у́хать несов.

1. разг. (издавать громкий звук) бу́хаць, грыме́ць; (громко кричать) ву́хкаць, во́хкаць;

вдалеке́ у́хал гром удалечыні́ бу́хаў (грыме́ў) гром;

2. (с шумом падать) прост. бу́хаць, го́паць; па́даць;

3. (класть в большом количестве) прост. бу́хаць, гаці́ць, пе́рці;

4. (пропадать) прост. ма́рна прапада́ць, гі́нуць;

5. (расходовать) прост. бу́хаць;

6. (ударять) прост. сту́каць;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

По́рацца, по́рыцца ’працаваць у хаце, па гаспадарцы’ (нараўл., Арх. ГУ; Сл. Брэс., Ян., ТС; брагін., Нар. словатв.), ’корпацца’ (Мат. Гом.), по́ранне ’работа на гаспадарцы’ (Ян.). Прасл. *porati sę ’знаходзіцца ў руху’, параўн. укр. по́ратися ’працаваць, гаспадарыць, прыбіраць’, польск. porać się ’клапаціцца, круціцца ў працы, рабіць старанна і доўга’, чэш. párati se ’рабіць чорную, брудную работу’, чэш. дыял. párat se ’капашыцца, працаваць павольна’. Казлова (Регионализмы, 11) выводзіць з прасл. дыял. *porati ’дзейнічаць, рабіць’, рэканструяванага на базе н.-луж. poraś ’прывесці ў рух’ (Трубачоў, Серболуж. сб., 168); параўноўваюць з рус. отпо́р ’адпор, супраціў’, порно́й ’моцны, здаровы’, што ўзыходзіць да *perti (гл. перці), гл. Шустар-Шэўц, 2, 1134. Куркіна (Этимология–1994–1996, 53) выводзіць з *porati, ітэратыў да *porti ’пароць’ з далейшым развіццём ’нешта рабіць, займацца, корпацца’, што падаецца больш верагодным. Банькоўскі (2, 703–704) польск. porać się ’працаваць па дому’ лічыць запазычаннем з усх.-слав. Гл. таксама поркацца, поркаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

палі́тыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

1. Грамадская дзейнасць, барацьба, у якой адлюстроўваюцца карэнныя інтарэсы класаў і іхнія ўзаемаадносіны; дзейнасць дзяржавы ў галіне ўнутранага жыцця і міжнародных адносін. Знешняя палітыка. Унутраная палітыка. Міжнародная палітыка. □ — Правільная палітыка нашай камуністычнай партыі, — гаварыў Кастусь, — палітыка ўсямернага развіцця індустрыі і калектывізацыі сельскай гаспадаркі — апраўдала сябе выдатна. Брыль. // Агульны напрамак дзейнасці дзяржавы, якога‑н. класа, партыі. Агрэсіўная палітыка. Палітыка мірнага суіснавання. Палітыка нейтралітэту. // Напрамак дзейнасці дзяржавы, палітычнай партыі ў той ці іншай галіне ў пэўны перыяд. Новая эканамічная палітыка. Нацыянальная палітыка. // Падзеі і пытанні ўнутранага і міжнароднага грамадскага жыцця. Максіму хацелася таксама сказаць што-небудзь аб палітыцы, але ён дні тры ўжо не чытаў газет і таму баяўся сказаць неўпапад. Шамякін.

2. Разм. Характар паводзін, які вызначае адносіны да каго‑, чаго‑н. — Ты пасаромелася б людзей, кабета. На роднае дзіця з ражном перці... Ды бога пабаялася б.. — Усё гэта хітрыкі дзеда, і маці добра разумее яго палітыку. Але што ты з гэтым дзедам зробіш. Лынькоў.

3. Разм. Удзел у рэвалюцыйным руху, у рэвалюцыйнай рабоце. Цяпер.. [Параска] жыла без мужа: яго засудзілі паны на восем год за палітыку. Дамашэвіч.

[Грэч. politikē.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пну́цца ’напружвацца, натужвацца, пяцца’, лезці, праціскацца праз натоўп наперад’ (Гарэц., Шат., Касп., Сцяшк. МГ, ТС, Растарг., Стан.), ’сердаваць, злавацца’ (Ян.), пнуцьперці, напіраць’ (Растарг.), ’штурхнуць, піхнуць’ (Ян., ТС). Укр. пнутися (< пʼя́сти) ’нацягваць’, рус. пнуть, пинать ’даваць выспятка, штурхаць, удараць нагою’, стараж.-рус. пяти, пнути ’штурхануць’, польск. piąć (się) ’звязваць’, ’караскацца уверх, лезці’, ’віцца (аб раслінах)’, ’рушыць, накіравацца’, н.-луж. pěś, в.-луж. pjeć ’нацягваць, напружваць’, ’злучаць’, чэш. pnouti se ’ўзвышацца’, ’віцца, паўзці’, славац. pnúť sa ’тс’, славен. pẹ́ti ’цягнуць’, ’імкнуцца’, pẹ́ti se ’ўзыходзіць, паднімацца’, серб.-харв. пе́ти се ’паднімацца, лезці ўверх, узыходзіць (на гару)’, макед. напне се ’нацягнуцца’, ’напружыцца’, ’націснуць, наваліцца’, балг. пъ́на ’нацягваю’, напъ́на се ’напружыцца’, ст.-слав. съ‑пинати ’звязваць’. Прасл. *pęti (), pьnǫti, роднасныя літ. pìnti ’плясці’, лат. pît ’заплятаць’, ’путаць (каня)’, літ. pynė̃ ’каса (валасоў)’, арм. hanum ’тку, сшываю’, ст.-грэч. πένομαι ’(цяжка) працую’, гоц. spinnan ’прасці’, нова-в.-ням. spinnen, spannen ’нацягваць’, ’напружвацца’, тахар. A pänw‑, тахар. B pänn‑ ’цягнуць’, ’напружваць’ (Фасмер, 3, 292; Махэк₂, 464–465; Бязлай–Сной, 3, 31).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Праць ’мыць, б’ючы пранікам (бялізну, палатно)’ (ТСБМ, Нас., Некр., Янк. 1, Юрч., Бес., Мік., Шн. 2, Янк. Мат.), пра́ці, пра́ты ’тс’ (Сл. ПЗБ), пра́ті ’тс’ (Сл. Брэс.), ’біць, лупцаваць’ (Юрч., Нікан.), ст.-бел. прати ’тс’. Рус. прать ’мыць, калаціць бялізну, укр. пра́ти ’мыць, калаціць’, ст.-рус. пьрати, перу ’мыць бялізну’, польск. prać ’мыць бялізну’, в.-луж. prać, н.-луж. praś, палаб. perět, чэш. práti, славац. prať, серб.-харв. пра̏ти, славен. práti ’біць, калаціць, мыць’, балг. пера́ ’тс’, макед. пере ’тс’. Прасл. *pьrati, першаснае значэнне ’біць, лупцаваць’. Роднасныя: літ. pẽrti, periù ’біць, сячы лазневым венікам’, лат. pḕrt ’біць венікам у лазні’, арм. harkanem ’б’ю’ (Фасмер, 3, 355; Траўтман, 215, 468). Значэнне ’таўчы, таптаць’ у якасці зыходнага прымаюць Младэнаў, 418; Бязлай, 3, 104; Сной₂, 559 (< і.-е. per‑ ’таўчы’), што зусім верагодна, улічыўшы архаічны палескі спосаб прання, пры якім бялізну топчуць нагамі, параўн. літ. spìrti ’таптаць нагамі’, што, паводле Фасмера (3, 355), роднаснае *perti, гл. перці.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рапярці́ць ’вучыць, як рабіць; настаўляць, павучаць’, сюды ж зваротныя з істотным зрухам семантыкі рапярці́цца, нарапярці́цца ’збірацца пайсці, паехаць куды-небудзь’ (віл., Жыв. сл.), рапярці́ць (ріпярці́ць) ’рыхтавацца, збіраць’, рапярці́цца ’рыхтавацца, збірацца’ (Юрч.). Параўн. рус. дыял. (урал.) реперти́ться ’харахорыцца, задзірацца’, у якім Куркіна (Этим. иссл., 6, 29) хоча бачыць словаскладанне прыслоўя *jarě (гл. я́ры) і дзеяслова *pertiti, вытворнага ад *perti (гл. перці1), што можа патлумачыць значэнне ’павучаць, настаўляць’. Што датычыць значэння ’збірацца, рыхтавацца’, то тут магчыма супастаўленне з рус. дыял. (уран.) подрепети́ть ’падрыхтаваць’, подрепети́ться ’навесці парадак, прыбраць’, якія Куркіна (там жа) збліжае з балг. дыял. ерепе́тим се ’харахорыцца, важнічаць, надувацца’, рус. дыял. ерепеси́ть ’дасягаць, дабівацца чаго-небудзь неадчэпнымі просьбамі, прыстасаваннямі’, ере́пестить ’з лаянкай, пануканнямі прымушаць працаваць’, для якіх узнаўляецца прасл. дыял. *jarěpętiti sę, што з прыслоўя *jarě ’р’яна, з запалам’ і дзеяслова *pętiti (гл. пяць2, пну), гл. Трубачоў, Этимология–1970, 371; ЭСCЯ, 8, 172. Для апошніх нельга выключыць сувязь з рэпетава́ць ’злавацца; крычаць’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

це́раз, прыназ. з В.

Спалучэнне з прыназоўнікам «цераз» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. Ужываецца пры абазначэнні якой‑н. прасторы, месца і пад., упоперак якіх што‑н. размяшчаецца, з аднаго боку на другі, ад аднаго краю да другога адбываецца рух, дзеянне. Правесці атрад цераз балота. Перайсці цераз вуліцу. Пераплыць цераз мора. □ Колькі сілы цягнуць санкі Цераз пушчы, цераз горы, Цераз рэкі і азёры, Без дарогі, без шляхоў Адзінаццаць пар ласёў. А. Александровіч. Вялі прасторныя шляхі Цераз балоты, Цераз нетры, Цераз пяскі пустынь сухіх. Глебка. // Паказвае на паўтарэнне чаго‑н. на тых або іншых прамежках прасторы. Слупкі стаялі цераз кожныя пяць метраў. / У выразах «цераз плячо», «цераз плечы», «цераз спіну» і пад. Перакінуў цераз плечы ранец І падаўся доктар са двара. Звонак. Няцяжка.. [Нікіфаровічу] ўявіць і сябе малога, з парэпанымі нагамі, у зрэбных штоніках і з зашмальцаваным паскам цераз спіну. Броўка.

2. Ужываецца пры абазначэнні месца або прадмета і пад., паверх якіх накіравана дзеянне або рух. Пераскочыў цераз ручаёк. Перакінуць цераз мяжу. Пераляцець цераз дах. □ Вялікі каменны мост цераз раку быў узарваны. Лынькоў. // (у спалучэнні з наз. «мера», «сіла» і пад.). Ужываецца для абазначэння звыш нормы, меры, мяжы і пад. Падняць цераз сілу. □ Цераз сілу і конь не вязе. З нар. // Паверх краёў. Цераз халяўкі набераце вады поўныя чаравікі. Калюга.

3. Ужываецца пры назвах асяроддзя, прадмета, праз якія хто‑, што‑н. праходзіць, пранікае. Водсвет полымя цераз паддувала, цераз шчылінкі ў дзверцах падаў на падлогу пучкамі. Шамякін. Непрыветна цераз вокны ночка пазірае. Колас.

Часавыя адносіны

4. Ужываецца пры ўказанні на прамежак часу, пасля якога што‑н. адбываецца. Прыехаў цераз два гады. Цераз пяць мінут перапынак скончыцца. □ Гэта к ёй [Карменсіце] — Недаступна далёкай — Як бацькоўскі да сына доўг, Незвычайныя словы Блока Перайшлі цераз горы гадоў. Глебка. // Паказвае на паўтарэнне чаго‑н. у тыя або іншыя прамежкі часу. Дзяжурыў цераз дзень.

5. Абл. Ужываецца для абазначэння часу ў адносінах да пары сутак. У той дзень у нас на полі работы не было: з самага рання і аж цераз поўдзень ішоў дождж перагонамі. Чорны.

Аб’ектныя адносіны

6. Ужываецца пры ўказанні на асобу, прадмет, з дапамогай або пры пасрэдніцтве якіх што‑н. адбываецца. Перадаць цераз суседа. □ Шлях ваш у заўтра — цераз калгас. Крапіва.

Прычынныя адносіны

7. Ужываецца для ўказання на прычыну ці падставу чаго‑н. Аслабеў цераз хваробу. □ [Пракоп:] — Які з майго Яўгена мужчына. Ажаніўся і тое, можна сказаць, цераз мяне. Баранавых.

•••

Пятае цераз дзесятае гл. пяты.

Цераз верх наліць (насыпаць) гл. паліць.

Цераз верх перці гл. перці.

Цераз галаву чыю гл. галава.

Цераз горла валіцца гл. валіцца.

Цераз край гл. край ​1.

Цераз пень калоду гл. пень.

Цераз сябе браць гл. браць.

Цераз хлеб ды хлеба шукаць гл. шукаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сади́ть несов.

1. (сажать) садзі́ць, саджа́ць;

сади́ть дере́вья садзі́ць (саджа́ць) дрэ́вы;

сади́ть госте́й садзі́ць (саджа́ць) гасце́й;

сади́ть на до́лжность председа́теля садзі́ць на паса́ду старшыні́;

сади́ть на дие́ту садзі́ць на дые́ту;

сади́ть в тюрьму́ садзі́ць (саджа́ць) у турму́;

сади́ть хлеб в печь садзі́ць (саджа́ць) хлеб у печ;

сади́ть ры́бу в пруд садзі́ць ры́бу ў са́жалку;

сади́ть насе́дку садзі́ць квакту́ху;

сади́ть кля́ксу садзі́ць кля́ксу;

2. прост. (идти) садзі́ць, пе́рці;

3. прост. (вгонять, вбивать) садзі́ць;

он са́дит пу́лю за пу́лей в сте́ну ён са́дзіць ку́лю за ку́ляй у сцяну́.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Пяць1 ’лічба пяць’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Стан., Сл. ПЗБ), пʼяць ’тс’ (ТС), укр. пʼять, рус. пять, польск. pięć, чэш. pět, славац. рäť, каш. ṕińc, в.-луж. pjeć, н.-луж. pěš, палаб. pąt, славен. pẹ̑t, серб.-харв. pȇt, балг. пет, макед. пет, дыял. пент, ст.-слав. пѧть. Прасл. *pętь ’пяцёрка’, лічыцца вытворным ад *pętъ ’пяты’; роднаснае прус. penckts ’пяты’, літ. penkì ’пяць’, лат. pìeci ’тс’, гоц. fimf, ст.-в.-ням. fimfto, ням. fünfte ’тс’; сюды ж таксама ст.-інд. páñca, грэч. πέντε, лац. quīnque ’тс’ (Фасмер, 3, 426; Шустар-Шэўц, 2, 1074; Махэк₂, 447; БЕР, 5, 191; Глухак, 476–477; Сной₂, 509–510; ESJSt, 11, 643–644; ЕСУМ, 4, 652–653). Пра першасны назоўнікавы характар лічэбніка, на думку Банькоўскага (2, 569), сведчаць фразеалагізмы — польск. вілен. ni pięć, ni dziewięć, адпаведна ні ў пяць, ні ў дзесяць ’дрэнна і непапраўна (зрабіць)’ (Шат.), паралельныя да літ. nei penki, nei devyni ’ні тое, ні сее’.

Пяць2 ’напружваць, напінаць’ (ТСБМ), ’ціснуць, перці; пнуць, піхаць’ (Нас.), пя́цца ’напружвацца; праціскацца; тужыцца’ (Нас.; Сержп.; смарг., Сл. ПЗБ), пʼяцца ’пнуцца’ (ТС), пя́стысь, пясты́сь ’напружвацца’ (Сл. Брэс.); укр. пʼя́сти ’нацягваць’, рус. пять, польск. piąć, чэш. píti, славац. pnuť, в.-луж. pjeć, н.-луж. pěś, серб.-харв. пе́ти ’ўзнімаць’, славен. pẹ́ti ’нацягваць’, балг. пъ́на. Прасл. *pęti, *рьnǫ ’напружваць, напінаць’, роднаснае літ. pìnti ’плясці, скручваць’, лат. pît ’тс’, грэч. πένομαι ’працаваць’, гоц. spinnan ’прасці’, на аснове якіх рэканструюецца і.-е. *(s)pen‑ ’цягнуць, нацягваць’ (Махэк₂, 447; Фасмер, 3, 292; Шустар-Шэўц, 2, 1075; Глухак, 477–478; Сной₂, 510–511). Мартынаў (Язык, 81) лічыць, што першапачатковае тэрміналагічнае значэнне ’звіваць, прасці’, змененае пад уплывам прасл. *plesti (гл. плясці), што пераняло першаснае значэнне. Гл. таксама і пнуць, пнуццца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Спор1 ‘удача, поспех у чым-небудзь’ (ТСБМ), ‘карысць, пажытак’ (Ласт.), ‘прыбытак; поспех’ (Нас., Гарэц.), спор (спорь) ‘ураджай’ (Пятк. 2), параўн.: “wiedźmy… łopatą do pieczenia chleba biorą spór z żyta” (Маш., 221), спор, спара́ ‘памнажэнне, павелічэнне’: “Спор табе ў дзяжу! Спор вам на хлеб” — прыгаваруюць, каб не мінаўся хлеб” (мін., чэрв., рагач., Сл. ПЗБ), ‘дастатак’: въ гумнѣ спора ‘пажаданне пры ўлазінах’ (мазыр., Яшк. Мясц.), ‘пажаданне ў рабоце’ (ЛА, 5), спо́рны ‘выніковы, паспяховы’, ‘эканомны, шчодры’, ‘густы (пра дождж, снег)’ (Нас., ТСБМ, Шат., Гарэц., Сл. ПЗБ, ТС). Параўн. укр. спо́рий ‘выніковы, паспяховы’, спориня́ ‘поспех, прыбытак, рост’, рус. спо́рый ‘тс’, спорынья́, спорина́ ‘прыбытак, рост’, стараж.-рус. споръ ‘багаты’, польск. spory ‘не малы, дастаткова вялікі’, в.-луж., н.-луж. spóry ‘багаты, шчодры’, чэш. sporý ‘выніковы, моцны’, славац. sporý, серб.-харв. спо̏р ‘павольны, працяглы’, славен. spòr ‘багаты, пажыўны’, балг., макед. спор ‘прыбытак; ураджай’. Прасл. *sporъ ‘выдатны; багаты; пажыўны’ з’яўляецца прыметнікам ад прасл. *spěti ‘спець’ (гл.) з суф. ‑r‑. Мае адпаведнікі ў ст.-інд. sphirás ‘сыты; багаты’, лац. prosper (*prosparos) ‘шчаслівы; спрыяльны’, ст.-ісл. sparr ‘ашчадны; пашкадаваны’. Іншая апафанічная ступень у прасл. *spěti (гл. спець). Гл. Фасмер, 3, 737 з іншай літ-рай; Скок, 3, 313; Махэк₂, 570–571. Шустар-Шэўц (1343–1344) узнаўляе прасл. наз. *sporъ ‘прыбытак, ураджай’ і прым. *sporъ‑jь ‘спорны, паспяховы’. Гл. яшчэ Варбат, Этимология–1965, 120; Тапароў, Этимология–1980, 652; ЕСУМ, 5, 380.

Спор2 ‘сварка, спрэчка’ (Бяльк.), спор, спо́рка ‘супраціўленне’ (Нас.), спор, спо́рка ‘сварка, спрэчка’ (ТС), спо́рыць ‘спрачацца’ (паст., смарг., Сл. ПЗБ; ТС), спо́раць ‘ісці ў заклад’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), спо́рыцца ‘спрачацца’ (Шат.; віц., Сл. ПЗБ; Бяльк.), спо́роваць ‘тс’ (Нас.), спо́рываць ‘тс’ (Касп.). Укр. спір, спо́ритися ‘спрачацца’, рус. спор, спо́рить, стараж.-рус. съпоръ, польск. spór, чэш., славац. spor, серб.-харв. спо́р ‘спор; судовы працэс’, славен. spór ‘спрэчка’. Прасл. *sъporъ аддзеяслоўны назоўнік ад прасл. прэфіксальнага дзеяслова *sъ‑perti sę < прасл. *perti (гл. перці) (Борысь, 570–571; Фасмер, 3, 737). Параўн. спіраць, гл.

Спор3 ‘чорнае зерне ў коласе’ (ТС, Выг., ЛА, 5). Этымалагічна тое ж, што і спор1. Параўн. спарыння, спарыш3.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)