ве́ды, ‑аў; адз. няма.

1. Сукупнасць звестак, якія раскрываюць аб’ектыўныя заканамернасці жыцця. Грунтоўныя веды. Сталыя веды. □ [Маці:] — Бацька твой, як ты і сам чуў, і лектар неблагі. Людзям ён перадае веды, лекцыі чытае. Даніленка. // Дасведчанасць у якой‑н. галіне. Настаўніца суцішыла дзяцей і асцярожна пачала правяраць іх веды. Васілевіч.

2. Навука. Шляхі да ведаў і культуры. Цяга да ведаў. □ [Краеўскі:] — Свет асвятляецца сонцам, а чалавек — ведамі. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жа́льба, ‑ы, ж.

1. Смутак, туга, бедаванне. «Вось і ўсё, — з жальбай паглядзеўшы на школу, падумала былая настаўніца, — больш мне сюды ніколі не прыйсці, не сустрэцца з гаманлівай дзетварой». Шчарбатаў. Шчырасць бабулі і гэтыя яе слёзы ўзрушылі Андрыяна. Нейкая жальба падступала да горла, перашкаджала гаварыць. Марціновіч.

2. Скарга, нараканне. Здаецца, усё разумее Люба, але больш маўчыць, як бы носіць у сабе затоеную жальбу і крыўду на кагосьці, вядомага толькі ёй. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фінціклю́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Разм.

1. Цацка, упрыгожанне. Пакой прыбраны па-панску, усялякіх там фінціклюшак на сталах ды этажэрачках. Машара.

2. звычайна мн. (фінціклю́шкі, ‑шак). Несур’ёзныя, пустыя ўчынкі, словы. Усё гэта далёкія ад сур’ёзнай справы фінціклюшкі.

3. Пустая, несур’ёзная жанчына, якая думае толькі пра ўборы і гульні. [Апанас:] — Яна [Вольга] мяне гэтымі днямі здумала вучыць — фінціклюшка. Пестрак. [Зыль:] А да мяне прыходзілі. [Гарнец:] Хто? [Зыль:] Прышчэпа. А з ім нейкая фінціклюшка. Казала — настаўніца. Губарэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паспява́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Спяваць некаторы час. Дзядзька ківае сам сабе галавою і заводзіць [песню].. Паспяваў трохі і кінуў, а, можа, яму Шугай Міхалка перашкодзіў, ідучы насустрач. Колас. Соня была сярод спевакоў. Соню хлебам не кармі, а дай паспяваць. Лось.

паспява́ць 2, ‑ае.

Незак. да паспець ​1.

паспява́ць 3, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да паспець ​2.

2. Добра, паспяхова вучыцца; не адставаць. Ніна ведала, што Коля добра паспяваў па матэматыцы, таму дырэктар і параіў яму паступіць у тэхнікум. Сіўцоў. [Дзяўчынка], мусіць, не паспявала ў школе: кожнае лета да яе прыходзіла настаўніца — падвучыць. Адамчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падвучы́ць, ‑вучу, ‑вучыш, ‑вучыць; зак., каго-што.

1. Навучыць нямнога чаму‑н. Падвучыць слясарнай справе. // Дапамагчы лепш засвоіць што‑н., дадаткова навучыць чаму‑н. [Дзяўчынка], мусіць, не паспявала ў школе: кожнае лета да яе прыходзіла настаўніца — падвучыць. Адамчык. Настаўнік збіраўся ў недалёкім часе паехаць у Мікуцічы да сваіх сяброў і стараўся як мага болей падвучыць Ліду. Колас. // Вывучыць лепш. Падвучыць ўрокі. □ За час працы ў мылавара дзяўчына яшчэ падвучыла мову. Гурскі.

2. з інф. Падбіць, падгаварыць на што‑н. (часцей нядобрае). Падвучыць залезці ў чужы сад. □ — Гэты вось, Малец, — .. [Чэсь] тыцнуў рукой у грудзі Даніку, — падвучыў .. [хлопцаў] сабраць грошы... Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каго-што, з дадан. сказам і без дап. Звяртацца да каго‑н. з пытаннем, каб даведацца пра што‑н., задаваць пытанне. — Ну, як жа вам, панічок, гасцілася? — пытала бабка Лабановіча. Колас. У людзей пытай, ды свой розум май. Прыказка. // Весці апытванне (вучняў). Паўтарэнне ішло як звычайна: адных настаўніца выклікала да дошкі, другіх — пытала з месца. Шыловіч.

2. што і чаго. Прасіць дазволу на што‑н., звяртацца з якой‑н. просьбай. Пытаць дазволу. Пытаць дарогі. □ Галодны прысмакаў не пытае. Прыказка. // Прасіць, патрабаваць паказаць (дакумент). Пытаць пасведчанне. □ То прападае, то зноў, варухнуўшы галінай, У пешаходаў пытае яна [граніца] пашпарт. Куляшоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разда́ць 1, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасца, ‑дадуць; раздаў, ‑дала, ‑ло; заг. раздай; зак., каго-што.

Аддаць усё, многае многім; размеркаваць паміж многімі. Калі настаўніца раздала дзённікі, усе былі здаволены. Якімовіч. [Гарасім] хацеў прадаць зямлю, а грошы раздаць бедным. Чарнышэвіч. — Дзяцей [з дзіцячага дома] можна раздаць па сёлах. Сяляне іх смела возьмуць, бо іх лёгка выдаваць за сваіх. Шамякін.

разда́ць 2, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасца, ‑дадуць; пр. раздаў, ‑дала, ‑ло; заг. раздай; зак., што.

Расшырыць, расцягнуць, зрабіць прасторным. Раздаць боты на калодцы. // безас. Зрабіць поўным, тоўстым. Быў [Анікей] проста вясковы хлапчук. А гэта — вырас, памужнеў, у плячах раздало. Чысты і стройны такі... Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уну́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.

1. Увабраць у што‑н. (пра галаву). Галя ўнурыла галаву ў пастаўлены каўнер, патупіла вочы, як бы яна не хацела глядзець на кафедру. Сабаленка. Рыжы больш ссутуліўся, унурыў галаву ў плечы. Кавалёў. // Панура нахіліць, схіліць (галаву). Чубар колькі часу чакаў, што адкажа на гэта ваенурач, але той унурыў галаву і сядзеў зноў безуважны. Чыгрынаў. Юрка ўнурыў галаву, здавалася, увесь сціснуўся ў камячок. Настаўніца строга пазірала на яго, думала. М. Ткачоў.

2. Утаропіць у што‑н. (вочы, погляд). Надзейка заірдзелася і ўнурыла вочы ў талерку, але праз момант усміхнулася, падняла чарку, вымавіла: «За маму». Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адве́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. каго-што і без дап. Праведаць, наведаць каго‑, што‑н. Яму [Януку Сялібу] хацелася адведаць дом, Зноў паглядзець на роднае гняздо. Танк. [Рыгорыха:] — Прыязджае маці, Глафіра Парфіраўна, адведаць магілу сына, паглядзець наша жыццё. Гурскі. [Панна Рузя:] — Ваша ранейшая настаўніца колькі ўжо часу хварэе, а вы?.. Хоць бы разочак схадзілі адведаць! Ганьба!.. Брыль.

2. чаго. З’еўшы або выпіўшы трохі чаго‑н., вызначыць смак; пакаштаваць. — Просіць садоўнік Наведацца ў сад, Бабка Тадора Адведаць чарніц. Броўка. Пакаштуй, калі хочаш, адведай — Вунь — кубанскія кавуны! Прыходзька.

3. чаго. Спазнаць, зведаць, паспытаць. Гуляюць хмаркі ў небе сінім, І ледзь хвалюецца рака... Так моцна хочацца дзяўчыне Адведаць шчасце рыбака. Іверс.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

загада́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каму.

1. з інф. Аддаць загад. Прыйшоўшы ў роту, лейтэнант загадаў збірацца да выступлення. Мележ. // Распарадзіцца, наказаць. Чалавек загадаў брыгадзе зараз жа адчапіць паравоз і пускаць яго на бліжэйшы мосцік. Паслядовіч. Настаўніца загадала вывучыць на памяць верш. Шахавец.

2. Разм. Апавясціць (аб сходзе). Загадаць на сход.

загада́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Прапанаваць загадку або пытанне для разгадка адказу. Загадаць загадку. Загадаць рэбус.

2. і без дап. Задумаўшы што‑н., імкнуцца знайсці адказ, угадаць вынік па картах, па якіх‑н. прыметах. [Бабка Параска] загадала: калі азірнецца [Лабановіч], дык з ім нічога благога не здарыцца ў дарозе, і ён шчасліва вернецца назад. Колас. // Разм. У думках спыніцца на чым‑н., выбраць што‑н. Загадаць лік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)