Маге́ра1 ’кікімара’ (мсцісл., З нар. сл.) з’яўляецца, відаць, кантамінацыяй з традыцыйнай назвы жаночай істоты дамавіка — ма́ра́ (гл.) і меге́ра (гл.).

Маге́ра2 ’неахайны, някемлівы чалавек’ (Янк. 2). Няясна. Магчыма, звязана з чэш. валаш. mega, megal, megaňa ’непаваротлівы, няўклюдны’, славац. mego ’тоўсты, як бочка, грубіян’, якія таксама няясныя (Махэк₂, 358). Янкоўскі (2, 101) выводзіць ад маге́рка ’лямцавая ці суконная шапка’.

Маге́ра3 ’гарэлка’ (жлоб., Мат. Гом.). Няясна. Магчыма, звязана з ням. mager ’худы, бедны, посны’ ці ад прозвішча прадпрымальніка, які гнаў гарэлку. Не выключана сувязь з магера1 (як вынік піцця — белая гарачка).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Панёва ’спадніца з некалькіх нясшытых удаўжыню полак’ (Нас.), ’суконная саматканая спадніца’ (Бяльк.), ’спадніца з саматканай тканіны ў клетку’ (ДАБМ, 934), ’суцэльная сукня без рукавоў’ (Інстр. I), ’жаночы цёплы пінжак’ (Сцяшк. Сл.). Рус. поня́ва ’пакрывала, накідка; павязка на галаву, хустка’, зах. і паўдн. поня́ва, понёва ’саматканая спадніца’, укр. поня́ва ’від спадніцы’, ст.-рус. понѧва, понева ’кавалак тканіны; пакрывала; завеса; ніжняя спадніца’, ст.-слав. понꙗва, серб.-харв. по́њава ’падсцілка, грубая коўдра’, славен. ponjȃva ’палатно, прасціна, коўдра’. Слова праславянскага паходжання; яно было распаўсюджана ў Паноніі, на што ўказвае яго наяўнасць у вянгерскай і румынскай мовах (Скок, 2, 8). Як мяркуюць даследчыкі (Остэн–Сакэн, SF, 33, 238; Фасмер, 3, 326), звязана з апона, пяць2 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Біць. Рус. бить, укр. би́ти, ст.-рус., ст.-слав. бити, польск. bić, чэш. bíti, балг. би́я, серб.-харв. би̏ти і г. д. Прасл. biti bii̯ǫ. Корань дыфтангічны *bhei̯‑. Параўн. грэч. φιτρός ’ствол дрэва, кол, калода’, ст.-в.-ням. bīhal ’сякера’ (ням. Beil), ірл. benim (*bnināmi) рэжу, б’ю і г. д.’ Бернекер, 117; Траўтман, 33; Фасмер, 1, 169; Слаўскі, 1, 31. Махэк₂ (54–55) рэканструюе biti bьjǫ. Ад слав. biti ўтворана шмат розных вытворных: bi‑dlo (параўн. бел. бі́ла ’спінка ложка; язык у звоне і г. д.’, бі́ліцы ’набіліцы’), bi‑čь ’біч’, bi‑tva ’бітва’; асабліва многа форм ад *bi‑t‑ (біта́; бітка ’падбітае яйцо; снапы, раскладзеныя на таку для малацьбы; ахапак сухога лёну; вялікая суконная хустка’ < ’бітая хустка’; біту́к ’коўдра, палавік’; біту́н ’задзірысты чалавек’ і г. д.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сая́н ’шарсцяная даматканая спадніца’ (Касп.), ’шарсцяная спадніца з каснікамі, андарак’ (Бяльк., Малч., Сл. ПЗБ), ’шарсцяная спадніца з купленай тканіны’ (Малч.), ’верхняя світка з чырвонага сукна, лепшая адзежа’ (Мядзв.), ’зімовая шарсцяная спадніца’ (Тарн.), ’спадніца, сарафан’ (Пал., ДАБМ, камент., 933; віц., магіл., Шн. 1), ’спадніца з ільняной тканіны’ (Нік., Оч.), ’тонкае сукно’ (Гарэц.), ’паўсукно’ (Сл. ПЗБ), ’палатно з воўны’ (Інстр. 1), сая́н, сая́ксуконная спадніца’ (Мат. Гом.). Рус. цвяр., смал. сая́н ’сарафан з даматканай фарбаванай тканіны, расхінны сарафан’, курск. ’высокая спадніца з падцяжкамі’. Запазычана праз польск. sajan ’плашч’ (ст.-польск. sajan ’кароткі салдацкі кафтан’) з італ. saione, ’грубая шарсцяная фуфайка’ < saio ’простая фуфайка, салдацкая куртка’ < лац. sagum ’салдацкі плашч’, кельцкага паходжання (Мацэнаўэр, 302, Брукнер, 479; Фасмер, 3, 567). Ст.-бел. саянъ, соянъ (XVI ст.) са ст.-польск., гл. Булыка, Лекс. запазыч., 109. Літ. sajõnas, sejõnas, sijõnas ’спадніца, летняя жаночая вопратка’ паходзяць з усходнеславянскіх моў, гл. Скарджус, Slav., 195.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Суке́нка ’верхняе жаночае адзенне’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Варл., Сцяшк., Касп., Шымк. Собр., Сл. ПЗБ, Сцяц. Сл., Бяльк.), су́кня ’сукенка’ (ТСБМ, Касп. Сержп., Мат. Гом.), ’адзенне з фабрычнага сукна (асабліва мужчынскае)’ (Нас., Байк. і Некр.), ’выхадная, святочная сукенка’, ’шлюбная сукенка’ (Сл. ПЗБ), ’суконная спадніца для дарослых’, ’сукенка для малых’ (ТС), ’сукенка, часцей з шарсцяной тканіны’ (Скарбы, Сцяц.; навагр., Нар. сл.); ст.-бел. су́кня ’вопратка; верхняе мужчынскае адзенне; верхняе жаночае адзенне’ (Ст.-бел. лексікон), лічыцца запазычаным са ст.-польск. suknia (Булыка, Лекс. запазыч., 110); сукенка, відаць, больш позняе запазычанне, гл. Цвяткоў, Запіскі, 2, 71, параўн. народнае польскае sukienka ’зімовае жаночае суконнае паліто, унізе расклёшанае, з футраным каўнерам, падшытае аўчынай’ (T. Karwicka. Ubiory ludowe w Polsce. Wrocław, 1995, 151). Польск. *suknia < прасл. *sukъńa ’верхняе жаночае або мужчынскае адзенне, зробленае з сукна’ < прасл. *sukъno ’сукно’ з суф. *‑ja; гл. Борысь, 586. Аналагічна і чэш. sukně, славац. sukňa, в.-луж. suknja ’жаночая спадніца’, н.-луж. suknja ’мужчынскі халат’, славен. suknja ’паліто’, серб.-харв. су̏кна ’жаночая спадніца, адзенне’, балг. дыял. су́кня, су́кно ’доўгае жаночае шарсцяное адзенне’, што ставіць пад сумненне запазычанасць зыходнага сукня.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)