Раз, рас ’абазначае аднакратнасць дзеяння’, ’указвае на час дзеяння ў адносінах да раду падобных дзеянняў’, ’выражае ступень павелічэння або змяншэння суб’екта дзеяння, уласцівасці і да т. п.’ (ТСБМ), ’адзін (ліч.)’, ’аднойчы’ (ТСБМ, Яруш., Нас.; смарг., в.-дзв., гарад., брасл., віл., гродз., Сл. ПЗБ), ’пра пачатак дзеяння’ (Нар. лекс., Бяльк.), ст.-бел. разъ ’удар’, рус. раз ’тс’, укр. раз ’тс’, польск. raz ’раз’, в.- і н.-луж. raz ’раз’, славац. raz ’характар’, ’удар’, чэш. ráz ’удар, адбітак’, ’чаканка’, ’тып, характар’, славен. rȃz ’лапатка для адмервання зерня’, серб.-харв. ра̑з ’лапатка для адмервання зерня’, ’акладня плуга’. Першапачатковае *razъ ’удар’ звязана чаргаваннем галосных з рэ́заць (гл.), параўн. раз ’скіба зямлі’ (у слоўніку Каратынскага, гл. Мальдзіс, І ажываюць спадчыны старонкі. Мн., 1994, 71). Роднаснае літ. rúožas ’паласа, рыска’, rė́žti ’рэзаць, рабіць рысу’, лат. ruôza ’узвышанасць’, ’паласа, рад, сенажаць’, грэч. ῥώξ ’расколіна’, ῥήγνῡμι ’рву, праломваю’ (Фасмер, 3, 433; Праабражэнскі, 2, 177; БЕР, 6, 148). Першапачатковае значэнне ’рэзаць’ (параўн. рус. рази́ть, чэш. raziti ’чаканіць, біць’) развілося ў ’пачынаць дзеянне’ > ’рабіць адзін раз, першы раз’ > ’адзін раз’. Сюды ж злучнікі раз, рас ’калі’ (мядз., паст., Сл. ПЗБ): раз ня можаш піць, то не трэба табе жыць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

па́сак, ‑ска, м.

1. Вузкі доўгі кавалак чаго‑н. (тканіны, скуры і пад.). Я ледзь не падскочыў ад радасці, падняў з зямлі дзягу, сеў на пянёк і пачаў кроіць яе на тонкія доўгія паскі. Капыловіч. Паўлік рэзаў нажом і лупіў доўгімі паскамі хваёвую кару. Лобан.

2. Шырокая рыска, лінія на чым‑н. [Мірон:] — Бачыш, іглы больш сціснутыя, а знізу во якія два сінявата-белыя паскі. Маўр.

3. чаго. Прадаўгаваты ўчастак, які вылучаецца чым‑н. з акружаючага. Праўда, лагчына выдалася нешырокая, .. [партызаны] хутка перайшлі яе і падаліся ўздоўж паскі хмызу, блізка, аднак, не падыходзячы да яго. Быкаў. Не паспее добра сцямнець, як ужо на ўсходзе вымалёўваецца залаты пасак світанку, і адразу ж прачынаецца лясное птаства. Сабаленка.

4. Рэмень, шнурок, матуз і пад. [Чалавек на фатаграфіі] у вайсковай форме, парусінавыя паскі са спражкамі прыціскаюць на плячах гімнасцёрку. Кулакоўскі. Купец выхапіў з кішэні пасак ды прывязаў пана да хвоі. Якімовіч. Маці, не разабраўшыся, расперазала фартух і адлупцавала Грышу паскамі. Пальчэўскі.

5. Частка конскай збруі — рэмень, працягнуты ад адной аглоблі да другой цераз падсядзёлак. Рукі яго [дзеда] дрыжалі больш, чым звычайна, і я памог яму засупоніць хамут і завязаць на аглоблі пасак ад падсядзёлка. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Рэз1 ’месца разрэзу; разрэз’ (ТСБМ, Мат. Гом., Сцяшк. МГ), рэ́зік ’тс’ (Юрч. СНЛ), ’адзін праход пілой’ (ТС), рэзь ’месца распілоўкі’ (Мат. Гом.). Сюды ж рэ́за, ры́за, рі́зка ’пілавінне’ (ЛА, 1). Укр. різ, рус. рез, польск. rzez, в.-луж. rěz, чэш. řez, славац. rez, славен. réz, серб.-харв. ре̑з, макед. рез, балг. ряз. Прасл. *rězъ. Бязафікснае ўтварэнне ад рэзаць (гл.).

Рэз2 ’паласа зямлі, надзел, ніва’ (Байк. і Некр., Касп., Нас., Хрэст. дыял., Шат., Шатал., Яшк., Выг.), рыз, ры́ска, рэ́ска ’зямельны надзел у 5–10 сотак’ (Выг.), ’даўняя мера зямельнай плошчы (8 дзесяцін, 10 га)’ (ТС), рэс, нарэ́з ’паласа ворнай зямлі’ (ЛА, 2). Бязафікснае ўтварэнне ад рэзаць (гл.), параўн. яшчэ секъ ’адзінка колькасці мяса’ (Ст.-бел. лекс.). Няма падстаў лічыць лексічным літуанізмам, як прапануе Лаўчутэ (Лаўчутэ, Балтизмы, 72), а таксама нельга пагадзіцца з Дайлідэнасам, які лічыць гэтую форму семантычным літуанізмам (Бел. мова, вып. 15, 80). Гл. яшчэ рэзас.

Рэз3 ’забой скаціны’ (Банк, і Некр., Нас., Гарэц.). Рус. ре́зка ’тс’, польск. дыял. rzeź ’тс’, в.-луж. rěz ’разрэз; забой скаціны; лязо; пілавінне’. Ад рэзаць (гл.).

Рэз4 ’дарога (за прысядзібным полем)’ (Мат. Гом.), рэ́за ’глухія, пустэльныя і гразкія месцы’ (Яшк.). Укр.-палес. мікратапонім: луг Рэ́зки. Магчымае развіццё семантыкі ’надзел’ < ’надзел, адрэзаны ў аддаленым месцы’ < ’глухое месца’. Да рэз2 (гл.). Але калі ўзяць пад увагу рус. цвяр. ре́зы ’участак зямлі, з якога зразаецца пад ворыва зацвярдзелы верхні пласт’, тады да рэж (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

хава́цца 1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Забірацца куды‑н. так, каб іншыя не бачылі, не маглі знайсці. У пушчах, у нетрах трушчобы, балот Хаваецца люд непакорны. Колас. [Дзямід:] — У гэтую пару аленя цяжка ўбачыць, хіба толькі выпадкова. Ён цяпер хаваецца. В. Вольскі. Танкі ўжо не хаваліся і не манеўравалі, яны секлі перад сабою агнём. Чорны. // Прыкрывацца чым‑н. зверху. Міколка хаваўся пад коўдру.., паказваючы адтуль толькі кончык носа. Лынькоў. // Доўга не паказвацца, не трапляць на вочы каму‑н., пазбягаць непажаданых сустрэч. Дзяўчына ўсё яшчэ помсціла за тыя тайныя кароткія прыезды ці можа за тое, што.. [Антанюк] так доўга хаваўся ад яе. Шамякін. // перан. Ухіляцца ад чаго‑н., спасылаючыся на каго‑, што‑н. [Студэнт Рак] любіў хавацца за цытаты, якіх ведаў безліч. Дамашэвіч. // Разм. Унікаць чаго‑н., імкнуцца стаяць убаку ад чаго‑н. Хавацца ад даручэнняў. □ [Корань:] — Трэба, каб людзі сцераглі! Каб ахоўвалі, біліся за праўду, а не хаваліся за яе... Ваданосаў. // Шукаць укрыцця (ад дажджу, сонца і пад.). Хавацца ад дажджу. □ Сонца пачынае прыпякаць. Але хавацца ад яго куды-небудзь у цянёк не хочацца. Васілёнак. Хаваюцца ў гавань параходы, — Ад буры не чакай дабра. Корбан. // перан. Разм. Выдаваць сябе не за таго, кім ёсць на самай справе; маскіравацца. Даміра падазраваў, што за псеўданімам хаваецца Закружскі паштавік Дземідзенка. Асіпенка. [Кашын:] — Столькі год [начальнік слуцкай паліцыі] пад чужым прозвішчам хаваўся.. Адданым.. прыкідваўся і рацыяналізатарам быў, гад! Карпаў. // перан. Мецца ўнутры, выяўляцца праз душэўны стан чалавека. У глыбокіх шэрых вачах Пятра Аляксеевіча хавалася лагодная ўсмешка. П. Ткачоў. Максім быў маўклівы, і за маўклівасцю яго недзе глыбока ў душы хавалася чуласць. Брыль. Прыгожай.. [Анэту] назваць нельга было, але ў ёй хавалася нешта чыста жаночае, пакорлівае і прывабнае. Чарнышэвіч.

2. перан. Разм. Рабіць што‑н. скрытна, не выяўляць сваіх намераў, думак, пачуццяў. [Таня] недаверліва паківала галавой. — Навошта вы хаваецеся ад мяне, тата? Ці ж я не бачу? Я ўсё бачу. Шамякін. // Заставацца незаўважаным. У ... [Турсевіча] была тонкая назіральнасць, і ніводная рыска, тыповая драбніца не хавалася ад яго вока. Колас.

3. Знаходзіцца не ў полі зроку, ледзь прыкметна выступаць з-за засланяючых прадметаў. Нізкаваты, з зачыненымі аканіцамі, дом хаваўся ў глыбіні невялікага саду. Шыцік. Вялікае, ужо няцёплае сонца хавалася за недалёкім лесам. Карпаў. // Быць нябачным у чым‑н. (высокай расліннасці, глыбокай вадзе і пад.). Чухноўскі пачаў так дыміць люлькаю, што аж хаваўся ў дыме. Пестрак. // Заключацца ў чым‑н., не выяўляючыся знешне. Напісаць мастацкі твор... Як лёгка і проста вымаўляюцца гэтыя словы. А колькі працы, хваляванняў, радасці, пакут, расчараванняў хаваецца за імі! Шкраба. За скупым расказам Веры Вітушка хаваецца не адна смелая дыверсія на чыгунцы, не адзін жорсткі бой, не адна рызыкоўная аперацыя. Дзенісевіч.

4. Разм. Знаходзіцца, захоўвацца дзе‑н. У гэтай будыніне хаваліся галоўныя калгасныя прадукты: зерне, бульба і гародніна. Колас. Астап Канапелька.. зняў шапку, дзе заўсёды хавалася яго люлька і капшук з самасеем. Лынькоў. Абрусы, ручнікі, пасцілкі, квяцістыя андаракі, кофты, жакеты — усё хаваецца ў чорнай вялізнай скрыні. Асіпенка. // Быць прыгатаваным, зберагацца на пэўны выпадак. Для Івана ў хаце заўсёды хаваецца паўлітэрка. Навуменка.

•••

Хавацца адзін за аднаго — выяўляць нясмеласць, баяцца адказнасці.

Хавацца за чужую спіну — імкнуцца прыкрыцца чыім‑н. аўтарытэтам.

Хавацца ў кусты — ухіляцца ад адказнасці.

Хавацца ў цень — старацца перачакаць што‑н. непрыемнае ў зацішным месцы; ухіляцца ад чаго‑н., адседжвацца.

хава́цца 2, ‑аецца; незак.

Зал. да хаваць ​2.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паказа́ць, ‑кажу, ‑кажаш, ‑кажа; зак.

1. каго-што. Даць магчымасць убачыць, разгледзець каго‑, што‑н., азнаёміцца з чым‑н. Паказаць кнігу. Паказаць абноўку. □ [Чалавек] паказаў некалькі пустых бланкаў, з гатовымі пячаткамі, з подпісамі. Чорны. Мне прапанавалі яшчэ адзін гадзіннік з такой жа прыблізна цаной, потым паказалі яшчэ некалькі. Лынькоў. // Прадэманстраваць перад кім‑н. (гледачамі, аўдыторыяй і пад.). Паказаць новы спектакль. Паказаць фокус. // Азнаёміць з чым‑н., даючы тлумачэнні. Дзед Мікалай працаваў вартаўніком на птушкагадоўчай ферме. На другі ж дзень ён павёў паказаць ферму ўнуку. Даніленка. // Даць каму‑н. на праверку, для азнаямлення, прагляду і пад. Паказаць рукапіс рэдактару. // Прад’явіць. Дзед паказаў .. [вартавому] пропуск. Якімовіч.

2. што, на каго-што і без дап. Рухам, жэстам вызначыць кірунак, звярнуць чыю‑н. увагу на каго‑, што‑н. Паказаць дарогу на станцыю. □ — Добры вечар, — кіўнуў галавою Вайтовіч і паказаў Пятру на крэсла. Пальчэўскі. — Сёння будзе самалёт. Трэба адправіць у Маскву, — паказала.. [Антаніна Мікалаеўна] на партызана і дзяцей, якія сядзелі на калёсах. Шчарбатаў. — Вось зайчык бег, — паказаў Косцік, калі яны звярнулі з дарогі на цаліну, у кусты. Брыль. // перан. Вызначыць, указаць (шлях, мэту і пад.). Выгадаваў [Ленін] класу Партыю ў баях, На прастор шырокі Паказаў нам шлях. Глебка.

3. што і з дадан. сказам. Растлумачыць, навучыць каго‑н. рабіць што‑н. Паказаць, як карыстацца паяльнікам. □ Неяк увесну.. [маці] пазычыла ў суседзяў буквар і папрасіла.. дзядзьку Сцяпана, каб ён паказаў мне літары. Ляўданскі. // Падказаць, навесці на думку. Паказаць спосаб рашэння задачы.

4. што. Выявіць, зрабіць прыкметным якія‑н. пачуцці, уласцівасці, якасці і пад. Сымон яшчэ змалку паказаў сваю злосць. Колас. [Валошын:] Скажы, Ён вельмі мучыцца? [Таццяна:] Азорыч? Вельмі, Хоць і стараецца не паказаць. Глебка. // Дабіцца якіх‑н. вынікаў (на спаборніцтве, конкурсе і пад.). Паказаць лепшы вынік у бегу на 100 м.

5. што і з дадан. сказам. Апісаць, расказаць пра каго‑, што‑н., капіруючы, падрабляючы (голас, паходку і інш.). У.. [Турсевіча] была тонкая назіральнасць, і ніводная рыска, тыповая драбніца не хавалася ад яго вока. Апрача гэтага, ён меў здольнасць намаляваць і жыва паказаць той ці іншы персанаж. Колас. // Адлюстраваць у мастацкім творы. Паэма Куляшова [«Сцяг брыгады»] народная ў самым дакладным значэнні гэтага слова: яна паказала душу народа ў адзін з найбольш адказных і важных момантаў яго гісторыі. Бярозкін.

6. што і з дадан. сказам. Выявіць, раскрыць што‑н. Абследаванне паказала, што хворы папраўляецца. □ Крымская вайна. Яна з поўнай відавочнасцю паказала ўсю гніласць самадзяржаўна-памешчыцкага ладу ў Расіі. Г. Кісялёў. Рэнтген паказаў працэс у лёгкіх. Шамякін. // З’явіцца сведчаннем чаго‑н.; даць падставу для якога‑н. заключэння. — Сённяшні дзень пакажа, — спакойна пярэчыць Клім, — якая брыгада перадавая, наша ці ваша... Кавалёў. // Даказаць. Быў такі выпадак, калі Сцёпку прыйшлося на справе паказаць, які ён ужо быў вучоны чалавек. Колас.

7. што. Адзначыць, засведчыць на прыборах якія‑н. велічыні (тэмпературу, ціск і пад.). Тэрмометр паказаў 39,3°. □ Лічыльнік.. не паказаў небяспечнай радыяцыі, і Бурмакоў крыху супакоіўся. Шыцік.

8. з дадан. сказам. Даць паказанні на допыце. Дапытвалі ўсіх рабочых з барака, дзе жыў Шаліма, але ўсе, як адзін, паказалі, што ў гэты вечар нікога ў бараку не было. Мікуліч.

9. каму. Разм. Адпомсціць за дрэнны ўчынак, за якую‑н. правіннасць; правучыць. — Ну, я ж табе пакажу! — патрос я дубінкаю ў бок .. [сабакі] і пайшоў далей. Колас. — Я ж табе пакажу, шкоднік ты! — раскрычалася.. [старажыха] на ўвесь сад. Якімовіч.

•••

Не паказаць віду (выгляду) — тое, што і не падаць віду (выгляду) (гл. падаць).

Паказаць вочы — паявіцца дзе‑н.

Паказаць, дзе ракі зімуюць каму — правучыць, пакараць каго‑н.

Паказаць дулю — тое, што і даць дулю (гл. даць).

Паказаць зубы — а) агрызнуцца; б) выявіць сваю агрэсіўнасць.

Паказаць кіпцюры — выявіць гатоўнасць да адпору ці нападу.

Паказаць на дзверы каму — прапанаваць каму‑н. выйсці.

Паказаць прыклад — паслужыць узорам.

Паказаць пяткі — хутка ўцячы.

Паказаць сваё я — а) тое, што і паказаць сябе; б) настаяць па сваім.

Паказаць сябе — поўнасцю выявіць свае якасці, здольнасці, магчымасці.

Паказаць хвост — паехаць, не дачакаўшыся падыходзячых пасажыраў. — «Ракета» хвост паказала, — усміхнуўся Рыгорка. — На якія-небудзь дзесяць хвілін спазніліся... Жычка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)