □ З-за дрэў пазіралі лютыя тыгры, грывастыя львы і малпы. Грамовіч. Зазлаваны пан Чапкоўскі нацкаваў на яго лютых сабак. Бядуля. // Жорсткі, бязлітасны (пра чалавека, яго стан). Люты вораг. Лютая нянавісць. □ Жанчына ўстала з-за стала і, расставіўшы рукі са сцятымі кулакамі, ішла на .. [Морыса], лютая, раз’юшаная. Лынькоў. // перан. Няшчадны, кровапралітны (пра бітву, бой і пад.). І ў час, калі была трывога, Адною дружнаю сям’ёй Ішлі ў нялёгкую дарогу За родны край мы ў люты бой. Астрэйка.

2. перан. Які прычыняе нясцерпныя пакуты; невыказна цяжкі. Лютая смерць. Люты боль. □ [Бандароўна] ведае, што яе чакае лютая расправа, але нават і не думае прасіць літасці. Шкраба. // Які выражае жорсткасць, злосць. Люты позірк. Люты выгляд. □ Збялелыя губы [Гунава] дрыжалі і твар раз-поразу перасмыквала лютая грымаса. Самуйлёнак. // Суровы, крайне строгі. Люты нораў.

3. Вельмі моцны ў сваім праяўленні; сіберны (пра з’явы прыроды). Лютая сцюжа. Лютая бура. □ Над станцыяй гулялі студзеньскія мяцеліцы, вылі і стагналі лютыя ветры. Шчарбатаў.

лю́ты 2, ‑ага, м.

Другі месяц каляндарнага года. Гэтай зімою .. [снегу] выпала мала, да самага лютага зямля ляжала амаль зусім голай. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

На́маразень ’падоўжны брусок, які набіваецца на капылы ў санях’ (Сл. ПЗБ; карэл., Нар. лекс.), на́маразні мн. (шчуч., Сцяшк. Сл.; Сл. ПЗБ; Сержп. Грам.), на́марзень (ТСБМ), на́марзня, на́мерзня (Сл. ПЗБ; Мат. Гом.), на́марзні (Бяльк., Сл. ПЗБ), на́мярзні (Сл. ПЗБ), на́морожэнь, на́морозень (Маслен.), на́маражня, на́морожня (Мат. Гом., Маслен.; лунін., Шатал.; ельск., КЭС; Сл. ПЗБ, ТС), на́маражні (Пятк., Сл. ПЗБ), на́маржні (Сл. ПЗБ), намарзня ’вяровачная пятля на капыл саней, якой прымацоўваецца аглобля’ (дзярж., Нар. сл.), укр. на́морозень, на́моржень, рус. сіб. на́морзни, на́морожни. Цікавы выпадак народнай этымалогіі, якая грунтуецца на іншай назве дэталі саней, параўн. усту́жьіна ’вязок у санях на першых капылах’ (гарадоц.., Нар. лекс.), палес. сту́зэнь, сту́жені, сту́дні ’тс’ (Маслен.), рус. сту́жень ’вязок, пры дапамозе якога гнутыя высокія галоўкі палазоў прымацаваны да першых капылоў у санях са стуженем або ўсходнееўрапейскіх санях’ (гл. Вийрес, Из истории саней в Прибалтике//Проблемы этнич. истории балтов. Тезисы межресп. конф. Рига, 1985, 129). Элемент стуж‑ (студ‑), што паходзіць ад сту́га ’палоска, сувязь, мацаванне’ (< *sъtǫga да тугі́, ця́га, цягну́ць, гл. Фасмер, 3, 786), быў атаясамлены з адпаведным элементам у стуж‑асцюжа’, стуж‑ны ’халодны’, у выніку чаго стала магчымай яго субстытуцыя (замена) блізкім па сэнсу элементам мароз і стварэнне паўкалькі на́маразень, дзе прэфіксацыя на- адлюстроўвае надзяванне дэталі зверху на капыл, а суфіксацыя, як у стужень, параўн. той жа словаўтваральны тып у іншай назве дэталі — на́даўбень (гл.), у якім адлюстравана «тэхналогія» вырабу дэталі. Можна меркаваць, што магчымасць для дээтымалагізацыі назваў са стуж‑ узнікла ў выніку замены скручаных з гібкіх прутоў вязоў «даўбанымі» вязамі, якія ўжо не сцягвалі капылы з галоўкамі, параўн. палес. сцягі, усцяглі — іншыя назвы разглядаемай дэталі. Знешнім стымулам для стварэння паўкалькі стаў вобраз з намярзаючага на дэталь снегу ці льду, параўн. на́морожня ’намаразь’ (ТС). У плане адноснай храналогіі назва намаразень больш новая ў параўнанні з назвамі на стуж‑ і сцяг‑, аднак больш старая за назвы тыпу на́даўбень, на́дубень і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

хо́лад, ‑у, М ‑дзе; мн. халады, ‑оў; м.

1. толькі адз. Нізкая тэмпература навакольнага асяроддзя (паветра, вады і пад.). Назаўтра ўранку, яшчэ раса пяклася холадам, Сівы [хлопчык] ужо ехаў верхам на парсюку — зноў на балота. Падганяў Белага парэпанымі пяткамі пад бакі і зноў смяяўся. Брыль. Калі няма хмар, неба бялее і ад гарачыні і ад холаду. Карпаў. // Халоднае паветра, струмень такога паветра. Сыры вецер дзьмухнуў.. [мельніку] вострым холадам у твар. Чорны. // Месца, дзе тэмпература паветра нізкая, дзе холадна. Паставіць цеста на холад.

2. Вельмі халоднае надвор’е; мароз. Тады перада мною ўставалі, як у вялікі холад, высока паднятыя і сціснутыя плечы. Скрыган. Ноч, працятая пругкім холадам, пазірала ў падвойныя вокны Пракопавай «станцыі». Колас. // звычайна мн. (халады́, ‑оў). Працяты перыяд з нізкай тэмпературай надвор’я. Не страшны смелым ім былі Спякота, халады. Купала. Зіма дужэла патроху. То ціснулі зямлю халады і чыстай беллю — аж адбірала вочы — шырыліся палі, то мокла адліга — снег цямнеў, і, нудны, беспрасветны, церусіў дождж. Мележ. А тут яшчэ наступілі халады і .. [Алёшку] загадалі апальваць кацельную. Лынькоў.

3. толькі адз. Адчуванне дрыжыкаў (ад хваробы, страху і пад.). Лукашык успомніў начных гасцей, і холад прабег у яго па целе. Дамашэвіч.

4. перан.; толькі адз. Душэўная раўнадушнасць, стрыманасць у праяўленне пачуццяў, увагі. А потым прыехала Соня, і як бы штось зрушылася ва мне і ў самой прыродзе: холад чужой бяды адышоў — прапаў неяк лёгка і проста. Вышынскі. // Раўнадушныя, абыякавыя адносіны да каго‑, чаго‑н. Сымон Ракуцька бачыў гэты холад на маладым твары невядомага падарожнага і пачаў траціць сваю ранейшую ажыўленасць. Чорны. Мінулага холаду паміж.. [тэатрам] і гледачом не засталося і ў паміне. Сяргейчык. Ад фільма [«Сад самых салодкіх пладоў»] вее холадам, абыякавасцю. «Маладосць».

•••

Полюс холаду — раён найніжэйшых зімовых тэмператур на Зямлі.

Штучны холад — нізкая тэмпература асяроддзя, цел або рэчываў, што ствараецца шляхам адводу ад іх пэўнай колькасці цеплыні.

Кінуць у холад — пачаць трэсці, калаціць.

Сабачы холад — вельмі моцная сцюжа.

Цярпець холад і голад гл. цярпець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)