Прыхаху́ліцца ’хутка і з большага прывесці сябе ў парадак’ (Янк. 3.), прыхухо́ліцца ’прыхарашыцца, прыбрацца, прыадзецца’ (Нар. Гом.). Рус. смал. прихаху́литься ’прыадзецца неакуратна, абы-як, спехам’, укр. прихаху́литися ’прыадзецца, прыбрацца’, прихаху́лити ’прыбраць, прыадзець, выстраіць’; ’прыбраць, упрыгожыць, навесці парадак, чысціню’. Таксама як ў рус. хохо́ниться ’прыбірацца’, хохо́нить ’прыбіраць’, хохо́ня ’франт’, для якіх Фасмер (4, 272) дапускае гукапераймальнае паходжанне. Прыставачнае ўтварэнне, у аснове якога рэдуплікацыя выклічніка ха (гл.). Сюды ж, відаць, з далейшым развіццём семантыкі прыхаху́ліць ’забіць’ (пух., Сл. ПЗБ).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)