трыма́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Захоўваць якое‑н. становішча, ухапіўшыся, узяўшыся за што‑н. Адной рукой трэба было трымацца, каб не ўпасці, а другой я палез у гняздо. Брыль. Манг ужо бачыў, што гэта быў чалавек, які трымаўся за кавалак лодкі. Маўр. // перан. Ісці за кім‑н., прытрымлівацца чыёй‑н. лініі, каманды. [Сцяпан Аксінні:] — Адно прашу: трымайся бальшавікоў. Яны ў крыўду цябе ніколі не папусцяць. Лынькоў. Пакуль што ўсе трымаліся камандзіра. Федасеенка. // перан. Старацца захаваць што‑н. для сябе, утрымаць за сабою. [Анатоль:] Дакуль жа будуць трымацца людзі за свае вузенькія палоскі, іх жа хутка трава заесць. Козел. // Прылажыўшы руку да чаго‑н. або ўзяўшыся рукой за што‑н., захоўваць яе ў гэтым становішчы. Дзед закашляўся. Доўга трымаўся за грудзі. Бядуля.

2. Быць умацаваным на чым‑н., утрымлівацца на якой‑н. апоры пры дапамозе чаго‑н. Сідар весела падміргваў падгніўшаму слупу, на якім некалі трымаліся вароты яго двара. Чорны. Нізенькія, нязграбныя, збітыя абы-як,.. [клеткі] трымаліся на падстаўках рознай вышыні, падрамантаваныя сям-там свежымі дошчачкамі. Ракітны. // перан. Падтрымлівацца чыімі‑н. клопатамі; існаваць чым‑н., асноўвацца на чым‑н. [Бародзіч:] — Думаеце, усё на вас трымаецца? Алешка. [Брыль:] — Будзе правільны адказ, калі я скажу: сіла і моц нашай дзяржавы трымаецца на саюзе рабочага класа з працоўнай сялянскай, батрацкай і серадняцкай масай. Колас. // Захоўваць якое‑н. становішча, раўнавагу. Лодачкі былі велікаватымі дый з непрывычкі цяжкавата было трымацца на высокіх каблуках. Лупсякоў. Алесь асцярожна абыходзіў навічкоў, што нясмела трымаліся на каньках. Шыцік.

3. Не адступаць, не здавацца, моцна стаяць. Заслон трымаўся. [Ворагі] шалелі і кідаліся ў лоб, напралом, каб змесці з дарогі прыкрую перашкоду, дарвацца да моста. Лынькоў. // Разм. Мацавацца. [Залескі:] — [Галіна], брат, доўга трымалася. Паўмесяца, як злягла .. Прагнасць помсты падтрымлівала яе сілы. Шамякін.

4. Знаходзіцца, быць; заставацца ў якім‑н. месцы. Мне было прыемна бачыць, што следам едзе цэлы абоз: ніхто не адстае ад нас, але ніхто і не апярэджвае, усе трымаюцца свайго месца. Кулакоўскі. Калі Ахоньку вялі ў сельсавет, мы стараліся трымацца бліжэй да дзядзькі Максіма. Сяркоў. // Працягваць сваё існаванне, жыць. У Вані-санітара даўно скончыліся сухары, засталося, можа, у біклажцы некалькі глыткоў чыстай вады — гэтым і трымаемся. «Маладосць». Большасць фуіджынцаў трымаецца ў паўднёвай частцы архіпелага. Маўр. // Захоўвацца, быць у сіле. Моцна трымаюцца перажыткі мінулага ў свядомасці некаторых людзей. «Маладосць». / Пра пахі, настоі і пад. Трымаецца між сасонак устойлівы грыбны пах. Навуменка. // Вадзіцца, жыць (пра звяроў, птушак, рыб). Буйны акунь трымаецца пераважна ў глыбокіх ямах, звычайна з камяністым дном. Матрунёнак. — Ля Купы чаек заўсёды мала, — адказаў Лёня. — Яны трымаюцца больш на тым баку, ля вытокаў Парачанкі і па касе. В. Вольскі.

5. У час руху прытрымлівацца пэўнага напрамку, кірунку. Таго ж кірунку трымаліся і лодкі, якіх на возеры было цяпер не менш, чым качак у ціхую пару. Арочка. // перан. Прытрымлівацца чаго‑н., паступаць у адпаведнасці з чым‑н. Пажадаю вам, таварышы, дружна трымацца таго сцяга, які вам дала вялікая пралетарская рэвалюцыя. Купала. [Матка] трымаецца трохі інакшых думак пра бацьку і пра гэтыя свае думкі кажа часам уголас. Лынькоў. Даследаванні гісторыкаў, археолагаў усё больш падрываюць антынавуковыя тэорыі, якія трымаюцца на расісцкіх забабонах. «ЛіМ».

6. Паводзіць сябе, дзейнічаць якім‑н. чынам. А ў манеры трымацца адчувалася сталасць, дакладнасць разважанняў і стрыманасць у размове. Няхай. З малымі Ён [Антось] размаўляў, як са старымі, І з імі радзіўся, спрачаўся — Як роўны з роўнымі трымаўся! Колас. / Пра жывёл, птушак. Больш памяркоўна трымаюцца куры. Певень, дык той наогул перабраўся на астравок сярод двух рукавоў ракі і пахаджае там у таварыстве трох чубатак, відаць, найбольш адданых і смелых. Брыль.

7. Знаходзіцца ў пэўным становішчы, стане, захоўваючы яго тым ці іншым чынам. Човен, які хоць і быў поўны да берагоў, але трымаўся на вадзе. Маўр. [Тапурыя:] — Нарэшце, прынялі мяне на вельмі стары карабель, ён ледзьве на вадзе трымаўся. Самуйлёнак.

8. Утрымлівацца, захоўвацца. [Мікуць:] — Я сёння жыта глядзеў. І сваё, і калгаснае. Жаць пара. Трэба пачынаць. Абы толькі надвор’е трымалася. Чорны. Цёплая трымаецца восень. Навуменка. Гэта было ў сакавіку, яшчэ трымалася зіма. Марціновіч. Лёд на балоце Трымаецца звонкі. Танк. // Захоўваць сваю цэласць, быць прыдатным для выкарыстання. І паправіць .. [вароты] ніяк нельга, бо калі станеш папраўляць, трэба кранаць сцяну, а тая і так ледзь трымаецца. Галавач.

9. Зал. да трымаць (ва ўсіх знач., акрамя 11).

•••

Абедзвюма рукамі трымацца — даражыць чым‑н., з вялікай ахвотай, жаданнем, радасцю і пад. карыстацца чым‑н.

Ледзь трымацца на нагах; на нагах не трымацца — не магчы хадзіць, стаяць па прычыне слабасці або ап’янення.

Трымацца за спадніцу — быць у поўнай залежнасці ад жанчыны (пра мужчыну).

Трымацца на валаску — тое, што і вісець на валаску (гл. вісець).

Трымацца рукамі і зубамі за што — моцна трымацца за што‑н., не адступаць ад чаго‑н.

Трымацца свайго слова — выконваць абяцанні.

Толькі трымайся! — вокліч, які ўказвае на вялікую ступень чаго‑н. непрыемнага, небяспечнага. — Цяпер памчыць [цягнік] пад горку, толькі трымайся... Ці ўправіліся хаця нашы там? — і ў голасе .. камандзіра чулася трывога за .. падрыўнікоў. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

той, таго́, м.; та́я, той, ж.; то́е, таго́, н.; мн. ты́я, тых; займ. указальны.

1. Паказвае на асобу ці прадмет, якія знаходзяцца не перад вачамі, не побач, а аддалены ў прасторы і часе, як падобныя ім; проціл. гэты (у 1 знач.). На той бок вуліцы. □ З таго боку Прыпяці шыбуе човен. Колас. // Паказвае на адрэзак часу, які непасрэдна папярэднічаў гэтаму моманту або непасрэдна прымыкае да яго. Скуратовіча ў той дзень дома не было: апошнімі днямі ён нават часам і не начаваў дома. Чорны. Родная хата здавалася чужою. Часам цягнула паглядзець на яе, але гаспадар заўсёды бурчаў: — Што ты там забыў? На тым тыдні сходзіш. Асіпенка. // Паказвае на адрэзак часу, у які адбываецца што‑н. У тыя дні, мае сябры, Цямнелі грозна далі. Глебка. // Паказвае на адначасовасць якога‑н. дзеяння з іншым дзеяннем, пра якое гаворыцца ў сказе. І сапраўды: як мог знікнуць малы ў той час, калі ён натрапіў на пэўны след старэйшага брата, якога ён, відаць, шукаў? Якімовіч.

2. Паказвае на прадмет ці асобу, што вылучаецца з ліку іншых. Не спалі толькі тыя раненыя, у якіх балелі раны. Шамякін. Той вулачкі, дзе мы некалі жылі з мамай, ужо няма. Шыловіч. / у знач. наз. той, таго́, м.; та́я, той, ж.; то́е, таго́. [Рыгор] пацішэў крыху. Раней жа праз увесь век свой усё судзіўся то з гэтым, то з тым. Чорны. // Паказвае на адзін прадмет, асобу з двух або некалькіх падобных пры іх пералічэнні або супастаўленні (са словамі «гэты», «іншы» і пад.). Тым або іншым спосабам. З таго ці другога боку. □ [Палянцаў] думаў пра Таню, не пра гэту, што засталася пад дажджом на вуліцы гарадка з невыказным позіркам, а пра тую — далёкую, юную, якая каханнем сваім асвяціла, напэўна, усё яго жыццё... Ракітны. / у знач. наз. той, таго́, м.; та́я, той, ж., то́е, таго́, н. [Міхал:] — Хіба ён [пан] літасць, сэрца мае? Ўжо двух у службу запрагае: Адзін на рыбу — той у адборку... Колас.

3. Паказвае на які‑н. прадмет, асобу, пра якія гаварылася раней. — Мінск... — задумліва і задушэўна, як імя таварыша, вымавіў Сонцаў. — Хацеў бы я паглядзець, які той Мінск цяпер. Мележ. — Ці не знойдзецца ў вас сена прадаць хоць пудоў колькі? — запыталася .. [незнаёмая] .. — Дзе тое ў нас сена, — адказала Вера Мікалаеўна. Крапіва. / у знач. наз. той, таго́, м.; та́я, той, ж., то́е, таго́, н. (звычайна ў спалучэнні з узмацняльнай часціцай «і»). Ночка цёмная глядзела Ды цямнейшай стала, Адна зорка мігацела, І тая прапала. Купала. Падняўшыся на насочкі,.. [Таццяна] ўбачыла на адным возе Любу. Тая сядзела каля кулямёта і аб нечым паціху гаварыла з маладым партызанам. Шамякін. // Выкарыстоўваецца для ўказання на асобу, прадмет, якія прыводзяцца як прыклад да сказанага раней. Узяць хоць бы таго ж бацьку ці маці, якія ўвесь час раілі паступаць вучыцца.

4. у знач. наз. той, таго́, м. Паказвае на якія‑н. акалічнасці, падзеі, дзеянні і пад., пра якія ўжо ішла размова. Бацькі займаліся гаспадаркай, мяне нічога не прымушалі рабіць, а я таму і рада была.

5. Паказвае на вядомую ўжо асобу ці прадмет. Добрая дзяўчына тая Волька. □ [Нявідны] ведае і верыць у праўду новага ладу жыцця, таго ладу, за ідэалы якога змагаецца партыя камуністаў. Колас. Колькі таго дня было, а ўжо неўзабаве і вечар: падыходзіць тая невясёлая, але па-свойму адметная пара самых малых, зімовых дзён. Кулакоўскі.

6. Іменна ён, не іншы, гэты ж самы (звычайна ў спалучэннях «той жа», «той самы», «той жа самы»). Цераз тое ж сухое балота атрад Паўленкі адышоў у лес. Шамякін. Той самы завод з высокім чорным комінам глянуў на іх знаёмымі абрысамі. Тыя самыя дамы, тыя самыя баракі. Пестрак. Формы вышэйшай ступені параўнанняў прыметнікаў паказваюць, што данаму прадмету якасць ўласціва ў большай ці меншай ступені, чым іншаму прадмету, або таму ж самаму прадмету, але пры іншых абставінах ці ў іншы час. Граматыка.

7. Уваходзіць у састаў: а) складаных злучнікаў: «дзякуючы таму што», «з прычыны таго што», «да таго што», «да тых пор пакуль», «за тое што», «у той час як», «нягледзячы на тое што», «пасля таго калі» і інш.; б) словазлучэнняў, звычайна пабочнага характару, якія звязваюць розныя часткі выказвання: «апрача таго», «акрамя таго», «разам з тым», «між тым» і інш.

8. то́е, нескл., н. Выкарыстоўваецца як указальнае слова на мяжы двух сказаў, з якіх другі з’яўляецца тлумачэннем першага. — Вы да мяне? — адразу запытаў Галаўня. Сцяпан .. адказаў: — Да вас. Прыйшоў падзякаваць за тое, што падвезлі. Гроднеў. Віно мы залатое п’ём за тое, Каб і жыццё было век залатое. Панчанка.

•••

Больш таго гл. больш.

Гнаць на той свет гл. гнаць.

Загнаць (увагнаць, звесці) на той свет гл. загнаць.

За што купіў, за тое і прадаю гл. купіць.

І без таго — і так, і так ужо. Пачарнела і рака. Шточасна поўнячыся новымі водамі з палёў і лугоў, яна быстраю плынню падточвала і без таго кволы лёд. Краўчанка.

Ісці на той свет гл. ісці.

І ў той бок не глядзець гл. глядзець.

Калі на тое пайшло гл. пайсці.

Мала таго гл. мала.

На той час гл. час.

На тым самым месцы сесці гл. сесці.

Не без таго — бывае і так.

Не бываць таму гл. бываць.

Не з таго канца гл. канец.

Не з той оперы гл. опера.

Не на таго напаў (натрапіў, нарваўся) гл. напасці.

Не ў той бок глядзець (пазіраць) гл. глядзець.

Ні з таго ні з сяго — без яўнай прычыны.

Ні тое ні другое; ні тое ні сёе — пра каго‑, што‑н. няпэўнае, што не мае ярка выражаных уласцівасцей, асаблівасцей. Сапраўдны мужчына — заўсёды рыбак і паляўнічы. А ён, Андрэй, ні тое ні другое. Мехаў.

Няма таго, каб (з інф.) гл. няма.

Самы той! (іран.) гл. самы.

Тое-сёе; той-сёй; тое ды сёе — выкарыстоўваецца замест пераліку розных прадметаў, акалічнасцей і пад. На .. [Пятра] той-сёй паглядваў ужо з загадкавай усмешкай. Ракітны.

Той свет гл. свет.

Той ці іншы — хто-небудзь, які-небудзь.

Устаць не з той нагі гл. устаць.

У тым выпадку, калі... гл. выпадак.

Што будзе, тое будзе гл. быць.

Як на тое ліха гл. ліха ​1.

Як той казаў гл. казаць ​1.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ісці́, іду, ідзеш, ідзе; ідзём, ідзяце, ідуць; пр. ішоў, ішла, ішло; заг. ідзі; незак.

1. Перамяшчацца, перасоўвацца ў прасторы:

а) Рухацца, ступаючы нагамі, робячы крокі (пра чалавека і жывёлу); крочыць. Аўсамі ішоў чалавек, выбіраючыся з лагчыны на ўзгорак да гасцінца. Чорны. Ляснымі дарогамі скрыта к чыгунцы ідуць партызаны. Колас. Насцярожана задзіралі галовы ласі, ідучы да вадапою. Кірэйчык. // (з акалічнаснымі словамі, якія паказваюць характар падобнага руху). Ужываецца ў значэнні: бегчы, імчацца, несціся і пад. Алені ішлі лёгкім трушком. Шамякін. Па дарозе ад Нёмана рыссю ідзе сувязны. Брыль;

б) Ехаць, плысці, ляцець (пра сродкі перамяшчэння). Машыны, танкі, артылерыя ішлі бесперапыннай плынню і ўсё ў адным напрамку — на захад. Шамякін. Ідуць калгасныя падводы, Дабро вязуць грузавікі. Колас. / З акалічнаснымі словамі, якія ўказваюць на характар, спосаб руху. Ісці на вёслах. Ісці на ўсіх парусах. // Адыходзіць, адпраўляцца ў пэўны момант, час. Экспрэс ідзе а дзесятай гадзіне вечара. // Ехаць, плысці, ляцець на якім‑н. са сродкаў перамяшчэння. На атамным ледаколе «Ленін» ішла экспедыцыя ў акіян.

в) Быць у дарозе, будучы адасланым куды‑н. (пра пісьмы, пасылкі, кантэйнеры і інш.). Кантэйнер ідзе чыгункай. □ Нарэшце пісьмо прыйшло: як выявілася, нейкія сто кіламетраў яно ішло пяць дзён. Шамякін. // Дамаўляцца, прыбываць адкуль‑н. куды‑н. Чай ідзе з Каўказа. □ Ходзіць вецер, Ловіць прыпах нафты, Што да нас з Татарыі ідзе. Калачынскі; г) Перамяшчацца масай, патокам, чарадой. Застаўся вецер ззаду дзесь, як хмара, следам пыл ідзе. Дубоўка. — Крыгі ідуць па Дзвіне — проста жах. Брыль. // Рухацца чарадой, касяком (пра рыбу і пад.). На бераг рыба ўся ідзе, аж возера шуміць-гудзе. Дубоўка.

2. у што, на што або з інф. Накіроўвацца, адпраўляцца куды‑н. з якой‑н. мэтай. Ісці гуляць. Ісці ў госці. Ісці на выбары. Ісці ў ягады. □ [Сегень] варушыўся кожную раніцу пад вокнамі хат і заказваў — каму што рабіць, каму куды ісці. Чорны. // на каго, супроць каго. Выступаць у паход, нападаць. Калі нарадзіўся волат, не знаў ён ні хвілі спакою: Варожых дзяржаў чатырнаццаць ішлі на яго вайною. Куляшоў. // перан. Разм. Выступаць праціўнікам, пярэчыць. — Завошта нам было б забіваць адзін аднаго, завошта ісці брату на брата? Самуйлёнак.

3. перан. Прыступаць да якой‑н. службы, дзейнасці; уступаць куды‑н., рабіцца кім‑н. Ісці ў партызаны. Ісці ў армію. Ісці ў інстытут. □ Да таварышаў, якія ідуць у літаратуру, К. Чорны звяртаўся з горкаўскім папярэджаннем: работа літаратараў надзвычай цяжкая. Кудраўцаў. Стары настаўнік Ягор Ягоравіч, адпрацаваўшы ў школе год з пяцьдзесят, атрымаў персанальную пенсію і ішоў на адпачынак. Корбан.

4. перан. Рухацца, развівацца ў якім‑н. напрамку. Ісці да камунізма. □ Гады праходзілі. Краіна Ішла наўсцяж да перамог. Глебка. Так і прайшоў свой шлях Васіль Іванавіч ад камсамольца да сакратара абкома партыі. Ішоў са ступенькі на ступеньку. Лынькоў. // у што. Развівацца, расці пэўным чынам (пра расліны). Бульба ідзе ў націну. // Дзейнічаць, паводзіць сябе тым або іншым чынам. Ісці разам з калектывам. □ Працавала [Тамара] па 7 гадзін. Але крок у крок ішла з тымі, хто працаваў поўную змену. «Работніца і сялянка». // Разм. Мець якія‑н. вынікі, паказчыкі ў чым‑н. Вучань добра ідзе па ўсіх прадметах. □ Дзяўчына была энтузіястка, яна і ў вучобе ішла на сярэбраны медаль. Шамякін. // за кім-чым. Трымацца каго‑н.; наследаваць каму‑н., далучацца да чыіх‑н. думак, поглядаў. Мы мацнеем і расцём, бо за партыяй ідзём. Прыказка.

5. ад каго-чаго, з чаго. Выдзяляцца, выходзіць, расплывацца. Ад зямлі ідуць густыя пахі ляснога рэдкатраўя, мокрага ад расы і сырасці ляжалага лісця. Пташнікаў. Калі Лукаш ужо набліжаўся да вёскі, з навадворскіх комінаў ішоў дым. Кавалёў. // Распаўсюджвацца (пра гукі, святло і пад.). Зязюля лічыла некаму гады, і аж пошчак ішоў па лесе ад яе кукавання. Даніленка. Неба на ўсходзе гарэла, ясната ішла ад ружовай разлегласці на ім. Чорны. // З’яўляцца, выходзіць, вынікаць. Паэзія [Янкі Купалы] ішла ад думак і жаданняў народа. Івашын. // Выдзяляцца, цячы. Кроў ідзе з раны. Пот ідзе. // Паступаць, падавацца. Газ ідзе. Ток ідзе. Пара ідзе па грубцы. □ Хлапчук, што хацеў быць дарослым, корпаўся ў млыне, дзе ішла якраз яго мука. Брыль. // Раcпаўсюджвацца (пра чуткі, весткі і пад.). Ідуць весткі з усіх канцоў. □ Пра абухаўцаў ішла слава яшчэ з 1901 года. «Работніца і сялянка». На Беларусі Па вёсках ідуць пагалоскі — з’явіўся Кастусь Каліноўскі. Броўка.

6. Набліжацца, з’яўляцца адкуль‑н. У акружаным блакадай лагеры ўсе радуюцца: «Нашы ідуць!..» Якімовіч. З вісклівым крыкам: «Ідзе! Ідзе!..» пранесліся пад акном Мікітка з Валодзькам, ускочылі ў хату і паведамілі, што ідзе машына. Ракітны. // перан. Насоўвацца, надыходзіць, прыбліжацца. Ноч ідзе З маланкамі, Дажджамі. Хведаровіч. З яркім сонцам, З пукам красак Май да нас ідзе. Бядуля.

7. Разм. Знаходзіць збыт, пакупніка. Тавар не ідзе. // Прадавацца па той або іншай цане. Ісці за бясцэнак.

8. перан. Рэгулярна налічацца, адпускацца (пра якія‑н. сродкі). Ідуць працэнты. Ідзе пенсія. Ідуць працадні. Зарплата ідзе. □ — Вам цяпер ідуць грошы кожны месяц, жывяце вы, дай божа на ўсякага добрага... Чорны. Слімак быў вельмі задаволены сваёй камандзіроўкай: ішлі добрыя сутачныя. Лынькоў.

9. Рассцілацца, пралягаць; мець пэўны кірунак, цягнуцца. Лагчына ішла далёка, аж пад лес. Сюды цяпер з поля пасля дажджу сцякала вада. Пташнікаў. І аднастайнай чарадой Ішлі стракатыя палоскі, Як невясёлых думак рой. Глебка. // Цягнуцца, праходзіць дзе‑н. Дарога ішла лесам. □ — Праз Калхіду ішоў вялікі гандлёвы шлях з Грэцыі і Рыма ў краіны Бліжняга Усхода і ў Індыю. Самуйлёнак. // Адыходзіць, адгаліноўвацца ад чаго‑н. У сыпкім пяску Ад калодзежных зрубаў Ідуць вадавода Смалістыя трубы. Лужанін. // Праходзіць, працягвацца ў якім‑н. напрамку. Вуліца ідзе ўгару. На горцы — Арынская царква, могілкі. Дамашэвіч. Паз ішоў крыва і быў мясцінамі то зусім мелкі, го занадта глыбокі. Дуброўскі. // Займаць тое або іншае месца ў адносінах да каго‑, чаго‑н. Я напішу, што ў класе Уперадзе іду, Што я ні ў якім разе Яго не падвяду. Гілевіч. За прасначкамі йшлі кампоты, Кісель з мядоваю сытою; Вячэру скончылі куццёю. Колас.

10. Дзейнічаць, працаваць (пра механізмы, машыны і пад.). Гадзіннік ідзе. □ Сцены карпусоў злёгку дрыжэлі, фабрыка ішла сваім поўным ходам. Лынькоў.

11. Капаць, цячы, ляцець (пра ападкі). Дождж ідзе. □ Узімку [на Вогненнай Зямлі] разам з дажджом часта ідзе і снег. Маўр.

12. Мінаць, працякаць, праходзіць у часе. Ішлі гады, дзеці іх раслі, жаніліся, выходзілі замуж — і хатка выцягвалася па вуліцы ў абодва бакі. Ракітны.

13. Цягнуцца, працягвацца. За акном павольна ішла ноч, роіліся зоры, і ападалі некаторыя з іх. Самуйлёнак. Жыццё ішло, поўнае чароўнасці і прыгажосці. Кавалёў. // каму. Быць у якім‑н. узросце. — Уладзіку трынаццаты год ідзе... Чорны.

14. Мець месца, адбывацца, праходзіць. Ідзе ўрок. Суд ідзе. У кватэры ідзе рамонт. □ На станцыі ішла ўжо выгрузка танкаў. Мележ. // Выконвацца, паказвацца, ставіцца (пра п’есу, спектакль і пад.). Ідзе новы кінафільм. // Быць прынятым да друку. Артыкул ідзе ў наступны нумар часопіса. // (звычайна з акалічнаснымі словамі). Адбывацца, быць у пэўным стане; удавацца, атрымлівацца. Справы ідуць добра. □ Мікалай распытваў Веру, як жывецца, як ідзе вучоба. Дамашэвіч.

15. Весці пачатак, паходзіць ад чаго‑н. Традыцыі гэтага змагання ідуць і з даўніх часоў, і з свежых яшчэ ў нашай памяці.. войнаў 1914–1920 гадоў. Чорны. // Лагічна развіваць думку ад агульнага да прыватнага або ад фактаў да абагульненняў. Ісці ад фактаў.

16. на што. Быць гатовым або схільным да чаго‑н., згаджацца на што‑н. Ісці на кампраміс.

17. у што, на што, пад што. Прызначацца, выкарыстоўвацца, ужывацца для чаго‑н. Перац ідзе ў страву як прыправа. Салома ідзе на подсціл жывёле. Дом ідзе пад знос. □ Іграюць пілы пільшчыкаў — На дошкі йдзе бярвенне. Купала. // Выдаткоўвацца, расходавацца, траціцца. На дарогу ідзе многа часу. □ Частка лякарстваў ішла на аказанне дапамогі насельніцтву. «Звязда».

18. каму-чаму. Падыходзіць, адпавядаць, пасаваць. Вясёласць гэтая неяк не ішла .. [шарманшчыкам], асабліва.. барабаншчыку. Чорны. // Быць да твару. [Ядвіся] была ў прыгожай чырвонай кофтачцы, якая вельмі ішла да яе твару. Колас.

19. Разм. Надзявацца, узлазіць без цяжкасцей. Чаравік не ідзе на нагу. // у што. Свабодна ўваходзіць, ўлазіць. Нітка свабодна ідзе ў шаршатку. Цвік не ідзе ў сцяну.

20. (часта з адмоўем). Разм. Атрымлівацца, ладзіцца, спорыцца. Хацеў бы я пеці Аб сваёй бядзе, Дый мне сэрца ные, Песенька не йдзе. Купала. — Вось цвердзь! А-а-а... Даўней грыўню мог сагнуць пальцамі, а гэта не ідзе... Чорны.

21. за каго. Уступаць у шлюб, выходзіць замуж (пра жанчыну). Марылька ішла замуж за Няміру. Чорны.

22. чым, з чаго. Рабіць ход у гульні. Ісці канём. Ісці козырам. Ісці з туза.

23. (з прыназоўнікам «у»). У спалучэнні з назоўнікамі, якія абазначаюць дзеянне, ужываецца ў значэнні: падпадаць пад што‑н. (што выражана назоўнікам). Ісці ў рамонт. Ісці ў чыстку.

24. (з прыназоўнікамі «на», «у»). У спалучэнні з назоўнікамі азначае наступленне працэсу, стану, дзеяння, якое выражана назоўнікам. Ісці на змяншэнне (змяншацца). Ісці ў рост (расці, пачынаць расці). Ісці на лад (ладзіцца, наладжвацца). Ісці на спад. Ісці на пасадку. Ісці на ўступкі. Ісці ў наймы. □ Рыгорку няцяжка было ўгаварыць Данілу ісці ў сваты да Бары, даводзячы, што цяпер якраз самы зручны момант. Дуброўскі.

25. (з прыназоўнікам «у»). У спалучэнні з назоўнікамі азначае: пачынаць рабіць што‑н., пускацца ў што‑н. Ісці ў скокі.

26. аб кім-чым, пра каго-што. Весціся (пра гаворку, гутарку і пад.). Ішла гаворка пра ўраджай. □ Залескі быў хворы, і Яўген Лубян часова замяшчаў яго. Аб ім ішла і гутарка. Шамякін. Язэп прысеў на табурэтку каля стала, слухаючы, аб чым ідзе размова. Дуброўскі.

27. за каго, што. Разм. Аказвацца прыгодным, сыходзіць за што‑н., з’яўляцца добрай заменай чаго‑н. Чорны хлеб ідзе за пірог.

28. Разм. Расходавацца хутка, лёгка. — Чырвонец вазьмі!.. У горадзе ідуць грошы, як вада праз пальцы. Мыслівец.

•••

Галава ідзе кругам гл. галава.

Далей (ісці) некуды гл. некуды.

З торбай ісці — пачаць жабраваць, прасіць міласціну.

Ідзіце здаровы — развітальны выраз.

Ісці міма рук — не даставацца каму‑н.

Ісці на дно — а) цярпець няўдачу, паражэнне; б) маральна апускацца, занепадаць.

Ісці на павадку ў каго — быць у залежнасці ад каго‑н., ставіць свае дзеянні, паводзіны ў залежнасць ад каго‑н.

Ісці на свой хлеб — пачаць жыць самастойна, зарабляць сабе на жыццё.

Ісці насустрач каму-чаму — садзейнічаць, дапамагаць каму‑н., спачувальна адносіцца да каго‑, чаго‑н.

Ісці на той свет — паміраць.

Ісці на ўсё — скарыстоўваць любыя сродкі для дасягнення мэты.

Ісці пад вянец — вянчацца, уступаючы ў шлюб.

Ісці пад суд — прыцягвацца да судовай адказнасці.

Ісці па лініі найменшага супраціўлення — выбіраць найбольш лёгкі спосаб дзеянняў, ухіляючыся ад цяжкасцей, пазбягаючы перашкод.

Ісці прамой дарогай — жыць сумленна, дзейнічаць без хітрыкаў і падману для дасягнення чаго‑н.

Ісці рукою — добра весціся, гадавацца, пладзіцца.

Ісці сваёй дарогай — дзейнічаць самастойна, не паддаючыся чужому ўплыву.

Ісці супраць цячэння — дзейнічаць наперакор існуючым традыцыям, поглядам і пад.

Ісці ўгору (угару) — а) атрымаць павышэнне па службе, займець павагу, аўтарытэт і пад.; б) паспяхова развівацца.

Ісці ў дзела — скарыстоўвацца, знаходзіць прымяненне.

Ісці ў заклад — спрачацца на грошы або што‑н. іншае.

Ісці ў касе — касіць.

Ісці ў нагу з кім-чым — дзейнічаць, працаваць, развівацца нароўні з кім‑н., у адпаведнасці з кім‑, чым‑н.

Ісці прочкі — сыходзіць з дому, не ўжыўшыся з жонкай або мужам.

Ісці ўразрэз з чым — рэзка разыходзіцца з чым‑н., супярэчыць чаму‑н.

Ісці ў ход — скарыстоўвацца, знаходзіць прымяненне.

Кусок у горла не ідзе гл. кусок.

Мароз па скуры (па спіне) ідзе гл. мароз.

Не ідзе з галавы — пра тое, што турбуе, хвалюе ўвесь час.

Не ідзе (не лезе) у галаву — а) няма жадання або магчымасці рабіць што‑н., думаць пра што‑н.; б) не засвойваецца, не запамінаецца што‑н.

Не ідзе ў руку — не ладзіцца, не шанцуе.

Не ісці далей — спыніцца на чым‑н., абмежавацца чым‑н.

(Ні) ў (якое) параўнанне не ідзе з кім-чым — нельга параўноўваць з кім‑, чым‑н.

Ходырам ісці — тое, што і ходырам хадзіць (гл. хадзіць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)