цясля́рства, ‑а, н.

Рамяство, занятак цесляра. Пры ахвоце .. [Хацяноўскі] мог усё зрабіць па сталярству і цяслярству, аднак у хаце замест зэдліка стаяла калодка, замест ложка былі сяк-так збітыя нары. Кулакоўскі. Цесляром Івана Іванавіча зрабіла жыццё. Праз сваё цяслярства ён страціў шчасце. Гаўрылкін. От праз гэты свой сарваны жывот Іллюк і цяслярства кінуў ды пачаў са сталяркаю цацкацца. Калюга.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пол ​1, ‑у, м.

Сукупнасць уласцівасцей, якія характарызуюць мужчынскія і жаночыя арганізмы і супроцьпастаўляюцца адзін другому. Мужчынскі пол. Жаночы пол.

•••

Дужы пол (жарт.) — пра мужчын.

Прыгожы (слабы) пол (жарт.) — пра жанчын.

пол ​2, ‑а, м.

Палаткі, нары. Хата нагадвала даўнейшую курніцу: чорная земляная падлога, брудны і таксама чорны на ўсю хату пол, па якім ўпокат спала ўжо немалая Прахорава сям’я. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бажні́ца, ‑ы, ж.

Уст.

1. Паліца з абразамі. [Заранік:] — Затое бачыў сям-там земляную падлогу, нары замест ложкаў, голыя, з пачарнелай бажніцай у левым куце, сцены. Хадкевіч. За дваццаць год ляжання за бажніцай у бацькоўскай хаце.. паперка гэта парудзела і сцерлася. Васілевіч.

2. Памяшканне для рэлігійных сходаў і малення. Бажніцы, капліцы ўсіх вераў і нацый, Як смецце на свеце, як тухлыя грубы, Змяце дыктатура раскованай працы. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пол 1 ’сукупнасць уласцівасцей, якія характарызуюць мужчынскія і жаночыя арганізмы’ (ТСБМ). З рус. пол < ст.-слав. полъ ’sexus’ (Фасмер, 3, 306). Да паў-, палова (гл.); тыпалагічныя ўгра-фінскія паралелі: мард. pola ’жонка’, вод. pal ’палова; муж або жонка’ (Бяднарчук, Stosunki, 107, з літ-рай) не даюць падстаў лічыць запазычаннем.

Пол 2 ’палаткі, нары’ (ТСБМ, Варл., Сл. ПЗБ), по́лік ’нары’ (Юрч. СНЛ), ’ляжанка’ (ТС), мн. л. по́лы ’высокі памост у лазні, на якім парацца’ (Сцяшк. МГ). Укр. піл ’падлога’, рус. пол ’тс’, ’зямля’. Прасл. *polъ ’дошка’. Роднаснае ст.-інд. phálakam ’дошка, планка’, ст.-ісл. fjol ’тс’ (Фасмер, 3, 306). Чарных (2, 50), як вартую ўвагі, прыводзіць версію Пагодзіна, які выводзіў полъ ад *podlъ (прасл. *podъ ’ніз, аснова, дно’, гл. под), што, магчыма, пацвярджаецца значэннямі пол ’ніз (у супрацьлегласць верху), зямля, глеба, дно ракі, возера’, параўн. выраз до пола́ ’датла, дашчэнту’ (ТС).

Пол 3 ’полымя’ (смарг., Сл. ПЗБ), мн. л. полы ’тс’: по́лы шугаюць (у печы) (ашм., Стан.). Лакальны наватвор на аснове каранёвай часткі дзеясловаў тыпу по́лаваць ’палаць’ (Сцяшк. Сл.), пола́ць ’палаць, гарэць полымем’ (ТС), што ўзыходзяць да праслав. *polti ’гарэць’, гл. полымя, палаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гібе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

Разм. Мучыцца, пакутаваць ад нястачы, голаду, цяжкай працы і пад. Пралетарыят павёў за сабой мільённыя масы сялянства, якое гібела ў галечы і цемры. «ЛіМ». — Кім бы я быў, — падумаў сам сабе Зорын, — каб не савецкая ўлада? Гібеў бы, пэўна, недзе ў кулака ці ў памешчыка за кавалак хлеба парабкам. Гурскі. // Весці пустое, бязмэтнае жыццё; марнець. Сцяпан рэдка сустракаецца з людзьмі, гібее ў сценах сваёй хаты, нібы той пацук у нары. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ры́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Тое, што і рынуцца. Мікіта рынуў да дзвярэй, расчыніў іх .. і, хапіўшы аберуч Бліцкага за плечы, таўхануў за парог. Навуменка. Зверху, з трубы, на Андрэя рынуў цэлы паток халоднай вады. Васілёнак.

2. каго-што і без дап. Пакінуць каго‑, што‑н. без догляду, без падтрымкі. [Галута:] — Я лепей здохну пад адрынай, Але кутка свайго не рыну, З свае не вылезу нары. Колас. А людзі кінулі ўсё, рынулі і паўцякалі, каб хаця самім выратавацца. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нара́, ‑ы; мн. норы, нор; ж.

Паглыбленне пад зямлёй, часта з некалькімі хадамі, якое вырыта жывёлінай і служыць ёй жыллём. Барсуковая нара. Мышыныя норы. □ [Ракі] мясціліся ў старых карчах, а то глыбока пад берагам, у спецыяльных норах-пячурках. Лынькоў. А нара мае два выхады: адзін наверх, а другі пад ваду. Маўр. // Ход ці паглыбленне, зробленае з якой‑н. мэтай. Саўка звярнуў з дарогі, пайшоў пад стог і спыніўся. Тут можна і адпачыць. Выскуб у стозе нару і зашыўся ў .. сена. Колас. // перан. Разм. Пра малое, цёмнае памяшканне, жыллё. [Гурын] амаль нікуды не вылазіць са сваёй нары — баіцца спаткацца з былымі таварышамі. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пало́к, ‑лка, м.

1. Нары паміж печчу і ложкам або паміж печчу і супрацьлеглай сцяной уздоўж глухой сцяны ў сялянскай хаце. Нявестка, памыўшы посуд, прылягла на палку пры печы. Мыслівец. Усе распраналіся, клалі адзежу на палок ля печы ў адну кучу, рассаджваліся. Гаўрылкін. // Тое, што і пол ​2 (у 1 знач.). Пры печы туляцца палаці, Уздоўж сцяны стаіць палок. Колас. Ад печы да супрацьлеглай сцяны быў пасланы палок з дошчак, засланы коўдрамі. Галавач.

2. Памост у лазні, на якім парацца. На палку, дзе звычайна парацца, гарыць свечка. Навуменка.

3. Спец. Падвесная платформа, з якой вядзецца будаўніцтва ствалоў шахт, руднікоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тайні́к, ‑а, м.

1. Месца для хавання чаго‑н. [Яраш] надзеў лепшы касцюм, дастаў з тайніка пісталет і гранату. Шамякін. // Тайнае сховішча. Вада бруіла ў нары і доўга не супакойвалася, аж пакуль бабёр зноў не забіраўся ў свой тайнік. Масарэнка.

2. перан. Тое, куды няма доступу іншым; самае запаветнае, патаемнае месца чаго‑н. Хто ў размове з ім не забываў, падкрэсліваў яго заслугі, чуць падхвальваў, з тым Вароніч абыходзіўся, як з чалавекам, які адамкнуў тайнік яго сэрца. Грамовіч. І дзесьці ў тайніках душы асядае, як муць, чорная думка аб тым, што няма нічога вечнага на зямлі. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Нары́тнікі ’набедрыкі’ (Некр., ТС, Мат. Гом.), ’шляя’ (Маслен.; чач., Жыв. сл.), ’паўшоры’ (рэч., Нар. сл.), наритнікі ’набедрыкі’ (кір., Нар. сл.; гом., Мат. Гом.), нарыткі ’тс’ (ТС), нары(т)шнікі ’тс’ (Шат.), укр. наритники ’шляя’. Паводле Непакупнага (Связи, 48–49), корань ‑рот‑ ’бядро, бок, круп каня’ выводзіцца на падставе структурнай паралелі і семантычнага аналага на‑бедр‑ыкі і суадносіцца з літ. rietas ’бядро’, роднасным ст.-рус. рить ’капыт’, ст.-ц.-слав. рить, чэш. riť, польск. rzyć ’anus’, а само слова можа разглядацца як паўкалька ці лексіка-семантычны варыянт тэрміна набедрыкі. Параўн. таксама рыткі ’прыстасаванне для выроўнівання асновы пры навіванні яе на навой (дзве драўляныя планкі з зубцамі)’ (ТС, Уладз.), якое фармальна можна суаднесці з нарыткі ’набедрыкі’, аднак семантычная сувязь застаецца няяснай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)