ПАБО́ЧНЫ СКАЗ,
сінтаксічная канструкцыя, якая знешне суадносіцца з камунікатыўнымі адзінкамі — сказамі, а па сваёй функцыі і ролі ў сказе збліжаецца з пабочнымі словамі і пабочнымі словазлучэннямі. Можа мець форму двухсастаўных развітых і неразвітых сказаў, аднасастаўных пэўна-, няпэўна-, агульнаасабовых, безасабовых і інфінітыўных сказаў. Да асн. сказа далучаецца бяззлучнікавай сувяззю або пры дапамозе злучнікаў ці злучальных слоў, можа размяшчацца ў пачатку, у канцы і ў сярэдзіне сказа. Уключаецца ў склад сказа для выражэння пэўных мадальных, эмацыянальных ці экспрэсіўных значэнняў. У адрозненне ад пабочных слоў характарызуецца большай канкрэтнасцю выказвання, сэнсавай і сінтаксічнай расчлянёнасцю структуры, закончанасцю зместу («На гэтых дубах — так павялося ўжо з незапомных часоў — на Купалле вешалі качэлі». Б.Сачанка).
Літ.:
Гл. да арт. Пабочныя словы.
А.І.Наркевіч.
т. 11, с. 462
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТСА́ЙДЭР (ад англ. outsider пабочны),
1) катэгорыя дробных і сярэдніх прадпрымальнікаў, якія займаюць нязначнае месца на рынку і не ўваходзяць у манапалістычныя аб’яднанні.
2) Суднаходнае прадпрыемства, якое не з’яўляецца членам лінейных канферэнцый і працуе паралельна (канкурыруе) з лінейнымі суднаходнымі кампаніямі.
3) Спартыўны калектыў, спартсмен, які займае апошняе месца ў спаборніцтвах.
т. 2, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́ВІС (ад лац. gravis цяжкі),
1) тон складоў у стараж.-грэч. мове, які характарызуецца адсутнасцю павышэння голасу. Супрацьпастаўляецца акуту.
2) Від націску ў швед. мове, пры якім склад, што ідзе за складам з асноўным націскам, мае слабы пабочны націск; рух тону пры гэтым характарызуецца як сыходна-ўзыходны.
3) Дыякрытычны знак (`), які абазначае ў франц. мове ступень адкрытасці галосных: pére.
т. 5, с. 382
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКУ́ХА,
пабочны прадукт алейнай вытворчасці, які застаецца пасля выціскання аЛею з насення алейных культур. Мае ў сабе да 40% бялкоў, 8—10% тлушчу, 6—8% мінер. рэчываў, шмат вітамінаў комплексу В. Канцэнтраваны корм для с.-г. жывёлы, таксама выкарыстоўваецца (як і шрот) у вытв-сці камбікармоў. Паводле амінакіслотнага складу і біяхім. каштоўнасці бялкоў, колькасці кальцыю і фосфару пераўзыходзіць злакавыя кармы. Найб. кармавая каштоўнасць ў сланечнікавай, ільняной, соевай М. Некаторыя віды М. маюць таксічныя рэчывы.
т. 9, с. 547
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГРАТЫЁНІ (Вахушты) (1696—1751),
грузінскі гісторык і географ. Пабочны сын картлійскага цара Вахтанга VI. Дзед П.І.Баграціёна. Вучыўся ў місіянераў. У 1717—24 удзельнічаў у паліт. жыцці Картлійскага царства: у жн.-ліст. 1722 правіў краінай, у 1724 камандаваў войскамі Ніжняга Картлі, правёў там перапіс; разам з царом Вахтангам, сям’ёй і світай выехаў у Расію. Аўтар «Гісторыі царства Грузінскага» (1745; ахоплівае падзеі 15—18 ст.) і 2 геагр. атласаў (1-ы складзены ў 1735, меў 8 картаў Грузіі; 2-і ў 1742—43, 19 картаў і генеалагічныя схемы царскай дынастыі Багратыёнаў).
Тв.:
Рус. пер. — История царства Грузинского. Тбилиси, 1976.
т. 2, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГАРЭ́ЛЬСКІ (Антоній) (сапр. Пяроўскі Аляксей Аляксеевіч; 9.7.1787, Масква — 21.7.1836),
рускі пісьменнік. Акад. Рас. АН (з 1829). Пабочны сын графа А.К.Разумоўскага. Скончыў Маскоўскі ун-т (1807). З 1820 член Вольнага таварыства аматараў расійскай славеснасці. Аповесць «Лафертаўская макоўніца» (1825) пра жыццё мяшчан. На ўкр. этнагр. матэрыяле напісаны цыкл рамант. аповесцей і апавяданняў «Двайнік, або Мае вечары ў Маларосіі» (1828), раман «Манастырка» (1830—33). Аўтар рамана «Магнетызёр» (1830, не завершаны), аповесці-казкі для дзяцей «Чорная курыца, ці Падземныя жыхары» (1829, аднайм. фільм 1980). Пісаў вершы.
Тв.:
Избранное: Проза. Стихотворения. М., 1988;
Двойник: Избр. произв. Киев, 1990;
Волшебные повести. М., 1992.
т. 11, с. 476
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕПТУ́НІЙ (лац. Neptunium),
Np, штучны радыеактыўны хім. элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 93; адносіцца да актыноідаў. Стабільных ізатопаў не мае. Вядомыя ізатопы з масавымі лікамі 227—241; найб. устойлівы 237Np (перыяд паўраспаду 2,14·106 гадоў, α-выпрамяняльнік). У вельмі нязначнай колькасці знойдзены ва ўранавых рудах. Першы трансуранавы элемент; адкрыты Э.М.Макміланам і Ф.Эйблсанам у 1940; назва — ад планеты Нептун.
Крохкі серабрыста-белы метал, tпл 639 °C, шчыльн. 20450 кг/м³. Вельмі рэакцыйназдольны (ступень акіслення ў хім. злучэннях ад +3 да +7). Утвараецца ў ядз. рэактарах пры працяглым апрамяненні урану, вылучаюць як пабочны прадукт пры атрыманні плутонію. Ізатоп 237Np выкарыстоўваюць для вытв-сці плутонію-238. Высокатаксічны, ГДК у паветры рабочых памяшканняў 2,6·10−6 Бк/л.
т. 11, с. 290
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́РЫЦ САКСО́НСКІ (Maurice de Saxe; 28.10.1696, г. Гослар, Германія — 30.11.1750),
французскі палкаводзец і ваен. тэарэтык. Маршал Францыі (1744). Граф (1711). Пабочны сын курфюрста Саксонскага Аўгуста II (кароль Рэчы Паспалітай у 1697—1706 і 1709—33). Служыў у саксонскіх, польск., аўстр., з 1720 франц. войсках. Удзельнік войнаў за польск. (1733—35) і аўстр. (1740—48) спадчыну (вызначыўся ў час штурму Прагі ў 1741 і Эгера ў 1742). З 1745 галоўнакаманд. франц. арміяй, атрымаў шэраг перамог над англа-галандскімі войскамі ў Фландрыі, што значна ўзняло ваен. прэстыж Францыі і садзейнічала заключэнню Ахенскага мірнага дагавора (1748). У трактаце «Мае летуценні» (1731) выказаў новыя для таго часу ідэі пра перавагі вайсковай павіннасці перад сістэмай вярбоўкі, неабходнасць мець пастаянныя ваен. кадры, пра атаку пяхоты, ролю інж. умацаванняў на полі бою і інш. Вял. значэнне ў вайне надаваў маральнаму фактару.
т. 10, с. 524
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕСАХІ́МІЯ,
галіна ведаў аб хім. уласцівасцях драўніны і хім. вытв-сцях па перапрацоўцы драўніны і інш. расліннай сыравіны. Вылучаюць цэлюлозна-папяровую, гідролізную, дубільна-экстрактавую, каніфольна-шкіпінарную і піролізную вытв-сці.
Цэлюлозна-папяровая вытворчасць выпускае цэлюлозу, паперу, кардон і вырабы з іх, драўнянавалакністыя пліты, а таксама паўцэлюлозу і хім. драўняную масу — паўпрадукты, якія разам з цэлюлозай маюць геміцэлюлозы і лігнін. У якасці сыравіны выкарыстоўваюць балансавую драўніну, пераважна хвойную, пашыраецца выкарыстанне драўніны лісцевых парод (асіна, бяроза), адходаў лесанарыхтоўкі і дрэваапрацоўкі, некат. раслінных матэрыялаў (салома, трыснёг), макулатуры (у вытв-сці паперы і кардону). Гідролізная вытворчасць перапрацоўвае адходы лесапілавання і с.-г. раслінаводства (напр., кукурузныя храпкі, сланечнікавае шалупінне), з якіх атрымліваюць этылавы спірт, фурфурол, бялкова-вітамінныя канцэнтраты і інш. (гл. Гідролізная прамысловасць). Дубільна-экстрактавая вытворчасць выпускае дубільныя экстракты (гл. Дубільныя рэчывы), якія атрымліваюць з водных выцяжак кары елкі, вярбы, бадану, лістоўніцы ці драўніны дубу, каштану і інш. Каніфольна-шкіпінарная вытворчасць — перапрацоўка жывіцы і асмолу, значную колькасць каніфолі і шкіпінару атрымліваюць таксама з сульфатнага мыла (пабочны прадукт цэлюлознай вытв-сці). Піролізная вытворчасць вырабляе ў асн. драўняны вугаль. Гл. таксама Лесахімічная прамысловасць.
На Беларусі даследаванні ў галіне Л. пачаліся з канца 1920-х г. у Ін-це хіміі АН Беларусі, вядуцца ў Ін-це фізіка-арган. хіміі Нац. АН Беларусі і Бел. тэхнал. ун-це. Распрацаваны прамысл. спосабы атрымання палімераў тэрпенаў, каніфолі з высокімі электраізаляцыйнымі ўласцівасцямі, каніфольных кляёў і інш.
Літ.:
Богомолов Б.Д. Химия древесины и основы химии высокомолекулярных соединений. М., 1973;
Гордон Л.В., Скворцов С.О.,Лисов В.И. Технология и оборудование лесохимических производств. 5 изд. М., 1988.
Я.Г.Міляшкевіч.
т. 9, с. 217
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ЦІСК, акцэнт,
выдзяленне ў маўленні асобных элементаў мовы — складоў або слоў. Паводле асн. сродкаў выдзялення Н. бывае дынамічны (экспіраторны), колькасны і музычны. Пры дынамічным Н. элемент выдзяляецца памацненнем і павелічэннем напружанасці вымаўлення, пры колькасным — падаўжэннем выдзеленага элемента, пры музычным — павышэннем або паніжэннем тону голасу на выдзеленым элеменце. Націскны элемент часта выдзяляецца адначасова рознымі спосабамі. Бел. мове ўласцівы дынамічна-колькасны Н. Паводле элемента, які выдзяляецца, Н. бывае слоўны (выдзяляецца адзін склад у слове),
сінтагматычны, або тактавы (аб’ядноўвае словы сказа ў сінтагмы), фразавы, або лагічны (узмацняе сэнсавую нагрузку таго ці інш. слова ў сказе). Слоўны Н. бывае фіксаваны (заўсёды на адным складзе ад пачатку або ад канца слова, напр., у польск. мове на перадапошнім складзе) і свабодны (прыпадае на розныя склады ў словах, у бел. мове «ка́са» і «каса́»), Фіксаваны і свабодны Н. бывае рухомы (у розных формах аднаго слова або ў розных словах, утвораных ад аднаго кораня, пераходзіць з аднаго склада на другі) і нерухомы (заўсёды на адным складзе). Бел. лексіцы ўласцівыя рухомы («капа́ць — вы́капаць») і нерухомы («тво́р — тво́раў») Н. Апрача асноўнага, у некат. мовах бывае пабочны Н. (у бел. мове толькі ў складаных словах: «ле́санарыхто́ўка»). Службовыя словы самастойнага Н. не маюць і ў якасці ненаціскных складоў прымыкаюць да наступнага ці папярэдняга слова. У першым выпадку яны называюцца праклітыкамі («за⌒морам», «без⌒грошай»), а ў другім — энклітыкамі («знайшоў⌒жа», «прачытаць⌒бы»). Слоўны Н. адыгрывае значную ролю ў рытмічнай структуры вершаванай мовы. Н. вывучае фанетыка і акцэнталогія.
Літ.:
Івашуціч Я.М. Націск у дзеяслоўных формах сучаснай беларускай мовы. Мн., 1981;
Бірыла М.В. Націск назоўнікаў у сучаснай беларускай мове. Мн., 1986;
Дыбо В.А. Славянская акцентология. М., 1981;
Касевич В.Б. Фонологические проблемы общего и восточного языкознания. М., 1983;
Выгонная Л.Ц. Інтанацыя. Націск. Арфаэпія. Мн., 1991.
А.І.Падлужны.
т. 11, с. 220
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)