Руса́лка 1 ’міфалагічны вобраз усходнеславянскіх народаў у выглядзе жанчыны з доўгімі распушчанымі валасамі, якая жыве ў вадзе або жыце’ (ТСБМ), ’жанчына, што ходзіць з непрыбранымі валасамі’, руса́ўка ’тс’ (ТС). Укр. руса́лка (і ма́вка), рус. руса́лка, польск. rusałka, чэш., славац. rusalka, славен. rusalka (і vila), серб.-харв. ру́са̄лка (і вила), балг. руса́лка (і ви́ла, самоди́ва). Этымалогія цьмяная ў сувязі з налажэннем розных паняццяў і семантычнымі зменамі. Першаснай формай трэба прызнаць руса́ўка і значэнне ’жанчына, што ходзіць з непрыбранымі валасамі’, якія суадносяцца з ру́савы дзед (гл.). Форма руса́лка другасная, узнікла пры дапамозе субстантывуючага суфікса ‑ка ад руса́льны (дзень, тыдзень), параўн.: Русалка — дэнь такый (драг., Талстая, Полес., 214), прыметніка, утворанага ад русаллі (гл.). У далейшым назва міфалагізавалася і была перанесена на паганскія персанажы, што сімвалізавалі ахоўную функцыю (Той русаўкой пужалі дзецей, шчоб не ходзілі по жыці, ТС, 4, 336). Гл. Цыхун, БЛ, 57, 120.

Руса́лка 2 ’страказа’ (гом., Арх. ГУ), параўн. балг. руса́лка ’матылёк падзёнка, Ephemera vulgata’. Перанос назвы русалка 1 на насякомых, звязаных з вадой, па знешняму выгляду (“бухматасць”) і перыяду з’яўлення, блізкім да свята Тройцы. Мяркуецца, што яны сімвалізавалі душы памерлых продкаў, гл. Пічхадзэ, Новое в рус. этим., 201.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стрыга (striha) ‘страшыдла, ведзьма; чараўніца’ (Кольб., Доўн.-Зап. 2), ‘персанаж у гульні’, стры́га‑мары́га ‘тс’ (КСТ). Відаць, сюды ж дзіцячая дражнілка стры́га ‘коратка пастрыжаны хлопец або дзяўчына’ (ТС), стры́жка ‘тс’ (Бяльк.), стры́жачка ‘кароткавалосая дзяўчына ’ (Ян.), а таксама стры́жка, стры́шка ‘страказа’ (навагр., Нар. сл.); дзяцей палохаюць стрышкай, кажуць: “Хавайся, а то стрышка апстрыжэ” (Жд. 1). Параўн. укр. стри́ганец, стрижо́к ‘саранча, Locusta L.’, польск. strzyga ‘міфічны персанаж; чараўніца’, ‘здань у абліччы жанчыны’, strzygoń ‘вупыр’, чэш., славац. stríga ‘чараўніца, ведзьма’, ‘начны матыль’, серб.-харв. штри̏га ‘ведзьма’, ‘начны матыль’ (HJ, н. с., 4, 9–10), ‘груба абстрыжаны ножніцамі’, харв. дыял. striga, štrȉga ‘сараканожка’, славен. striga ‘тс’. Лічыцца запазычаннем з с.-лац. strìga ‘ведзьма’, што паходзіць з лац. strix, strigis ‘сава’, таму што чараўніца паказвалася ў абліччы савы і высмоктвала дзіцячую кроў (Брукнер, 523). Борысь (584) мяркуе, што крыніцай запазычання магла быць і адпаведная раманская форма, напрыклад, венец. striga. Паводле Махэка₂ (582), слова трапіла да славян з румынскай з валахамі-пастухамі. Несумненны ўплыў дзеяслова *strigti (гл. стрыгчы), а таксама ўяўленняў пра насякомых як пераўвасабленняў злых істот, параўн. Важны, O jménech, 89; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 346; Гура, Слав. др., 3, 370–371. Магчыма, звязана з дзеясловамі з коранем *strig‑, што абазначаюць хуткія і рэзкія рухі, гл. стрыгуць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

паві́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. павіс, ‑ла і павіснуў, ‑нула; зак.

1. Зачапіўшыся за што‑н., застацца вісець, утрымлівацца на чым‑н. Павіс снег на галінах. Павіслі слёзы на вейках. □ Ад сасны адламалася вялікая галіна і павісла над галовамі. Шамякін. Нарэшце.. [чалавек] ухапіўся рукамі за апошні сук, павіснуў на момант і тады ўжо скокнуў на зямлю. Чыгрынаў. // Абаперціся на каго‑н. усім цяжарам. Лёдзя шчыльней прыхінулася да брата і амаль павісла ў яго на руцэ. Карпаў.

2. Абвіснуць; апусціцца. Павіслі галіны да зямлі. □ Міхась пабялеў.. Чуб яго смешна павіс на правае вуха. Чарнышэвіч. Капітан глядзеў на профіль Колі, у якога над невялікім носам павіс казырок кепкі. Пестрак.

3. Стварыць уражанне чаго‑н. завіслага або нерухомага ў паветры. Павіслі туманы. □ Сіняя страказа, што сядзела на гарлачыку, успырхнула, павісла над вадой. Хомчанка. / Пра нябесныя свяцілы. Над далёкім борам павісла вялікае чырвонае сонца. Грахоўскі. Залатымі яблыкамі павіслі над галавою зоры. Нікановіч. / Пра гукі, пахі. Над вёскай павісла цішыня, толькі на далёкім жытнім палетку перагукваліся перапёлкі. Чарнышэвіч. // перан. Пра якія‑н. пачуцці, прадчуванні. Ужо два тыдні як над сялом павіс нейкі страх і трывога. Колас.

4. Выступіць, навіснуць над чым‑н. Скала павісла над морам. // Нахіліўшыся над чым‑н., звесіцца. Якуб Сегень павіс тварам цераз трыбунныя балясы над натоўпам, каб прывітаць усіх ад імя калгаснікаў. Чорны. // Вісець, будучы прычэпленым, прымацаваным да чаго‑н. Нерухома павіслі пустыя каўшы. Карпаў. Адзін самалёт цягнуў на правым крыле доўгую чорную пасму дыму. Неўзабаве з яго выкінуліся і павіслі на парашутах чорныя кропкі. Паўлаў.

•••

Павіснуць у паветры — застацца нявырашаным.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стрэ́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

1. Вузкая і тонкая пласцінка з завостраным канцом, якая паварочваецца на восі і паказвае час, напрамак і пад. у розных вымяральных прыборах. Гадзіннікавая стрэлка. Стрэлкі компаса. □ Стрэлка манометра пасоўвалаа ўправа, набліжаючыся да чырвонай рыскі. Васілёнак. Стрэлкі прыбораў іскрыліся, паказвалі зададзеную вышыню, а хуткасць перайшла лічбу, якую назваў капітан. Алешка.

2. Знак для ўказання напрамку ў выглядзе лініі, ад канца якой пад вострым вуглом адходзяць дзве кароценькія рыскі. Стрэлкі руху ветру. □ На ўсё былі таблічкі, адмысловыя стрэлкі з надпісамі: да кіпятку трыццаць... дваццаць... дзесяць метраў. Лынькоў. // Узор, рысунак такой формы. Панчохі са стрэлкамі. / Пра бровы, вусы і пад. Стрэлкі густых, прыгожых брывоў [жанчыны] ўзлятаюць угору. Навуменка.

3. Прыстасаванне на рэйкавых пуцях для пераводу рухомага саставу з аднаго пуці на другі. Цягнік выкіраваўся за стрэлкі і пачаў набіраць хуткасць. С. Александровіч. Міколка прыслухоўваўся, як прабягаў з шумам і грукатам.. пастукваючы на стрэлках, цягнік. Лынькоў.

4. Вузкі і доўгі выступ сушы; пясчаная каса. Дзве доўгія стрэлкі прычалаў уразаліся далёка ў заліў. Шамякін.

5. Бязлістае тонкае сцябло расліны з суквеццем наверсе. Бульба прарастала з-пад падрубы пограба, гнала на двор бледна-ружовыя кволыя стрэлкі. М. Стральцоў. Калі з’явіцца кветкавая стрэлка, зямлю багата наліваюць. «Беларусь». // Вузкі, доўгі парастак, ліст расліны. Стрэлкі цыбулі.

6. толькі мн. (стрэ́лкі, ‑лак). Травяністая расліна сямейства крыжакветных з маленькімі белымі кветачкамі і стручкамі ў форме сумачкі.

7. Абл. Страказа. У паветры купаліся блакітныя са слюдзянымі крыльцамі стрэлкі. Сачанка.

•••

Магнітная стрэлка — тонкі магніт у выглядзе выцягнутага ромба, які рухаецца вакол вертыкальнай восі компаса і заўсёды павернуты адным канцом на поўнач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Страла́ 1 ‘тонкі прут для стральбы з лука’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Бяльк., Янк. 2), ‘журавель, доўгае бервяно ў калодзежы’ (Некр., Жд. 2, Янк. 2), ‘саха ў студні з жураўлём’ (ДАБМ, камент., 808), ‘пярун, маланка’ (ТС), ‘крэмневы завостраны цыліндрык’ (ТС, Маш.), ‘белемніт’, ‘выкапнёвая каменная сякерка’ (Машынскі, Atlas): перуно́вая стрэла́ ‘тс’ (Пятк. 2), ‘стрэлка ў гадзінніку’ (Сцяшк.), ‘бязлістае тонкае сцябло расліны з суквеццем наверсе’ (ТСБМ), памянш. стрэ́лка (гл.). Параўн. укр. стріла́, рус. стрела́, стараж.-рус. стрѣла, польск. strzała, в.-луж. třěła ‘снарад’, н.-луж. stśěła ‘прамень’, чэш. střela ‘страла, маланка’, славац. strela ‘снарад’, серб.-харв. стријѐла, славен. stréla, балг. стрела́ ‘страла, маланка’, макед. стрела ‘страла’, ст.-слав. стрѣла ‘страла’, дыял. (салун.) strʼälá ‘гром’. Прасл. *strěla, дэрыват ад незасведчанага і.-е. дзеяслова (Шустар-Шэўц, 1368). Борысь (583) следам за Покарным (1028) мяркуе, што слова з’яўляецца вытворным ад і.-е. кораня *ster‑, які ў распасцерці (гл.). Роднасныя лат. stręlā ‘страла, кідальны снарад, паласа, струмень’, літ. strėlà ‘страла’, ст.-в.-ням. strâl(a) ‘страла, маланка’, ням. Strahl ‘прамень’, на падставе якіх Борысь (там жа) узнаўляе слав.-балта-герм. праформу *strē‑lā. Махэк₂ (586) лічыць усе гэтыя словы запазычаннем з “праеўрапейскага субстрата”. Гл. таксама Глухак, 589; Бязлай, 3, 326.

Страла́ 2 ‘страказа’ (лудз., Сл. ПЗБ), стрэ́лка ‘тс’ (Некр. і Байк., Касп.; в.-дзв., смарг., паст., рас., даўг., Сл. ПЗБ). Да страла 1, стрэлка 2 (гл.). Назва па доўгім, выцягнутым брушку. Параўн. рус. дыял. стре́лка ‘тс’.

Страла́ 3 ‘карагод’ (Нар. Гом.). Ад назвы абрада “ваджэнне і пахаванне стралы”, відаць, да страла 1 (гл.). Аб семантыцы абрада гл. Барташэвіч, Бел. фальк., 2, 563–565.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ха́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і без дап.

Разм. Браць, прысвойваць што‑н. незаконна; красці.

хапа́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; незак., каго-што.

1. Рэзкім парывістым рухам рукі (рук) браць, захопліваць каго‑, што‑н. Хлопцы-падлеткі прыбеглі. Паглядзелі на свежы вал, весела стала ім. Хапаюць рыдлёўкі, у роў лезуць, капаюць, стараюцца. Колас. Пяціпудовыя мяхі.. [мужчына] хапаў так лёгка, нібы гэта былі не мяхі, а падушкі. Чарнышэвіч. Антон Пракопавіч хапае шапку, ускідвае на плечы ватоўку і ..бяжыць у кантору. Карамазаў. // Захопліваць, лавіць ротам, зубамі. Страказа палюе: на ляту хапае дробную машкару і глытае. Бяспалы. Цяпер, разглядаючы сваю здабычу, я пачынаю разумець у чым справа: ляшча хапала больш буйная рыбіна, але праглынуць не здолела. Лупсякоў. // Прагна або з цяжкасцю глытаць, удыхаць (паветра). [Васіль] хапаў паветра на поўныя грудзі, і тады было трохі лягчэй... Гаўрылкін. // Затрымліваць каго‑н., парывістым рухам схапіўшы за што‑н. Гандляры запрашаюць пакупнікоў, хапаюць прахожых за рукі, за адзенне. В. Вольскі. — А вось паедзем у сельсавет, там пагаворым, — кажу я і хапаю за ланцуг Сенькаву лодку. Краўчанка. // перан. (звычайна са словамі «за сэрца», «за душу»). Выклікаць пачуццё смутку, болю. радасці і пад.; глыбока хваляваць. Акалічны народ гуслі знаў гусляра: Песня-думка за сэрца хапала. Купала. [Кот] люта екатаў і жаласна, ажно хапала за душу, мяўкаў... Чыгрынаў. // перан. Шчыпаць, выклікаць адчуванне холаду. Хутчэй бы ўжо зіма, марозік! Такі, не вельмі сярдзіты, проста, каб крышачку хапаў за вушы, нос, шчокі, калі раніцою ідзеш на працу. Каршукоў. / у вобразным ужыв. Мне ветла мігаюць агнямі будынкі, А вецер асенні хапае ў абдымкі. Панчанка.

2. Разм. Лавіць, браць сілай, пазбаўляць волі каго‑н. [Маладых людзей] хапалі і пасылалі на работу ў Германію або проста на фронт — капаць акопы. Якімовіч.

3. перан. Разм. Прагна, хутка ўспрымаць, засвойваць, лавіць (органамі пачуццяў, розумам і пад.). І не прыкмеціў Адам, як захапіўся ён прамовамі, як разам з усімі схіліўся ў бок рупара і прагна хапаў кожнае слова. Шынклер. Калгасныя курсанты, відаць, яшчэ сядзелі ў клубе над канспектамі, хапалі там тое, што не паспелі схапіць за дні вучобы. Шашкоў.

4. З прагнасцю купляць усё без разбору. [Мужчыны] хапалі ўсё, што траплялася пад рукі: духі, сумачкі, туфлі, сурвэткі, хустачкі, чамаданчыкі, парасоны. Шыцік.

5. Незак. да хапіць (у 9, 10 знач.).

•••

Гэтага яшчэ не хапала! — вокліч, якім выказваецца абурэнне, незадаволенасць з якой‑н. прычыны.

Зорак з неба не хапае — пра чалавека з пасрэднымі здольнасцямі.

Зоркі з неба хапаць — вылучацца розумам, здольнасцямі.

Клёпкі ў галаве не хапае (не стае) — пра дурнаватага, з дзівацтвамі чалавека.

Наколькі вока хапае — наколькі можна бачыць.

Не хапае пораху — мала, недастаткова сіл, энергіі для ажыццяўлення чаго‑н.

Ног не хапае — ад стомы няма магчымасці рухацца, ісці.

Слоў не хапае (не стае) — пра цяжкасць у падборы слоў для перадачы якога‑н. моцнага пачуцця.

(Толькі) птушынага малака не хапае — пра поўны дастатак.

Хапаць за горла (за глотку, жабры) — тое, што і браць за горла (за глотку, жабры) (гл. браць).

Хапаць на ляту — тое, што і лавіць на ляту (гл. лавіць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)