Трыно́га, трыно́г, трэнога і вытворныя трыножак, трыны́жок, трыно́жнік, трыножка, труні́жок ‘падстаўка на трох ножках’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Бяльк., Шат., Байк. і Некр., Варл., Сцяшк., Янк. 2, Мат. Гом.; брэсц., З нар. сл.), трыношкі ‘металічная падстаўка на трох ножках’ (Сцяц.); трыно́жак ‘трыножка, патэльня на трох ножках’ (брасл., Сл. ПЗБ); трохно́жка ‘трыножак для калыскі ў полі’ (Мат. Гом.), ‘ражка’ (Бяльк.), трыно́г ‘цэбар’ (ветк., добр., ЛА, 5), ‘жлукта’ (ашм., ЛА, 3), трыно́жка ‘цабэрак для памыяў з трыма ножкамі’ (паўн.-усх., КЭС), трыно́жка, трыно́г ‘кубел на ножках’ (паст., Сл. ПЗБ), ст.-бел. трыногъ, триножекъ ‘кацёл на трох ножках’ (1688 г., ПГС). Укр. трино́га/трино́ги, трині́г, трині́жок, трино́жник, трино́жка, рус. трено́га, трено́жник, польск. trojnóg, в.-луж. trojnohi ‘трыножнік’, ‘таганок’, чэш. trojnožka/třínožka, славац. trojnoha ‘трыножнік’, славен. trinóžnik, trinòg ‘тс’, харв. trònožac, trònog, серб. тро̀ноге, тро̀ножак, балг. трино́жник. Культурныя тэрміны, складаныя словы, што фармальна ўзыходзяць да тры і нага (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кагане́ц ’свяцільня’ (БРС), ’свяцільня, робіцца з чарапка, у які наліваюць сала і апускаюць кнот’ (Бяльк.), ’светач, свяцільня’ (Гарэц.), ’смольная лучына’ (Др.-Падб.), цэнтр.-бел., паводле сведчання Багдановіча, 18, каганец, на якім «паляць сухое паленне для асвятлення хаты», параўн. Машынскі, 121. Укр. каганець ’начны свяцільнік’, рус. дыял. каганец ’свяцільнік у выглядзе чарапка, у які наліваюць сала або алей і кладуць кнот’, польск. kaganek, kaganiec ’свяцільнік з кнотам’, ’лучына’, чэш. kahánek, kahan, kahanec ’свяцільнік, каганец з кнотам’, славац. kahan, kahanec ’тс’. Слаўскі (2, 21) прыводзіць яшчэ балг. дыял. гаганица ’вялікае вогнішча, якое раскладаецца на ростанях у нядзелю першага тыдня велікоднага посту’ (у БЕР, 1, 222: ’жэрдка, шост з саломай (факел?)’), параўн. польск. gaganiec. У якасці крыніцы гэтых слоў звычайна лічыцца грэч. τᾱγηνον, τᾱγανονпатэльня і інш.’, аднак Фасмер (2, 155) звяртае ўвагу на тое, што ў с.-грэч. адсутнічае форма на , а ёсць толькі ταγανον, ταγανισν, якое праз цюрк. запазычана ў рус. мову (таган). Прыняцце грэч. крыніцы патрабуе тлумачэння фанетыкі; Слаўскі (там жа) піша: «Неабходна было б «прыняць даўнюю дыстантную асіміляцыю tgkg, gg». Такім чынам, больш надзейнай крыніцай можа быць цюрк., параўн. чув. kэgan ’ручка на посудзе’, што Фасмер (2, 155) аспрэчвае з прычыны далёкага значэння. Гэты аргумент не вельмі сур’ёзны, калі ўлічыць магчымасць пераносу значэння, тым больш пры запазычанні. Брукнер (213), улічыўшы чэш. kahan ’глечык, посуд’, адзначыў, што суф. ‑an утварае прасл. назвы посуду і што ён можа быць славянскага паходжання. Супраць Слаўскі, які, відаць, меў на ўвазе яшчэ і такія значэнні, як kaganiec ’металічная або раменная сетка, якая накладаецца на морду зверу (сабаку)’, і спасылаўся па Дарашэўскага, PF, XIII, 77. Махэк₂ (235) значэнне ’кацялок для палення (смалы)’ лічыць зыходным. Ён прапанаваў: kahan < *gagan (параўн. польск. гутарковыя формы), якое звязана з žega; ступень gag‑ засведчана таксама ў слове jьz‑gaga, žáha; g‑ > k у выніку дысіміляцыі. Можна адзначыць, што балг. паралель таксама падмацоўвае такое рашэнне, як, магчыма, і рус. (пск., асташ., цвяр.) каганок ’маленькі чыгунок або кацялок ш вушкамі, які ўмазваецца ў печ’. Значэнне ’кацялок’ выяўляецца і ў рус. каган ’возера на заліўным лузе, невялікае возера, якое перасыхае ўлетку’. Думку Брукнера адносна таго, што слова kahan ведаюць толькі палякі і чэхі, а на ўсходзе гэта запазычанне, аспрэчвае Слаўскі, аднак лінгвагеаграфія (зах.-слав. мовы, укр. і бел.) вельмі сімптаматычная і можа сведчыць на карысць такой думкі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сабра́ць, збяру, збярэш, збярэ; збяром, збераце; зак.

1. каго-што. Запрасіць прыйсці, прыехаць; склікаць каго‑н. Сабраць гасцей. Сабраць радню. Сабраць таварышаў па вучобе. □ [Мазавецкі:] — Вы, пане Сурвіла, не думайце, што мы прагадаем, калі збяром на гэтую куплю вялікі гурт. Чорны. // Склікаць удзельнікаў, членаў якой‑н. арганізацыі для працы. Сабраць нараду. Сабраць кансіліум. □ Гэтай жа ноччу Мікіта Мінавіч сабраў партыйны сход брыгады. Кулакоўскі. Палкоўнік Кавальчук збярэ свой баявы штаб — усіх камандзіраў брыгад і атрадаў, — і яны супольна што-небудзь прыдумаюць. Ваданосаў. // Прымусіць сабрацца, сагнаць у адно месца (людзей, жывёлу). Хто з немцаў уцёк, а многіх у палон забралі, абяззброілі. Сабралі ў кучу, наладзілі допыт. Лынькоў. // Прыцягнуць увагу. Крыкі здзіўлення, радасці сабралі сюды ўсё насельніцтва. Маўр. // Арганізаваць, аб’яднаць у адно цэлае што‑н. разрозненае. Стаяла задача — сабраць усе нашы сілы, упершыню каардынаваць дзеянні і ўдарыць па гарнізонах адначасова. Казлоў. // Абагуліць. Мы сабралі палоскі-шнуры У адно, у шырокае поле, Каб хадзілі ў нас трактары Па бязмежным калгасным прыволлі. Астрэйка. // Сканцэнтраваць каго‑, што‑н. у адным месцы. На вузкім участку фронту вораг сабраў значныя сілы і рыхтаваў наступленне. Жычка.

2. што і чаго. Накапіць, паступова збіраючы, адшукваючы. Сабраць бібліятэку. Сабраць калекцыю марак. □ І ў Міхала раптам з’явіліся аднекуль грошы.. Ён-то збіраў, але не мог гэтулькі сабраць. Чорны. Залатоўку схавай кожны дзень, дык і то вунь колькі збярэш! Галавач. // Назносіць чаго‑н. для чаго‑н. [Свірчэўская] згрупавала вакол сябе надзейных людзей, якія прагнулі працы, і па літары сабрала друкарню, дастала паперу, фарбу. Гурскі.

3. што. Атрымаць ад каго‑н. што‑н. Сабраць членскія ўзносы. // Апытаўшы ўсіх, многіх, даведацца пра што‑н. Сабраць подпісы. Сабраць прапановы. Сабраць звесткі. □ Петыцыя племені вамеру была правалена. Яна не сабрала патрэбнага ліку галасоў. Лынькоў. // Сыскаць што‑н. пазычанае, узятае кім‑н. Сабраць даўгі. Сабраць раздадзеныя кнігі.

4. што. Размясціць блізка адно ля другога; злучыць у што‑н. Сабраць кветкі ў букет. □ Сабрала сонца ўсе свае прам[я]ні ў адзін пучок. Якімовіч. // перан. Атрымаць выяўленне ў чым‑н. Увосень, пад поўдзень, як збярэ свае сілы сонца, — разгорнецца дзе над каляінай позні, сіратлівы малачайнік. Чорны. Раўчук, як яшчарка, ў лагчыну слізгае І доўга там штурхаецца пад снегам, Пакуль збярэ вясёлую паводку. Чэрня. Колеры лета рабіна сабрала І чырванее па сонцы яна. Агняцвет. / у вобразным ужыв. Найлепшыя краскі з батрацкіх шнуроў Сабрала ў вянок Беларусь. Танк.

5. што. Зняць ураджай з палёў, садоў; намалаціць збожжа. Мы ўсе працавалі нястомна І сабралі ўраджай, Небывалы для нашых палёў. Танк. [Сакольчык:] — Каб сабраць гэтае сена, мы павінны выставіць сотні касцоў, бо касілкі ўсюды не пусціш. Асіпенка. Калі добра ўзарэш, то і ўраджай збярэш. Прыказка. Сёй у добрую пару — збярэш хлеба гару. Прыказка. // Прыняць што‑н. адкуль‑н. Сабраць пасуду са стала. □ [Тодар:] — Папалуднаваўшы, ячмень збераце з току, ды яшчэ аўса ўмалоцім трохі сёння. Крапіва.

6. што і чаго. Пазбіраць, падбіраючы з зямлі або зрываючы. Калі даспеюць сочныя суніцы — Няма каму знайсці іх і сабраць. Кірэенка. Сама ж [Марына] пайшла пад азярыну Сабраць хоць шчаўя да стала. Колас. Як ішоў па мурожнай траве, Не сабраў табе ў прыгаршчы рос... Не парай ты за гэта мяне, — Сваё сэрца табе я прынёс. Русак. // Падабраць што‑н. рассыпанае, раскіданае. Сабраць цацкі. □ Ігнась цярпліва чакаў чарговае кпіны і ўжо сабраў каменьчыкі, каб пакласці ў кішэню, як Паўлюк узяў яго за руку і высыпаў іх перад сабою. Мурашка. Сабралі [людзі] тое, што засталося ад папа, прывезлі ў двор і пахавалі. Машара. // Прыбраць, прывесці ў парадак. Турсевіч сабраў са стала кнігі, акуратна злажыў іх і палажыў на палічку. Колас. Мірон таксама старанна палажыў сушыцца свой хлеб і нават сабраў усе крошкі. Маўр.

7. што. Злучаючы асобныя часткі, дэталі, атрымаць што‑н. цэлае (механізм, машыну і пад.). Сабраць радыёпрыёмнік. Сабраць затвор. □ Там на вашых вачах збяруць і матор, і бліскучы, як шкло, радыятар. Панчанка. // Паставіць, скласці якое‑н. збудаванне з асобных, разрозненых частак. Тым часам увішныя робаты прыгналі гідраплан. Потым сабралі будыніну, дзе людзі маглі б адпачываць, устанавілі там пульты і экраны прыбораў назірання. Шыцік.

8. каго-што. Падрыхтаваць у дарогу. Сабралі ў дарогу Петруся, як роднага сына. Нікановіч. [Аленка] загадзя сабрала свае кнігі і рэчы і чакала дня ад’езду. Колас. Праз некалькі дзён Яша сабраў свае манаткі і развітаўся з дзіцячым домам. Кулакоўскі. // Упакаваць, спакаваць для дарогі (пра рэчы). Сабралі чамаданы, у асобны кошык упакавалі Сашкаў мяч, легкавічок, стрэльбачку, што страляе ад папяровых кружочкаў. Даніленка. // Скласці, пакласці ў адно месца (рэчы, прадметы). Сабраць кнігі ў сумку. □ Покуль паводзіць і гадзіць, Сена сабраць бы ў стагі. Танк. Падышла Галя да яблынькі — і ўсе яблыкі ўпалі да яе ног. Сабрала яна іх у прыпол, прынесла гусару. Якімовіч.

9. што. Паставіць, падаць на стол (пасуду, стравы). Стол .. [Віта] сабрала багаты: капуста, гуркі, квашаныя брусніцы, патэльня яечні, якая ўсё яшчэ сярдзіта сквірчэла і напаўняла хату апетытным пахам. Шамякін. // Прыгатаваць яду. Вячэру сабраць. □ Маці раніцай сабрала Бацьку полудзень. Кірэенка.

10. перан.; каго-што. Унутрана мабілізаваць сябе для чаго‑н. (пра сілы, волю, энергію і пад.). Тварыцкі.. сабраў апошнія сілы і кінуў Толіка Скуратовіча ў «чортава вока». Чорны. Лукашык намагаўся сабраць свае думкі. Дамашэвіч. Ды мне не страшна: нешта застанецца Пасля мяне ад дум маіх і спраў, Ад парыванняў, што ў душы сабраў. Бураўкін.

11. што і без дап. Зрабіць зборкі, пашыць у зборкі. Сабраць плацце ў таліі. // Зморшчыць скуру на твары. Фамін наморшчыў лоб, сабраў зморшчынкі над пераноссем. Кухараў. Насустрач крочыць мой таварыш, у зморшчыны свой лоб сабраў. Панчанка.

12. што. Асцярожна зняць што‑н. з якой‑н. паверхні. Сабраць смятану з малака.

•••

(І) зубоў не сабраць — атрымаць моцны ўдар. — Дык ён табе як бразне — зубоў не збярэш. Я ведаю гэтага Курмышкавага каня, — сказаў бацька. Кулакоўскі.

(І) касцей не сабраць — не астацца цэлым. [Рыль:] — Што пхаешся, панская падэшва? Ды я цябе як піхну, дык ты і касцей сваіх не збярэш! Колас.

Сабраць на стол — падрыхтаваць стол да яды, накрыўшы яго абрусам, расклаўшы прыборы і паставіўшы стравы. — Зося! — паклікаў Мікула. — Можа б ты памагла нам сабраць на стол? Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Кала́ч1 ’круг’ (лельч., Нар. лекс.), магчыма, другаснае, параўн. ілюстрацыю: «Калач коубасы купіў», с. 131, да таго ж незразумелая наяўнасць слоў з оканнем і без, ’пятля (з вяроўкі або прутоў)’ (БРС), ’круглае рабро ў рыбалоўнай прыладзе’ (Пал. Крыв.), ’заверцень з вяроўкі ці звіткі ў форме абаранка’ (ганц., пух., Сл. паўн.-зах.), ’абруч’, ’завязванне хусткі абручом’ (ТС), ’кальцо (жалезнае, драўлянае, вяровачнае або з лазы) на «ярме», у якое ўстаўляецца канец дышля’, колач ’тс’ (Маш., але рэалія некалькі іншая: «прывязь, якая прымацоўвае ярмо да рагача сахі», с. 59), колач, колачык, колачы, калачы ’частка бараны: пруты, у якія ўстаўляюцца зубы’, калачы, калачыкы ’25 парна сплеценых драўляных прутоў на баране’ (Сержп. Грам., Сержп. Земл.); з пераносам назвы абруча на рэалію, замацаваную такім абручом, ‑калач ’дровы, пакладзеныя на дзве жэрдкі зверху і знізу і прывязаныя да іх’ (навагр., Нар. лекс.). Звяртаюць на сябе ўвагу адзначаныя ў окаючых гаворках Палесся формы з аканнем, што, магчыма, неабходна тлумачыць пашырэннем слова з адпаведных гаворак. Параўн. яшчэ калач2. Укр. усх.-палес. калач ’кальцо ў ярме валовай вупражы, у якое ўстаўляецца дышаль’, ’кальцо з вяроўкі і да т. п., дэталь у возе’, колач ’кальцо з лазы, якім прымацоўваюцца аглоблі да саней’, калач ’дзіцячая гульня з кальцом’ (Чуб. 3), колач (у Шухевіча) ’разнавіднасць посуду: гліняная труба, сагнутая ў выглядзе кальца, з рыльцам, ужываецца для гарэлкі і носіцца на шнурку на плячы’ і ’доўгі скрутак з сена на вяршыні стажка, каб дождж не трапіў у сярэдзіну’, рус. наўг., валаг., ярасл. калач і колач ’драўлянае або металічнае кальцо, з дапамогай якога зацягваюць вяроўку, што замацоўвае сена на возе’, ’частка хамута; набітая саломай кожаная падушка…’, дан., цвяр. калачы ’выпадковыя вузлы на ніжняй вяроўцы невада’, ’кольцападобная рачная пратока і інш.’, польск. kołaczek ’круглы гаючы пластыр’ (з XV ст.), чэш. koláček ’круглы чапец’, серб.-харв. ко̀љач ’некалькі звязаных разам абручоў’, ’звітая ў кальцо вяроўка’, ’зруб у студні’, ’кружок у ланцужку’ і інш., славен. koláč ’маток дроту’, ’посуд для віна’, ’круг’. Некаторым з прыведзеных лексем лічацца (Слаўскі, 2, 363, RHSJ, 5, 179) другаснымі, пераноснымі ад kolačь ’печыва ў выглядзе кола’. Думаецца, што няма патрэбы ў гэтым, паколькі значэнне ’круг, кольца’ з’яўляецца этымалагічна натуральным, калі меркаваць, што калач1, як і калач2, ад прасл. kolo. Гл. Мартынаў, Ареальн. иссл. в языкозн. и этнографии. Л., 1975, с. 24. Не выключана, што першаснае значэнне ’зроблены (скручаны) у выглядзе кола’ для прасл. дэрывата kolačь датычыць і kolačь ’круглы хлеб’, якое ўжо пазней спецыялізавалася.

Кала́ч2 ’круглая булка пшанічнага хлеба’ (БРС, ТСБМ), ’абаранак’ (Пятк.), калачы ’тс’ (Кольб., Маш.), (на крайнім захадзе палескай тэрыторыі) колач, калач ’пірог’, ’вясельны пірог прадаўгаватай формы’, ’прадаўгаваты жытні пірог, які нясе ўнук сваей бабцы-павітусе’, (на захадзе, цэнтры і ўсходзе Палесся) ’вялікі баранак’ (Вешт.). Адзінкава ў цэнтры Палесся зафіксавана значэнне ’блін’ (Вешт.). Укр. усх.-палес. калач ’баранак’, укр. калач і колач ’крэндзель і наогул белы хлеб’, дыял. колач сирний (у Шухевіча) ’авечы сыр, злеплены ў выглядзе круглага хлеба з адтулінай пасярэдзіне, які смажыцца ў масле’, рус. калач і колач ’белы хлеб’, ’печаныя вырабы з мукі (у выглядзе жгутоў, кольцаў і да т. п.)’, ’абаранак’, польск. kołacz ’пірог з найлепшай пшанічнай мукі і інш.’, дыял. ’буханка хлеба круглай або падоўжанай формы; белы хлеб, булка’, н.-луж. kółac ’круглы хлеб, велікодны пірог’, в.-луж. kołač ’круглае печыва’, чэш. koláč ’круглы пірог і да т. п.’, славак. koláč ’печыва з белага квашанага цеста’, славен. koláč ’круглы велікодны пірог, круглы пірог наогул, каравай белага хлеба і інш.’, серб.-харв. ко̀лач ’хлеб, звычайна белы, з лепшай мукі, салодкі, спечаны ў форме кола’, макед. колач ’абрадавы хлеб’, балг. колач ’асобы абрадавы хлеб, звычайна з адтулінай пасярэдзіне’. Прасл. kolačь, дэрыват ад kolo (гл. далей кола), Слаўскі (2, 364) мяркуе, што першасным значэннем было ’печыва ў форме кола’, што, на яго думку, пацвярджаецца чэш. дыял. kolo, балг. дыял. коло, рус. дыял. колесо, усё ў значэннях ’калач і да т. п.’ Калі прыняць такі пункт гледжання, неабходна і для kolo, колесо меркаваць аб першасным значэнні ’хлеб’. Не выключана, што прасл. дэрыват ад kolo меў больш дыфузную семантыку, накшталт ’зроблены (скручаны) у форме кола’, а ’хлеб у выглядзе кола’ было другаснай спецыялізацыяй. Параўн. калач1, дзе шэраг значэнняў ніяк нельга вытлумачыць як другасныя намінацыі ад kolačь ’пірог’. Аб прасл. kolačь ’прадмет, які нагадвае па форме кола’, пісаў Трубачоў, Ремссл. терм., 225. Трубачоў (там жа, 256) мяркуе аб магчымасці генетычнай сувязі назвы посуду для выпечкі хлеба (маецца на ўвазе славен. дыял. kolač ’асобая глыбокая патэльня, вялікая гліняная міска з адкрытым або закрытым круглым канічным узвышэннем пасярэдзіне для выпечкі вялікіх хлябоў’), што, відавочна, неабходна разумець як перанос назвы пасудзіны на выпечаны хлеб. Гэта не вельмі добра абгрунтавана ў тым, што датычыць рэалій, хоць шэраг славянскіх значэнняў (’вялікі абаранак’ і інш.) указваюць быццам бы на магчымасць ужывання спецыяльнай формы, а сам спосаб выпечкі вырабаў з мукі ў формах можа быць старажытным. Вештарт (Лекс. Пал., 119) лічыць, што палескія гаворкі крайняга захаду адлюстроўваюць уплыў польскіх абрадавых і моўных звычаяў.

Кала́ч3 ’расліна рагоз, Typha’, ’насенная шышка рагозу’, ’кіях кукурузы’ (лях., лід., Сл. паўн.-зах.), калачы ’каташкі (на бярозе)’ (свісл., Шатал.), магчыма, сюды ж і драг. калачык ’пакаёвая кветка’. Укр. усх.-пал. калач ’кіях кукурузы’, калачики (уст.) ’кукуруза’. Непасрэдная сувязь з калач2 або калач1 здаецца немагчымай, паколькі для бел. рэалій нельга дапусціць перанос гэтых назваў паводле падабенства. Магчыма, першапачаткова назва частак расліны, падобных на калач, параўн. рус., укр. мар. назву калачик ’расліна Malva’. Наступны этап — перанос назвы на круглыя плады або кветкі іншых раслін, параўн. рус. дыял. калачики ’расліны розных відаў Trifolium’ і калачики ў наступным кантэксце: «Трава растёт калашнік, красненьки калачики и беленьки калачики у нее, сверху, … калашник похож на клевер, но это не клевер» (СРНГ, 12, 339). Такую у прынцыпе магчымую версію прыняць нельга, паколькі на бел. тэрыторыі наогул не засведчана слядоў падобнага працэсу. У бел. назвах для Typha адзначаны кіеўка, катке, кіёўка, кіёўнік, укр. палки, палочник, бел. дыял. калачык ’песцік’ і ’пладаносная частка сцябла некаторых раслін’ можна параўнаць з бел. таўкачык ’назва хвашчу’, а бел. дыял. калатоўка ’рагоз’ нельга не суаднесці з калатоўка ’мяшалка’. Іншымі словамі, найбольш імаверна параўнаць разглядаеце слова з дзеясловам калаціць (аснову колот‑). Пры гэтым, калі дапускаць аналагічны па ўтварэнню працэс (назва прылады, якой калоцяць > назва расліны), неабходна рэканструяваць калач (магчыма, як сінонім да калатоўка) як назву прылады, ужытую пазней для расліны, або хутчэй для насеннай шышкі рагозу і да т. п. Такі варыянт тлумачэння ўяўляецца не вельмі надзейным, паколькі мяркуемы дэрыват ад калаціць не засведчаны (параўн., аднак, рус. дыял. колот ’песцік у маслабойнай ступе’). Аб іншай версіі сведчаць такія формы, як бел. дыял. калачонік ’стрэсены арэх’, калачанка ’стрэсенае сена з саломай’, калачынка ’амлет’, колотуша ’тс’, дзе ‑ч‑ заканамернае. Аднак спосаб утварэння ад асновы калач‑ няясны. Калі звярнуць увагу на такі сінонім для Typha, як катке (мн. ад каток), мяркуючы пры гэтым, што каток тут не ад кот (у сувязі з мяккасцю, пухаўка ’рагоз’), а дэрыват ад каціць і калачы і каташкі (на бярозе), можна прапанаваць і такі варыянт тлумачэння, пры якім калач — метатэза з качая, якое, у сваю чаргу, зваротны дэрыват ад качалка, качалкі. Параўн. рус. смал., росл. качалка ’шышка (лопуху?), якой кідаюць на вяселлі ў жаніха і шафера’. Аднак такая версія найменш імаверная.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)