Ту́ркаць1 ‘трашчаць’ (Байк. і Некр.), ‘буркаваць’ (ТС), ‘цвыркаць’ (трак., Сл. ПЗБ), ‘крычаць як жаба-туркалка ці турлушка’ (Нас.), ‘квакаць’ (ДАБМ, 303), туркну́ць ‘пратрашчаць’ (Байк. і Некр.), ‘праляцець з шумам’ (Бяльк.) Параўн. укр. ту́ркати ‘буркаваць’, рус. ту́ркать ‘крычаць’, польск. turkać ‘стукацець, грукаць’. Гукапераймальныя ўтварэнні, гл. ЕСУМ, 5, 681. Параўн. таксама тура́ць, туркаце́ць, турча́ць (гл.). Сюды ж ту́рканне ‘буркаванне шызага (‘сівога’) голуба’ (Нар. Гом.).

Ту́ркаць2 ‘будзіць тармосячы’ (Нас., Байк. і Некр., Бяльк.), ту́ркыць ‘прымушаць устаць крыкам’ (Бяльк.; мсцісл., З нар. сл.), ту́ркнуць ‘прыкрыкнуць’ (Юрч. Фраз. 1), ту́ркаты, ту́ркатэ ‘будзіць, турбаваць, дамагацца’ (Сл. Брэс.; драг., З нар. сл.). Укр. ту́ркати ‘паўтараць адно і тое ж’, польск. turknąć ‘ударыць чым-небудзь у што-небудзь; штурхнуць’, славен. tûrkati ‘ціснуць, прыціскаць’, харв. tȕrkati, серб. ту̏ркати ‘праціскваць, прасоўваць’, дыял. ту̏ркат ‘напамінаць, каб нехта нешта зрабіў’, макед. турка ‘штурхаць, таўчы, падштурхоўваць’. Да прасл. *turьkati, якое ад *turati ‘гнаць; прыціскаць і інш.’ (Скок, 3, 525; Фурлан у Бязлай, 4, 250), гл. турыць. Сюды ж ту́ркала ‘той, хто робіць шум, лямант, не даючы спаць іншым’ (Нас., Байк. і Некр.), ту́ркыньнік ‘той, хто пакрыквае’ (Юрч. СНЛ), ту́ркыньня ‘пакрыкванне, каб прымусіць выканаць’ (Юрч. Вытв.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

шара́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Разм.

1. каго-што і па чым, у што. Нечакана, моцна, з шумам ударыць, стукнуць. І, ліха ўскочыўшы адразу ж на фурманку, Шарахнуў [Сцяпан] Караннога пугай: «Но-о! Недалуга!» Маеўскі. / у безас. ужыв. Загрымела блізка, і па вагону шарахнула шлакам. Ставер. // і чым. Стрэліць у каго‑, што‑н. [Бацька:] — [Спачатку] з правага бі, а тады ўжо, наўздагон, дранкулькай шарахнеш. Масарэнка. // Разграміць, разбіць (ворага). А што, калі скарыстаць такі зручны момант ды шарахнуць усю гэтую зграю адным махам? Новікаў.

2. што і чым. Рэзнуць, адрэзаць з сілай, хутка. Шарахнуць кусок булкі. □ Грыша выцер паперкай пальцы. — Родны брат касою шарахнуў [дзеда]. «Здалося яму, што Стахей залез на паўступні ў яго сенажаць. Місько. // што. Аддзяліць; адарваць. [Сурвіла:] Тады мы адразу паўмаёнтка зямлі і шарахнем. Чорны.

3. Зашумець, з шумам праляцець. Нешта шарахнула ў верхавінах сосен, і ў вушы Кляновічу неспадзявана даляцела звонкае: «Куку, ку-ку...» Пестрак.

4. Тое, што і шарахнуцца (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераляце́ць, ‑лячу, ‑ляціш, ‑ляціць; ‑ляцім, ‑леціце; зак.

1. што і цераз што. Перамясціцца, адолець якую‑н. прастору паветраныя шляхам. Пераляцець акіян. Пераляцець цераз горы. // перан. Лёгка, хутка пераскочыць цераз што‑н., перамясціцца куды‑н. Лёгкім, невыказна прыгожым рухам алень пераскочыў цераз тоўсты ствол паваленага дрэва і знік.. Пераскочыў? Не, гэта было б сказана занадта недакладна! Не пераскочыў, а пераляцеў! В. Вольскі.

2. Перамясціцца па паветры з аднаго месца на другое. Пераляцець з Мінска ў Маскву. Пераляцець на другі аэрадром. □ Дзяцел нехаця ўзняўся з бярозы і пераляцеў на суседнюю. Даніленка. Раптам сарока прыпыніла свой занятак. Паківала галавою, як бы аб нечым шкадуючы, на нашых вачах дзюбай і кіпцюрамі напалову разбурыла сваё збудаванне і пераляцела на другое дрэва непадалёк. Кірэенка. // перан. Перанесціся куды‑н. уяўна, у думках. [Ярохін] пераляцеў у думках за акіян, у родную Маскву. Шамякін.

3. што і без дап. Праляцець далей, чым трэба; упасці вельмі далёка; проціл. недаляцець. Пераляцець лінію пасадкі. Снарад пераляцеў.

4. Разм. Пераламацца ад удару. Кіёк пераляцеў папалам, а гадзюка толькі прыўзнялася, нібы намерваючыся стаць на хвост. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праплы́сці і праплы́ць, ‑плыву, ‑плывеш, ‑плыве; ‑плывём, ‑плывяце; пр. праплыў, ‑плыла, ‑плыло; заг. праплыві; зак.

1. Перамясціцца ўперад плывучы. Праплысці да сярэдзіны ракі. □ Усё разлічана ў .. [плыўцу], каб праплысці як мага далей. Паслядовіч. // што. Плывучы, пераадолець якую‑н. адлегласць. Праплысці пяцьсот метраў. □ Невядома, ці здолелі б хлопцы праплысці такую адлегласць у адзежы, у сцюдзёнай вадзе, каб гэта была рака ці возера. Маўр.

2. што і без дап. Плывучы, мінуць што‑н. Праплысці буёк.

3. Плаўна, павольна праляцець. Над узбярэжжам паволі праплыў у паветры дзяжурны дырыжабль. Лынькоў. // Разм. Плаўна прайсці, праехаць. Камбайн, як карабель, праплыў па ўзгорку, павярнуўся і пайшоў назад. Шамякін.

4. перан. Прайсці, пранесціся ў свядомасці, ідучы адно за другім (пра думкі, успаміны і пад.). І перад лордам усталі далёкія гады, адна за другой праплылі ў памяці незабыўныя падзеі. Лынькоў. «Учора недалёка адсюль партызаны вялі бой», — праплыла думка. Новікаў.

5. перан. Мінуць, прайсці (пра час). І так дні за днямі жыццё праплыло. Танк.

6. перан. Пранесціся, распаўсюдзіцца. Крылом баявым партызанская слава Над краем радзімым маім праплыла. Астрэйка.

7. Плысці некаторы час. Праплысці паўгадзіны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пра... 1, прыстаўка.

1. Ужываецца для ўтварэння дзеясловаў і абазначае: а) пранікненне праз прадмет, прабіванне яго, утварэнне адтуліны і пад., напрыклад: прагрызці, праламаць, пранізаць, прапаліць, прапхнуць, прарэзаць, прастрэліць, прасунуць, праціснуць, прадзіравіць, праглянуць, працячы, прамесці, прастрыгчы; б) рух у прасторы міма прадмета, напрыклад: прабегчы, правалачы, правесці, праляцець, праскочыць; в) паўнату дзеяння, пашырэнне дзеяння на ўвесь прадмет, напрыклад: праварыць, прагрэць, пракіпець, прасеяць, прагоркнуць, прахарчаваць; г) закончанасць дзеяння, якое працягвалася некаторы час, запаўненне дзеяннем пэўнага прамежку часу, напрыклад: прабегаць, праараць, праспаць; д) дзеянне, у выніку якога нанесена шкода, страта, напрыклад: празяваць, прайграць, прагандлявацца; е) (з часціцай ‑ся/‑ца і без яе) выяўленне чаго‑н., напрыклад: прагаварыцца, прабалбатаць.

2. Ужываецца пры ўтварэнні назоўнікаў і прыметнікаў, якія абазначаюць: а) асоб паводле ўзыходнай (або сыходнай) лініі прамых ступеней сваяцтва, напрыклад: прадзед, прабабка, праўнук, праўнучка; б) першапачатковасць, найбольшую старажытнасць, напрыклад: прарадзіма, прамова (лінгв.), праславянскі; в) самую высокую ступень якасці, напрыклад: прамудры, праславуты.

пра... 2, прыстаўка (гістарычна ўзыходзіць да прэфікса про).

Ужываецца пры ўтварэнні назоўнікаў і прыметнікаў і ўказвае на блізкасць да таго або на агульнасць з тым, што абазначана ўтваральнай асновай ці на ніжэйшую, больш раннюю, папярэднюю ступень таго, аб чым сказана ва ўтваральнай аснове, напрыклад: прафашыст, праконсул, правобраз, праамерыканскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пралёт 1, ‑у, М ‑лёце, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. пралятаць ​1праляцець (у 1 знач.).

2. Сезоннае перамяшчэнне птушак; пара пералёту. Веснавы пралёт птушкі пачынаецца ў канцы сакавіка. «Весці».

пралёт 2, ‑а, М ‑лёце, м.

1. Адкрытая прастора паміж чым‑н. Скрозь просты і шырокі пралёт .. [вуліцы] відны былі агні Навасёлак. Кулакоўскі. // Скразная адтуліна, праём. Аконны пралёт. // Прастора, адлегласць паміж апорамі ў якім‑н. збудаванні. Мост драўляны, на чатыры пралёты. Чыгрынаў. // Прасла (у плоце). Здавалася, за тыя два гады, што не быў я дома, нічога тут так і не змянілася — гэтак жа, як і тады, буйна кучаравілася ліпа, гэтак жа хіліўся да зямлі, усё ніяк не могучы ўпасці, абгарэлы з аднаго канца пралёт плота. Сачанка. // Свабодны прамежак паміж маршамі ўнутранай лесвіцы. Але вось і гэты гук замёр недзе ў глыбіні лесвічнага пралёта. Васілёнак. // Прастора ўнутры прамысловага будынка паміж двума радамі калон, апор і пад. Разгружаны кран вяртаўся з лёгкім гулам. Ён ляцеў па доўгім пралёце цэха з хуткасцю цягніка. Шамякін.

2. Участак чыгуначнага шляху ад адной станцыі да другой; перагон. Трэба было праехаць адзін пралёт, таму, увайшоўшы ў вагон, .. [Кузьма] прымасціўся ў першым купэ. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ша́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Разм.

1. Шуснуць, нырнуць, шмыгнуць хутка куды‑н., рэзка падацца куды‑н. Хлопец закусіў вусны і шаснуў у гэты неадольны гушчар, які абмінала нават звяр’ё. Быкаў. [Юлька] скокнула з адхоннага берага на плыт, ды крыху раней, чым Ягор Навалёк падаў руку, — каўзанулася на акораным бервяне і, войкнуўшы, шаснула ў ваду. Карамазаў.

2. З шумам, хутка ўпасці, зляцець, паваліцца. Храснула апошні раз [дрэва] і з страшэнным хрустам шаснула на грэблю. Маўр. Сашка дык і не разабраўся спачатку: нешта зверху шаснула, куры ў двары закрычалі што было сілы і сыпанулі, як гарох, ва ўсе бакі. Даніленка.

3. Моцна стукнуць па чым‑н. Адрэзаны кавалак дошкі хруснуў, шухнуўся ўніз, шаснуў па шчэбеню. Ставер.

4. З шумам, свістам хутка праляцець. Кулі роем шаснулі над галовамі. Б. Стральцоў.

5. Разануць. Падумала была [Марфа] шаснуць нажом у хаце, але не стала — панясе цэлы [кавалак сала]. Чыгрынаў.

6. Хутка запісаць. — А ну, — кажа мне дзядзька Паўлюк, — шасні гэта, Лявон, на паперку. Гэта ж, брат, казка! Брыль.

7. Разбіць. Баба міскі шаснула Ды рукамі пляснула. Бічэль-Загнетава.

8. Лінуць. [Аўдотка] шаснула ваду ў надоенае малако. Вітка.

9. Утварыць шоргат, глухі шум. Раптам нешта шаснула ў кустах. Бядуля. У рацэ і над ракою Шаснуў вецер неспакойны. Панчанка. Вусцішна Зосі адной паміж лесу.. Дзе што шасне, яна ўздрыганецца, адагнецца, прыглядаецца ў той бок, пакуль не заўважыць, што там птушка з галінкі на галінку пералятае. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)