пралы́сіна, ‑ы, ж.
1. Не пакрытае валасамі, шэрсцю месца; плеш. Няёмка адчуваў сябе і Бабейка, але ён стараўся не выяўляць гэтага: падбадзёрваюча міргнуў хлопцам, абцягнуў на сабе гімнасцёрку з чорнага сукна, прыгладзіў рэдкія, з пралысінай, валасы і сеў з краю стала. Хадкевіч.
2. Голае месца сярод поля, лесу і пад. Пачала прабівацца трава на саланчаковых пралысінах за пасёлкам. Беразняк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рэ́дкі, ‑ая, ‑ае.
1. Недастаткова густы, вадзяністы. Рэдкі кісель. Рэдкая страва. Рэдкая смятана.
2. Які складаецца з аднародных прадметаў, часцінак, размешчаных не блізка адзін ад другога. На кіламетраў шэсць цягнуўся .. рэдкі лес, у якім хвоя ад хвоі стаяла на метраў пяцьдзесят ці часам сто. Чорны. Трохі .. [барада] няроўная ў .. [дзеда] — адна палавіна густая, другая — рэдкая. Лынькоў. // Размешчаны далёка адзін ад другога. Рэдкія ліхтары асвятлялі вуліцу. Гартны. [Азорыч:] З табою мы прайшлі З Барысава семнаццаць кіламетраў — І хоць бы дзе адна буйная часць! Разведка толькі, рэдкія заставы... Глебка. Нейкі час ехалі моўчкі. Лес парадзеў, стала святлей. У прасветліны відаць было неба з рэдкімі зоркамі. Асіпенка. // Не шчыльна сатканы або сплецены. Рэдкі невад. Рэдкі кошык. □ Праз рэдкую тканіну на вокнах пранізваецца ранішні водсвет. Бядуля.
3. Не густы (пра туман і пад.). Першы туман, лёгкі і рэдкі, як пара над гаршком, пачаў ўздымацца над рэчкаю, гусцець і большаць. Мурашка. // Не насычаны, разрэджаны (пра паветра, святло і пад.). Рэдкае святло. □ Мацей прынёс з-пад паветкі бярэмца дроў, пакідаў іх у рэдкі душок астылай печы. М. Стральцоў.
4. Які адбываецца праз вялікія прамежкі часу, бывае не часта. Цімох не любіў кампаніі і стараўся меней стыкацца з пастухамі. А калі і бывалі спатканні з імі, то вельмі рэдкія і выпадковыя. Колас. Недзе чуваць былі рэдкія выбухі. Дамашэвіч.
5. Які не часта сустракаецца, незвычайны. Там ужо заўважылі .. [кітоў] і згуртаваліся ля варта, каб падзівіцца на такіх рэдкіх, незвычайных марскіх жыхароў. Маўр. [Мікалай] добра разумеў, што гэта вельмі рэдкая выпадковасць — сустрэць таго, каго шукаеш на такім фронце, у мільённым натоўпе палонных. Шамякін. // Выдатны, выключны па сваіх якасцях. — Дык пан добра знае пана Турсевіча? — спытала пані падлоўчая: — Ах, які гэта быў рэдкі чалавек! — Зад на яна. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ланцужо́к, ‑жка, м.
1. Невялічкі тонкі ланцуг. [Малады чалавек] зіхацеў пярсцёнкамі і на камізэльцы ланцужком ад гадзінніка. Чорны.
2. Суцэльны рад, сукупнасць каго‑, чаго‑н. Беглі, знікалі ўдалечыні ланцужкі электралямпачак. Хадкевіч. Развітальна курлыкаючы, праплывалі на поўдзень рэдкія ланцужкі жураўлёў. Курто.
3. у знач. прысл. ланцужко́м. Тое, што і ланцугом (гл. ланцуг у 5 знач.). Ідзём ланцужком паўз самыя платы, бо на вуліцы — лужы. Жычка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
залы́сіна, ‑ы, ж.
1. Аблыселая частка галавы ад ілба над скронню. Рэдкія валасы на гарбузаватай галаве быццам пагусцелі і не відно стала тых залысін, што ўрэзаліся ў глыбіню валасоў. Сабаленка.
2. Месца на ствале дрэва, дзе счасана, садрана кара. Кара на .. [дубе] маршчыністая, мае гузаватыя каросты і залысіны. С. Александровіч. На шэрых ад кары і моху соснах мільгаюць хвацкія залысіны — падсочка. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хі́лы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Слабы, хваравіты. [Дачка:] — Калі ты ўжо нядужы і хілы, Калі ў сэрцы няма болей сілы, Дык я заўтра сама завяду Гадаванку маю ў чараду. Глебка. // Які дрэнна расце, чахлы. Такое высокае і сакавітае конскае шчаўе расло, што між яго трэба было адшукваць рэдкія і хілыя кусцікі чырвонай канюшыны. Пянкрат. // перан. Стары, трухлявы. Два хляўцы з паветкамі, хілы плот панік. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
збля́клы і збле́клы, ‑ая, ‑ае.
1. Які страціў яркасць афарбоўкі, выцвіў. І ясная зара, і чароўная ціхая ноч, і збляклыя рэдкія зоры.. — усе начныя з’явы і гукі адбіваюцца ў яго сэрцы. Дуброўскі.
2. Які завяў, страціў свежасць. Вунь купаю дрэвы, Між іх — журавель. Кіруем налева Па збляклай траве. Крапіва. / Пра чалавека, яго твар. Марына Паўлаўна запаліла святло, і яно цьмяна азарыла твар яе, стараваты ўжо, збляклы. Зарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ху́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
Старанна ўхутваць у што‑н., добра ўкрываць чым‑н. [Ірына] прыціскала да сябе дзіця, хутала яго ў старую коўдрачку, сагравала сваім дыханнем. Лынькоў. Рэдкія пешаходы хуталі галовы ў настаўленыя каўняры — вуліцы пранізваў студзеньскі вецер. Васілевіч. / у перан. ужыв. Цішыня плыла з усходу, з лесу, разам з хмарамі і сонцам, і хутала сабою загуменне і шырокае поле. Пташнікаў. Свецяць зоры, і цёмны змрок хутае дрымоту. Каваль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Радабо́дзіна, радабо́ціна, радабо́ззя ’рэдкае, няякасна вытканае палатно’ (лід., ганц., смарг., мядз., Сл. ПЗБ), радабо́дзь, радабо́ць ’рэдкае (пра палатно, пасеў, сенажаць)’ (Нар. словатв., Варл.), ’рэдкія ўсходы’ (Юрч.), ’грубая, рэдкая тканіна’ (Янк. 3.), radabócie ’рашотка’ (Арх. Федар.), радабо́ддзе: з радабоддзя хмар зрэдку вытыркаўся месяц (Асіпенка, Полымя, 1992, № 5). Ад рад 1 (гл.) і бада́ць (< *bosti) (гл.), параўн. серб.-харв. бо̑д ’укол’, ’спосаб шыцця і пляцення’, ’пятля ў пляценні’, ’калючка’, макед. бод ’шывок’, ’вастрыё’, балг. бод ’укол вострым’, ’тып пляцення’, ’шывок пры вышыванні’, якія ўзыходзяць да *bodъ. Паводле Станкевіча (Зб. тв., 2, 29), ад рэдкі (гл.), у аўтара радкі́: «усё тое, дзе рэдка стаяць бодкі — пункты».
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
*Рэ́дчыкі, рэ́ччыкі ’бульбяны суп’ (івац., Нар. словатв.), рэ́ччыкі ’рэдкі суп’ (стаўб., Сл. ПЗБ). Відавочна, ад рэдкі (гл.), параўн. яшчэ назвы бульбянага супу рэ́дкія (маг., Нар. словатв.), рэ́дкая картошка (бяроз., глус., акц., ЛА, 4). Таму неапраўдана параўноўваць фанетычны запіс беларускага слова, дзе [‑чч‑] < ‑дч‑, з рускім речи́ки, речеги ’дробныя часткі, аскепкі, чарапкі’, і суадносіць яго з чэшскім proráčit ’праламіце, літоўскім ràkti ’калоць вострым прадметам’, матывуючы тым, што ’бульбяны суп’ — гэта ’суп з пакрышанай, рэзанай бульбы’ (Гарачава, Этимология–1985, 65–66), тым больш што існуюць і такія назвы бульбянога супу, як кры́шанка (гл. крышыць, крыха), рэ́занкі (гл. рэзанка, рэзаць).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
хво́йка 1, ‑і, ДМ хвойцы; Р мн. хвоек; ж.
1. Памянш.-ласк. да хвоя: маладая, невялікая хвоя. Раскусціўся пры дарозе ракітнік, падраслі хвойкі на пясчаным узгорку. Грахоўскі. Уязджаем у лес. Спачатку рэдкія хвойкі, голыя бярозы, алешнік. Лынькоў.
2. зб. Абл. Ігліца. Жоўтая хвойка ўсцілала дол. Мурашка. Хоць хвойку жую, але на волі жыву. Прымаўка.
хво́йка 2, ‑і, ДМ хвойцы; Р мн. хвоек; ж.
Жук чорнага або бурага колеру, шкоднік хваёвых дрэў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)