усадзі́ць, усаджу, усадзіш, усадзіць; зак.

1. што. З сілай уваткнуць вострым канцом, краем у што‑н. Усадзіць рыдлёўку ў зямлю. □ Дзядзька ўсадзіў сякеру ў бервяно, выпрастаўся і раптам глуха і хрыпла пачаў выгаворваць пляменніку. Мікуліч. У лесе было вядома, што Саўка ўсадзіў нож у бок войта, што Саўку аддалі ў рукі польскай улады. Колас. // Выстраліўшы, трапіць куды‑н. Дзік ходу, а паляўнічыя яшчэ па набою ў бакі ўсадзілі яму. Пальчэўскі. Народны мсцівец параўняўся з ім, зазірнуў у твар, каб не памыліцца, а потым павярнуўся і ўсадзіў кулю ў спіну здрадніку. Няхай.

2. што. Усунуць унутр чаго‑н., у што‑н. Люба ўжо не замыкала і шчыльна не зачыняла дзвярэй, каб.. [Стафанковіч], вярнуўшыся, не стукаў, а проста сам усадзіў галаву і сказаў бы сабе, што яму спатрэбіцца. Чорны. Потым усадзіў [Анупрэй] руку ў кішэню, пачаў шукаць люлькі. Пестрак. Усадзіла [Ніна] ногі ў шлёпанцы і вярнулася к тэлефону — пазваніць Васілю Кузьмічу. Лобан. // перан. Уставіць сваю заўвагу, сваё слова і пад. у чыю‑н. размову. Ірма хацела, відаць, паддобрыцца, а можа і тут убачыла штосьці смешнае, бо ўсадзіла сваё: — Фрау Грубэр, і я ўжо бачыла.. [палонных]. Брыль.

3. каго-што. Прапанаваць, прымусіць або памагчы сесці; пасадзіць. Сынклета Лукінічна правяла.. [Шашу] ў пярэдні пакой, усадзіла на канапе каля стала. Шамякін. Гаспадыня зноў усадзіла гасцей за стол. Гурскі. Кастусь усадзіў Ліпу ў кабіну, а сам палез у кузаў. Гаўрылкін. [Раненых] ўсадзілі і ўлажылі на пярэднія падводы, дапамаглі ямчэй умасціцца. Жычка.

4. каго. Прымусіць займацца чым‑н. (звычайна седзячы). [Вера Антонаўка] без дай прычыны, проста па звычцы, абышла пакоі, усадзіла за піяніна Леначку і села побач. Карпаў. Прывучаць мяне сталі да працы, За шавецкі ўсадзілі варштат. А. Александровіч.

5. што. Разм. Пасадзіць пячыся. Усадзіць хлеб у печ.

6. што. Заняць раслінамі які‑н. участак зямлі; засадзіць. Усадзіць градку кветкамі.

7. перан.; што і чаго. Разм. Расходаваць, патраціць вялікую колькасць чаго‑н. Зіна паехала .. у зімовым паліто без таліі, бо вясковы кравец, калі яго шыў, кіраваўся толькі адным прынцыпам: пастарацца як найбольш усадзіць у яго ваты. Карпюк. — Чакай, — кажа Усевалад. — От гэта правільна, якраз ты [Барыс] мне і думку падаў. Гэта ж таксама тыя лішнія запасы, у якія мы бог ведае колькі грошай усадзілі. Скрыган.

•••

Усадзіць свой нос (язык) — тое, што і уткнуць свой нос (язык) (гл. уткнуць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

плы́сці і плыць, плыву, плывеш, плыве; плывём, плывяце; пр. плыў, плыла, плыло; заг. плыві; незак.

1. Перамяшчацца па паверхні вады або ў вадзе, робячы адпаведныя рухі рукамі і нагамі (лапамі, плаўнікамі і пад.). Расстраляўшы ўсе патроны, Старобінскі кінуўся плысці цераз Нёман. Гурскі. // Перамяшчацца па вадзе (пра карабель, лодку, плыт і пад.). Насустрач... [людзям] з другога берага плыла лодка. Якімовіч.

2. Ехаць на караблі, лодцы і пад. Плысці на параходзе. Плысці на пароме.

3. перан. Плаўна рухаючыся, перамяшчацца ў паветры. Над вёскай плыве ў небе ястраб. В. Вольскі. Угары эскадрыллямі плылі самалёты. Мележ. У небе, пераганяючы адна адну, плылі шэрыя хмары. Гурскі. І зноў на палі і на травы сівыя плывуць туманы. Кляшторны. / Пра месяц, сонца. Месяц ціха плыве Залатым чаўнаком. Бядуля. / Пра гукі, пахі. Над рэчкай плыла мелодыя нейкай вельмі знаёмай песні. Асіпенка. Праз запацелыя шыбы плылі гукі піяніна. Грахоўскі. Акно было расчынена насцеж, і ў пакой шырока плыў духмяны водар асенняга саду. Краўчанка. Пахла спелай збажыной — пах гэты плыў з палёў. Шамякін.

4. перан. Плаўна рухацца, ісці. На высокай роўнядзі ляжалі жоўтыя кучы саломы, а на хвалістай нізіне за сцяною жыта плыў камбайн. Дуброўскі. Бесперарыўны паток войск плыве і плыве па галоўнай вуліцы. Пестрак. // Прабягаць перад вачыма (тых, хто едзе на чым‑н.). І вось плывуць міма акна знаёмыя саснякі-пасадкі, шэрыя з лапінамі прозелені лугавіны, асеннія палі. Навуменка. // Аб чым‑н., што здаецца рухомым чалавеку ў паўпрытомным стане. А ў таго [Гарыка] ногі дрыжалі, у вачах плылі кругі. Скрыпка. Плывуць зялёныя кругі Ў яго [вязня] вачах. Колас. // Праходзіць у памяці (пра думкі, вобразы і пад.). Але зусім не туды плылі думкі Казіміра. Пестрак. // Ісці няспынным патокам (пра пісьмы, паперы і пад.). З ваяводства плылі загады за загадамі — узмацніць варты над банкамі, над маёнткамі, над касцёламі, пашырыць і узмацніць разведку. Пестрак.

5. перан. Праходзіць, мінаць. Праходзіў час, плылі нядзелі, Далёка бежанства, шпіталь, І дні дзяцінства адляцелі Кудысь у выцвіўшую даль. Колас. Над Старыцай, далёкім ад Мінска паселішчам, над палямі і ляснымі нетрамі, гэтак жа, як і над Мінскам, плыла позняя вераснёвая ноч. Хадкевіч.

6. перан. Высыпацца (аб пераспеўшым збожжы). Па сонцы жыта, як вада, плыве. Чуць дакранешся — усе зярняткі так і сыплюцца. Грахоўскі.

7. Разм. Тое, што і цячы (у 1 знач.). Вада ў рэчцы плыве, здаецца, цішэй. Чорны. У Мішкі з вуха плыве кроў, а з вачэй — слёзы. Лупсякоў.

•••

Плысці па цячэнню — прыстасоўвацца да абставін, дзейнічаць згодна з абставінамі, не выказваючы супраціўлення.

У рукі плыве — пра тое, што лёгка, без намаганняў дастаецца каму‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

се́сці, сяду, сядзеш, сядзе; пр. сеў, села; заг. сядзь; зак.

1. Прыняць сядзячае становішча; заняць месца, прызначанае для сядзення. Сесці на лаўку. Сесці за стол. □ Віктар моўчкі сеў і пачаў слухаць. Зарэцкі. Можна сесці, скурчыцца, заснуць; сны, кажуць, сніцца будуць толькі. Мележ. Ларыса села пры акне, адсунула фіранку і пачала глядзець у сад. Мурашка. / З акалічнаснымі словамі, якія паказваюць на характар, асаблівасці такога становішча. Сесці бокам. // Заняць месца, размясціцца дзе‑н. для паездкі. Сесці ў аўтобус. □ Праўда, маршрут гэты просты: пайсці на раз’езд, як-небудзь сесці на таварны цягнік і паехаць. Колас. Дзед купіў білеты, селі на параход. Лынькоў.

2. за што, на што і з інф. Пачаць якую‑н. справу, заняткі, якія звязаны са знаходжаннем у сядзячым становішчы. Сесці за кнігу. Сесці за руль. □ Трэба будзе сесці на трактар, на камбайн — і, калі ласка, сядзем. Кулакоўскі. Кібрык сеў за піяніна, узяў акорд з моднай песенькі. Шыцік. Пятрусь сеў за ўрокі. Кавалёў. // Размясціцца на месцы выканання чаго‑н. Сесці ў засаду. // звычайна на што. Разм. Заняць якое‑н. месца, пасаду, пачаць выконваць якія‑н. абавязкі. А пасля.. [Мінін] сеў на зямельны аддзел. Дуброўскі. [Русаковіч:] Выходзіць, што я сапхнуў Сухадольскага, каб самому сесці на яго месца. Крапіва.

3. Разм. Пасяліцца на пастаянным месцы, заснаваўшы гаспадарку. Сесці на гаспадарцы. □ Тоўхарт.. абвясціў, што хто выкарчуе і ачысціць гэтую зямлю, возьме сабе навечна паўтары дзесяціны, а на трох з паловай сядзе ляснік. Чорны. [Верамейчык:] — Няўжо-такі сядзе Грамабойчык на Жагулаўшчыне? Крапіва. // Застацца дзе‑н., не выязджаючы; засесці. Яму ўважыў пан ляснічы, І сеў Міхал у страшнай дзічы. Колас.

4. Трапіць у турму, быць пазбаўленым волі. Калі людзі аднаўлялі на руінах і папялішчах разбураныя ворагам сядзібы, .. хутаранец Хамёнак сеў за спекуляцыю народным дабром у астрог. Майхровіч. [Соня] хвалілася, што пасадзіла мужыка, хоць, казалі, сеў сам за растрату. Мыслівец.

5. Абмежаваць сябе ў чым‑н. (звычайна ў ядзе). Сесці на дыету.

6. Наткнуўшыся на перашкоду, спыніцца, засесці. Баржа села на мель.

7. Спыніўшы рух, палёт, спусціцца на што‑н. (пра птушак, насякомых). Прыляцела сінічка і села на адчыненую фортку. Шахавец. Чуваць было толькі, як гудзіць вакол лямпы муха, выбірае месца, дзе сесці. Лынькоў. // Прызямліцца (пра самалёты, парашутыстаў і пад.). Тым часам самалёт, зрабіўшы яшчэ два кругі, спусціўся зусім нізка і дакладна сеў у раёне трох кастроў. Зуб. І вось перад усімі людзьмі на дарозе паказаліся немцы. Гэта і быў той самы дэсант, што перад вечарам сеў поблізу. Чорны.

8. Разм. З’явіцца на скуры, выскачыць (аб фурункуле і пад.). Прызнаў.. [Яська] валоў у двор, а там яму кажуць, што захварэў аканом, села яму скула на баку. С. Александровіч.

9. Апусціцца, асесці, паглыбіцца ў зямлю. Дом сеў. Грунт сеў.

10. Апусціцца за гарызонт, зайсці (пра свяцілы). У канцы лагоў сівеў туман, якраз там, дзе села сонца. Пташнікаў.

11. Паменшыцца ад вільгаці; збегчыся (пра тканіны, скуры і пад.). Сукно села. Касцюм сеў.

12. Спец. Замацавацца ў патрэбным становішчы. Платон.., сагнуўшыся, уважліва аглядаў, ці добра ў пазу села жардзіна. Ракітны.

13. Разм. Страціць сілу, напружанне, стаць слабейшым (пра электрычны ток, пару і пад.). У кутку.. стаяў радыёпрыёмнік, адзіны ў лагеры. Ён не працаваў ужо два тыдні — селі акумулятары. Шамякін. // Затупіцца (пра рэзальныя інструменты). Разец сеў. // Стаць больш нізкім, хрыплым (пра голас). — Ведаеце што, — голас [Гелены] сеў. — Не ідзіце нікуды. Караткевіч.

•••

Верхам сесці на каго; сесці на галаву каму — падпарадкаваць каго‑н. сабе, прымусіць выконваць свае капрызы; камандаваць кім‑н.

На тым самым месцы сесці; на тым жа суку сесці — нічога не дамагчыся, не змяніць чагосьці па-свойму, пагадзіцца з пэўным становішчам і станам рэчаў.

Ні села ні пала — без падставы, без выяўнай прычыны, нечакана.

Ні стаць ні сесці гл. стаць.

Сесці макам — а) спыніць або перапыніць надоўга свой рост, развіццё. [Мужчына:] — Пасеялі мы летась кукурузу. У адным месцы яна ўзышла і расла нішто сабе, а ў другім як выткнулася, так і села макам — жоўтая, чэзлая. Палтаран; б) пацярпець крах, няўдачу. [Атрошчанка:] — Як раён скасавалі, то і сеў [Рогаль] макам. Навуменка; в) загінуць, прапасці. [Сырамалот:] — На яблынях завязь ужо макам села. Як не дасць бог дажджу, дык і ўсё макам сядзе. Сабаленка.

Сесці (уссесці) на карак (шыю) каму — а) стаць утрыманцам каго‑н., абцяжарваючы яго гэтым. [Лабановіч:] — Вы толькі падумайце: маленькая жменька дваран і багатыроў села вам [сялянам] на карак, захапіла лепшыя землі, жыве з вашае працы і вас жа катуе, чыніць несправядлівасці. Колас; б) падпарадкаваць сабе, паставіць у поўную залежнасць ад сябе. [Вера:] — Дай яму, другому, волю, дык ён табе на шыю сядзе... Пальчэўскі.

Сесці (напасці, трапіць) на лаву падсудных — пайсці пад суд.

Сесці на мель — а) страціць здольнасць рухацца (пра судны); б) папасці ў вельмі цяжкае становішча.

Сесці на пяты каму — дагнаць, насцігнуць каго‑н., праследуючы або проста рухаючыся за кім‑н.

Сесці на свайго канька — пачаць гаварыць, разважаць доўга, падрабязна, шматслоўна.

Сесці на хлеб чый — перайсці на ўтрыманне каго‑н.

Сесці не ў свае сані — узяцца не за сваю справу.

Сесці ў лужыну (у галош) — пацярпець няўдачу, апынуцца ў няёмкім, смешным становішчы.

Чорт сеў на каго гл. чорт.

Як старой бабе сесці — вельмі мала (звычайна да рэвалюцыі гаварылася пра наяўнасць зямлі ў селяніна). Зямля нават была і не кепская, але калі яе гэтулькі, як старой бабе сесці. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)