зы́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак., што і чаго.

1. Тое, што і жадаць (у 2 знач). — Мой сын! Дабра я табе зычу, благасла ясных зор. Дубоўка. Відаць было, што цётка Яромінчыха задаволена сваёй кватаранткай і зычыць ёй шчасця, як роднаму дзіцяці. Кухараў.

2. Абяцаць, прадказваць што‑н. Каханне Машэкі і Наталькі зычыла ім шчасце ў будучым. Шкраба. Ноч зычыла холад, — па зжатых палях за туманам ужо блізка да вёскі кралася восень. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Плане́та ’нябеснае цела’ (ТСБМ), плянэ́та ’тс’ (Яруш.), планэ́та ’тс’ (Шат.), ’поўня’ (ігн., Сл. ПЗБ), плане́та ’лёс’ (ТСБМ; Юрч. СНЛ), ст.-бел. планета, плянета ’планета’, лёс’ (1518 г.) запазычана са ст.-польск. planeta (м. р.), płaneta ’тс’, якія з лац. planēta, ст.-грэч. πλανήτης ’які блукае’ < πλανάεσθαι ’блукаць’, πλανάειν ’збівацца з дарогі’ (Фасмер, Этюды, 151; Праабражэнскі, 2, 67; Банькоўскі, 2, 597). Сюды ж плане́тнік ’кніга прадказанняў’ (Юрч. СНЛ), параўн. ст.-чэш. planetník ’прадказальнік лёсу паводле планет’ (Махэк₃, 454), польск. planetnik ’астролаг, які ўмее прадказваць лёс па зорках’, ст.-рус. планитникъ ’астролаг’ (XVII ст.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пламе́та1 ’вельмі многа’ (Жд. 2). Відаць, з планета (гл.) ’нябеснае цела’, як у польск. planeta (а ў X–VII стст. і planeta) — ’сонца і месяц’, з далейшым абагульненнем, — ’зорка, зоркі’, шматлікасць якіх на небе і вызначыла значэнне лексемы. Параўн. таксама рус. планида ’вялікая шматдзетная сям’я’.

Пламе́та2 ’лёс, прадвызначэнне’ (ТС). Да планета (гл.). Значэнне ’лёс’ развілося з меркавання, што планеты ўгшываюць на жыццё і дзеянні людзей.

Пламе́та3 ’хмара, хмарнасць’ (?): нейка така пламета набягае, што по усім дзерэўням дождж (ТС), укр. зах.-валын. планета ’вялікая навальнічная хмара’. Да планета (гл.). Параўн. польск. plametnik ’чорная хмара, якая пасоўваецца па небе’, дыял. planeta ’пералётная хмара’, planetnica ’белая хмара, якая праплывае па небе’. Паводле Гарачавай (Этимология–1994–1996, 28), не выключана развіццё значэнняў ’лёс’ — ’воблака’, паколькі ў старажытнасці маглі гадаць па форме воблакаў, прадказваць лёс.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

варажы́ць, ‑ражу, ‑рожыш, ‑рожыць; незак.

1. Адгадваць будучае або мінулае па картах, лініях рукі і пад. К твайму аконцу каля ганка Падходзіць варажыць цыганка. Багдановіч. [Ліза] з Наталлю дасталі з-за люстэрка растрыбушаную, як вата, калоду карт і варажылі. Чорны. Варожаць сёстры. Над лучынай Льюць воск у поўнае вядро. Бялевіч.

2. Меркаваць, рабіць здагадкі. [Люба:] — Чалавек дзесяць перапытала. Адны гавораць, паехалі на Ру дню, другія — к Дняпру. Вось тут і варажы. Шамякін. [Папас і Галіна] варажылі, як будзе заўтра, ці прыйдуць на свята сяляне з суседніх вёсак. Галавач. [Начальнік заставы:] — Што тут доўга варажыць, Хочаш разам з намі жыць? А. Александровіч.

3. Прадракаць, прадказваць. [Дзед:] — Прыйдуць дні, аб якіх вякі варажылі, Пра якія ў казках адно гаварылі. Танк. Мой дзед ведаў прыкметы надвор’я. З вечара, гледзячы ўгору, варажыў пагоду на раніцу. Грамовіч. Зязюлі варожаць і кнігаўкі жаляцца, І глушаць усіх салаўі. Панчанка.

4. Разм. Вабіць, зачароўваць. І чаруе, і варожыць шаўкавістая трава. Хведаровіч. І струны на гуслях, І струны ў сэрцы, Як вокліч у пушчы, Завуць і варожаць. Бядуля.

5. перан. Разм. Па-майстэрску, падобна чараўніку, працаваць над чым‑н. [Скульптар] варажыў над пластылінам. Скрыган.

•••

Бабка надвае варажыла гл. бабка ​1.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гавары́ць, ‑вару, ‑ворыш, ‑ворыць; незак.

1. Валодаць вуснай мовай. Дзіця пачало гаварыць рана. // Вымаўляць, выгаворваць гукі мовы, словы, фразы. Манера гаварыць. Гаварыць з акцэнтам. □ Нешта сціскала глотку і не давала гаварыць. Шамякін. // Валодаць якой‑н. мовай. Гаварыць па-руску. Гаварыць па-нямецку.

2. што і без дап. Выражаць вусна якія‑н. думкі, паведамляць факты і інш. Гаварыць праўду. Гаварыць прамову. □ Ад усяго сэрца і душы гавару табе шчырае слова, вялікі мой, гераічны і слаўны беларускі народзе. Купала. Гаворыць Сцёпка і на Алёнку не глядзіць, каб па вачах яго не пазнала, што ён трохі туману напускае. Колас. // Раіць, загадваць, навучаць. Вучылася Наташа ўвесь час выдатна і выконвала ўсё, што гаварылі настаўнікі. Шамякін. — Не хадзі, табе гавару, не хадзі... — шаптала .. [Вера] сухімі бяскроўнымі вуснамі. Лынькоў. // Расказваць, паведамляць пісьмова або ў друку (пра аўтара, гісторыю, летапісца і інш.). З. Бядуля сваім творам гаварыў чытачу, што трэба ўмець пад прыемнай знешняй маскай пазнаваць драпежны твар ворага. Кудраўцаў. // Паведамляць, перадаваць якую‑н. думку сваім зместам (пра кнігі, дакументы, надпісы і пад.). Абвестка на сцяне дома гаварыла, пра што будзе сход. Чорны. // перан. Выражаць сабой, паказваць на якія‑н. думкі, пачуцці. Калі каханне — гавораць вочы Тугой і шчасцем выразней слоў. Чарнушэвіч. Апошнім чытаў вершы сціплы на выгляд хлопец па прозвішчу Заранік. Прозвішча нічога не гаварыла слухачам. Хадкевіч. // Падказваць, прадказваць (пра адчуванні і пад.). А мыслі і сэрца гавораць — Не вер яму [ваяку-прыблудзе], рыжаму, не! Колас.

3. Весці гутарку, размаўляць з кім‑н. — Вы мне, таварыш Кавалькевіч, толькі прыемнасць зробіце, калі са мною пра гаспадарку гаварыць будзеце. Бядуля. Да світання Мы з табою Гаварылі, Сэрца сэрцу Назаўсёды Падарылі... Дзеружынскі. // Абгаворваць каго‑, што‑н., абмяркоўваць што‑н. [Жлукта:] Таварышы, я зусім не хачу, каб пра мяне гаварылі, што я блатмайстар які-небудзь. Крапіва. // неазначальна-асабовы (у 3 ас. мн.). Ходзяць чуткі, кажуць. Не воўк работа, як гавораць, І ў лес яна не пабяжыць. Колас.

4. Выражаць сабой што‑н., сведчыць аб чым‑н., паказваць на што‑н. Яны аж стракацелі ў вачах, гэтыя ўмоўныя значкі, якія гаварылі аб партызанскіх атрадах, вазах. Лынькоў.

5. перан. Праяўляцца ў чыіх‑н. паводзінах, учынках, словах і пад. Гэта не я гавару — гора маё гаворыць. З нар. [Наталля:] Я тут не вінавата. Гэта ваша маладосць гаворыць у вас. Крапіва.

•••

Гаварыць на карысць каго-чаго — служыць доказам, пацвярджэннем дадатных якасцей каго‑, чаго‑н.

Гаварыць на розных мовах — не разумець адзін аднаго.

Гаварыць у руку — трапляць у тон чыёй‑н. размове, падтрымліваць чыю‑н. думку, погляд.

Да трох не гавары каму — пра зласлівага строгага чалавека, які не церпіць пярэчанняў.

(Ды) што (і) гаварыць — доказаў не патрабуецца, і так зразумела.

Кроў гаворыць гл. кроў.

Што ні гавары — нягледзячы ні на што, у любым выпадку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)