чалаве́к, ‑а; мн. людзі, ‑ей і ў спалучэнні з колькаснымі словамі чалавекі, чалавек, чалавекам, чалавекамі, аб чалавеках; м.

1. Грамадская істота, якая мае высокаарганізаваны мозг, валодае мысленнем, маўленнем, здольнасцю вырабляць прылады працы і мэтанакіравана выкарыстоўваць іх для ўздзеяння на навакольны свет. За апошнія гады багаты палескі край асабліва шпарка ўдасканальваўся савецкім чалавекам. Чорны. — Кожнаму чалавеку даецца права абрабляць зямлю сваімі рукамі, — заўважыў Іваніцкі. Мурашка. Чалавек на зямлі будзе жыць без замкоў, Бо замкі — сваякі збітых рабскіх акоў! Гілевіч. // чаго або які. Асоба як увасабленне пэўных духоўных або фізічных якасцей, уласцівасцей, службовых характарыстык і пад. Добры чалавек. Хворы чалавек. Стары чалавек. Чалавек справы. □ [Конан:] — Замыкаю [лодку] ад ліхога чалавека. Лобан. // Ужываецца ў значэнні займенніка: «ён», «нехта», «той». — Ціха, ціха! — замахаў Аніс шапкай. — Дайце чалавеку сказаць. Дуброўскі. [Карнейчык:] Тут чалавек жаніцца нарыхтаваўся, а вы перад ім сямейныя сцэны разыгрываеце. Крапіва. // Ужываецца ў спалучэнні з лічэбнікам або прыслоўем для ўказання на колькасць асоб. Паднялі дзесяць чалавек, і Арсень не прамінуў забраць большасць іх у свой узвод, паколькі меў права выбару. Хадкевіч.

2. Разм. Муж; мужчына. Жанчына ведала нораў свайго чалавека: калі яму што ўбілася.. ў галаву, дык лепш не чапай, бо бяды не абярэшся. Сабаленка.

3. Асоба як выражэнне высокіх маральных і інтэлектуальных рыс, духоўных якасцей. — Будзь старанным, сынку, — Станеш чалавекам, Будзеш ты чытаць нам, Цёмнікам, няўмекам. Колас. [Дзядзька Пракоп:] — Ну, як тут мой студэнт? — Нішто сабе, — адказвала настаўніца. — З яго будзе чалавек. Сабаленка.

4. Разм. Слуга ў тракціры, рэстаране. Успамінаецца Ваську не жыццё, а нейкае непаразуменне, быў падкухарам, быў і чалавекам у тракціры, потым неяк здарылася — захляснула Ваську жыццё цёмнай хваляй. Лынькоў.

•••

Неандэртальскі чалавек — тое, што і неандэрталец.

Боскі (божы) чалавек (уст.) — старац.

Добры чалавек — ласкавы зварот да незнаёмага. — Братцы! Адкуль вы? — З-пад Бягомля, добры чалавек! — адказаў дзядзька Мікалай. Ставер.

Малады чалавек — зварот да маладога мужчыны або мужчыны маладзейшага ўзросту. — Вам, малады чалавек, варта было адпачыць, — павярнуўся .. [Няслаўскі] да Ігнася. Мурашка.

Наш чалавек — хто‑н. блізкі, свой.

Свой чалавек — роўны каму‑н. па становішчу, аднаго светапогляду; аднадумец, той, якому можна даверыцца.

У рост чалавека гл. рост.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

страх, ‑у, м.

1. Пачуццё і стан вельмі моцнага спалоху; боязь. Калаціцца ад страху. Умлець ад страху. □ Грыша раптам прыгадаў бацькоў і здрыгануўся: яго апанаваў страх. Пальчэўскі. Карн ніколі не ведаў пачуцця страху, ніколі не думаў аб смерці. Шамякін. А дужасцю славіцца той, Хто можа любою парой — Хоць радасць, хоць гора ці страх — Трымаць сябе моцна ў руках! Непачаловіч. Алень, адчуўшы на сабе драпежніка, ад болю і страху памчаў, як шалёны. В. Вольскі. // Выражэнне, праяўленне трывогі, неспакою, боязі. І з кожным пытаннем голас у Васіля змяняўся: то ў ім гучэў малады задор, то чуўся страх утраты любай дзяўчыны. Колас. У .. вачах [жанчыны] быў страх. Мележ. // звычайна мн. (стра́хі, ‑аў). Разм. Тое, што страшыць, выклікае трывогу. Юстын плакаў. Ніколі ён яшчэ не бачыў столькі страху. Няхай. Аб .. [Радзівіле] старац шмат страху казаў, Ажно з жалю сціскаліся грудзі, Як ён вёскі паліў, мужыкоў забіваў, Як бязвінную кроў лілі людзі. Чарот. / у вобразным ужыв. [Бабка Ягася:] — Ціха, дзіцятка, спі, Лізанька, я страхі прэч прагнала, яны больш не вернуцца. Арабей. У страха вочы лупатыя і лыжка здаецца лапатаю. Грахоўскі.

2. у знач. вык. Разм. Страшна, жах. [Маці:] — Юрку Пакамісяваму хоць бы што, а Шуру ноччу так разварыла — проста страх. Ставер.

3. у знач. прысл. Разм. Вельмі, надзвычайна. А колькі зелені там летам! Як у вяночку, стаіць хата. Грыбоў і ягад — страх багата!.. Там выгад болей, чалавеча!.. Колас. [Дзед Нічыпар:] — Наадварот, гэта я вам дзякаваць павінен: страх не люблю адзін па дарогах ездзіць. Васілёнак. // (у спалучэнні са словам «колькі»: страх колькі). Вельмі многа, вельмі моцна. Цераз верх плота па снягу лазілі зайцы. Шмат — страх колькі — папсавалі прышчэпаў. Баранавых.

•••

Набрацца страху — нейкі час быць у стане моцнага спалоху.

Нагнаць страху на каго гл. нагнаць (у 6 знач.).

На свой страх — тое, што і на сваю рызыку (гл. рызыка).

Не вялік (і) страх — не мае значэння, няважна.

Не за страх — свядома, па сваёй волі; вельмі старанна, добрасумленна (рабіць што‑н.). Мы не за страх — за сваё рабілі. Куляшоў.

Пад страхам чаго — пад пагрозай.

Страх бярэ (браў, узяў) — а) становіцца (станавілася, стала) страшна. Не было начной рашучасці, і млявасць была ў нагах, у руках. Аж брыдка, браў страх... Мележ; б) становіцца (станавілася, стала) неспакойна, дзіўна. [Фрэйда:] — Вучыцца ён добра, і ў яго такі сталы розум, што мяне аж страх бярэ. Бядуля.

Трымаць у страху (пад страхам) каго — поўнасцю падначаліць сабе, падпарадкаваць пагрозамі каго‑н.

Увагнаць у страх каго — тое, што і нагнаць страху (гл. нагнаць у 6 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наве́сці, ‑вяду, ‑вядзеш, ‑вядзе; ‑вядзём, ‑ведзяце; пр. навёў, ‑вяла, ‑ло; заг. навядзі; зак.

1. каго. Прывесці ў вялікай колькасці. Навесці дзяцей поўную хату.

2. каго-што на каго-што. Ведучы, прывесці, вывесці куды‑н. Часам і сляпы на дарогу навядзе. З нар. // Ведучы, прымусіць наткнуцца, натрапіць на што‑н. Навесці на працягнуты дрот.

3. перан.; каго на што. Накіраваць (на думку, сумненне, размову і пад.); садзейнічаць з’яўленню (думкі, сумнення і пад.). Максім думаў, як бы зручней навесці .. [Вайцяхоўскага] на размову аб партызанах. Машара. Вялікая любоў да літаратур братніх народаў навяла.. [Купалу] на думку аб перакладах. Палітыка.

4. перан.; што на каго-што. У спалучэнні з назоўнікамі «жах», «сум», «смутак» і пад.: выклікаць, унушыць. Нерухлівая постаць ляжаўшага чалавека навяла на.. [дзеда Талаша і Нупрэя] страх. Колас. Адным сваім выглядам.. [Адам] мог навесці жах па чалавека. Чорны. Усё маўчыць, бы сон зацяты Навялі тут ведзьмары. Колас.

5. што на каго-што, у каго-што. Накіраваць што‑н. у бок каго‑, чаго‑н. Навесці бінокль. □ Міша ўзяў ліхтарык і навёў яго на другі бераг... Няхай. // Нацэліць, зрабіць наводку (у 2 знач.). Даўгавус маўчаў. Тады наведвальнік выхапіў з кішэні рэвальвер і навёў яго на гаспадара. Лупсякоў. Называйце гадаў паімённа, Што ў дзяцей гарматы навялі. Панчанка.

6. перан.; каго на каго-што і без дап. Данесці, даказаць на каго‑н. Азлоблены рэўнасцю,.. [Іван] прасачыў Грышку з Прахорам, калі яны спалі, схаваныя ў Сымонавым гумне, і навёў паліцыю. У. Калеснік. «Засада... — трывожна падумаў Лявон. — Відаць, нехта навёў...» Дайліда.

7. што. Пабудаваць (пра мост, пераправу). Сапёры навялі тады пантонную пераправу. Гэта такі часовы мост, які трымаецца на паплаўках. Юрэвіч. / у перан. ужыв. Прыйшла зіма. Мароз навёў масты без малатка, цвікоў і без сякеры. Дубоўка.

8. перан.; што. Прывесці што‑н. да пэўнага стану, надаць адпаведны выгляд. І спяшае кожны бляск навесці Перад тым, як стаць у строй. Пысін. Дзень у мяне быў у запасе, і я вырашыў навесці парадак у сваім жыллі. Ракітны.

9. што. Зрабіць інструмент прыгодным для карыстання. Навесці брытву. // Паставіць стрэлкі гадзіннікавага механізма на пэўны час. [Несцяровіч] павесіў трубку, навёў будзільнік на сем гадзін раніцы і кінуўся ў пасцель. Чорны. // Надаць музычнаму інструменту патрэбны лад. Старац-лірнік на прызбе сядзеў Пад акном мужыка беларуса, Навёў струны і песню запеў Пра мінулыя часы прымусу. Чарот.

10. каго. Разм. Нарадзіць, напладзіць у нейкай колькасці.

•••

Навесці крытыку — пакрытыкаваць каго‑, што‑н.

Навесці лад — тое, што і навесці (у 8 знач.).

Навесці на дарогу — тое, што і наставіць на дарогу (гл. наставіць).

Навесці на розум — тое, што і наставіць на розум (гл. наставіць).

Навесці (свае) парадкі — зрабіць усё па-новаму, па-свойму, перарабіць старое.

Навесці цень на ясны дзень — наўмысна ўнесці няяснасць у якую‑н. справу, заблытаць каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Калі́ка1старац, пераважна сляпы, які жабруе, спяваючы духоўныя вершы’ (БРС, ТСБМ). Выглядае як кніжнае слова, відаць, з рус. калика ’тс’. У рус. мове слова пэўнай этымалогіі не мае, хоць неаднаразова разглядалася. Многія аўтары лічаць этымалагічна роднасным калека (гл.), паводле іншых — слова суадносіцца з калига ’назва абутку’ (так, яшчэ ў Даля, 2, 190). Назва абутку узводзіцца да с.-грэч. καλίκια (аб этымалогіі гл. Фасмер, 2, 167). Фасмер (там жа) мяркуе аб магчымасці аднясення слова да ўсходняй лексікі і параўноўвае з адзначаным у шэрагу цюрк. моў kalyk ’народ, людзі’ (слова арабскага паходжання). Адносна гэтай версіі Севарцян (Лексикографический сборник. V, M., 1962, 28) адзначаў такую этымалогію як спрэчную, паколькі цяжка вытлумачыць і з боку семантыкі і па іншых прычынах рус. калика з цюркізаванай кыпчакскай формы арабск. xalq ’народ’. Вахрас (Наим. об., 98–99) звяртае ўвагу на тое, што ў ст.-рус. мове была вядома форма калиги ў значэнні ’багамольцы’ (звычайна калига, калиги ’від абутку’). Там жа ён прымае думку Фасмера аб запазычанні слова калика з цюрк. моў. Пры гэтым Вахрасам прыводзіцца матэрыял, які даказвае, што багамольцы звычайна вандравалі дружынамі, і па гэтай прычыне цюрк. слова са значэннем ’народ’, асабліва з пейаратыўным сэнсам ’зброд, шайка’ цалкам магло быць ужыта для наймення гэтай дружыны. З шэрагу цюрк. прыкладаў, прыведзеных Вахрасам (там жа, 100), звяртае на сябе ўвагу тат. (В) форма kali̊k ’народ’, кірг., казах. і інш. qalyq ’тс’. Наколькі такая версія дастаткова надзейна абгрунтавана лінгвагеаграфічна, вырашыць цяжка. Слаўскі (2, 27) сумняваецца ў мэтазгоднасці раздзялення форм калека і калика, аднак паводле значэння і фармальна гэтыя лексемы яўна розныя. Аб магчымых працэсах (пазнейшага) іх збліжэння пісаў Даль; гістарычна, аднак, яны разыходзяцца. Спроба этымалагізаваць слова на славянскай глебе не ўяўляецца перспектыўнай. Праўда, звяртае на сябе ўвагу рус. саран., пенз. калить ’жабраваць’, валаг. ’моўчкі прасіць міласціну’, аднак слова гэта няяснае, адзначана ў мове «калунов» — прафесійных жабракоў (у Пензенскай губ.) і, магчыма, з’яўляецца аргатычнай пераробкай больш шырока вядомага ў рус. гаворках каличить ’прасіць міласціну’ і да т. п. (< калика). Ёсць і пенз. калила ’жабрак’, цвяр. каліман ’манюка’.

Калі́ка2 ’бручка, расліна Brassica napus’ (Жд. 2; рас. Шатал.). Паводле матэрыялаў Смулковай, Лекс. балтызмы, 41, слова вядома на паўночным усходзе ад Полацка і літоўска-латвійскім паграніччы. Сл. паўн.-зах. гэтай лексемы не адзначае. У формах калега, калига, каля, каляга, колега ў розных рус. гаворках, а ў форме калика. паводле Бурнапюва: «В Санкт–Петербургской и… в ближайших к остзейским губерниям местах» (СРНГ, 12, 354–355), а таксама ленінгр., наўг., пск., калін., смал. і да т. п., як каликка пецярб. Геаграфія слова як быццам пацвярджае даўняе меркаванне, што яно з’яўляецца запазычаннем. Смулкова (там жа) указвае на крыніцу запазычання з некаторых гаворак паўн.-усх. Літвы kalis ■’бручка’, якое з літ. koli̯js, kolis, kolinys ’тс’. Відавочна, што ні па фармальнаму крытэрыю, ці паводле лінгвагеаграфіі меркаванне Смулковай не з’яўляецца бездакорным. Розныя фанетычныя варыянты сведчаць на карысць запазычання ўскладненай структуры (і па гэтай прычыне нельга бачыць у бел. лексеме дэрыват ад літ. слова), а рус. форма каликка сведчыць аб уплыве фін. моў. Разам з тым названы ў Фасмера ў якасці магчымых крыніц запазычання эст. kaalik ’бручка’ фін. kaali ’капуста’ могуць быць прыняты галоўным чынам як сведчанне таго, што слова сапраўды было запазычана з фін. моў, што, між іншым, даказваецца і наяўнасцю яго ў лат. арэале. Шэраг сінонімаў (бел. немка, рус. репа∼саксонка) указвае на зыходную ням. крыніцу (Kohl ’капуста’), якую меркавалі і для фін. лексем (гл. Фасмер, 2, 167), аднак паводле фармальнага крытэрыю мэтазгодным уяўляецца бачыць у рус. і бел. прыкладах культурнае запазычанне, якое рознымі шляхамі трапіла ў балт., фін. і слав. мовы. У такім выпадку правільным здаецца аддзяленне балт. лексем ад слав., а бел. разглядаць як экспансію запазычання ў рус. мову.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)