лама́цца, ламлюся, ломішся, ломіцца; пр. ламаўся, ‑малася; заг. ламіся; незак.

1. (1 і 2 ас. не ужыв.). Раздзяляцца, распадацца на часткі ад уздзеяння якой‑н. сілы. І на маўклівыя нізіны Бяжыць, шалеючы, вада, І ломяцца, як шкло, ільдзіны, І крыгі гнуцца, як слюда. Глебка. Палі часта ламаліся, плюшчыліся, іх прыходзілася выцягваць назад. Шамякін. Бліскае маланка, ломіцца на часткі, — і па ўсім наваколлі працяжна грукоча гром. Гамолка. // Быць крохкім, ломкім; лёгка разломвацца. Гнецца, а не ломіцца.

2. (1 і 2 ас. не ужыв.). Псавацца, станавіцца непрыгодным. Людзі помняць усялякія здарэнні, якія адбываліся ў гэтым месцы, як ламаліся калёсы, трапляючы ў глыбокія западзіны між каменняў на дне тонкай разбоўтанай гразі. Пестрак.

3. (1 і 2 ас. не ужыв.); перан. Парушацца, разбурацца (пра што‑н. прывычнае, традыцыйнае). Стройна апрацаваныя планы ламаліся пад націскам жывое сапраўднасці. Гартны. // Рэзка змяняцца (пра характар, прывычкі, паводзіны). Іх [Косціка і Зосі] дружба пачала ламацца, гульні нярэдка канчаліся разладамі. Дуброўскі.

4. (1 і 2 ас. не ужыв.); перан. Змяняцца на тэмбру і дыяпазону ў пераходным узросце (пра мужчынскі голас). // Станавіцца перарывістым пад уплывам моцных пачуццяў, перажыванняў (пра голас). Добры раманс гучаў ненатуральна: Рая «крыўлялася», голас яе дрынчаў, ламаўся. Шамякін.

5. перан. Разм. Ісці напралом; спрабаваць пранікнуць куды‑н. сілай. Ламацца ў дзверы. □ Ноч не збавенне — толькі забыццё... Засну. — А ў грудзі ломяцца трывогі. Зуёнак.

6. (1 і 2 ас. не ужыв.); перан. Быць застаўленым чым‑н., быць перапоўненым мноствам чаго‑н. Ломяцца вітрыны ад тавараў. □ Частка людзей адразу ж вярнулася ў пакой, дзе стол ламаўся ад усякай яды. Чорны. // Гнуцца пад цяжарам. Голле ў садзе ломіцца ад яблыкаў. Грамовіч.

•••

Ламацца ў адчыненыя дзверы — даказваць, сцвярджаць тое, што даўно ўсім вядома, што не патрабуе доказаў і не выклікае пярэчанняў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раз... (а таксама раза... і рас...), прыстаўка.

А. Пры прыставачным і прыставачна-суфіксальным словаўтварэнні дзеясловаў і вытворных ад іх імён абазначае:

I. Адасабленне, раз’яднанне.

1. Перамяшчэнне ў розныя пункты з аднаго: а) рух у розныя бакі з аднаго пункта, напрыклад: разбрыдацца, разбягацца, разлятацца, раз’язджацца; б) размеркаванне, накіраванне ў розныя бакі, напрыклад: разводзіць, развозіць, разліваць, раскватароўваць, раскласці, рассылаць, рассяляць; в) рассейванне ў розных напрамках, напрыклад: распыляць, распырскваць, рассейвацца.

2. Парушэнне цэласнасці: а) адасабленне аднаго ад другога, напрыклад: разлучацца, разнімаць, раз’ядноўваць; б) раздзяленне на часткі або раздрабненне, напрыклад: раздрабняцца, разжоўваць, разменьваць (грошы), размолваць, разразаць, раскроіць; в) разбурэнне, напрыклад: разбіваць, разбурацца, развальвацца, размалаціць, рассыхацца; г) разбаўленне, напрыклад: разводзіць (фарбу).

II. Пашырэнне: а) пашырэнне па паверхні, напрыклад: раскінуцца, распасціраць, распластацца, рассцілаць, расцягвацца (на многія кіламетры); б) выхад за свае межы, пашырэнне на сумежную прастору, напрыклад: разлівацца, расплывацца, рассесціся; в) павелічэнне ў аб’ёме, расшырэнне, напрыклад: разбухаць, раздавацца, разношваць, распухнуць, расшыраць.

III. Паўнату праяўлення дзеяслоўнай прыкметы: а) інтэнсіўнасць дзеяння, працэс дзеяння, напрыклад: разадзецца, разбалецца, разбурчацца, раскарміць, раскачацца; б) стараннасць дзеяння, напрыклад: разведваць, разглядваць, распытваць, расшукваць; в) ахоп дзеяннем усяго аб’екта або суб’екта дзеяння, напрыклад: разаткаць, размалёўваць, расфарбавацца.

IV. Давядзенне дзеяння да атрымання выніку, напрыклад: разаграваць, разахвоціцца, разбудзіць, разверадзіць, развесяліцца, разжаліцца, раззлаваць, размочваць, распальваць, распесціць.

V. Знішчэнне таго, што ўзнікла ў выніку раней утворанага процілеглага дзеяння: а) адасабленне таго, што было злучана ў выніку папярэдняга дзеяння, напрыклад: развязаць, развярстаць, размацоўваць, распаяцца, расшываць; б) ажыццяўленне дзеяння ў адваротным напрамку, напрыклад: разгінаць, размотваць, раскручваць, расплятацца, распростваць, расціскацца; в) вызваленне ад чаго‑н., напрыклад: разгрузіць, раздзявацца, разуючыць, раскаваць, распакоўваць, распрагаць, распячатваць, рассядлаць, расшпільваць; г) знішчэнне стану, узнікшага ў выніку папярэдняга дзеяння, напрыклад: разбраніраваць, размагніціцца, размініраваць, раскансерваваць, рассакрэціць; д) спыненне дзеяння, напрыклад: разлюбіць, расчаравацца.

Б. Разм. Пры прыставачным і прыставачна-суфіксальным словаўтварэнні прыметнікаў абазначае: а) вышэйшую ступень якасці, напрыклад: развясёлы, разудалы, распракляты; б) наяўнасць чаго-небудзь, што распасціраецца ў розных напрамках, напрыклад: развілісты, разгалісты, разлапісты, раскідзісты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сы́пацца, ‑плецца; заг. сыпся; незак.

1. Падаць (пра што‑н. сыпкае, дробнае або пра многія прадметы). Лоўка ходзіць моцны струг, Стружкі сыплюцца наўкруг. Дзеружынскі. Цяпер Ніна бачыць, што вугаль сыплецца ў паравоз з тэндэра. Арабей. Віця не паспеў апамятацца, як адчуў, што за каўнер сыплюцца валасы, а галаву прыемна казыча халаднаваты метал. Нядзведскі. // Асыпацца. Выбухі грымелі адзін за адным. Няспынна сыпалася лісце і хвоя. Шамякін. [Брыгадзір:] — Якая муха цябе ўкусіла? Сыплецца жыта, а ты [Аксіння] — дамоў. Вярцінскі.

2. Ляцець, разлятацца ва ўсе бакі (пра што‑н. сыпкае, дробнае або многія прадметы). Іскры вогненным дажджом так і сыпаліся ў .. [электразваршчыка] з-пад рук. Краўчанка. Сыпаліся разбітыя кулямі шыбы, ляцеў тынк і руды цагляны пыл. Грахоўскі. Пырскі ад нявысах[л]ай гразі і лужын градам сыпаліся навокал. Якімовіч. Сыпаліся іскры з каменя, а кнот не запальваўся. Кулакоўскі. / у перан. ужыв. Адзін момант Ядвіся памаўчала, як бы вельмі засмуціўшыся, але з яе вачэй так і сыпаліся іскры смеху. Колас. / Пра частыя, дробныя гукі. У травяністых нізоўях скрыпелі дзеркачы, у кустоў’ях сыпаўся адчайны салаўіны пошчак. Кірэйчык.

3. Ісці, выпадаць (пра часты, дробны дождж, снег і пад.). На шэрую прамёрзлую зямлю бязгучна і густа сыплецца першы снег. Брыль. Неба ноччу нізкае, чорнае, з яго сыплецца і сыплецца імжа. Пташнікаў. // Ліцца, цячы частымі, дробнымі кроплямі (пра слёзы, пот і пад.). [Ганну] ахапіў жаль, яна не мела сілы стрымаць слёз, якія сыпаліся з пачырванелых вачэй. Гурскі. Горача стала, буйныя кроплі поту сыпаліся з твару [Алёшкі]. Якімовіч.

4. перан. Ляцець, навальвацца ў вялікай колькасці на каго‑н.; паступаць у вялікай колькасці з усіх бакоў. З розных кірункаў у .. [танк] сыпаліся кулі. Мележ. Ішла калектывізацыя. Пастрэльвалі, выходзячы з лясоў, банды, сыпаліся з-за мяжы варожыя адозвы. Лужанін. // Бесперапынна або з усіх бакоў гучаць, чуцца. За .. [Янушэўскім] наўздагон сыплюцца моцныя слоўцы, смех. Якімовіч. Дзе толькі ..[Цвірка] з’яўляўся, сыпаліся жарты, чуліся смех і песні. Сяргейчык.

5. Разм. Разбурацца ў выніку выпадання нітак па абрэзаным краі (пра тканіну).

6. перан. Разм. Імкліва бегчы; ісці, ехаць і пад. у спеху. Тут нам відаць стала, як польскія коннікі пачалі высыпацца з лесу і сыпацца з узгорка ў лагчыну. Чорны. Квактуха з крыкам адступае, а за ёю сыплюцца кураняты. Брыль.

7. Зал. да сыпаць (у 1, 3 знач.).

•••

Манна з неба не сыплецца гл. манна.

Пясок сыплецца з каго гл. пясок.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)