ШАМА́НСТВА,
шаманізм, ранняя форма рэлігіі, заснаваная на веры ў зносіны шамана, які знаходзіцца ў стане рытуальнага экстазу (камлання), з духамі. Шаманам прыпісвалася таксама здольнасць прадказваць будучыню, лячыць ад хвароб, выклікаць змены ў прыродзе, праводзіць памерлых у падземны свет і да т.п. Вядома многім народам Афрыкі, Паўн. Еўразіі, Усх. Азіі, індзейцам Амерыкі і інш. Рысы Ш. былі ўласцівы і стараж.-рус. жрацам (валхвам).
т. 17, с. 365
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯБІЯЛО́ГІЯ,
галіна навукі, якая выкарыстоўвае метады эвалюц. біялогіі ў аналізе сац. жыцця. Узнікла ў 2-й пал. 20 ст. пры вывучэнні паводзін жывёл і іх згуртаванняў. Асн. праблемы С. выкладзены амер. энтамолагам Э.Уілсанам у кн. «Сацыябіялогія. Новы сінтэз» (1975). Спрабуе тлумачыць паводзіны індывіда, зыходзячы з яго генет. праграмы.
З-за падабенства ў паводзінах жывёл і чалавека С. праводзіць прамую аналогію паміж імі. Лічаць, што паводзіны чалавека абумоўлены прыродным адборам і запраграмаваны генетычна; спрабуе ўводзіць у грамадскія навукі метады біял. навук, якія дазваляюць прадказваць паводзіны людзей; не адмаўляе таксама ролі навакольнага асяроддзя, навучання, культ. традыцый і Генет. схільнасці індывіда.
т. 14, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАСКО́П (грэч. hōroskopos літар. які назірае час),
табліца ўзаемнага размяшчэння планет і зорак на пэўны момент часу для зададзенага месца. Па гараскопе робяцца спробы прадказваць лёс чалавека, рысы яго характару, здароўе, кар’еру і інш. Гараскоп складаюць на канкрэтнага чалавека (індывідуальны), на дзяржаву, горад, прадпрыемства (мунданны), на пачатак якой-н. дзейнасці ці каб атрымаць адказ на пэўнае пытанне (характарны), на які-н. перыяд жыцця чалавека (салярны, планетарны, звязаны з Месяцам і інш.).
Першыя гараскопы складалі ў Вавілоне ў 5 ст. да н.э. Прадказанні першапачаткова мелі агульны характар. Удасканаленне гараскопа вяло да большай канкрэтызацыі. Цікавасць да складання гараскопа патрабавала добрага ведання астраноміі і стымулявала яе развіццё. Гараскоп змяшчае камбінацыю вял. колькасці элементаў (знакаў задыяка, нябесных дамоў, планет, зорак і інш.), якія знаходзяцца ў неперарыўным руху і, зафіксаваныя ў пэўны момант часу, даюць своеасаблівую матрыцу, што даследуецца астролагамі. Гл. таксама Астралогія.
А.А.Шымбалёў.
т. 5, с. 50
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАРО́КІ БІБЛЕ́ЙСКІЯ,
рэлігійна-палітычныя прапаведнікі ў стараж.-яўр. Ізраільскім царстве і Іудзейскім царстве ў 8—4 ст. да н.э. Ужо ў 2-м тыс. да н.э. лічылася, што П.б. надзелены дарам успрымаць божыя пасланні і паведамляць іх людзям, што яны як пасрэднікі паміж богам і людзьмі могуць прадказваць ад імя бога будучыню, у т. л. засухі, голад, рэліг. і паліт. падзеі, чалавечыя лёсы. З 8 ст. да н.э. прарокі становяцца таксама паліт. прамоўцамі і прапаведнікамі. Яны выкрывалі людскія заганы (сквапнасць, распусту, імкненне да раскошы), выступалі супраць войнаў, прыгнёту, абеззямельвання сялян, прадказвалі перамогу сац. справядлівасці ў будучым, калі «людзі перакуюць мячы на аралы» (Ісая). Іх рэліг.-паліт. прамовы, пропаведзі і аракулы (прароцтвы) напачатку перадаваліся вусна, потым іх запісвалі і збіралі ў зборнікі, якія паступова аб’ядноўваліся ў асобныя кнігі прарокаў у Бібліі, канчаткова адрэдагаваныя ў час праўлення Ахеменідаў (6—5 ст. да н.э.). Жыццё і дзейнасць П.б. ахутваліся шматлікімі міфамі і легендамі аб здзейсненых імі цудах. Найб. вядомыя П.б.: Ілія і яго вучань Елісей (9 ст. да н.э.), Амос, Осія, Ісая, Міха (8 ст. да н.э.), Іерэмія, Сафонія, Навум, Авакум (7 ст. да н.э.), Іезекііль, Агей, Захарыя (6 ст. да н.э.). П.б. зрабілі вял. ўплыў на рэліг.-паліт. мысленне. Да іх ідэй звярталіся хрысц. ерэтычныя рухі сярэднявечча, ідэолагі сял. войнаў і інш. нар. рухаў, сацыялісты-утапісты.
Літ.:
Рижский М.И. Библейские пророки и библейские пророчества. М., 1987.
т. 13, с. 16
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)