начні́ца, ‑ы.

1. ж. Лятучая мыш. Устаюць начныя страхі, здані, І зыкі чуюцца.. Чараўніка і чараўніцы, І лопат крыллямі начніцы. Колас.

2. м. і ж. Разм. Той (тая), хто доўга яе кладзецца спаць, бадзяецца начамі. Па вуліцы прайшла начніца, Абцасам калючы асфальт, Бясследнай зданню прамільгнула. Матэвушаў.

3. ж. Абл. Начная зорка. Зара за ўзгоркамі начніцы замыкала і косы вешала на росныя гаі. Кляшторны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Еляк ’казадой’ (Сержп. Грам.), рус. елёк ’тс’. Як гэта асабліва бачна, паводле рускай формы, кантамінацыя з лялёк (рус. лелёк). Па паходжанню звязана з рус. алан. ёлак ’кажан’ (з фін.) (параўн. цытату з ТСБМ, 2, 574: «Казадой ляціць мякка і плаўна, бясшумна, як кажан», да чаго можна дадаць, што казадой гэта начная птушка з кароткай дзюбай і вялікім ротам). Формы з пачатковым л іншага паходжання. Гл. лелек.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сава́1 ’драпежная начная птушка атрада соў, у якой вялікая круглая галава, вялікія вочы і кароткая загнутая дзюба’. Укр., рус. сова́, серб.-ц.-слав. сова, польск., н.-луж., в.-луж. sowa, палаб. süwó, чэш., славац. sova, серб.-харв. со̏ва, славен. sóva, балг. со́ва. Прасл. *sowa ’птушка Strix’. Большасць этымолагаў лічаць гукапераймальным утварэннем, параўн. Фасмер, 3, 704 і наст.; Траўтман, 300; Махэк₂, 568. Яшчэ праіндаеўрапейская назва (Струтыньскі, Nazwy, 87), параўн. роднасныя: ст.-брэтон. couann ’тс’, брэтон. kaouen, кімр. cuanначная сава’, ст.-в.-ням. hûwo, hûwila ’тс’, hiuwilôn ’лікаваць’ і г. д. Параўн. яшчэ з пачатковым заднепаднябенным рус. дыял. ка́ва ’галка’, літ. naktikóva ’сава, начны крумкач’, kóvas м., kóva ж. ’галка’, ст.-інд. kaúti ’крычыць’ (гл. Вальдэ-Гофман 1, 184). Ад і.-е. *kěu̯‑, kā̌u‑ ’быць, рыпаць, крычаць’ (Борысь, 567; Сной₁, 594, Шустар-Шэўц, 2, 1336).

Сава́2, мн. л. со́вы ’грыб шампіньон’ (нарай., ЛА, 1). З польск. sowa ’від пластынковага грыба’, якое Борысь, 567 памяншае ў артыкул sowa ’тушка’. Назва, магчыма, па колеру.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Начні́ца1начная птушка’ (Яруш.), ’казадой’ (Інстр. 2), ’ляляк звычайны’ (Веснік БДУ, 1981, 1), ’пішчуха’ (столін., там жа), ’сава’ (віц., Зап. Сев.-зап. отд. РГО, 1910, 1), укр. ночни́ця ’кажан; казачная сляпая птушка, якую водзіць малая птушка: у летнюю ноч яна жаласна крычыць’, рус. ночни́ца ’казадой’. Да начны́ ’які вядзе начны спосаб жыцця’, параўн. Антропаў, Веснік БДУ, 1981, 1, 26 (выказваюцца сумненні адносна пішчухі, паколькі яна дзённая птушка), хутчэй за ўсё ўтворана ў выніку семантычнай кандэнсацыі спалучэнняў тыпу начная птушка, начная мыш і пад.

Начні́ца2 ’начны матылёк, цьма’ (Пятк. 2), польск. nocnica ’тс’, славац. nočnica ’тс’, серб.-харв. ноћница ’тс’. Да начны́ ’які лятае ноччу’; паводле народных уяўленняў, можа ўвасабляць нячыстую сілу (гл. начні́ца3), параўн.: Preklatyje nacznicy (ćmy) letajuć (Пятк., 2, 169).

Начні́ца3, часцей начні́цы ’злыя духі, якія ў начны час турбуюць дзіця’ (Сл. ПЗБ), ’злыя начныя істоты’ (Федар. 1), ’начныя здані’ (Ян.), ’выдуманыя, фантастычныя істоты, начныя ведзьмы’ (Сцяшк.), ’маленькія і злыя духі ночы’ (барыс., Шн. 3), ’дзіцячая хвароба’ (Касп.), ночны́ця ’нячыстая сіла, якая ноччу знішчае птушанят у гнёздах і яйкі, калі сказаць пра іх месцазнаходжанне пасля захаду сонца’ (Клім.), ночні́ца ’бяссонніца’ (ТС), укр. ночни́ця, нічни́ця ’бяссонніца; адзін са злых духаў (паводле вераванняў гуцулаў)’, рус. ночни́ца ’бяссонніца; дзіцячая хвароба, крыксы’, польск. nocnica ’начны дух, мара; начны прывід’, nocnice ’дэманы, што мучаць спячых дзяцей’, славац. nočnica, noclica ’мара; міфічная істота, што душыць у сне’, серб.-харв. но̀ћница ’здань, прывід; мара’. Да начны́ ’які з’яўляецца ноччу’, параўн. субстантываваныя назвы: ночны́ ’начны дэман’ (ТС), рус. ночна́я ’персаніфікацыя начной бяссонніцы ў дзяцей’ (параўн.: Из‑под кровати как бы женщина поднялась и в дверь ушла. Это, говорит, ночная ушла. Ребенок сразу спать стал, гл. Черепанова, Мифол. лексика рус. Севера. Л., 1983, 37), балг. дыял. но́шно ’здань, мара’ і пад.

Начні́ца4 ’паўночнік, Jasione montana L.’ (віц., Кіс.), ношні́ца ’тс’ (Жд. 2), ночны́ця ’кветкі, якія распускаюцца ноччу’ (Клім.), польск. nocnica ’дэкаратыўная расліна, Nyctago gortensis’, славен. nočnicaначная фіялка’. Гл. начні́к1, параўн. рус. ночна́я цари́ца ’Matthiola annua L.’ Пра народнаэтымалагічную сувязь назвы расліны, якая можа служыць асновай яе магчымай функцыі, і начніца3 ’бяссонніца’ сведчыць наступны кантэкст: «Дзяцей, якія ноччу ні сьпяць, купаюць у нашіцах» (Жд. 2, 107).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

буга́й, ‑я, м.

1. Самец буйной рагатай жывёлы; бык. Хутка займеў Мікіта пару коней, ды ажно шэсць штук кароў і свайго бугая. Галавач.

2. Начная балотная птушка сямейства чапляў, празваная так за тое, што вясной самец яе, апусціўшы дзюбу ў ваду, утварае вельмі гучныя гукі, падобныя да рову бугая. У зацішку на лужынах тужліва кумкалі зялёныя жабы, а далей у балотах, між лесу, пераклікаліся бугаі, бухаючы, як у пустыя кадушкі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зме́на, -ы, мн. -ы, змен, ж.

1. гл. змяніцца, змяніць.

2. Прамежак часу, пасля заканчэння якога група людзей (якія працуюць, вучацца і пад.) зменьваецца другой такой групай.

Вячэрняя з.

Працаваць у тры змены.

3. Група людзей, што працуе, вучыцца і пад. ў гэты прамежак.

Прыступіла да працы начная з.

4. Той (тыя), хто прыходзіць на змену каму-, чаму-н.

Рыхтаваць сабе змену.

Маладая з.

5. Камплект абутку, адзення, якія час ад часу мяняюцца.

Дзве змены бялізны.

На змену каму-чаму — услед за кім-, чым-н.; замяніць сабой каго-, што-н.

|| прым. зме́нны, -ая, -ае (да 2 і 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

разнаста́йны, ‑ая, ‑ае.

Неаднолькавы з другім (другімі) па якіх‑н. прыкметах. Вільготная зямля і начная цішыня даносілі разнастайныя гукі неўгамоннага жыцця. Колас. Разнастайныя па форме, па велічыні сняжынкі ляцелі, кружыліся перад машынай, віхрыліся збоку. Шамякін. // Які складаецца з неаднолькавых, непадобных асоб, прадметаў, элементаў і пад. Разнастайны жывёльны свет. □ Жыве разнастайны ў мястэчку народ: Рамеснікі, цеслі, сяляне. Глебка. Павестка дня вялікая і разнастайная. Крапіва. Вельмі багатыя і разнастайныя па тэматыцы, па вобразах, лірычных пачуццях перш за ўсё песні любоўныя. Саламевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сава́, ‑ы; мн. совы, соў; ж.

Драпежная начная птушка атрада соў, у якой вялікая круглая галава, вялікія вочы і кароткая загнутая дзюба. А дзесь з суседняй баравіны крычыць сава на ўсе лады. Колас. Пад Маладзечнам шмат лясоў: Там, у гушчары дрэў, Уночы чуцен рогат соў, Удзень — птушыны спеў. Панчанка.

•••

Бачыць саву смаленую гл. бачыць.

Ці савой аб пень, ці пяём аб саву — гаворыцца, калі чыё‑н. становішча мяняецца толькі на выгляд, а не па сутнасці. — Ці савой аб пень, ці пнём аб саву — усё адно, — рагоча Тоўсцік. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сухаве́й ’сухі гарачы вецер’ (ТСБМ, Некр. і Байк.; ашм., Стан.; Сцяшк.), ’сухое ветранае надвор’е’ (Сл. ПЗБ), ’сухі сцюдзёны вецер’ (Варл.), ’зарніца’ (Растарг.), сухове́й ’суша, сухі вецер’ (ТС), сухаве́я ’тс’ (Сцяшк.), ’летняя начная маланка без грому’ (Мат. Маг.), сухаве́іца ’сухое ветранае надвор’е’ (Бяльк., Сержп. Прымхі), сухаве́йка ’сухі паўдзённы вецер’ (Арх. Федар.). Укр. сухові́й ’сухі вецер; усходні вецер’, рус. сухове́й ’сухі гарачы вецер; суша, засуха’. Утворана на базе спалучэння слоў су́ха (гл. сухі) і ве́яць (гл.); параўнанне ў якасці генетычнай паралелі з літ. saũsvėjis ’тс’ (Аткупшчыкоў, Этимология–1984, 193) недакладнае, паколькі літоўскае слова ўзнікла на базе зыходнага словазлучэння saũsas vė́jas ’сухі вецер’ і, на думку Трубачова (Этногенез₂, 245), з’яўляецца калькай рус. суховей.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пуга́ч1 ’птушка Strix bubo’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Сержп., ТС), ’птушка Bubo bubo’ (Харэўскі, Звяры-суайчыньнікі, Мн., 2000, 65), ’начная сава’ (Цых.), ’птушка сыч’ (Дразд.), ’птушка бугай’ (ТС), укр. пу́гач ’птушка Strix bubo’, рус. пуга́ч ’тс’, польск. puchacz ’птушка Bubo’. Утворана на базе гукапераймання: дзеяслоў пу́гаць (пуга́ч пу́гае, Сержп. Грам., 63), укр. пугу́кати перадае дзеянне паводле выгуку пугу! (Смаль-Стоцкі, Приміт., 165), характэрнага для названых птушак, параўн. таксама: “Крик филина — это слышимое на далеком расстоянии buhu, а его немецкое название — Uhu, Huhu, Puhu” (Птицы, 1, 101). Параўн. ЕСУМ, 4, 626.

Пуга́ч2 ’пісталет-цацка’, ’той, хто палохае’ (Бяльк.). Запазычанне з рус. пуга́ч ’пісталет-цацка’ (ад пуга́ть ’палохаць’) ці мясцовае ўтварэнне на базе дзеяслова пугаць, гл. пугнуць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)