Прыхаху́ліцца ’хутка і з большага прывесці сябе ў парадак’ (Янк. 3.), прыхухо́ліцца ’прыхарашыцца, прыбрацца, прыадзецца’ (Нар. Гом.). Рус. смал. прихаху́литься ’прыадзецца неакуратна, абы-як, спехам’, укр. прихаху́литися ’прыадзецца, прыбрацца’, прихаху́лити ’прыбраць, прыадзець, выстраіць’; ’прыбраць, упрыгожыць, навесці парадак, чысціню’. Таксама як ў рус. хохо́ниться ’прыбірацца’, хохо́нить ’прыбіраць’, хохо́ня ’франт’, для якіх Фасмер (4, 272) дапускае гукапераймальнае паходжанне. Прыставачнае ўтварэнне, у аснове якога рэдуплікацыя выклічніка ха (гл.). Сюды ж, відаць, з далейшым развіццём семантыкі прыхаху́ліць ’забіць’ (пух., Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прымча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

1. каго-што. Разм. Прынесці, прывезці, даставіць каго‑, што‑н. вельмі хутка. Уладзік мігам прымчаў вядро вады. С. Александровіч. Калі партызаны, спехам зрабіўшы перавязку, прымчалі свайго цяжка параненага камандзіра ў вёску Свяціца, малады хірург .. на момант нават разгубіўся. Паслядовіч.

2. Разм. Тое, што і прымчацца. [Гарошка:] — Селі мы з ім у каламажку і праз якіх хвілін сорак прымчалі ў «Чырвоную Бярозаўку»... Краўчанка. Цягнік прымчаў з цяжкім грукатам .., увесь ахутаны ветрам і пылам. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нарва́ць 1, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; ‑рвём, ‑рвяце; зак., чаго.

1. Сарваць нейкую колькасць чаго‑н. Нарваць кветак. Нарваць яблыкаў. □ Бярозкі ўбраліся такой яркай і прывабнай зелянінай, што толькі б на букет яе нарваць. Кулакоўскі. Ля хаткі .. [Міхалка] парваў жмут высокай травы, спехам перавязаў яе абрыўкам вяровачкі, і атрымаўся ладны венік. Якімовіч.

2. Парваць нейкую колькасць чаго‑н. Нарваць паперы.

3. Нацерабіць нейкую колькасць (лёну, канопляў і пад.). Нарваць ільну.

4. і што. Разм. Нагнаць (пра вецер). Вецер парваў дажджу. □ — [Вятры] нарвуць буру, — прагаварыў Лукаш Гнецька. Гурскі.

нарва́ць 2, ‑рве; зак.

Апухнуць і нагнаіцца. Палец парваў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папе́рад,

Разм.

1. прысл. Уперад. Выехаць наперад. □ Узваліў [Мітрафан] бочку на плечы і панёс. [Эрна] пайшла паперад — паказаць, дзе паставіць. Ракітны.

2. прысл. Спачатку, раней. Паперад умыйся, а потым садзіся есці. □ Паперад пасівее, пакуль Іван яе возьме. Ермаловіч.

3. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «паперад» выражае часавыя адносіны: ужываецца для ўказання на прадмет або асобу, раней за якія кім‑, чым‑н. было ўтворана якое‑н. дзеянне. Мікіта не даў сябе ўпрошваць — адно перакуліў у рот паперад усіх сваю шклянку і, кусаючы на хаду.. хлеб, спехам падаўся да парога. Чыгрынаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́гань, ‑і, ж.

Разм. пагард. Пра тое, што выклікае агіду; нешта паганае, непрыемнае. Вера злуе на сябе і спехам мяркуе, ці яшчэ не позна выгнаць яе, гэтую кулацкую погань. Зарэцкі. — Кажуць, — дадавалі другія, — што гэта не павадыр яго быў, а паўстанец, які ішоў пана нашага забіць — шкада, што не забіў гэту погань... Чарот. Ведаеш чалавека, здаецца, як не трэба лепш, і раптам ён такім зробіцца, што ніколі не падумаў бы. Усё роўна, як у тых страшных казках, дзе злы чараўнік ператварае чалавека ў жабу ці яшчэ якую погань... Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Разм.

1. што. Запіхваючы, усунуць куды‑н.; спехам або без разбору палажыць у што‑н. Віцька хуценька сунуў.. [шашку толу] у кішэню, за пазуху ўпхнуў скрутак шнура. Кухараў.

2. каго. Штурхнуўшы, прымусіць увайсці куды‑н. Дзверы адчыніліся са скрыпам, і паліцыянт.. упхнуў у пакой маладую жанчыну. Пестрак.

3. што. Прымусіць узяць, прыняць што‑н. Ніна адмаўлялася [ад гасцінца], але цётка сілаю ўпхнула здор у торбу. Арабей.

4. каго. Паставіць, накіраваць каго‑н. на якую‑н. работу, пасаду і пад. супраць волі. Не лёс, а Васілеўскі зараз упхнуў яго [бацьку] на гарбарню немца Гальдштэйна. Гарэцкі. // Уладкаваць каго‑н. куды‑н. па пратэкцыі. Не прайшоў [сын] у інстытут, На завочны ўпхнулі. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сухапа́р (сухопа́р) ’тушаная бульба’ (ПСл), сухо́парка ’бульба, звараная ў лушпінах; чышчаная вараная бульба’ (стол., ЖНС), сухапа́рнікі ’смажаная бульба, парэзаная скрылькамі’ (брагін., З нар. сл., Ян.), сухопэ́рка ’бульба, звараная з лушпінамі’ (Сл. Брэс.), сухапа́рым ’без вады, гарачым паветрам’ (Бяльк.), сухапа́рам ’хутка’ (Сл. Брэс.), ’недарэчна’ (Мат. Маг.), сухо́паркам, сухо́парком ’сухама (усухамятку)’ (Сл. Брэс.), сухо́парком ’тс’ (кобр., Нар. лекс.), ’без рошчыны, без заквашвання’ (драг., З нар. сл.), сухопа́ры ’худы’ (Сцяшк. Сл.), сухапа́рная лазня ’гарачыня без вады’ (Варл.), сухапа́рнік ’частка паравога катла’ (ТСБМ), ’адстойнік для малака’ (Жд. 3). Укр. палес. сухопа́рам ’нечакана, хутка, спехам’, рус. сухопа́рый ’хударлявы, худы’, чэш. suchopár ’месца, выпаленае насуха’, славац. ’сухая, неўрадлівая глеба’, чэш. дыял. suchoparný ’туберкулёзны’, серб.-харв. sȕhoparan ’непрыпраўлены, без прыпраў, просты’, макед. сувопарен ’сухі, нудны’. Відавочна, да сухі і па́рыць (гл.), параўн. Варбат, Слав. языкозн., V, 116–117; прасл. *suxoparъ(jь) з развіццём семантыкі ’замяшаны, зроблены ўсухую (без вады, без прыпраў, без заквашвання)’ → ’худы (чалавек)’ → ’хуткі’, ’нудны’, гл. Варбат, Морфон., 60–61, дзе на аснове бел. сухо́паркам ’без заквашвання, без рошчыны’ другая частка гэтага слова суадносіцца з *pьrati (гл. праць) з падаўжэннем кораня менавіта ў спалучэнні, чаму няма падстаў. Параўн. яшчэ Трубачоў (Фасмер, 3, 814), які рус. сухопа́рый выводзіў ад сухо‑ і пар. Відаць, тут адбылася генералізацыя першаснага значэння ’звараны (смажаны) без прыпраў, посны, нішчымны, без вадкасці’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

насла́ць 1, нашлю, нашлеш, нашле; нашлём, нашляце; зак., каго-чаго.

1. Прыслаць у вялікай колькасці. Наслаць кніг. Наслаць людзей.

2. Напусціць на каго‑н. няшчасце, бяду і пад. А ліха следам па дарозе За імі ўпотайку бяжыць. Дагнала бедную Марынку, Наслала ёй цяжкую хвор. Колас. — Што ты гаворыш! — не вераць суседзі. — Глядзі, каб не паслаў.. [вядзьмар] на цябе бяды... Якімовіч.

насла́ць 2, ‑сцялю, ‑сцелеш, ‑сцеле; заг. насцялі; зак.

1. чаго. Разаслаць, раскласці, пакласці раўнамерным слоем на паверхні чаго‑н. у якой‑н. колькасці. Замест сеннікоў на нары [хлопцы] наслалі саломы. Карпаў. Павячэраўшы, мы паслалі насечаных яловых лапак, накрылі іх посцілкамі і ляглі. Ляўданскі.

2. што і чаго. Пакласці шчыльна ў рад (дошкі, бярвенне і пад.).

3. што. Зрабіць, пабудаваць насціл (з дошак, бярвення і пад.). Тут хаце і стаць. Шыферам пакрыта. Засталося паслаць падлогу, столь пакласці і — грымі наваселле! Савіцкі. Праз два крокі .. [Шабуніха] адчула галлё, — гэта былі, відаць, рэшткі грэбелькі, якую спехам паслалі былі на падатным грунце. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шмо́ргаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каго-што і без дап. Цягнуць, тузаць кароткімі, рэзкімі рухамі. Да Панаса падышлі абодва хлопцы. Адзін — бледны, спалохаўся, шморгае Панаса за рукаў кашулі. Галавач. — Зоя Кірылаўна! Ён мяне за косы шморгае... Дубоўка. // Шморгаючы, зрываць што‑н. або абрываць з паверхні. Цудоўныя каштаны! Толькі гэты аднарукі «прынцыпал» на злосць яму, Гукану, шморгае лісце. Цэлую галіну абарваў. Шамякін. Маці з цёткаю пільна завіхаюцца, шморгаюць у кошыкі буйныя спелыя ягады. Ус.

2. што і без дап. Праводзіць па чым‑н., намазваючы што‑н. Тоўстую шэрую нітку [Іван] шморгае кавалачкам воску. Лынькоў. // Церці па чым‑н. Хуценька шморгаю шчоткаю зубы, мыюся — усё раблю спехам. Савіцкі. На парозе.. спакойна сядзеў пацук і шморгаў пярэдняй лапаю сабе па носе. Чорны.

3. чым. Прыціскаючы, праводзіць чым‑н. па якой‑н. паверхні, утвараючы характэрны гук. А сам [Венька] крадком, крадком, паўз сцяну бэзу адбегся падалей і, схаваўшыся за кустамі, пазіраў, як Шурка шморгае карабком па запалцы. Шыловіч.

4. чым. З шумам часта ўцягваць носам паветра. Слаўка стаяў у кутку, шморгаў носам і злосна пазіраў на брата. От, гэты свісток! Няхай. Суседкі смяюцца, хлеба малому даюць, а той шморгае носам з марозу ды: «Не хачу хлеба, дай сала». Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

су́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; заг. сунь; зак. і незак.

1. зак., каго-што. Укласці, усунуць унутр чаго‑н., пад што‑н. або за што‑н. Сунуць ногі ў тапачкі. □ Мяне хутка распранулі, памаглі ўкласціся ў пасцель, а пад паху сунулі тэрмометр. Кавалёў.

2. зак., каго-што. Пакласці куды‑н. абы-як, спехам. Піліп Андрэевіч занерваваўся, сунуў у попельніцу недакураную папяросу, нахмурыўся. Краўчанка. Як Васіль Раманавіч здагадаўся сунуць у кошык пляшкі з самагонам! Жанчыны нічога не сказалі, але зірнулі адна на адну. Новікаў.

3. зак., каго-што. Даць, падаць што‑н. спяшаючыся, тайком або нядбайна. Сунуў [Мікалай] пакамечаны пропуск патрулю і — толькі яго тут бачылі. Якімовіч. Шафёр азірнуўся па баках і сунуў .. [партызанам] у рукі лапаты. Няхай. [Нахлябіч] сунуў Пніцкаму руку і хацеў .. ісці далей. Чорны. [Ганна] .. хітравата паглядзела на хлопца і нечакана сунула яму ў руку невялікі скрутак. Пятніцкі. // Прапанаваць каму‑н. што‑н. непатрэбнае, навязаць. — Васілька-а, нам давай! — ужо адчайна выгукнуў іншы. Што ты нам якогасьці Карпюка сунеш? Карпюк. // і без дап. Даць хабар. Выручыла мікалаеўская залатая пяцёрка — сунуў яе Катловіч таможніку, той і размяк. Грахоўскі.

4. зак., што і без дап. Ударыць груба, стукнуць. [Лявон] сунуў Ладымеру кулаком у зубы, і адразу ж абодва ўчапіліся адзін за аднаго. Чарнышэвіч. // Навесці ўдар чым‑н. вострым. А ў выпадку патрэбы, калі толькі .. [ксёндз] можа мець ад гэтага карысць, на агонь цябе ўзвядзе альбо нож у бок суне. Бядуля.

5. зак., што і без дап. Паказаць што‑н. са злосцю, тыцнуць. — А ты гэта бачыў? — і Гаруноў дастаў з кішэні паперу і сунуў Варанецкаму. Дуброўскі.

6. незак. Ісці вельмі павольна. Капэла ўрачыста сунула па дарозе, каб спыніцца, дзе была патрэба. Лынькоў.

7. незак., што. Перамяшчаць, перасоўваць з месца на месца. Іржавыя плугі яшчэ валакуць гразь, сунуць перад сабой пясок, не хочуць адкідваць скібу. Пташнікаў. [Раман:] — Дурненькі. Гэта ж вецер суне пустую кардонную скрынку з-пад лялек. Даніленка. Астатнія хлопцы кацілі воз з дзедам Анупрэем на вуліцу. І не кацілі, а як бы сунулі. Сабаленка.

•••

Сунуць нос куды — тое, што і соваць нос куды (гл. соваць).

Сунуць у руку (лапу) — тое, што і даць у руку (лапу) (гл. даць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)