корч, карча, м.

1. Пень, вывернуты з зямлі з карэннем. Дзе-нідзе тырчэлі вялізныя карчы-вываратні, падобныя да невядомых звяроў. Бядуля. // Паліва, нарыхтаванае з такіх пнёў. У падпаветцы не было парадку, валяліся карчы, якіх жаночыя рукі не маглі рассекчы. Гурскі. Ярка на камінку Смольны корч палае. Колас.

2. Абл. Куст бульбы, цыбулі, вывернуты з зямлі. А бульбоўнік сплёўся густа, Што ні корч — то бульбы кош. Бялевіч. Каля лямпы стаяла на сподку соль і ляжаў недаедзены корч цыбулі. Чорны.

3. у знач. прысл. карчо́м. Скурчыўшыся, сагнуўшыся. Цела Сашкі было скурчана. Смерць і мароз скруцілі яго ногі і рукі так моцна, што давялося пахаваць яго карчом. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пераво́д1 ’соламя — падоўжная бэлька, якая кладзецца на сохі; доўгае тонкае бервяно, на якое кладуць прымітыўныя кроквы — крукі’ (б.-каш., ЛА, 4; Касп.), ’бэлька ў столі’ (паўн.-усх., Бломкв.), ’бервяно ў апошнім вянку зруба над бэлькамі’ (Мат. Маг.), піряводзіна, пераводзіна, пераводзень ’вага ў студні з жураўлём’ (сен., рэч., ДАБМ, камент., 809), ’верхняя перакладзіна ў ткацкім варштаце, якая змацоўвае яго’ (Касп.). Стараж.-рус. прѣводъ, превод ’скляпенне’, перевод (1230 г.), ст.-рус. переводина (1696 г.) ’перавод’, рус. паўн. перево́д, перево́дина, перево́день, перево́док ’бэлька — апора падлогі ці столі; перавод’. Да пера- і ве́сці (гл.), хаця матывацыя наймення застаецца няяснай. Параўн. тлумачэнне лексемы переводина — бэлька ў крытым двары, “якую можна пераводзіць, перакідваць” — ? (СРНГ, 26, 53).

Пераво́д2 ’знішчэнне, ’смерць’, пераво́дная ’знішчальная сіла’ (Нас.). Да пераве́сці (гл.). Параўн. рус. бранск., арл. перевести́пахаваць каго-небудзь са звонам’, ярасл. ’пашкодзіць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́хва ’ножны’, ’футарал’, ’vulva’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Гарб., Мік., Гарэц., Яруш., Касп.; маст., смарг., беласт., Сл. ПЗБ; Сцяшк. Сл.), ’навалочка’ (Сцяшк. МГ; маст., Сл. ПЗБ), по́хвы ’пахавыя часткі цела ў жывёл’ (віц., Шн. 3; Нік. Очерки), ст.-бел. пахва, похвы ’ножны’, укр. пі́хви ’ножны’, рус. дыял. пахва́, пахвы ’падхвосныя рамяні ў збруі’, польск. pochwa, poszwa ’ножны’, ’рэмень-падхвостнік’, ст.-польск. pochwa, pochew ’ножны’ (XV–XVII стст.), ст.-чэш. pochvy ’тс’, чэш. pochva, pošva ’ножны’, pochvy ’збруя’, славац. pošva ’ножны’, серб.-харв. pohve ’тс’. Відаць, вандроўны тэрмін не зусім яснага паходжання, асабліва ў значэнні вайсковай прылады. Паколькі польскае слова лічыцца запазычаннем са ст.-чэш. pochvy (Банькоўскі 2, 648–649), то, насуперак Кюнэ (Poln., 88) і Булыку (Булыка, Запазыч., 256), можна меркаваць, што ў беларускую мову слова магло трапіць непасрэдна са ст.-чэш. і было збліжана з утварэннямі ад хава́ць, пахава́ць ’схаваць’ (Нас., 486). Імаверным падаецца таксама меркаванне пра сувязь з прасл. *paxy (*paxъve) або з *poxy (*poxъve), гл. паха, што выводзяцца з *pax‑/*paz‑/*pag‑, варыянтнасць *pa‑/*po‑ тлумачыцца старажытным чаргаваннем галосных (Фасмер, 3, 221; Шустар-Шэўц, Etym. Brun., 1, 30). Нацягнутым здаецца збліжэнне з ням. Fachm ’паліца’, ’скрыня’, Fuge ’паз’, ’шво’, ’жалабок’, лац. pango ’ўганяць, убіваць’, ’засаджваць чым-небудзь’ і ўзвядзенне да і.-е. кораня *pāk‑/*pāg‑ ’замацаваць’ (Скок, 2, 695; Голуб-Копечны, 283–284).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апрата́ць (БРС), апра́тваць (Сцяц.), апря́тывыць, ‑цца (Бяльк.), апра́та́цца (Сцяшк.); апра́таць, ‑ацца, ‑ваць ’агледзець, памыць (дзіця, сябе, хворага, нябожчыка)’ (Янк. II); апратка (Яруш., Гарэц., Др.-Падб., Сцяшк., Жд.), опратка (Клім.), вопратка (БРС). Рус. дыял. опрятывать(ся) ’прыбіраць, прыводзіць у парадак; памыць, вычасаць, апрануць; пахаваць нябожчыка, абмыць, адзець яго’, рус. опрятный ’ахайны’ (аб яго паходжанні Булахоўскі, Труды ИРЯ, 1, 180–181; Львоў, РР, 1968, 3, 66), укр. опрятувати, опратувати, прятати, опратати ’прыбраць; апрануцца ў прыгожае адзенне’; прятати ’ўбіраць, хаваць нябожчыка’; апратний ’ёмкі’ (Паламарчук, ЛБ, 6), польск. oprzątač ’убіраць, у прыватнасці наглядаць за дамашняй жывёлай’, sprzątać ’прыбіраць, убіраць’, славац. spratať ’убіраць, хаваць; есці’, spratný ’ёмкі; уступчывы (пра чалавека)’, балг. опретвам ’пачынаю працу, рыхтуюся да працы’, за̀претвам ’пачынаю працу, закасваю рукавы’, серб.-харв. за̀претати ’засыпаць вуголле попелам’, магчыма (паводле Праабражэнскага, Фасмера), славен. spréten ’спрытны, лоўкі’, ст.-бел. опрятка (Анічэнка, Праблемы філал., 11), опратали ’абмылі’ (1562, Карскі, Труды, 206). Ст.-рус. опрятати ’ўбраць, укрыць; падрыхтаваць нябожчыка да пахавання’, опрятатися ’прыбраць сябе, падрыхтавацца да смерці’, ст.-слав. пратѧти ’ўціскаць, стрымліваць’. Апратаць ад *pręt(ati) ’хаваць’ (// *prǫt‑) з развіццём значэнняў: ’пакрываць’ > ’апранаць’ > ’чапурыцца’ ці ’хаваць непатрэбныя рэчы’ > ’убіраць’ > ’мыць’; ’хаваць нябожчыка’ > ’рыхтаваць да пахавання’ > ’мыць’. Гэтыя значэнні ў сваім развіцці перакрыжоўваліся. Беларуская мова найбольш развіла ў словах вопратка (апратка), апратаць значэнні ’адзець’, што дае пэўную падставу для сцвярджэнняў аб «уласнабеларускім» характары згаданых слоў (адпаведныя рускія і ўкраінскія факты пашыраны найбольш на тэрыторыі, блізкай да Беларусі). Супрун, Веснік БДУ, 1971, 2, 62–64. Гл. апранаць1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

то́лькі, часціца, прыслоўе, злучнік.

1. часціца вылучальна-абмежавальная. Не больш як, усяго. Служыў салдат .. дваццаць пяць гадоў, выслужыў сіні білет і пайшоў дамоў. І меў ён пры сабе толькі тры капейкі грошай. Якімовіч. Стасі — дзесяць, Галюсі — шэсць, Юзіку — пяць гадкоў, а малодшай, Ірэнцы ўсяго два .. Калі памерла іх маці, Ірэнцы быў толькі годзік. Лось. Ты [Дзед Мароз] скажы нам толькі слова, Мы з табой на ўсё гатовы. А. Александровіч. / У спалучэнні з часціцамі: «усяго», «адно». Алесь пазнаёміўся з .. [Макарам Сяргеевічам], калі браўся на партыйны ўлік. Тады перакінуліся ўсяго толькі некалькімі словамі. Шыцік.

2. часціца абмежавальная. Не раней чым. Дадому Аня дабралася толькі пад вечар. Мележ. Спраўляючы свой карагод, Зямля вакол Сонца імчыцца І жджэ, але толькі праз год Яна прычакае гасцінца. Крапіва.

3. часціца абмежавальная. Выключна, адзіна; нічога, акрамя гэтага. На плечы .. [стрэльбу] і — праз Дуброўку .. у Лаўскі лес ідзём, будзе там аблава на ваўкоў .. У той час я хацеў быць толькі паляўнічым. Бялевіч. Са сваімі мы трымалі сувязь толькі па радыё і самалётамі. Няхай. [Якаўлеў:] — Пераправу без рызыкі можна зрабіць толькі ў такую [навальнічную] ноч. Анісаў. / У спалучэнні з часціцамі: «хіба», «адно». [Дзямід:] — Небяспечны для .. [дзікоў] хіба толькі воўк ды рысь. В. Вольскі. Адно толькі віхор над ілбом, колькі я яго ні прыгладжваю, усё роўна круціцца на свой манер, нібы па ім от толькі што пахадзіў вецер і раскідаў валасы на ўсе бакі. Сабаленка. // (у спалучэнні з часціцай «што»). Больш нічога, акрамя гэтага. Міжвольна ўспаміналіся словы падання, якое казала, што мядзведзі — гэта людзі, толькі што аброслыя. Караткевіч.

4. часціца ўзмацняльная (пры займенніках і прыслоўях звычайна ў адмоўных сказах). Узмацняе ўяўленне аб вялікай колькасці, аб’ёме і пад. чаго‑н. Каго там толькі не было! Чаго толькі дзеці не вытваралі! □ Але мала што выдумаюць бабы. Чаго толькі не зложаць. Баранавых. // Узмацняе ўяўленне аб пажаданасці, магчымасці якіх‑н. з’яў. «Толькі каб сур’ёзна не [за]кахацца ў яе. Нешта ж бярэ-такі мяне за сэрца. І [за]кахаўся б, каб не была яна нашай парабчанкай», — разважаў з сабою Лявон. Галавач.

5. прысл. Зусім нядаўна (аб завяршэнні якога‑н. дзеяння, наступленні якога‑н. стану). Хлапчук толькі ўстаў з пасцелі. На дварэ яшчэ толькі развіднелася. □ — Малады яшчэ, толькі з інстытута, — цікуючы спадылба на Антона Антонавіча, разважаў Маслабоеў. Каршукоў. / У спалучэнні з часціцамі: «толькі», «што». Тое, што толькі-толькі займала агульную ўвагу, дзесьці знікла, адышло па задні план. Гартны. Сонца толькі што схавалася за лесам. Асіпенка. На дварэ светла, толькі што ўстаў месяц. Лобан.

6. злучнік супраціўны. Злучае члены сказа і сказы з супраціўна-абмежавальнымі адносінамі. Нічога не хочацца, толькі цішыні, адну хвіліну цішыні, такой, каб на ўсё забыцца. Шамякін. Ападала лісце з ліп, бяроз і клёнаў, толькі дубы стаялі нячэпаныя і непаўторныя ў сваёй прыгажосці. Чарнышэвіч. Нашы яшчэ спяць, толькі я ляжу, не сплючы ад поўначы. Брыль. Дрэвы забылі пра буры і страты, Раны свае загаіла зямля. Толькі нічога забыць не змагла ты, Памяць мая! Танк. / У спалучэнні са злучнікам «і». Трывожна шчабятала дробнае птаства, і толькі сонца спакойна ўгравала .. чырвоныя вяргіні пад акном. Лынькоў. // Уваходзіць у склад супраціўных парных злучнікаў: «не толькі..., але (і)», «не толькі..., а (і)». Грукат тым часам мацнеў. Ён ужо не толькі непадзельна панаваў у паветры, але, здавалася, пранік у глыб зямлі. Быкаў. Мужык тупае па хаце, пасміхаецца сам сабе: «Я не толькі зраблю гэту работу, а і выспацца паспею». Якімовіч.

7. злучнік супраціўны. Злучае сказы з адносінамі неадпаведнасць выступаючы ў значэнне аднак, але. Пахавалі Бандароўну У вянку і ў белі, Толькі думак украінцам Пахаваць не ўмелі. Купала.

8. злучнік далучальны. Ужываецца для сувязі членаў сказа і сказаў, якія ўдакладняюць або дапаўняюць папярэднія думкі. Гаспадар ніколі не мяшаўся ў справы, толькі хіба скажа часам, што чай прастыў, што яда прыгатавана нядобра, і то кажа не да Ніны, а ў жончын бок, а яна ўжо дапякала Ніну. Галавач.

9. злучнік часавы. Ужываецца ў даданых сказах часу, калі падзеі, аб якіх гаворыцца ў галоўным сказе, пачынаюцца адразу ж пасля падзей даданага сказа. Толькі я лягу і вочы закрыю, бачу я вас прад сабой. Колас. [Якаў Радзівонавіч:] — Толькі гэта мы разуліся, у кацялках вар гатуем — і раптам та-та-та, кулямі аднекуль як секане! Краўчанка. // Уваходзіць у склад састаўных часавых злучнікаў: «як толькі», «ледзь толькі», «чуць толькі», «толькі што», «адно толькі», «абы толькі», якія ўжываюцца ў сказах з імгненнай зменай падзей. Як толькі спуталі коней, падлеткі пачалі, раскладаць агонь. Чарнышэвіч.

10. злучнік умоўны. Падпарадкоўвае даданыя сказы са значэннем рэальнай умовы. Людзі табе дапамогуць, толькі сам рук не апускай. / Пры наяўнасці суадносных слоў «дык», «так» у галоўным сказе. [Надзя:] — Вось толькі краніце, дык так і плясну [талерку] аб падлогу. Крапіва.

•••

Адкуль толькі ногі ўзяліся; дзе толькі ногі ўзяліся гл. нага.

Адна толькі назва гл. назва.

Гэта яшчэ толькі кветачкі гл. гэта.

Ды і толькі (дый толькі) гл. ды ​1.

Падумаць толькі! гл. падумаць.

Толькі ваўкоў ганяць гл. ганяць.

Толькі залюбавацца гл. залюбавацца.

Толькі і — выражае ўзмоцненае адценне абмежавання. У панядзелак у Берасцянскай школе толькі і гаворкі было, што пра ларок без прадаўца. Скрыпка.

Толькі і бачылі гл. бачыць.

Толькі пыл курыць (закурэў) гл. пыл.

Толькі пяткі заблішчалі гл. пятка.

Толькі (той) бяды гл. бяда.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)