нацыяна́льнасць, ‑і, ж.

1. Тое, што і нацыя (у 1 знач.); народнасць (у 1 знач.). Сумесная барацьба з агульным ворагам яшчэ больш змацавала адзінства савецкіх людзей усіх нацыянальнасцей. «Звязда».

2. Прыналежнасць да якой‑н. нацыі, народнасці. Беларус па нацыянальнасці.

3. Нацыянальная самабытнасць. Нацыянальнасць мастацтва.

•••

Савет Нацыянальнасцей гл. савет.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наро́днасць, ‑і, ж.

1. Устойлівая агульнасць людзей, заснаваная на агульнасці мовы, тэрыторыі, эканамічнага жыцця і культуры, якая складаецца ў працэсе разлажэння племянных адносін і папярэднічае нацыі. Горскія народнасці. Народнасці Поўначы.

2. Тое, што і народ (у 2 знач.).

3. Нацыянальная, народная самабытнасць; вырашэнне рыс народнай культуры. Народнасць савецкай культуры. Народнасць паэзіі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пахо́джанне, ‑я, н.

1. Прыналежнасць па нараджэнню (да якой‑н. нацыі, народнасці, класа і пад.). Беларус па паходжанню. □ Ён па прафесіі — рабочы, А па паходжанню — латыш. Колас. [Генерал] ганарыўся сваім паходжаннем, сваімі ваеннымі ведамі. Шамякін.

2. Узнікненне, утварэнне чаго‑н. Паходжання жыцця на зямлі. Паходжанне мовы. □ На выгане, ля самай Каменні, узвышаюцца зялёныя курганы. Ніхто не ведае іх паходжання. Жычка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

флаг, ‑а, м.

Прымацаваны да дрэўка або да шнура кавалак матэрыялу адпаведная формы і колеру (звычайна з якой‑н. эмблемай). Дзяржаўны флаг. □ У першы дзень работ на новым рубяжы будаўніцтва быў узняты чырвона-зялёны флаг нашай рэспублікі. Грахоўскі. // Сімвал дзяржавы, нацыі. На рэйдзе многа вялікіх суднаў пад рознымі флагамі. В. Вольскі.

•••

Застацца за флагам — а) у конна-спартыўных спаборніцтвах — не паспець прайсці дыстанцыю, адзначаную флажком, ва ўстаноўлены час; б) перан. адстаць у чым‑н. ад іншых, не дасягнуць мэты, не быць дапушчаным куды‑н.

Пад флагам якім або чаго — а) пад якім‑н. лозунгам, у імя чаго‑н.; б) прыкрываючы чым‑н. свае сапраўдныя намеры.

[Гал. vlag.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пахо́дзіць, ‑ходжу, ‑ходзіш, ‑ходзіць; незак., з каго-чаго, ад каго-чаго.

1. Належаць па нараджэнню да якога‑н. класа, нацыі, народнасці і пад.; весці ад каго‑н. сваё паходжанне. Лабановіч паходзіць з беднай сялянскай сям’і. Пшыркоў. Драздовіч сам паходзім са шляхты, але не выхваляўся гэтым. Машара.

2. Узнікаць, утварацца ад чаго‑н. Як вядома, назвы многіх гарадоў паходзяць ад назваў рэчак, на якіх яны стаялі. Штыхаў. Атрымалася аповесць з дзіўнай назвай [«Апошні зверыядавец»], што паходзіць ад мянушкі, якую мелі былыя выхаванцы кадэцкага корпуса. Кучар.

3. на каго-што. Быць падобным да каго‑, чаго‑н. [Васіль] ва ўсім стараўся паходзіць на дарослага, пераймаў павольныя рухі бацькі Мірона, яго манеру гаварыць, трымацца з людзьмі. Лынькоў. [Аня] паходзіла больш на нязграбнага хударлявага падлетка, чым на дарослую дзяўчыну. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лёс 1, ‑у, м.

1. Ход падзей, якія складваюцца незалежна ад волі чалавека; збег акалічнасцей. [Ігнат:] — Калі ўжо лёс звёў нас у адзін гурт, я іменем партыі патрабую дысцыпліны. Мікуліч. Добры лёс паслаў .. [Крамарэвічу] чалавека з душой і розумам. Чорны.

2. Доля. Людскі лёс. Жаночы лёс. □ Бацькам маім нялёгкі выпаў лёс: Яны ў баях нам здабывалі волю. Свірка.

3. Развіццё чаго‑н.; далейшае існаванне, будучыня. Гістарычны лёс нацыі. Лёс чалавецтва. □ Непакой за лёс разведчыкаў ахапіў усю роту. Васілёнак. Атрад зрабіў круты і раптоўны паварот на паўднёвы ўсход, назад, у глыб пушчы. Гэты круты паварот ледзь не стаў паваротам у лёсе атрада. Брыль. Косцік ляжаў.. і не ведаў, што сёння вырашаецца яго лёс. Баранавых.

•••

Іронія лёсу гл. іронія.

На волю лёсу гл. воля.

лёс 2, ‑у, м.

Глебаўтваральная рыхлая горная парода светла-жоўтага колеру; жаўтазём.

[Ням. Löss.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пахо́д1 ’перамяшчэнне атрада з пэўнымі мэтамі’, ’ваенныя дзеянні’ (ТСБМ, Шат.), ’бойкае месца, дзе ходзяць і ездзяць’ (слаўг., Яшк.), пахады́ ’дарогі, сцежкі’ (гл.). Укр. похід ’шэсце’, ’паходка’, рус. поход ’рух войска’, ’кампанія’, ’ход касяка рыб’, ’лёт пчалы’, ст.-рус. походъ ’вайна’, ’выступленне на вайну’, ’выхад на лоўлю рыбы’, польск. pochód ’паход, марш’, працэсія’, ’рад, ланцуг, смуга’, ’крок’, ’паходня, дошка на плыце’, н.-луж. pochod ’паходжанне, эвалюцыя’, ’марш’, в.-луж. pochod ’марш’, чэш., славац. pochod ’тс’, ’паходны рух’, ’шэсце’, ’працэс’, славен. pohòd ’марш’, ’адведзіны, візіт’, серб.-харв. по̀ход ’тс’, ’ад’езд, выезд, выхад’, макед., балг. по́ход. Прасл. poxodъ ’апраўленне, выхад, выезд’ < poxoditi. Да па‑ < прасл. po‑ (са значэннем пачатку дзеяння) і хадзі́ць (гл.). На бел. тэрыторыі па‑ набыло значэнне ’паступовае запаўненне пэўнай плошчы дзеяннем’.

Пахо́д2 ’невялікі лішак (у вадзе, суме, ва ўзросце)’, тураў. похо́д ’тс’ (ТСБМ, Яруш., Шат., ТС). Укр., рус. поход ’тс’. Усходнеславянскае. Да паходзіць ’выходзіць з чаго-небудзь’ > ’выходзіць з лішкам’. Іншае развіццё значэння ’выходзіць з чаго-небудзь, аднекуль’, параўн. у бел. паходзіць ’мець падабенства, быць родам адкуль-небудзь’ (Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.), похо́дзіць ’тс’ > похо́джы ’падобны’ (ТС), ’належаць паводле нараджэння да якога-небудзь класа, нацыі’, ’узнікаць, утварацца’ (ТСБМ). Да першага значэння паходзіць ’выходзіць з чаго-небудзь’ і суадноснага з ім паход ’лішак’ можна прывесці паралель з літ. pértekėti ’працякаць’, ’перацячы, пераліцца’, pértekti ’мець у дастатку, удосталь’ і per̃teklius ’лішак’, у той час як літ. atliekà, ãtliekas, atlaikà, liẽkana ’лішак’ суадносяцца з lìkti ’заставацца, пакідаць’, якое (як і бел. лі́шак < прасл. lixъ) узыходзіць да і.-е. *leik​‑so‑ ’пакідаць’ (Трубачоў, Эт. сл., 15, 91).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

хара́ктар, ‑у, м.

1. Сукупнасць устойлівых псіхічных уласцівасцей чалавека, яго асабістых рыс, якія праяўляюцца ў паводзінах і дзейнасці. Мяккі характар. Цяжкі характар. □ Бязмежная адданасць справе і скромнасць шчырага працаўніка — вось дзве галоўныя рысы характару пагранічніка. Брыль. — Гануля ўмее несці крыж пакуты, — казалі пра яе людзі, дзівячыся яе трываламу характару. Гурскі.

2. Цвёрдая воля, настойлівасць у дасягненні чаго‑н. Але Барбара і рада была, што.. [Лёша] рос не такім падатлівым, ціхоняй, а быў з характарам, мог пастаяць за сябе. Грамовіч.

3. які або чаго. Адметная асаблівасці ўласцівасць, якасць чаго‑н. Заўвагі крытычнага характару. □ Цудоўная мясцовасць паміж вёскаю Купа і пасёлкам рыбгаса пачала набываць курортны характар. В. Вольскі. Па характару свайго таленту Ул. Дубоўка — лірык. Глебка.

4. У літаратуры, мастацтве — сукупнасць псіхічных асаблівасцей, што ствараюць вобраз, які мае тыповыя, абагульняючыя рысы якой‑н. групы людзей. У Коласа характар пераходзіць у мову, а мова робіцца формай раскрыцця гэтага характару. «Полымя». Сіла Барадуліна менавіта ў гэтым уменні праз трапную дэталь, жыццёвы выпадак вымаляваць характар, сацыяльны тып, паставіць праблему. «Маладосць».

•••

Камедыя характараў гл. камедыя.

Народны характар — характар, які адлюстроўвае тыповыя рысы прадстаўніка з народа.

Нацыянальны характар — характар, які выяўляе своеасаблівасць псіхічнага складу прадстаўніка пэўнай нацыі.

Тыповы характар — мастацкі вобраз, у індывідуальных рысах якога абагульнены характэрныя асаблівасці людзей пэўнага сацыяльнага асяроддзя, пакалення і пад.

Вытрымаць характар гл. вытрымаць.

З характарам хто — чалавек з вытрымкай, настойлівасцю, прынцыповасцю.

Паказваць (паказаць) характар — выяўляць (выявіць) настойлівасць у чым‑н.

[Грэч. charaktēr.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кроў, крыві, Т кроўю і крывёй, ж.

1. Чырвоная вадкасць, якая рухаецца па крывяносных сасудах арганізма, жывіць яго клеткі і забяспечвае абмен рэчываў. Артэрыяльная кроў. Венозная кроў. Рух крыві.

2. перан. Блізкае кроўнае сваяцтва. Адной крыві. □ — У Марысі Антосева кроў. Бажко. // Блізкі сваяк. У глыбіні душы варухнулася ў Сіпака нешта падобнае на крупінку жалю да чалавека: што тут ні кажы, а ўсё ж свая кроў... Лынькоў.

3. Парода жывёлы. Бульдог чыстай крыві. // Пра род, паходжанне людзей. Мадам Гамрэкелі сказала, што ў Сімонавых паводзінах адразу відаць несамавітасць ягонага роду, не[высака]роднасць крыві. Самуйлёнак.

4. перан. Забойства, кровапраліцце. [Дзед Бадыль:] Народ не вытрымае, з голымі рукамі кінецца на гарматы і кулямёты. Крыві шмат будзе. Крапіва.

5. перан.; якая. Тэмперамент, характар. Гарачая кроў. Маладая кроў.

•••

Сумяшчальнасць крыві гл. сумяшчальнасць.

Гарачая кроў — пра страснага, тэмпераментнага чалавека.

Да апошняй каплі крыві гл. капля.

Кроў гаворыць (загаварыла) у кім — аб праяўленні чаго‑н., уласцівага роду, нацыі і пад.

Кроў за кроў — помсціць забойствам за забойства.

Кроў з малаком — пра дужага прыгожага чалавека з румяным свежым тварам.

Кроў іграе (кіпіць) — пра багацце жыццёвых сіл, энергіі.

Кроў кінулася (хлынула) у галаву каму — хто‑н. моцна ўсхваляваўся, узрушыўся.

Кроў ледзянее (стыне) (у жылах) — пра пачуццё жаху, моцнага перапуду.

Кроў ударыла ў твар каму — хто‑н. пачырванеў ад збянтэжанасці, сораму, непрыемнасці і пад.

Кроўю сэрца (кніжн.) — з глыбокім пачуццём і перакананнем, з вялікімі мукамі (пісаць, тварыць што‑н.).

Купацца ў крыві гл. купацца.

Ліць (праліць) кроў гл. ліць.

Льецца (праліваецца) кроў чыя, якая — пра вялікія ахвяры, масавае забойства людзей (звычайна ў час вайны).

Наліцца кроўю гл. напіцца.

Напіцца (насмактацца) крыві гл. напіцца.

Патапіць у крыві гл. патапіць.

Піць (смактаць, ссаць) кроў гл. піць.

Плоць ад плоці, кроў ад крыві гл. плоць.

Плоць і кроў каго, чыя гл. плоць.

Потам і кроўю гл. пот.

Псаваць кроў каму гл. псаваць.

Псаваць сабе кроў гл. псаваць.

Сысці кроўю гл. сысці.

Сэрца кроўю абліваецца гл. сэрца.

Умыцца кроўю гл. умыцца.

(Хоць) кроў з носа — нягледзячы ні на якія цяжкасці, перашкоды (зрабіць што‑н., дамагчыся чаго‑н.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)