Свято́к ‘храмавое свята’ (Сл. ПЗБ, Сержп.), свето́к ‘свята’ (Сл. ПЗБ, ТС, Ян.), святкі́ ‘прамежак часу ад Каляд да Вадохрышча’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. свѧток ‘свята’ (Скарына, Альтбаўэр), сюды ж свя́точки ‘святыя дні; увасобленыя святы’: Перед Богомъ стояць уси́ святочки (Нас.), укр. святки́ ‘святочныя дні Каляд і Вялікадня’, рус. свя́тки ‘час ад Каляд да Вадохрышча’, ст.-рус. свѧток ‘свята’, серб. дыял. све̑так ‘тс’, славен. svétek ‘тс’. Прасл. *svętъkъ ‘свята’, вытворнае ад *svętъ (гл. святы), параўн. Тапароў, Этимология–1986–1987, 33; Фасмер, 3, 584. Зыходная форма для святкава́ць ‘адзначаць свята; не працаваць з нагоды свята’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ), светкова́ць, сʼеткова́ць, сеткова́ць ‘тс’ (ТС), якім адпавядае серб. свѐтковати, дыял. светкова̏т: У на̑с се тај све̑так не светку̏је (Элезавіч, 2, 207), свято́чны ‘звязаны з святам’ (ТСБМ, Ласт., Стан., Некр. і Байк., Сл. ПЗБ), свето́чны ‘тс’ (ТС) і інш. Прывязанасць да пэўнага гадавога цыкла (пазней, відаць, перанесеная і на хрысціянскія святы) дазваляе выказаць меркаванне пра больш ранняе паходжанне назвы, чым форма свята (гл.), якая цяпер успрымаецца як зыходная. Параўн. Жураўлёў, Язык и миф, 97.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Святы́ ‘надзелены абсалютнай дасканаласцю і чыстатой, боскай сілай’, ‘нябесны заступнік веруючых’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Стан.), сьвяты́й ‘тс’ (Бяльк.), у розных спалучэннях: святы́ Еры ‘свята Юр’я’, святы́ ве́чар ‘вечары ад Каляд да Новага года’ (Скарбы), святы́ дух ‘Тройца’ (Сл. ПЗБ), свята́я зямля́ ‘зямля-маці’ (там жа) і пад., ст.-бел. свѧтыи (Альтбаўэр); свентый ‘святы, свяшчэнны’ (Ст.-бел. лексікон) — з польскай. Укр. святи́й, рус. свято́й, ст.-рус. святъ, польск. święty, в.-луж. swjaty, н.-луж. swěty, чэш. svatý, славац. svätý, серб.-харв. све̑т, славен. svȇt, балг. свет, све́ти, макед. свет, ст.-слав. свѧтъ, свѧтыи, ‘тс’. Прасл. *svętъ ‘святы’. Бліжэйшыя адпаведнікі: літ. šveñtas ‘святы’, ст.-прус. swenta‑ у мясцовых назвах, ст.-інд. śvantas ‘працвітаючы’; гл. Траўтман, 311; Покарны, 630; Фасмер, 3, 585. Лат. svèts ‘святы, свяшчэнны’ запазычана, паводле Мюленбаха і Эндзеліна (3, 1156), з славянскіх моў. Паводле Брукнера (537), Махэка₂ (594), сакральны сэнс славянскае слова набыло толькі пасля прыняцця хрысціянства. Як сведчаць язычніцкія імёны Святаполк, Святавіт, паралельныя імёнам Яраполк, Яравіт, слав. *svęt‑ значыла ‘моцны’; Святаполк — ‘моцны сваімі палкамі, маючы моцныя палкі’. Адносна польск. święty выказваецца меркаванне пра першапачатковае значэнне ‘моцны ў стасунку да магіі’, якое пры хрысціянізацыі пад чэшскім уплывам было заменена значэннем ‘кананізаваны за маральную чысціню і дабрадзейнасць’ (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 386). Глухак (597–598), Сной₁ (623), Борысь (623) прасл. *svętъ узводзяць далей да і.-е. *kʼu̯en‑to‑святкаваць, урачыста прыходзіць’. Агляд семантыкі індаеўрапейскіх і славянскага слова гл. Тапароў, Этимология–1986–1987, 3 і наст.; Шустар-Шэўц, 1390; БЕР, 6, 541–542; Астроўскі, Этимология–2003–2005, 162–173.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тро́йца1 ‘Сёмуха’, у хрысціянскай рэлігіі ‘трыадзінае бажаство, у якім спалучаюцца тры асобы: Бог-Бацька, Бог-Сын і Бог-Дух Святы’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Мат. Гом., ТС, Сл. ПЗБ): Сёмуха ці Тройца у нас тры дні (Сержп. Прымхі), Siomucha albo Świataja Trójca ‘тс’ (Пятк. 3), Trýeǐca ‘тс’ (Арх. Вяр.). Тро́іца ‘свята на другі дзень Сашэсця Св. Духа’ (Нас., Ян.); сюды ж тройцова́цьсвяткаваць Сёмуху’ (ТС), тро́йцын дзень ‘Сёмуха’ (круп., Сл. ПЗБ), Trójeckije dziedý ‘тс’ (Пятк. 3). Ст.-бел. тройца, троица ‘Бог у трох іпастасях; Сёмуха’ (ГСБМ). У аснове ст.-слав. троица — калька з грэч. Τριάς, якое з τρεῖς; ‘тры’ (Фасмер, 4, 104). Да тры, трое, гл.

Тро́йца2 ‘кампанія з трох чалавек’ (ТСБМ), ‘лік тры’ (Нас.): Boh trójcu lùbić (Пятк. 2), ‘трое суб’ектаў’: робляць па трэйко дзеля того, каб тут была тройца: мужык, жонка і дзеці (Сержп. Прымхі). Параўн. укр. дыял. сʼвата́ три́йцʼа ‘траіх неразлучных сяброў’ (Арк.), чэш. trojice ‘тры асобы’, славен. trojíca ‘тс’, серб. тро̏йца ‘тс’, балг. трои́ца ‘тс’, макед. тројца ‘тс’, у ваколіцах Салуні truica ‘трое людзей’ (Малэцкі, Słownik). Паколькі ў большасці славянскіх моў фармальна адрозніваюцца назвы, якія суадносяцца з тройца1 і тройца2, мяркуецца, што формы з нерэлігійным значэннем з’яўляюцца больш старажытнымі ў некаторых мовах, гл. Басай-Сяткоўскі, Słownik, 397; Скок, 3, 300; Арол, 4, 105.

Тро́йца3, ‘канюшына лугавая, Trifolium pratense L.’ (Шмярко, Кіс.). Параўн. укр. трі́йка ‘тс’, рус. тро́йца ‘тс’, чэш. trojka, trojačka ‘тс’. У аснове назваў лічэбнік тры (гл.), што характарызуе будову лістка з трыма пласткамі (ЕСУМ, 5, 643; Махэк, Jména, 121), гл. папярэдняе слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)