Ла́зіць1, ла́зіті, ла́зыты ’поўзаць’ (Нас., Яруш., ТСБМ), ’чапляючыся, узбірацца ўверх або апускацца ўніз’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Касп., Яруш.), ’хадзіць, снаваць’, ’прабірацца скрытна, паўзком, сагнуўшыся і вяртацца назад’, ’шукаць, намацваць, забіраючыся рукою ў што-небудзь’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах.). Укр. лазити, рус. лазить, ст.-рус., ст.-бел. лазити, польск. łazić, н.-луж. lazyś, в.-луж. łazyć, ст.-чэш. laziti, мар. łaziť, славац. laziť, славен. láziti, серб.-харв. ла̏зити, макед. лази, балг. лазя, ст.-слав. лазити. Прасл. laziti, lazjǫ ’поўзаць, паволі пасоўвацца ўверх пры дапамозе рук’. Ітэратыўны дзеяслоў да ле́зці (гл.). Сюды ж: лазам лезці ’настойліва лезці’ (Шат.).

Ла́зіць2 пчол ’падразаць мёд у пчол’ (Гарэц., Нас., Др.-Падб.) — у выніку семантычнага пераносу з лаз́іць1 ’узбірацца ўверх (на дрэва) да борці’ > ’выбіраць мёд з яе’. Да ле́зці (гл.). Сюды ж лазенне ’выбіранне мёду з борцей’ (Нас.), лажаны (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кулі́са, ‑ы, ж.

1. звычайна мн. (кулі́сы, ‑ліс). Плоскія часткі тэатральнай дэкарацыі, размешчаныя па баках сцэны адна за другой. Выйсці з-за куліс. Зайсці за кулісы. // перан.; чаго або якія. Тое, чым прыкрываюць што‑н., за чым хаваецца што‑н. Максім Танк з партыйных пазіцый глянуў за кулісы злавеснай барацьбы палітычных сіл, што разгарэлася пасля смерці Пілсудскага. У. Калеснік.

2. Рычаг або сістэма рычагоў для перамены ходу машыны.

3. Паласа, засаджаная ў 2–3 рады кукурузай, сланечнікам і інш., як сродак для захавання глебы ад высыхання і вымярзання ў засушлівых і маласнежных раёнах. // Паласа лесу паміж дзвюма дзялянкамі.

•••

За кулісамі — а) у тэатральным, акцёрскім асяроддзі. Мець знаёмых за кулісамі; б) тайна, скрытна, у неафіцыйнай абстаноўцы. Прадстаўнікам урада ЗША, відаць, давялося нямала папрацаваць за кулісамі Асамблеі. Кавалёў.

[Фр. coulisse.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

та́йна 1, ‑ы, ж.

1. Тое, што хаваецца, адрываецца ад іншых, што вядома не ўсім; сакрэт. Ваенная тайна. Тайна перапіскі. □ І раптам .. [Вера] поўнасцю зразумела, што Ніна не хоча раскрываць тайны, не давярае ёй, і слёзы крыўды бліснулі на вачах. Мікуліч. Усе свае дзеянні піянеры вырашылі трымаць да часу ў тайне ад дарослых. Курто.

2. Тое, што яшчэ не пазнана, неразгадана; скрытая ўнутраная сутнасць з’явы, прадмета. Тайны будовы матэрыі. Тайны палярнага ззяння. □ Перад чалавекам стаяць яшчэ мільёны неразгаданых тайн прыроды, жыцця і смерці. Лынькоў. Выгнаць тайны акіяна — Вось імкненне іх [вучоных] і план. А. Александровіч. // Тое, чым чалавек яшчэ не авалодаў. Кожную вольную хвіліну [Аляксандра Іванаўна Клімава] выкарыстоўвае для таго, каб глыбей пранікнуць у тайны драматычнага мастацтва. «Маладосць». Люба спазнала тайну граматы. Чытаць — гэта было таксама вялікай асалодай. Кудраўцаў.

та́йна 2, прысл.

Скрытна ад іншых. Пакідаю я тайна пад час развітання Разам з сэрцам жывыя надзеі свае... Бачыла. Слёзы людскія, слёзы людскія!.. Тайна ліліся, адкрыта ліліся. Падалі долу гарачым дажджом. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ла́зіць, лажу, лазіш, лазіць; заг. лазь; незак. (пра дзеянне, якое паўтараецца, адбываецца ў розны час, у розных напрамках).

1. Чапляючыся, карабкаючыся, узбірацца на што‑н. або апускацца ўніз. Лазіць па гарах. Лазіць у склеп. □ Клён стаіць яшчэ, той самы клён, на які мы лавілі ў свой час. Брыль. Шамота раз’язджаў па раёну, лазіў па рыштаваннях, заходзіў у новыя хаты. Дуброўскі. // Перамяшчацца па чым‑н. паўзком, сагнуўшыся; поўзаць. Доўга я лазіў тады па траве, збіраючы матчыны пацеркі, але ўсіх не сабраў. Бажко.

2. перан. Разм. Хадзіць, снаваць дзе‑н. Высока падкасаўшы штаны, гаспадар лазіць па загонах. Бажко. Між вялікіх лазяць дзеці, Так як мышы між снапоў, Ім вядома ўсё на свеце, Хто што робіць з дзецюкоў. Крапіва.

3. Пранікаць, прабірацца куды‑н., унутр чаго‑н. паўзком, сагнуўшыся і варочацца назад. Лазіць пад стол. □ У хату [праз] вокны лавілі людзі, вылазілі, абыходзілі вакол хаты, спрачаліся. Нікановіч. // Уваходзіць у што‑н. вадкае. Пасля гэтага здарэння дзед канчаткова рашыў ніколі болей у ваду не лазіць. Лынькоў.

4. Прабірацца, уваходзіць куды‑н. скрытна, крадучыся. Лазіць па чужых садах. □ Салавей з Ляўковым лазяць па шляхецкіх хутарах — шукаюць на гарышчах вінтовак, абрэзаў і патронаў. Грахоўскі.

5. Разм. Забірацца рукой у што‑н.; шукаць, намацваць.

•••

За словам (па слова) у кішэнь (кішэню) не лазіць — быць знаходлівым, дасціпным у размовах.

Лазіць па чужых кішэнях — займацца кішэнным крадзяжом.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ты́рыцца (ты́рицьца) ‘церціся, ацірацца дзе-небудзь’, уты́рыцца ‘ўсунуцца, улезці’: утырився сюды (Нас.),ты́рыць ‘біць’: будзем ты́рыць суседняга хлопца (уздз., Жд. 3) Параўн. укр. разм. тиратися ‘гараваць, бедаваць’, ти́рити ‘цягнуць’, ‘піхаць, усучваць’, рус. ты́риться ‘ісці, прабіраючыся крадком’, ты́рить ‘красці’, сты́рить ‘украсці’, мажліва, сюды ж з т. зв. жгонскай мовы ти́рить у́паки ‘валіць валёнкі’. Цвяткоў (Запіскі, 2, 55) параўноўваў зваротны дзеяслоў з польск. terać się бадзяцца, ацірацца’, трактуючы змену першага галоснага пры запазычанні ў якасці працэсу «нахілення або сціскання», як у польск. rozterka ‘ўнутраны непакой, ваганне’; ст.-бел. ростырк, розтырк ‘сварка, разлад’ (1518 г., ГСБМ), аднак няяснымі застаюцца фармальныя і семантычныя адносіны паміж тыраць і тырыць. У рус. тырить, стырить ‘красці, скрасці’ Кіпарскі (Зб. Бернштейну, 418) бачыць «двухбаковае чаргаванне» ў аснове *tur‑ з першасным значэннем ‘схапіць, сцягнуць’, гл. турыць. Узыходзіць да прасл. *tyriti, адносна першаснай семантыкі якога існуюць розныя меркаванні; зыходнае значэнне ‘скрытна знаходзіцца дзе-н.’ (Іваненка, Студіі з ономастики та етимології. 2010, 72), што адпавядае семантыцы зваротнага дзеяслова ў Насовіча, параўн. і стырыць ‘стаяць, прысутнічаць, дзяжурыць’ (гл.), што ўрэшце можа быць звязана з гукапераймальным тыр (гл. тыр-тыр), параўн. рус. тыр да ёр ‘бязладдзе’, ст.-польск. tyr ‘папрок’, серб. тир ‘штуршок’ і інш., гл. тыркаць, тырчаць. Што да паходжання дзеяслова, то, відаць, яно звязана з прасл. *tirati (гл. тыраць), якое выводзіцца з *terti ‘церці’ (Сной₂, 766). Відавочна, на семантыку дзеяслова маглі паўплываць іншамоўныя запазычанні, сярод якіх для ўкр. ти́рити ‘цягнуць, валачы’ прапануецца запазычанне з рум. tîrî ‘тс’ (ЕСУМ, 5, 572), а для рус. ты́риться ‘лезці, прабірацца’, тырить ‘красці’ — цыг. te terés ‘трымаць, мець, браць’ (Бараннікаў, Язык и литература, Ленинград, 1931, 7, 153; Шапавал, ВЯ, 2007, 5, 113).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

хі́тры, ‑ая, ‑ае.

1. Вынаходлівы, умелы, дасціпны. — Ну і хітры ж мужык ты, Васіль Захаравіч. На тры аршыны пад сабою бачыш, — сказаў Розаў. Грахоўскі. Бульбу, хоць і скараспелку, капаць яшчэ ранавата было. Таму яе хітрыя гаспадыні нейкі час не капаюць, а «падкопваюць», гэта значыць выбіраюць пад карчамі большую, а малую пакідаюць, прысыпаючы зямлёю. Якімовіч. // Які дзейнічае скрытна, не яўна. Аленка бачыла Сцёпку. Стаяла ў хаце каля акна і бачыла, як Сцёпка прайшоў па вуліцы. Падумайце, якая хітрая! Стаілася каля акна і за Сцёпкам цікуе, а сама не паказваецца. Колас. / Пра жывёл, птушак. Часам я можа б і сам адважыўся пакінуць Паўла і павесці сваю кабылу ў гурт, але гэтаму перашкаджала тое, што мая стракатая была жывёлінай натурыстай і вельмі хітрай. Кулакоўскі. // Які выражае хітрасць. [Маці:] Па вачах пазнаю, вачэй не пераменіш. Вунь якія яны.. Калючыя ды хітрыя. Крапіва. [Камендант:] — А гаспадарыць хто? — Мы, — адказала настаўніца з хітрай усмешкай. Маўр. Голас [Сарокі] быў ліслівы, прытоена хітры. Мележ.

2. Разм. Які для дасягнення чаго‑н. ідзе не прамым, падманным шляхам. Хітры бандзюга, ён [Смілга] не хацеў ні паміраць, ні здавацца.. Ён не быў нават паранены, але ляжаў як нежывы. Ён думаў, што цяпер на яго ніхто не будзе звяртаць увагі, і пакуль ішла перастрэлка, яму ўдалося дакаціцца да ўсходцаў. Чарнышэвіч.

3. Разм. Зроблены з вялікім умельствам, выдумкай, сакрэтам. Выбірае замок для дзвярэй чалавек, Выбірае замок, ды такі, каб — навек! Самы моцны з усіх, самы хітры замок, Каб ключы падабраць аніхто ўжо не змог! Гілевіч. Пад хітрай цацкаю нахмурыў бровы, Каб здагадацца: што там за нутро? Гаўрусёў. А летам гасцінцы дзед носіць з лесу — то шапку суніц, то хітры кошык з бяросты. Лынькоў. // Які патрабуе асаблівай праніклівасці, кемлівасці. Не хітрая, урэшце, справа Адолець атам урана. Куляшоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тайна, таемны, тайком, употай, употайкі, потай, потайкі, потайкам, патайком, патаемна, патайна, патаёма, употайку, стоена, ціха, цішком, скрыта, скрытна, крадком, украдкам, украдкай, падпольна, сакрэтна, нелегальна, канспірацыйна, канфідэнцыяльна; ціхачом, ціхом, украдкі, украдне, шыта-крыта, па-зладзейску (разм.); сціха, пакрыёма (абл.) □ пад сакрэтам, між намі, паміж намі, у душы, у думках, з вока на вока, за вочы, на вуха, ціхай сапай

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

хава́цца 1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Забірацца куды‑н. так, каб іншыя не бачылі, не маглі знайсці. У пушчах, у нетрах трушчобы, балот Хаваецца люд непакорны. Колас. [Дзямід:] — У гэтую пару аленя цяжка ўбачыць, хіба толькі выпадкова. Ён цяпер хаваецца. В. Вольскі. Танкі ўжо не хаваліся і не манеўравалі, яны секлі перад сабою агнём. Чорны. // Прыкрывацца чым‑н. зверху. Міколка хаваўся пад коўдру.., паказваючы адтуль толькі кончык носа. Лынькоў. // Доўга не паказвацца, не трапляць на вочы каму‑н., пазбягаць непажаданых сустрэч. Дзяўчына ўсё яшчэ помсціла за тыя тайныя кароткія прыезды ці можа за тое, што.. [Антанюк] так доўга хаваўся ад яе. Шамякін. // перан. Ухіляцца ад чаго‑н., спасылаючыся на каго‑, што‑н. [Студэнт Рак] любіў хавацца за цытаты, якіх ведаў безліч. Дамашэвіч. // Разм. Унікаць чаго‑н., імкнуцца стаяць убаку ад чаго‑н. Хавацца ад даручэнняў. □ [Корань:] — Трэба, каб людзі сцераглі! Каб ахоўвалі, біліся за праўду, а не хаваліся за яе... Ваданосаў. // Шукаць укрыцця (ад дажджу, сонца і пад.). Хавацца ад дажджу. □ Сонца пачынае прыпякаць. Але хавацца ад яго куды-небудзь у цянёк не хочацца. Васілёнак. Хаваюцца ў гавань параходы, — Ад буры не чакай дабра. Корбан. // перан. Разм. Выдаваць сябе не за таго, кім ёсць на самай справе; маскіравацца. Даміра падазраваў, што за псеўданімам хаваецца Закружскі паштавік Дземідзенка. Асіпенка. [Кашын:] — Столькі год [начальнік слуцкай паліцыі] пад чужым прозвішчам хаваўся.. Адданым.. прыкідваўся і рацыяналізатарам быў, гад! Карпаў. // перан. Мецца ўнутры, выяўляцца праз душэўны стан чалавека. У глыбокіх шэрых вачах Пятра Аляксеевіча хавалася лагодная ўсмешка. П. Ткачоў. Максім быў маўклівы, і за маўклівасцю яго недзе глыбока ў душы хавалася чуласць. Брыль. Прыгожай.. [Анэту] назваць нельга было, але ў ёй хавалася нешта чыста жаночае, пакорлівае і прывабнае. Чарнышэвіч.

2. перан. Разм. Рабіць што‑н. скрытна, не выяўляць сваіх намераў, думак, пачуццяў. [Таня] недаверліва паківала галавой. — Навошта вы хаваецеся ад мяне, тата? Ці ж я не бачу? Я ўсё бачу. Шамякін. // Заставацца незаўважаным. У ... [Турсевіча] была тонкая назіральнасць, і ніводная рыска, тыповая драбніца не хавалася ад яго вока. Колас.

3. Знаходзіцца не ў полі зроку, ледзь прыкметна выступаць з-за засланяючых прадметаў. Нізкаваты, з зачыненымі аканіцамі, дом хаваўся ў глыбіні невялікага саду. Шыцік. Вялікае, ужо няцёплае сонца хавалася за недалёкім лесам. Карпаў. // Быць нябачным у чым‑н. (высокай расліннасці, глыбокай вадзе і пад.). Чухноўскі пачаў так дыміць люлькаю, што аж хаваўся ў дыме. Пестрак. // Заключацца ў чым‑н., не выяўляючыся знешне. Напісаць мастацкі твор... Як лёгка і проста вымаўляюцца гэтыя словы. А колькі працы, хваляванняў, радасці, пакут, расчараванняў хаваецца за імі! Шкраба. За скупым расказам Веры Вітушка хаваецца не адна смелая дыверсія на чыгунцы, не адзін жорсткі бой, не адна рызыкоўная аперацыя. Дзенісевіч.

4. Разм. Знаходзіцца, захоўвацца дзе‑н. У гэтай будыніне хаваліся галоўныя калгасныя прадукты: зерне, бульба і гародніна. Колас. Астап Канапелька.. зняў шапку, дзе заўсёды хавалася яго люлька і капшук з самасеем. Лынькоў. Абрусы, ручнікі, пасцілкі, квяцістыя андаракі, кофты, жакеты — усё хаваецца ў чорнай вялізнай скрыні. Асіпенка. // Быць прыгатаваным, зберагацца на пэўны выпадак. Для Івана ў хаце заўсёды хаваецца паўлітэрка. Навуменка.

•••

Хавацца адзін за аднаго — выяўляць нясмеласць, баяцца адказнасці.

Хавацца за чужую спіну — імкнуцца прыкрыцца чыім‑н. аўтарытэтам.

Хавацца ў кусты — ухіляцца ад адказнасці.

Хавацца ў цень — старацца перачакаць што‑н. непрыемнае ў зацішным месцы; ухіляцца ад чаго‑н., адседжвацца.

хава́цца 2, ‑аецца; незак.

Зал. да хаваць ​2.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)