ні́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Тонка ссуканая пража, якая выкарыстоўваецца для шыцця, вязання і пад. [Варвара:] — Збегай, Косцік, вазьмі ў шуфлядзе чорны гузік і іголку з чорнай ніткай. Васілевіч. За прасніцай некалі маці тужыць, Суровая нітка праз пальцы бяжыць. Вялюгін.

2. Нізка (пацерак, караляў і пад.). Да .. шыі [мадонны на карціне] была падвешана (прыбіта цвічкамі) нітка сапраўдных караляў. Чорны.

3. Прадмет, які па сваёй форме падобны на нітку. У іржэўнік парванымі, патузанымі ніткамі паўпляталася павуцінне. Скрыган. // перан. Аб чым‑н. такім, што нагадвае нітку. [Самалёты] пакідалі за сабой танюткія серабрыстыя ніткі следу. Лынькоў.

4. перан. Аб чым‑н. пабудаваным, што выцягнулася ў выглядзе простай лініі. Нітка чыгункі. Нітка трубаправода. □ Чырванаватая нітка брукаванага тракту паблісквае вільгаццю. Лужанін.

5. перан. Тое, што злучае, служыць для сувязі. Газеты з’яўляюцца для Міхалкі вышэйшай школай — універсітэтам. Яны злучаюць яго нябачнымі ніткамі з усім светам. Бядуля. // Рад, чарада чаго‑н. Нітка ўспамінаў. □ Думкі паўзуць шэрай, блытанай ніткай. Лынькоў.

•••

Да (апошняй) ніткі — усё, поўнасцю, да канца (аграбіць, абабраць, праліць і пад.).

На жывую нітку — нетрывала (зрабіць што‑н.). Двор зарос травой, паркан пастаўлен на жывую нітку, на хляве — прагніўшая страха. Навуменка.

Прамокнуць да ніткі гл. прамокнуць.

Праходзіць чырвонай ніткай гл. праходзіць.

Шыта белымі ніткамі гл. шыты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скрэ́бці, скрабу, скрабеш, скрабе; скрабём, скрабяце; пр. скроб, скрэбла; незак., каго-што.

1. і без дап. Праводзіць па паверхні чым‑н. вострым, цвёрдым, зачэпліваючы ці робячы драпіны. А бедны воўк, вадой падцяты, Скрабе па лёдзе кіпцюрамі. Колас. Блізка мыш скрабе па сценцы, Кот цікуе на паленцы. Бядуля. На гумовых ботах, па халявах, скроб сухі верас, абсыпаны, абдзёрты калёсамі. Пташнікаў.

2. Здзіраць, счышчаць чым‑н. вострым тонкі слой з якой‑н. паверхні. Не спіцца. І нават не творыцца. І сам я не рады сабе. Аж чую: на досвітку дворніца Дарогу ля дома скрабе... А. Вольскі. Антанюк узброіўся нажом, закасаў рукавы пінжака і скроб абсмаленую тушу, цёр мокрай саломай. Шамякін. // З сілай церці, чысціць. Ягор найбольш завіхаўся ля коней, мыў іх, скроб або карміў. Навуменка. Дзяўчынкі да жаўцізны скрэблі падлогу, здымалі павуцінне, праціралі сцены, мылі вокны. Курто.

3. Чысціць, абчышчаць (маладую гародніну, рыбу і пад.). Спроб .. [Яўтух] ножыкам бульбіну ды моўчкі хаваў сваю добрую ўсмешку ў сівых вусах. Бялевіч. Бялявы хлапчук на парозе, як дома, ваюючы з кошкай, скрабе шчупака. Вялюгін.

4. і без дап. Чухаць (якія‑н. часткі цела). [Цымбал] уздыхае, скрабе ў барадзе і, відаць, пра нешта хоча загаварыць. Скрыган. [Жонка:] Што ты там бурчыш пад нос? Скрабеш каля вуха? Купала.

5. перан. Непакоіць, трывожыць, хваляваць (пра думку, пачуццё і пад.). Яго душыў смутак і скрэбла злосць. Чорны. [Бацька:] — Вершы зусім недзіцячыя, а такія, што і старога скрабуць па сэрцы... Таўлай.

6. Дробна, тонка стругаць што‑н.; здрабняць. У зале лёкаі скрэблі васковыя свечкі на дубовыя цагліны падлогі. Дзеці потым, танцуючы, разнясуць усё нагамі. Караткевіч.

•••

На сэрцы (на душы) кошкі скрабуць гл. кошка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пацягну́цца, ‑цягнуся, ‑цягнешся, ‑цягнецца; зак.

1. Выпрастаць стомленыя ў аднастайнай паставе канечнасці, стан. Галас падняўся, пацягнуўся і пазяхнуў. Колас. У паясніцы нібы завесы заржавелі — не разагнуцца. Але пацягнешся моцна да хрусту касцей, лінеш на твар халоднай вады, пройдзеш разы два па хаце і сціхне патроху нудны боль у плячах. Крапіва. [Казік] выцягнуў з-пад посцілкі рукі і з асалодай пацягнуўся. Чарнышэвіч.

2. Падацца корпусам у якім‑н. напрамку, працягнуць руку, галаву да каго‑, чаго‑н. [Гаварушка] пацягнуўся яшчэ, каб злавіць яе [Ніны] руку, але яна адбеглася. Лобан. Васіль узняў галаву, і рука яго міжвольна пацягнулася да пісталета. Шашкоў. Перабіраючы адвіслымі губамі, да .. [Міколы] пацягнулася конская морда. Новікаў. // Пачаць цягнуцца ўгору, расці (пра расліны). І зямля наверх пагнала сокі З тых глыбінь, дзе дбайна берагла, І адразу ясакар высокі Пацягнуўся лісцем да святла. Кірэенка.

3. Пачаць рухацца, накіравацца ў адным напрамку цугам, чарадой. У калгасны склад паплылі цэмент, цвікі, жалеза, пацягнуліся фурманкі з лесам. Сергіевіч. Кароўкі ў парадку, адна за другою, пацягнуліся ў лес. Колас. Пераклікаючыся ў небе, роўнымі шнурамі пацягнуліся на поўдзень гусі. Скрыпка. // Павольна пайсці следам за кім‑, чым‑н., разам з кім‑н. Саўка з начальнікам пайшлі па вёсцы. Паліцэйскія пацягнуліся ўслед. Федасеенка. Табун павольна пацягнуўся за .. [Алесем]. Караткевіч. / Пра думкі, успаміны. Ну, скажы ты, якія чэпкія гэтыя ўспаміны! Успыхне ў памяці адно, за ім пацягнецца другое... Палтаран.

4. Павольна, з цяжкасцю пайсці; паплесціся. Міхал сабраўся, апрануўся і ў лес павольна пацягнуўся. Колас. // Пачаць павольна распаўсюджвацца, рухацца ў якім‑н. напрамку (пра дым, пыл і пад.). Чорныя шлейфы .. дыму [ад месераў] перакрыжаваліся і пацягнуліся да зямлі. Алешка. Гануля і не заўважыла, што не прыкруціла кноту, языкі агню пацягнуліся ўверх, пацямнела шкло. Гурскі.

5. Пачаць павольна, аднастайна праходзіць (пра дні, гадзіны, гады). Дні пацягнуліся аднастайныя, страшэнна падобныя адзін на другі. Навуменка.

6. Працягнуцца, размясціцца на вялікай адлегласці, прасторы, уздоўж чаго‑н. Абапал дарогі пацягнуліся шэрыя, апусцелыя палі. Гамолка. На многія кіламетры пацягнулася камяністая пустыня. Шыцік. // Быць працягнутым у якім‑н. напрамку. Вакол гарнізонаў .. пацягнулася павуцінне калючых дратоў. Брыль. // Пралегчы, выдзяляючыся на чым‑н. Па лужынах пацягнуліся бліскучыя сінія пісягі — ад масла і дыму. Пташнікаў. Гусіныя лапкі маршчакоў пацягнуліся на скроні. Алешка.

7. перан. Адчуць цягу, схільнасць да каго‑, чаго‑н. Ён першы загаварыў у Руднічах пра калгас і першы ўступіў у яго. За бацькам пацягнулася ўся бедната. Курто. Калі прыйшла канчатковая перамога, дзеці былых беднякоў пацягнуліся да навукі. Сергіевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сабра́цца, збяруся, збярэшся, збярэцца; збяромся, зберацеся; зак.

1. Сысціся, з’ехацца ў адно месца. Заўтра дзень кірмашовы ў сяле Сілічах, Там, ён [Цімох] ведае гэта, збяруцца сябры. Куляшоў. Калі ж мы зноў збяр[о]мся ў цесны круг, Як раніцай збіраюцца заранкі? Глебка. Яшчэ ў першы дзень, як толькі Сашка прыехаў у Багатую Граду, у дзедаву хату сабралася нямала хлопчыкаў і дзяўчынак. Даніленка. // Адкрыцца, пачаць сваю работу (пра сход, пасяджэнне і пад.). Раніцай павінен быў сабрацца савет МТС. Лобан. Можна сказаць, не пас[я]дж[э]нне гэта было, а сапраўдны сход. Увесь сельсавет сабраўся, і так яшчэ актывістаў пазвалі. Чорны. // Згрупавацца тым ці іншым чынам вакол каго‑, чаго‑н. Сабралася ў кола Шаснаццаць сясцёр, Усе маладыя, амаль аднагодкі. Здружыла ў змаганні, ў паходах жыццё І працай зраднілі сясцёр пяцігодкі. Лужанін. // Зляцецца ў чародкі (пра птушак). Па позвах тых гусі З лясоў і балот Сабраліся: хутка У вырай адлёт. Калачынскі.

2. Дайсці да якой‑н. колькасці, да якога‑н. ліку. Гасцей сабралася чалавек дваццаць. Дуброўскі. Войска, брат, ёсць. Узвод — не ўзвод, а аддзяленне добрае збярэцца. Брыль.

3. Паступова накапіцца ў адным месцы, у адных руках. Аднойчы здарылася так, што нам выдалі стыпендыю ды мой старэйшы брат прыслаў мне дапамогу — рублёў дваццаць пяць. Разам у мяне сабраўся цэлы капітал. Дубоўка. // перан. Адкласціся ў душы, набалець. У гэтай сцэне сабраўся ўвесь накіп усяго таго, што рабілася каля .. карчмы праз шмат год. Чорны. Старая зноў ўспомніла Лідачку, Міхася, і ўся тая злосць на жыццё, якую яна толькі мела, сабралася, здаецца, адразу. Брыль.

4. Адвольна назбірацца ў якой‑н. колькасці (пра вадкасць, пару і пад.). [Залатарова:] — Усё зразумела. У воку сабралася глаўкомная вадкасць. Мяжэвіч. Ралля паруе — цеплыня Сабралася за час зімовы. Прануза. // Паступова насунуцца, згусціцца (пра хмары, навальніцу). Пад вечар шэрыя хмаркі ўсё ж такі сабраліся ў адну і затулілі ўсё неба. Маўр. / у безас. ужыв. І, бач, зноў жа сабралася на дождж. М. Стральцоў. // Пачацца ў выніку паступовага нарастання пэўных змен у атмасферы. Пад раніцу дождж збярэцца.

5. Набухнуць (пра пупышкі дрэў, кветак). На верхавіне сцябла парасонам сабраліся пучкі, гатовыя распусціцца ў кветкі. Маўр.

6. Падрыхтаваць усё неабходнае ў дарогу. Сабраўся дзед Баўтрук, забраў сякія-такія рэчы, сякерку сваю цяслярскую вострую ўзяў і, не аказаўшыся нявестцы, выйшаў з хутара на дарогу. Колас. // Намерыцца пайсці куды‑н., пабываць дзе‑н. Сабраўся аднойчы дзядзька Антось у лес, закінуў стрэльбу за плечы, гукнуў Таксу. С. Александровіч. — Куды гэта ў поўнач сабралася? — нездаволена спытала .. [Маню] маці. Васілевіч. // з інф. Наважыцца зрабіць што‑н. — Ці не вагоны ты перасаджваць сабралася? Якімовіч. Часамі мне хочацца як-небудзь сабрацца перачытаць іх [ апавяданні] ды паправіць. Скрыган. // Надумацца стаць кім‑н. Сабрацца ў інжынеры.

7. (звычайна са словамі «сілы», «думкі», «дух» і пад.). Унутрана арганізаваць сябе. Трэба было супакоіцца, сабрацца з сілаю, суняць сэрца ў грудзях, каб ударыць без промаху. Быкаў. Мімаволі падкасіліся ногі, і Анісся прыхілілася да заснежанага плота, каб аддыхацца, сабрацца з думкамі. Лынькоў. Разгублены Папас не ўмеў сабрацца са словамі. Галавач. І дзіва, чым бліжэй падыходзіў [Сіліцкі] да Людмілінага дома, тым больш пачынаў хвалявацца.. Каля самага дома ён аж прыпыніўся, каб сабрацца з духам. Арабей. // Напружыць мышцы, падрыхтавацца да якога‑н. руху, дзеяння. Усё .. цела [Аляксея] напружылася, сабралася. Мележ. Кошка ў гэты момант .. ужо сабралася скокнуць, каб схапіць вераб’я. Бяспалы.

8. Стуліцца, як быццам зрабіцца меншым. Вялікі жаль да бацькі агарнуў усю .. малую істоту [Міколкі], і ён нібы сабраўся ўвесь у маленькі камок. Лынькоў. Бровы яе збегліся на пераноссі, і ўвесь твар сабраўся ў жаласлівы камяк. Крапіва. // Утварыцца, з’явіцца (пра маршчыны, складкі). Залатыя дзянькі прайшлі і канулі ў нябыт. Маршчынкі, як павуцінне, сабраліся ўжо каля вачэй. Чарнышэвіч. Лоб сабраўся ў гармонік і гэтым выразна аддзяляў сябе ад лысіны. Кулакоўскі.

•••

Сабрацца адно к аднаму — накапіцца чаго‑н. дзе‑н. (пра справы, незадавальненне, гнеў). [Злобіч:] — Даруй, Рыгор ... неяк з гарачкі я ... Сабралася адно к аднаму. М. Ткачоў.

Сабрацца (пайсці) у прочкі — звычайна пайсці ад мужа; пакінуць сям’ю, сваю хату з прычыны неладоў.

Сабрацца (прыйсці) у свіныя галасы — позна, у позні час, са спазненнем.

Хмары сабраліся над кім-чым гл. хмара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

то́нкі, ‑ая, ‑ае.

1. Невялікі ў папярочным сячэнні; проціл. тоўсты. Тонкі лёд. Тонкія ніткі. Тонкі сшытак. Тонкая кніжка. □ [Насця:] Я дастала з куфра тонкае палатно. Чорны. Ад ярусаў да самай вады падложаны тонкія, доўгія бярвенні. Колас. // Зроблены, пашыты з нятоўстага матэрыялу. Тонкая сукенка. □ Мароз шчыпле за нос, прарываецца праз тонкі шынель. Лынькоў. // перан. Не густы, празрысты (пра туман, дым і пад.). Тонкая восеньская імжа вісела ў паветры, нібы павуцінне. Бядуля. — Бачыш, дыхае, цеплынёю радуецца зямля, — паказвае Тамара на ледзь прыкметную пару, якая тонкім, танюсенькім павуціннем сцелецца над свежаю, сонцам прыгрэтаю раллёю. Бялевіч.

2. Невялікі ў абхваце; не тоўсты, вузкі ў косці (пра чалавека, яго фігуру, часткі цела). Тонкія пальцы. Тонкая талія. □ Перахвачаная ў паясніцы, з рэвальверам, які абцягваў папружку, тонкая, зграбная — .. [Ганна] чаравала ўсіх. Нікановіч. У перамежку паміж выбухамі кашлю .. [Ніна] ляжыць з заплюшчанымі вачыма. Толькі час ад часу ўзнімае перад сабой тонкія ручкі, усхліпвае ад болю і шэпча: «бабка, піць...» Брыль. Ты [дзяўчына] прайшла з усмешкай цёплай, Прашумела, нібы ветласць Той вясны, што ты адбіла Тонкай постаццю дзявочай. Панчанка. // Не грубы, не шырокі, прыгожага, далікатнага складу (пра твар, рысы твару). Дзе, якой зарою чырваніла Яна вусны тонкія свае. Броўка. У прыпухласці губ, у тонкіх рысах твару я заўважыў нешта новае; нібы .. [Люда] штось прадчувала, а можа, і чакала чагось важнага. Дуброўскі. Жанчына была прыгожая, .. з тонкім далікатным тварам. Маўр.

3. Невялікі па шырыні, вузкі. Тонкая лінія. □ На .. лбе [Любы] зрабілася тонкая маршчынка і, зварухнуўшыся, знікла. Чорны. Сцяжынкай тонкай над старой канавай Іду з касою між ракіт густых. Гілевіч.

4. Высокі (пра гукі, голас). Раптам .. [Іліко] пачуў нейкі тонкі гук, як бы недзе звінеў камар. Самуйлёнак. Дзіця сумысля закрычала высокім сваім тонкім голасам. Чорны.

5. Які складаецца з дробненькіх часцінак. Абмытае каменне .. блішчала пад сонцам, пакуль лета не ўкрые яго тонкім засцілам бялявага пылу. Чорны. [Серафіма да Тэклі:] — То ж я прыйшла табе сказаць, што можа ў цябе няма чаго-небудзь, можа мукі няма свежанькай пшанічнай, то мой стары ўчора толькі змалоў, тонкая такая, беленькая! Краўчанка.

6. Складаны, выкананы з вялікай увагай, умела, па-мастацку. [У гісторыка-этнаграфічным музеі ў Мадрасе] сабраны ўзоры вельмі тонкай разьбы па дрэве. «Полымя». [Дубок:] — Хочаш далікатную работу — і тут мае рукі ход маюць, абы толькі [ін]струменцік да ладу. Бо на тонкай рабоце з сякерай не разгонішся. Лынькоў. // Складаны, які патрабуе ўмелага, далікатнага падыходу. [Мельнік:] — Зразумей, каханне — справа тонкая! Карпюк. // Дэтальны, дакладны, дасканалы. Тонкае веданне справы.

7. Ледзь прыкметны, які з цяжкасцю адрозніваецца. Тонкія адценні колераў. □ Дзівіць [восень] людзей размалёўкаю тонкаю. Лісце кляновае — лапкі чырвоныя Гусі пакідалі ў лужыны звонкія... Тармола.

8. Прыемны сваёй вытанчанасцю, не рэзкі (пра смак, пах і пад.). Тонкія віны. Тонкія духі. □ Водар ліпавых кветак, тонкі, ледзь-ледзь улоўны, напаўняе паветра. Мікуліч.

9. Тактычны, далікатны (пра чалавека, яго душу). [Мастак да Галі:] — Калі не памыляюся, вы... вельмі ўражлівы, .. з тонкай душой чалавек. Ракітны. // Выключны, незвычайны (пра выхаванне, манеры, гутарку, культуру і пад.). Тонкае выхаванне. Тонкія манеры абыходжання.

10. Які вылучаецца розумам, густам, праніклівасцю, глыбокім веданнем справы. Тонкі крытык. □ Партызанства ў сабе маю дастаткова. Але як стаць такім тонкім псіхолагам, вынаходлівым палітыкам, дыпламатам?! Карпюк. Я бачыў у .. [настаўніку] тонкага педагога, які добра ведаў, што палкаю цяжка загнаць і ў дзверы, а ласкаю можна ўціснуць і ў вузкую шчыліну. Дамашэвіч. Купала як перакладчык паказаў сябе тонкім знаўцам творчасці Міцкевіча. Лойка.

11. Гібкі, праніклівы, які схоплівае малапрыметнае (пра розум, мысленне). Тонкі розум. // У якім выяўляецца глыбокае разуменне чаго‑н., пранікненне ў сутнасць. Тонкая крытыка. Тонкі псіхалагізм. // Дасціпны, умела завуаліраваны (пра іронію, гумар і пад.). Тонкі гумар. Тонкі намёк. □ — Ты [Люба] Хадкевіча да сябе выпішаш, — з тонкай насмешачкай падкалола Аня. Васілевіч. // Эмацыянальна-ўзвышаны, паэтычна-ўсхваляваны. Трапяткое крыло галубінае і з’яўляецца адной з важнейшых адзнак паэзіі Ізі Харыка, адзнак яе тонкага лірызму. Лынькоў.

12. Не адразу прыкметны, які тоіцца ў глыбіні чаго‑н.; такі, да якога трэба даходзіць, дазнавацца. Тонкія адценні ў значэнні слова.

13. Дасканала арганізаваны і дакладны па выніках. Тонкі хімічны аналіз.

14. Чуллівы, які ўспрымае самыя слабыя раздражненні (пра органы пачуццяў і іх дзейнасць). Тонкі слых. Тонкі зрок. □ У Надзі добры голас. Тонкі музы[каль]ны слых. Гарбук.

•••

Тонкая кішка гл. кішка.

Кішка тонка (тонкая) у каго гл. кішка.

Тонкая штучка гл. штучка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)