прыгрэ́ць, ‑грэю, ‑грэеш, ‑грэе; зак.
1. Пачаць грэць. Падзьмуў паўднёвы вецер, прыгрэла сонца і ўвачавідкі пастракаціла поле на чорныя плямы. Пальчэўскі. Па-вясноваму прыгрэла сонца. Васілеўская.
2. каго-што. Нагрэць, сагрэць каго‑, што‑н. Красавік прыйшоў. Палі Сонейка прыгрэла, І на леташняй раллі Жыта зарунела. Грахоўскі. — Пакінь, Пакінь мне дачушку маю, Я ў салому яе спавію, Я прыгрэю яе сваім целам. Глебка.
3. перан.; каго. Разм. Аказаць прытулак каму‑н., праявіць чулыя адносіны да каго‑н., паклапаціцца аб кім‑н. Прыгрэць сірату. □ [Шота:] Ну, чаго ты прычапіўся: я, я! І я! Абодва добрыя цацы! Рады, што добрыя людзі прыгрэлі, даглядаюць. Губарэвіч. Мы свой кут у слязах пакідалі, Да цябе нас твой голас пазваў, Ты ўсіх нас прыгрэла, Масква! Броўка.
•••
Прыгрэць змяю (гадзюку) на (сваіх) грудзях — зрабіць дабро чалавеку, які пазней адплачвае няўдзячнасцю.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хіну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; незак., каго-што.
1. Нахіляць, нагінаць. Я падняўся ад сырой пліты, але нехта хінуў маю галаву долу, і я не бачыў сцежкі. Пташнікаў.
2. перан. Выклікаць прыхільнасць да сябе, схіляць на свой бок. Але «чужак» быў бескарыслівы — вось што хінула да яго людзей, вось што дазваляла належным чынам ацаніць і яго талент, і яго памкненні. М. Стральцоў. // Накіроўваць на што‑н. (думку, справу і пад.). — Адным словам, усё ў вас там ціха і гладка, — не зусім ясна для мяне было, куды хінуў сакратар. Кухараў.
3. Прыхіляць, гарнуць да сябе. Малога на рукі бярэ, Хіне да грудзей яго горача, Каб матчыным сэрцам сагрэць... Калачынскі. Алег пачаў хінуць Людмілу да сябе, але яна заставілася рукамі. Ермаловіч. І .. [Чыжык] хінуў Зосю да сябе, бо ў ёй як бы было сабрана ўсё хараство зямлі. Лупсякоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
асвяці́ць 1, асвячу, асвеціш, асвеціць; зак., каго-што.
1. Зрабіць светлым, напоўніць святлом. Першыя прамені сонца асвяцілі вяршыні дрэў і зазіхацелі на паляне, пакрытай буйнымі кроплямі расы. В. Вольскі. Полымя ад ядлоўцу шуганула высока і асвяціла далёкую бярозу. Пестрак. На завароце .. Святло з фар асвяціла зараснік над ровам. Чорны. // перан. Ажывіць, сагрэць якім‑н. пачуццём і пад. Лёгкая ўсмешка, выкліканая ўспамінамі аб далёкім мінулым, прабегла па.. [Любіных] вуснах, асвяціла вочы, твар. Васілевіч. Не хапае той, якая б асвяціла яго [Веньяміна] жыццё каханнем, стала б другой Палавінай. Навуменка. // перан. Пра думку, здагадку, якая ўзнікла раптоўна. Старасту асвяціла ўрэшце добрая думка. Колас. // перан. Зрабіць светлым, радасным. Загоім раны, адбудуем Свае сялібы зруйнаваны, Сваю Краіну маладую Святлом асвецім нечуваным. Купала.
2. перан. Тое, што і асвятліць (у 3 знач.). Асвяціць у выступленні міжнародныя падзеі. □ Ён [Бародка] жартаваў з людзьмі, цікавіўся, як уладзіліся на начлег, прасіў выступаць, нават падказваў пытанні, якія варта асвяціць сакратару партарганізацыі. Шамякін.
асвяці́ць 2, асвячу, асвяціш, асвяціць; зак., што.
1. Выканаць над чым‑н. царкоўны абрад надання святасці. Асвяціць ваду. Асвяціць пірог.
2. Кніжн. Зрабіць свяшчэнным, ушанаваць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)