Ракяце́нь ’калатоўка’, ’прылада ў выглядзе палачкі з сучкамі на ніжнім канцы для збівання масла’ (паст., Сл. ПЗБ), раке́т ’мяшалка, зробленая з вяршыні маладой елкі’ (Зданцэвіч, LP, 1960, 347). У апошняй форме, відавочна, літуанізм, ад літ. rekẽtis ’рагуля, развілістая галіна’, параўн. літ. reketùkas ’вешалка, зробленая з вяршыні маладой елкі, сасны’, але звязана з агульнаслав. rak (гл. рак 1, ра́кавіна 1, рала 1). Далейшае ўтварэнне па рэгіянальнай прадуктыўнай мадэлі са значэннем прадмета дзеяння, напрыклад, кляпень ’малаток’, падавень ’вілы’ і пад. (Сцяцко, Афікс. наз., 38).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
сігна́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да сігналу, з’яўляецца сігналам (у 1 знач.). Сігнальныя знакі. □ Рыгор не паспеў адказаць, як збоку іх, пры паркане, пачуўся ціхі сігнальны кашаль. Гартны. Перад вачамі замільгацелі сігнальныя кастры. М. Ткачоў. // Які служыць для падачы сігналаў. Успыхнула сігнальная лямпачка — і адразу запрацавалі маторы. Гамолка. Толькі замест палачкі ў руках у.. [Віталя] сігнальны флажок. Васілёнак. Вось адна вялізная крыга з ходу ўдарыла ў сігнальны ліхтар. Краўчанка.
•••
Другая сігнальная сістэма гл. сістэма.
Сігнальны экземпляр гл. экземпляр.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
◎ Паты́к ’кавалак палкі ці дубца без галін’ (Бес.), брэсц. паніка ’палка’ (Сл. Брэсц.), воран. патачкі ’тонкія палачкі’ (Сцяшк. Сл.). Укр. патик ’палка, кол’, патика ’палка’, польск. patyk, potyk, patyka, чэш. ляш. patyk ’кій’, валаш. partyka, славац. patyk, patyč, patyča ’дубіна, друк, палка’, patyčie ’дробныя тычкі’, patik ’дубец’, pateka ’пугаўё’. Заходнеславянскае. Да tyka ’тычка’, роднаснага з прагерм. *stukka‑z: ням. Stock ’палка, ствол, друк, палена, калода’; менавіта ‑ukk‑ з’явілася слав. асновай ‑ык (Махэк₂, 663). Брукнер (399) сцвярджае, што польск. patyk паходзіць не ад tyka, а ўтворана ад асновы ρα-, якую знаходзім у ηά‑лец. Прыстаўка па‑ з прасл. pa‑.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
чаро́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Звязаны з чараўніцтвам; які мае магічную сілу. Каб я ведаў чароўнае слова — перакінуўся б у зязюльку. Бядуля. Ніхто не знайшоў у купальскую ноч Чароўную кветку — прываблівы скарб. Панчанка. // Незвычайны, казачны. З залы несліся чароўныя меладычныя гукі музыкі. Мікуліч. Колькі думак было некалі ў маленстве пра школу, пра таго чароўнага настаўніка, які будзе паказваць, як пісаць палачкі. Кулакоўскі.
2. Незвычайнай, казачнай прыгажосці; які зачароўвае, захапляе. Дзяўчына была чароўнай у гэты час на холадзе асенняга ранку. Пташнікаў. Сцяпан доўга любуецца чароўным хараством ночы над морам, потым спускаецца ўніз. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чараўні́чы, ‑ая, ‑ае.
1. Звязаны з чараўніцтвам; чарадзейны. У той час .. [Скарына] не мог вызваліцца ад рэлігійных уяўленняў аб прыродзе, аб сутнасці самога чалавека, аб духах, чараўнічых сілах і г. д. Алексютовіч. Гаспадыня паспешна накрыла на стол, на ім, як па ўзмаху чараўнічай палачкі, з’явіліся талеркі з мясам, белым хлебам. Пятніцкі. На другі дзень цар устаў, паглядзеў у сваю чараўнічую кнігу. Якімовіч.
2. перан. Які зачароўвае, захапляе, прыносіць асалоду; чароўны. Усё гэта чараўнічае і любае людскому слыху шматгалоссе зліваецца ў адну мелодыю, у нейкі своеасаблівы ўрачысты гімн працы. Мыслівец. Але той, хто наведаў хоць раз Чараўнічыя нашы мясціны, Не забудзе ніколі ён нас — Край блакітны і нашу гасціннасць. Пруднікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ру́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
1. Памянш.-ласк. да рука (у 1 знач.).
2. Частка прадмета, за якую бяруцца рукой пры карыстанні ім. З калідора нехта ўзяўся за ручку дзвярэй. Васілёнак. На куфэрку ручка з медзі, Зверху ручку ўбачыш ледзьве. Дубоўка. // Прыстасаванне ў машынах, апаратах, якое служыць для прывядзення іх у дзеянне шляхам пакручвання рукой. Клімянок пакруціў ручкі прыёмніка. Шыцік.
3. Пісьмовая прылада ў выглядзе палачкі, стрыжня, куды ўстаўляецца пяро. Потым я дастаў з дзедавай шафы чарніліцу, ручку. Бядуля.
•••
Аўтаматычная ручка — тое, што і аўтаручка.
Шарыкавая ручка — аўтаматычная ручка з шарыкам замест пяра для падачы чарнільнай масы.
Дабіць да ручкі гл. дабіць.
Давесці да ручкі гл. давесці.
Дайсці (дабіцца) да ручкі гл. дайсці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Сно́за ‘скабка’ (Мат. Гом.), сно́зы ‘частка кроснаў — вертыкальныя планачкі, якія праходзяць скрозь абедзве паловы набілак’ (Уладз.), ‘рэбры ў кошыку’ (капыл., ЛА, 4), ‘бакавая акантоўка акна’ (Сцяшк. Сл.), сно́зік ‘прыстасаванне ў лежаку (вуллі), зробленае з планак, якія ўтвараюць упор для плечукоў рамак’ (Анох.). Укр. сно́за, сніз ‘рэбры ў кошыку’, ‘тонкія палачкі для падтрымання сотаў’, рус. кур. сно́зы ‘тс’, таксама ‘жэрдачкі для птушкі ў клетцы’, паўн. сна́зы ‘крыжападобна пакладзеныя планкі ў вуллі’, сну́за ‘затычка ў ярме’, польск. snoza ‘драўляная клямка’, snozik ‘драўляная рамка ўнутры вулля’. Варбат (Морфон., 41, 43) узнаўляе прасл. *snoza, *snaza, звязаныя чаргаваннем галосных. Да прасл. *noziti ‘пратыкаць, прабіваць’ (гл. нож), параўн. таксама рус. вонзить. Гл. яшчэ Праабражэнскі, 2, 345; Фасмер, 3, 700; ЕСУМ, 5, 337. Борысь (SEK, 4, 341) рэканструюе прасл. дыял. *sъnoza, дэвербатыў ад *sъ‑noziti, суадноснае з занозы ‘вертыкальныя планкі ў кроснах’. Сюды ж зну́за ‘звязь двух розных рэчаў’ (Ласт.) з іншым вакалізмам.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
разгарэ́цца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.
1. Узяцца добра гарэць. Юзік кінуўся збіраць палачкі і сухія трэсачкі, каб шпарчэй разгарэўся агонь. Колас. [Муха] лапатала пад шклом, пакуль не разгарэўся кнот. Баранавых.
2. Стаць агніста-чырвоным. Белая паласа на ўсходзе пачырванела, разгарэлася. Шамякін.
3. перан. Стаць чырвоным, гарачым (ад узбуджэння, хвалявання і пад.). Ад бегу і шпаркай хады шчокі .. [Макаравы] разгарэліся. Колас.
4. перан. Дайсці да стану моцнага ўзбуджэння, узрушэння, пранікнуцца якім‑н. пачуццём. — Самому табе не месца ў калгасе! — разгарэўшыся, крычала .. [Вера]. Дуброўскі. [Незнаёмы:] Не ўтрымаеш, маці, свайго сына, калі ў ім кроў разгарыцца і душу яго да святла пацягне. Купала.
5. перан. Развіваючыся, узмацняючыся, дасягнуць вялікага напружання, вялікай сілы. Апетыт разгарэўся. □ Спрэчкі разгарэліся. Кожны з прысутных адстойваў свой погляд. Колас. Настрой у мяне быў цудоўны, стары мне вельмі спадабаўся, фантазія мая разгарэлася, і я пачаў маляваць будучае Асіповіч. Рамановіч. Сама што разгарэлася работа на полі. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Саба́чка 1 памянш. да сабака 1 (гл.).
Саба́чка 2 ’спускавы механізм у агнястрэльнай зброі’, ’прыстасаванне ў машынах, механізмах, якое перашкаджае руху назад зубчастага кола’ (ТСБМ), ’прылада, пры дапамозе якой здымаюць бобы’ (Сцяшк. Сл.), ’частка ткацкага станка’, ’слясак’ (Мат. Гом.), ’дэталь у ніты красён’ (Сл. ПЗБ), ’палачка, якая злучае панажы з нітамі’ (Жыв. сл., Нар. сл.), ’прылада ў кроснах, якая трымае набілкі на патрэбнай вышыні’ (Бяльк.), ’кружкі ў кроснах, на якіх перамяшчаюцца ніткі асновы’ (Сцяшк. Сл.), соба́чка ’вільчак’ (палес., Нар. сл.), соба́чкі ’тры маленькія драўляныя палачкі па абодвух баках ніта’ (Влад.). Агляд семантыкі бел. сабачка гл. таксама Н. А. Старасценка, Бел. мова, 8, 1981, 77 і наст. Параўн. рус. соба́чка ’спускавы механізм у агнястрэльнай зброі’, а таксама назвы дэталяў для захвата, зачэплівання чаго-небудзь, у тым ліку і ў кроснах. Да папярэдняга слова.
Саба́чка 3 ’галоўка дзядоўнік, шышка’ (Нас., Байк. і Некр.). Рус. собачка ’тс’. Да сабачка 1 па ўласцівасці зачэплівацца. Параўн. яшчэ ваўчкі.
Саба́чка 4 ’мужчынскі гальштук у выглядзе банта’ (Сл. рэг. лекс.). Да сабачка 1 па знешняму падабенству.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
слупо́к, ‑пка, м.
1. Памянш. да слуп (у 1, 2 знач.); невялікі слуп. Сціплы слупок з чырвонай зорачкай на версе гаварыў, што тут магіла. Шыцік. Пры вуліцы тырчалі два парэпаныя счарнелыя слупкі, што нейкім цудам уцалелі ад плота. Мележ.
2. Маса рэчыва, якая пабыла форму стаячага стрыжня, палачкі. Слупок ртуці. Слупок тэрмометра. □ Апусціце мармышку разоў пяць запар на дно і пастарайцеся ўзняць ёю некалькіх слупкоў муці. Матрунёнак. / Пра пастаўленыя, пакладзеныя адзін на другі невялікія прадметы. На стале .. роўнымі слупкамі ляжалі кнігі. Шамякін.
3. Калонка кароткіх радкоў у газеце, часопісе і пад., якія размешчаны адзін пад другім. Кожны дзень пасля працы [Міхалка] бягом пускаецца ў клуб, упіваецца ў газетныя слупкі... Бядуля. // Рад лічбаў, слоў, напісаныя адно пад другім. Слупок прозвішчаў. □ Сёння тата працуе недалёка ад дому. Прыйшоў паабедаць і пытаецца ў Тараскі: — Урокаў шмат задалі? — Не, тата, адну задачку і два слупкі прыкладаў. Юрэвіч.
4. У батаніцы — частка песціка паміж рыльцам і завяззю.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)