Прыро́бка ’тое, што прыроблена’ (Ласт., Байк. і Некр.), пры́ро́бка, пры́роб, прыро́бак ’прыбудоўка да хаты або хлява’ (Шушк., ТС), пры́робка ’ўзор на канцы ручніка’ (ТС), сюды ж з іншай семантыкай прыро́бак ’дадатковы, пабочны заробак’ (ТСБМ). Ад прырабі́ць (прыробі́ць) ’далучыць, дабудаваць’, а таксама ’начараваць’ (ТС), гл. рабіць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

калы́м, ‑у, м.

1. Выкуп, які ўносіцца жаніхом бацькам нявесты (у некаторых народаў Усходу, што захоўваюць перажыткі радавога быту). Пастух дзяўчыну пакахаў, А даць не мог калым багаты. Пысін.

2. Разм. Лёгкі пабочны заробак. — Цэлы вечар толькі і гаворкі — дзе тут больш зарабляюць, куды б гэта ўлезці, каб калым быў.., — пагардліва крывіў губы Грыша. Місько.

[Цюрк.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

грамадзя́нскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да прававога становішча грамадзян (у 1 знач.) у дзяржаве. Грамадзянскі кодэкс. Грамадзянскія правы. Грамадзянскія законы. / Накіраваны на карысць грамадства; уласцівы грамадзяніну. Грамадзянскі абавязак.

2. Неваенны, цывільны. Ніхто пабочны сюды не заглядваў — грамадзянскаму насельніцтву ўвогуле было забаронена хадзіць у лес, а гітлераўцы баяліся. Няхай.

•••

Грамадзянская вайна гл. вайна.

Грамадзянская паніхіда гл. паніхіда.

Грамадзянскі шлюб гл. шлюб.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пры́смак ’дадатковы, пабочны смак, які прымешваецца да смаку чаго-небудзь’ (Растарг., ТСБМ), прысма́к ’тс’ (Байк. і Некр.), ’добры, прыемны смак’ (Нас.), таксама прысма́ка, прысма́кі ’ласункі, салодкае; смачныя, асабліва прыгатавання стравы’; ’прыправа’ (ТСБМ, Нас., Мядзв., Нік. Очерки, Гарэц., Байк. і Некр., Др.-Падб., Растарг., Бяльк., Нар. сл., Сл. ПЗБ, ТС), сюды ж прысма́чыті ’заправіць’ (З нар. сл.). Рус. при́сма́к ’прыемны смак; прыправа; ласунак’, укр. присма́ка ’прыправа; ласунак’. З польск. przysmak ’прыправа, ласунак’ (Фасмер, 3, 366). Параўн. смак.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

посторо́нний

1. (чужой) чужы́;

посторо́нние лю́ди чужы́я лю́дзі;

2. (побочный) пабо́чны;

посторо́нние дела́ пабо́чныя спра́вы;

3. м., сущ. пабо́чная асо́ба;

посторо́нним вход воспреща́ется пабо́чным асо́бам увахо́д забаро́нены;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Прыва́тны ’які належыць пэўнай асобе’ (Гарэц., Байк. і Некр., ТСБМ), прыва́тны, права́тны ’ўласны’, прыва́тне ’ўласна’ (смарг., паст., брасл., Сл. ПЗБ); ст.-бел. приватный, прыватный (з 1595 г.) са ст.-польск. prywatny (XVI ст.), якое, у сваю чаргу, з лац. prīvātus (Булыка, Лекс. запазыч., 33). Сюды ж прыва́тапабочны даход, асабліва за прыватныя ўрокі’ (Нас.), якое працягвае таксама запазычанае са ст.-польск. prywata < лац. privata; Булыка (Лекс. запазыч., 262) лічыць лацінскае слова непасрэднай крыніцай запазычання ст.-бел. прива́та ’асабістая выгада, прыватнасць’; параўн. таксама чэш. privát ’прыватная кватэра; прыватныя ўрокі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

уско́сны, ‑ая, ‑ае.

Які не выказваецца, не выяўляецца непасрэдна; пабочны. Ёсць у мяне пад рукамі толькі скупыя ўскосныя звесткі, знойдзеныя даследчыкамі ў розных архівах. Мехаў. Цяпер я добра ведала, што не толькі не маю права нешта сказаць Віктару.., бо сказаць, гэта значыць зрабіць ускосны папрок яму. Савіцкі. Важным сродкам выяўлення ўнутранага свету чалавека з’яўляецца ў К. Чорнага ўскосная партрэтная характарыстыка. «Полымя». [Чаур]: — Твае любімыя дэтэктывы сцвярджалі: калі няма прамых доказаў, шукай ускосныя. Шыцік.

•••

Ускосная мова гл. мова.

Ускосныя падаткі гл. падатак.

Ускосныя склоны гл. склон.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

халту́ра, ‑ы, ж.

Разм. зневаж.

1. Пабочны, звычайна лёгкі заработак звыш асноўнага. У людзей як у людзей — ва ўсіх па два выхадных ужо, а ў .. [Аўсяніка] вечна гэта «налева», вечна халтура... Васілевіч.

2. Нядобрасумленная, неахайная, выкапаная без ведання справы работа. [Мікола:] — Халтура хутчэй за ўсё, а не вецер... Калі б мы так будавалі, што вецер, няхай і штармавы, у дзевяць балаў, можа бурыць, — грош нам цана была б. Хадкевіч. // Тое, што зроблена такім чынам, прадукт такой работы. Хаджу, разглядаю скульптуры. Мастак быў праўдзівы, Ні спешкі нідзе, ні халтуры! Гілевіч. «Бо пішаш, — заявіў Сівы, — халтуру. Што толку з колькасці, браток, Калі слабы любы радок». Корбан.

[Ад лац. chartularium — спіс нябожчыкаў, які чытаўся свяшчэннікам на дзень памінання памёршых.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уво́гуле, прысл.

1. Разглядаючы цалкам, не звяртаючы ўвагі на дробязі, прыватнае. [Палкоўнік:] — Тут сёння цяжка, а ўвогуле справы нашы ідуць вельмі добра. Новікаў. Федзя думаў аб тым, што Алесь і Валодзя ўвогуле добрыя хлопцы. Ваданосаў.

2. Заўсёды, ва ўсіх выпадках; зусім. [Стэфе] хацелася, каб свята ўвогуле не было. Савіцкі. Ніхто пабочны сюды не заглядваў — грамадзянскаму насельніцтву ўвогуле было забаронена хадзіць у лес. Няхай.

3. Ужываецца ў значэнні абагульняючага слова перад заключэннем, вывадам, падагульненнем. — Не, я больш не буду, — прыгубіўшы шклянку, адсунуў яе ад сябе Ваўчок. — Ды і ўвогуле ўжо хопіць, пара, мне здаецца, і па спачын. Хадкевіч.

4. у знач. пабочн. У цэлым, у выніку. [Люба:] — Не дрэнны, увогуле, хлопец, і далікатны і ўважлівы. Лынькоў. Увогуле — вячэра адняла цэлую гадзіну. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

старо́нні, ‑яя, ‑яе.

1. Які не належыць, не мае адносін да гэтага калектыву, сям’і і пад.; чужы. Старонні чалавек. □ Вера Сямёнаўна даручыла .. [Зосі] перадаць прывітанне, падзякаваць за насенне, высветліць сёе-тое па догляду за буракамі. Але дзе ж ты гэта зробіш пры старонніх людзях. Дуброўскі. Гэтая схільнасць упаўнаважанага — не дзіва, бо чалавек ён старонні і па-сапраўднаму не ведае, што гэта за птушка наш Лепятун. Кулакоўскі. / у знач. наз. старо́нні, ‑яга, м. Чалавек пэўна заўважыў старонняга ці не адразу ў той нават момант, як Залуцкі паказаўся на голым месцы. Чыгрынаў.

2. Чый‑н. іншы, не ўласны, не свой. Без будзільніка, без старонняй дапамогі .. [Гукан] мог дакладна ў назначаны час усхапіцца на ногі. Шамякін. Словам, трэба было жыць самастойна, без старонняй падтрымкі. Хведаровіч.

3. Які не мае прамых, непасрэдных адносін да чаго‑н.; пабочны. І раптам у выпраменьванні пульсара ўпляліся на хвалі вадароду староннія сігналы. Шыцік. Зноў .. [следчы] трымаў у сабе нешта прытоенае, асабліва не напіраў з допытам, і ці то думаў, як злавіць .. [Сотнікава], ці можа разважаў аб чымсь, зусім староннім. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)