Ржа ’іржа’ (ТСБМ, Сцяшк.; карэліц., Нар. лекс.; ТС; віл., Сл. ПЗБ), ’іржа на лёне’ (віц., Шн. 3); ’ржавая вада (на балоце)’ (ветк., Мат. Гом.; барыс., Сл. ПЗБ), ’балота з жалезнай рудой’ (жытк., нясвіж., слаўг., стол., Яшк.), ржа, іржа́, аржа́ ’рудая вада на балоце’ (ЛА, 2), ’галаўня’ (шуміл., Сл. ПЗБ), ’ношка на лапках пчалы’ (бабр., ЛА, 1). Да іржа 1 (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Рас ’нераст у рыбы’ (нясвіж., ЛА, 1), таксама звязаны з ім (і, што паказальна, зафіксаваны там жа) дзеяслоў расу́е ’рыба нерастуе’, пры якім прывабна, але наўрад ці магчыма актуалізаваць інфінітыўную форму накшталт *расава́ць. Аддалены вынік словаўтваральна-семантычнага пераасэнсавання лексемы не́рас (< не́раст, гл.), якая магла ўспрыняцца як адмоўная форма рас і, такім чынам, дээтымалагізавацца. У сувязі з гэтым на карце № 327 (ЛА, 1) звяртае на сябе ўвагу заходняя мікраізаглоса субстантыўных і дзеяслоўных форм без фінальнага ‑т.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Такве́ле ’столькі’ (гродз., ЛА, 5), такве́ля ’тс’ (карэліц., навагр., капыл., Жыв. сл., Скарбы, Сцяшк., Жд. 2, Сл. Брэс.; нясвіж., Жд. 2; стаўб., Нар. сл.), ’столькі (многа), так шмат’ (Сцяц. Сл.), ’ледзьве’ (клец., Жд. 1), такве́ля таго ’хай сабе’ (Марц.), такве́ля бяды́ ’такой бяды’ (узд., Мілк.). Штучны паланізм, утвораны на мясцовай глебе з так і веле (гл.) або на глебе “пальшчызны крэсовай” спалучэннем польск. tak і wiele з развіццём семантыкі: ’гэтак многа’ → ’столькі’. Параўн. такеля, гл.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Но́жны, ну͡ожны, но́жні ’нажніцы, звычайна вялікія’ (Касп., Сл. ПЗБ, Гарэц., Дэмб., ТС, Мат. Гом., Сержп. Грам., Шатал., Сцяшк.; нясвіж., Нар. словатв., Сл. ЦРБ, Ян.), но́жна ’тс’ (шчуч., Сл. ПЗБ; навагр., Нар. сл., Сцяшк.), сюды ж но́жніцы ’тс’ (Яруш., Бес., Др.-Падб., Сл. ПЗБ, ТС), но́жынкі ’тс’ (Шат.), но́жанцы (Сл. ПЗБ), укр. но́жні, но́жниці ’тс’, рус. но́жны, но́жны, но́жницы ’тс’, славац., чэш. nožnice ’тс’, н.-луж. дыял. nožnice ’тс’, балг. но́жницы ’тс’. Вытворныя ад нож, гл. нажні́цы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тры́ба 1 ‘шасцярня малатарні’ (ТСБМ; карэліц., нясвіж., Нар. словатв.; драг., Жыв. сл.). З польск. tryb ‘шасцярня’, tryby ‘прыстасаванні, найчасцей шасцярня альбо шэраг шасцерняў, якія пераносяць рух на іншыя часткі машыны’ (< ням. Trieb ‘імкненне’), ‘прывад, цяга’, ‘перадача’ < treiben ‘прыводзіць у рух’ (SWO, 1980, 778; ЕСУМ, 5, 634).
Тры́ба 2 ‘кожнае з трох падраздзяленняў, на якія дзялілася насельніцтва Рыма паводле паходжання’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). Праз рускую мову запазычана з лац. tribus ‘тс’ < і.-е. *tribh‑ ‘дзяліць, раздзяляць’ (Вальдэ, 1906, 636).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ашаву́рак ’непаваротлівае і нецямкое дзіця’ (КЭС, лаг.), ’абармот, непаслухмяны (пра дзяцей)’ (нясвіж., Цыхун, вусн. паведамл.). Няясна, магчыма, ад ша́ваць ’слаба варушыць, шамацець’, параўн. ашамётак, з экспрэсіўным нарашчэннем ‑ур‑ (пераходная ступень (а)шава — (а)шавура як рус. кожа і кожура, параўн. таксама прозвішча Ша(в)ура). Менш верагодна па фанетычных і семантычных прычынах сувязь з рус. маск. ошвырок ’аполак, абрэзак’, укр. о́шварь, польск. oszwar ’тс’, параўн. аполак ’непатрэбны чалавек’, ці польск. гіст. abszaur ’таможанны чыноўнік, які калісьці па вёсках шукаў тытуню, прывезенага кантрабандай’ (з ням. Abschauer, Карл.). Параўн. ашвурак.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Страказа́ ‘стрэлка, насякомае з празрыстымі крыламі’ (ТСБМ, Бяльк., Сцяшк., ЛА, 1), страказа́, стрыказа́, стрыкоза́ ‘тс’ (нясвіж., лід., докш., Сл. ПЗБ), ‘конік’ (Бяльк.; шчуч., лудз., Сл. ПЗБ), стрыказа́ ‘конік, які скача і стракоча крыламі’ (Скарбы), ‘шпілька’ (пін., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. дыял. стреко́за, стрекоза́ ‘цыкада’, стри́коза ‘насякомае Libellula L.’, рус. стрекоза́ ‘тс’. Вытворнае ад стры́каць ‘рабіць хуткія рухі; пстрыкаць’ (гл.), параўн. Фасмер, 3, 774; словаўтварэнне, відаць, як у слімаза́ ‘плакса’ (ад слімаць, гл. Сцяцко, Афікс. наз., 41), канец слова, магчыма, збліжаны з каза́; значэнне ‘конік’ пад уплывам стракатаць. Агляд версій гл. ЕСУМ, 5, 443.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Разва́лы ’рама з трох жэрдак, якая кладзецца на сані для большай умяшчальнасці’ (ТСБМ), ’нізкія і шырокія сані з такой рамай’ (ТСБМ; глыб., Сл. ПЗБ; Сцяшк. Сл.), разва́лкі ’сані з разваламі’ (ТСБМ; воран., Сл. ПЗБ), разва́ліны, разва́ліны ’развалы’ (нясвіж., лях., воран., шчуч., Сл. ПЗБ), ’сані’ (Др.-Падб.), разва́ліны ’выязныя сані’, ’драбіны ў выязных санях’ (ганц., шчуч., Сл. ПЗБ), ’воз для перавозкі збожжа’ (гарад., Сл. ПЗБ), ’від саней’ (Маш.), ’частка саней’ (лях., Янк. 1), рус. ро́звальни ’шырокія сані’, дыял. развала́, разва́лки ’нізкія і шырокія сані’, разва́лка ’падоўжныя брусы саней, градак’. Тлумачыцца як “развалістыя сані” ад раз- і валіць (гл.) (Фасмер, 3, 495).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Прыва́біць ’імітуючы голас (звычайна птушак), паклікаць; прыцягнуць увагу, погляд і пад.’ (Шпіл., Нас., ТСБМ, ТС), пріва́біць (Бяльк.), прыба́віць ’прывабіць’ з метатэзай (ТС). Сюды ж вытворныя: прыва́ба ’тое, што прываблівае, прыцягвае да сябе, прынада; прывабнасць’ (Нас., Байк. і Некр., Др.-Падб., Бяльк., ТСБМ), ’пчаліная прынада’ (ваўк., лаг., Сл. ПЗБ; міёр., Жыв. НС), прыва́бнік, прыва́бачнік ’невялікі вулей, які ставяць на дрэве ў лесе для прываблівання пчол’ (ваўк., лід., нясвіж., Сл. ПЗБ; ЛА, 1). Узыходзіць да праславянскага прэфіксальнага ўтварэння *privabiti, якое ад *vabiti, гл. ва́біць. Укр. прива́бити ’прывабіць, прыцягнуць’, рус. дыял. прива́бить ’прынадзіць’, ст.-рус. прива́бити ’запрасіць, паклікаць; угаварыць, прыцягнуць да сябе’, польск. przywabić, чэш. přivabiti, серб.-харв. прива̀бити.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тарары́нка ’від клямара, скабы (у коле воза)’ (нясвіж., Нар. словатв.), тарары́лка ’дэталь у возе’ (шарк., Цыхун, вусн. паведамл.). Укр. дыял. тараре́нька, тарари́нька ’жалезны хамуцік, якім змацоўваецца вось, падушка і падвосьнікі ў возе; хамуцік на восі воза, які не дае змазцы пыліцца і выцякаць’, палес. тарари́нка, тари́нок, три́нка, трайри́нок ’жалезнае колца, што злучае вось з навосьнікам і насадам’, таралі́нка ’ўнутраная гайка восі’ (Нікан., Трансп.), польск. дыял. trarynki ’кольцы, якімі насад у возе мацуецца да восі’. Слова нямецкага паходжання, параўн. н.-ням. Teerring ’дзягцярнае кола’, старое ’дзягцярнае кола на восі воза’ складаецца з Teer ’дзёгаць, смала’ і Ring ’круг; кола’ (ЕСУМ, 5, 520). Гл. таксама тарадынка, тардынка.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)