старасве́цкі, ‑ая, ‑ае.

1. Не сучасны па спосабу жыцця, звычках. Анупрэй застаўся старасвецкім ва многіх сваіх уяўленнях. Верыў у забабоны, сам загаварваў, каб спынілася кроў пры парэзе, верыў, што пры маланцы ў часе навальніцы бог пускае на зямлю стрэлы, верыў у чарцей, пра якіх часамі па-мастацку расказваў. Але вера гэтая была больш уяўная, паэтычная, чым рэальная. Пестрак. Хутка прыйшоў мужчына гадоў пад сорак пяць. А пасля, цэлы вечар, гаварыў аб вясковай цемры, аб старасвецкіх формах гаспадарання. Чорны.

2. Такі, які быў даўней і захаваўся да гэтага часу; які адпавядаў патрабаванням свайго часу. Вочы мае раптам улавілі пачарнелую, пакрытую мохам старасвецкую каплічку. Пташнікаў. Хата старасвецкая: глухой сцяной на вуліцу, на чыгунку, вокнамі на агарод. Навуменка. // Старамодны. Цётка Хіма аддала Галі яшчэ свой дзявочы бурнос. Праўда, ён быў старасвецкі, але цёплы. Сабаленка.

3. Вельмі стары. Цэлы гай старасвецкіх дубоў раскінуўся на беразе Нёмана. Колас. Пры гасцінцы абапал стаяць старасвецкія бярозы. Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фанта́зія, ‑і, ж.

1. Творчае ўяўленне. Паэтычная фантазія. Узлёт фантазіі. □ У пані Даміцэлі была багатая фантазія, і сваё даўнейшае жыццё ў Польшчы яна шчодра аздабляла паэтычнымі выдумкамі. Колас. Апора на народную традыцыю не азначае, што паэт абмяжоўвае ўласную, індывідуальную творчую фантазію. Навуменка. Народная фантазія акружыла паэтычнай выдумкай паходжанне скалы, што тырчыць з вады, пры выхадзе Ангары з Байкала. М. Стральцоў. // Выдумка, вынаходлівасць. [Алег:] — Дэкарацыя, касцюмы. Там [у спектаклі] шмат фантазіі, выдумкі. Ермаловіч. Малады запал знаходзіў выхад у размашыста накіданых фрэсках, вясёлкавых вітражах, з фантазіяй убранай зале. Ліс.

2. Прадукт чыйго‑н. уяўлення; мара. Спачатку гэта [скараціць рабочы дзень] здалося нават фантазіяй. Карпаў. Гэта не фантазія, а наша новая ява, рэчаіснасць нашага часу. Бялевіч. // Нешта неверагоднае, глупства. [Міхась:] — У рэстаран ты мяне ўсё роўна не пусціш.. [Стэфа:] — Я пушчу цябе ў інстытут! [Міхась:] — Усё гэта, залаценькая мая, фантазія. Савіцкі.

3. Разм. Нечаканы, незразумелы ўчынак; дзівацтва. [Бэсман:] — Загад Аб наступленні зараз на Барысаў — Фантазія штабных. Глебка.

4. Музычны твор свабоднай формы, імправізацыйнага характару. «Камарынская» — фантазія для аркестра на дзве рускія народныя тэмы: вясельную і вядомую «Камарынскую». «ЛіМ».

5. Літаратурны твор фантастычнага зместу. // Літаратурны твор, які з’яўляецца творчай перапрацоўкай якіх‑н. твораў.

[Грэч. phantasia — уяўленне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ла́да1 ’каханы (каханая), любы (любая), мілы (мілая)’ (ТСБМ), ’муж’ (паўд.-усх., КЭС), ’(згодна з нашай міфалогіяй) выдатная багіня прашчураў, жонка бога Сонца і маці бога Ярылы’ (КЭС, лаг.), зах.-бран. ’нялюбы муж’. Укр. лада ’старажытнаславянская багіня’, ладо‑ладо! ладі‑ладі! ’прыпеў у фальклорных песнях’, ’мужык’, ’жонка’, ладува́ти ’спяваць вясельныя песні’; рус., ст.-рус. лада ’муж, жонка’, ладо, ладый ’мілы, каханы каханая’, ц.-слав. ладо ’каханы’; польск. łado! łado! ’прыпеў у вясельных песнях’ (Любліншчына, Холмшчына), ст.-польск. łado ’вокліч, назва бога’ (XV ст.), в.-луж. łado ’распусніца’, ст.-чэш. lada ’цнатлівая дзяўчына’, магчыма, і славен. lada ’крык’, lado gnati ’лямантаваць, хныкаць’, ládati ’спяваць’ (гл. Куркіна, Этимология–1976, 22), серб.-харв. ла̏дапаэтычная назва замужняй жанчыны’, ла́дати ’спяваць напярэдадні вясенняга Юр’я, ідучы ад хаты да хаты: łado (m)oj, lado le, lȃdo, lȃdole — прыпеў у народнай песні, балг. лада ’другая дачка ў сям’і, што (у вясельнай цырымоніі) ідзе за вадой, з якой пасля варожачы дастае пярсцёнак’. Прасл. lada звязана з ladъ > лад (гл.) асноўным значэннем ’адпаведны, роўны, згодны’ (Крэчмер, Glotta, 30, 91–92; Фасмер, 2, 447; Слаўскі, 4, 420–421). Нельга згадзіцца з Махэкам₂ (317), які ўслед за Полакам (LF, 70, 27) адносіць слова да ліку чарнаморскіх, малаазіяцкіх. Выпадковае падабенстваз авар. tladi, λadi ’жанчына’ (Лідэн, KZ, 56, 223; Трубяцкой, BSL, 23, 199–200); Будзімір (RJAZU, 309, 97) звязвае прасл. lada са ст.-грэч. Λήτα, Λητώ, лац. Latōna, этрус. Voltumnus і інш. — усе з і.-е. *veldh‑ ’валодаць, панаваць’ > *vlāhā. Міклашыч (159) лексему lada звязвае з такімі, як чэш. láska ’каханне’, ladný, слав. lagoda, лац. Latōna, лік. lada ’пані’. Самая новая этымалогія ў Трубачова (История терм., 99–101) — з і.-е. *al‑ ’расці’, *al‑dho‑s ’які вырас’. Гл. таксама этымалогію да лада: Menges, Oriens, IX, 1956, 86–94.

Ла́да2 ’прыгатаванне’ (КЭС, лаг.). Рэгіянальнае ўтварэнне ад ладзіць ’рыхтаваць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пе́сня, ‑і, ж.

1. Невялікі паэтычны твор для спеваў. Харавая песня. Песня-калыханка. Лірычная песня. □ Дзяўчаты спявалі старую жніўную песню. Асіпенка. // Гучанне такога твора, яго мелодыя, гукі. Песня была дружнай, зладжанай і лілася з нашых грудзей магутнай хваляй бадзёрасці, адвагі, мужнасці. Анісаў. // Пра спевы птушак. Серабрыстую песню сваю разліў высока ў сіне-сінім небе жаўранак. Мурашка. // Пра меладычныя гукі, якія нагадваюць песню. Куй, каваль! Няхай прачнецца, Хто шчэ спіць чароўным сном, — Да іх хутка данясецца Песня молата: «дзін», «бом!..» Чарот.

2. Невялікі верш, напісаны ў стылі музычна-паэтычнага твора. Песні Кальцова. // Паэтычная творчасць, паэзія. — Баюся, што песня возьме верх над прозаю ў творчасці Саўкі! — сказаў студэнт не то жартам, не то сур’ёзна. Бядуля.

3. Назва некаторых інструментальных напеўных твораў.

•••

Варажбітная песня — абрадавая песня, якая выконваецца пры святочнай варажбе.

Доўгая (вялікая) песня (гісторыя) — тое, што не скора можа быць зроблена, расказана і пад., што патрабуе працяглага часу для свайго завяршэння.

Лебядзіная песня — апошні, звычайна найбольш значны, чый‑н. твор; апошняе праяўленне таленту, здольнасці і пад. (ад народнага падання, што лебедзь пяе адзін раз у жыцці — перад сваёй смерцю).

Песня чыя спета — тое, што і песенька чыя спета (гл. песенька).

Старая песня — што‑н. даўно вядомае.

Цягнуць (спяваць) адну і тую ж песню гл. цягнуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стро́й, ‑ю, М страі́ і стро́і; мн. страі́, ‑ёў і стро́і, ‑яў; м.

1. М страі́; мн. страі́, ‑ёў. Рад, шарэнга салдат; воіны, пастроеныя радамі. Дайшоўшы да размяшчэння часці, Ягораў загадаў выстраіць батальён, маўкліва прайшоў паўз строй. Краўчанка. І апошні разочак на хвіліну ці паўтары я ўбачыў свайго бацьку ў страі — іх рота пайшла на вячэрнія заняткі... Мехаў. Дарога, па якой рухаліся эскадроны, вузкая, лясная, і строй адразу парушыўся. Навуменка. / Пра шарэнгу або выступленне радамі атрада фізкультурнікаў, піянераў і пад. Агляды піянерскага строю і песні, злёты выдатнікаў вучобы, форумы правафланговых атрадаў, урачыстыя лінейкі і зборы — у кожным раёне горада, у кожнай дружыне юныя адзначаюць свой піянерскі юбілей. «Звязда». Прабыў тут Дзёмка да той пары, калі піянеры строем і з песняй рушылі ў калгас. Сіняўскі. // Спец. Парадак размяшчэння ваеннаслужачых, падраздзяленняў, воінскіх часцей і баявых машын для сумесных дзеянняў. Самкнуты строй. // Спец. Састаў дзеючай арміі, воінскія часці, прызначаныя для непасрэднага вядзення баявых аперацый. Пасля доўгага лячэння ў шпіталі Адам Гусакоўскі зноў у страі. «Маладосць». / у паэт. ужыв. Восем ран зажыло, я вярнуўся да строю, Толькі раны адной не магу загаіць. Броўка.

2. М страі́; мн. страі́, ‑ёў. Аб’яднанне людзей з агульнымі ідэямі, задачамі, мэтамі. Іх строй [выпускнікоў] сягоння незлічоны. І вучняў вучні падраслі І шлюць настаўніку паклоны з усіх, з усіх канцоў зямлі. Гілевіч.

3. М страі́; мн. страі́, ‑ёў. Рад прадметаў, размешчаных у адну лінію. Прад вачыма стаялі ў журбе Строй бярозак, кусты на палянцы. Прыходзька. Толькі Васілінка ўсё роўна любіць сваю Машку, выстаўляе побач з ёю цэлы строй бутэлечак, шклянак і бляшаначак, у якіх летам пірагі з пяску пякла. Ус. // Правільнае інтанаванне харавымі партыямі ўсіх гукаў, якія ўваходзяць у акорд.

4. М стро́і; мн. стро́і, ‑яў. Суадносіны па вышыні ступеней гукавой сістэмы. // Пэўная сістэма гучання (музычнага інструмента), якая ўтвараецца суадносінамі тонаў па вышыні. Труба ў строі сі бемоль. // перан. Зладжанасць, гармонія. // перан. Пра душэўны стан чалавека, яго настрой. [Марынчук:] — І ў яе [Кацярыны Змітраўны], бачу, не той ужо строй: пра што ні піша, дык неяк бегла, паспешліва, тое не дагаворыць, тое на паўслове абарве. Ракітны.

5. М стро́і; мн. стро́і, ‑яў. У паэзіі — пабудова паэтычнага твора, яго эмацыянальная афарбоўка. Асаблівасці творчага почырку паэта выявіліся .. ў строі яго песень. «Полымя». // Сукупнасць адметных рыс паэтычнага твора або чыёй‑н. творчасці. Беларуская народная паэтычная стыхія, якая з такім майстэрствам асвойваецца паэтам [А. Куляшовым], арганічна сінтэзуецца ў яго творчасці з вобразным строем школы Маякоўскага. Клімковіч.

•••

Рассыпны строй — баявы строй пяхоты, у якім стралкі размяшчаюцца ланцугом на значнай адлегласці адзін ад другога.

Выбыць са строю гл. выбыць.

Вывесці са строю гл. вывесці.

Выйсці са строю гл. выйсці.

Стаць у строй гл. стаць.

Увайсці (уступіць) у строй гл. увайсці.

Увесці ў строй гл. увесці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)