прастава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак.

Разм. Ісці напрасткі, прама. Хтосьці збочыў з дарогі, нацянькі прастуе да .. [Васіля]. Мележ. [Дзік] паволі праставаў на тоўстую старадрэвіну, што пры густым хвойніку перагарадзіла прасеку. Сачанка. І мы подбегам прастуем цераз лужок туды, дзе цямнеюць прыбярэжныя кусты. С. Александровіч. Басанож прастуеш да студні — жарства шурпатая коле ступні. Барадулін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папрастава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак.

Разм. Пайсці напрасткі, прама. Калі чалавек пайшоў нацянькі, нягледзячы на дарогу, кажуць «папраставаў». Скрыган. — Ну, я пайду, — сказала Прузына і папраставала цераз гасцінец у поле да ветрака. Каліна. Трое спакойна павярнулі і папраставалі па плошчы да шчодра асветленага помніка цяжкай вайне і вялікай перамозе. Янкоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уе́зд, ‑а і ‑у, М ‑дзе, м.

1. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. уехаць (у 1 знач.).

2. ‑а. Месца, праз якое ўязджаюць куды‑н. «А можна ж бліжэй праехаць, — падумаў Каваль, узрадаваны здагадкай. — Напрасткі! Распачаць катлаван і пракласці трасу. Там — уезд, тут — выезд». Савіцкі. Пры ўездзе ў вёску на высокай маляўнічай арцы віселі лозунгі. Гаўрылкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кру́жна,

1. Прысл. да кружны. Не сунімаючы разбегу, Дзе кружна, дзе і напрасткі, Навобмацак бяруць з-пад снегу Разгон вясновы ручайкі. Гаўрусёў.

2. безас. у знач. вык. Далёка, далей, чым па прамой. Краузе надумаў не хадзіць па вуліцы ў камендатуру, бо гэта было крыху кружна, а загадаў прарэзаць дзверы ў агарожы і праз двор выходзіў у каменданцкі будынак. Кавалёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Напамке́ ’ні ў галаве’ (Жд. 1). Як відаць з ілюстрацыі (Я паляджу, але мне ні напамке запытацца) > значэнне іншае ’ў галаве, на памяці’. З прыназоўнікавай канструкцыі *на памні, назоўнік у форме він. скл. мн. л. ад незафіксаванага *памок, аднак не выключана ўтварэнне па мадэлі тыпу напрасткі, нацямкі і г. д., дзе ў якасці структурнай часткі выступае каранёвая марфема адпаведнага прыметніка, дзеяслова, назоўніка і г. д. Гл. пимяць, памятиць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Напро́ст1напрасткі, напрамую’ (ТС). Да просты ’прамы’.

Напрост2: жаць напрост (на прост) ’не звязваючы ў снапы’ (Янк. 1, ТС), ’жаць, рассцілаючы жмені’ (калінк., З нар. сл.). У народных уяўленнях звязваецца з просты ’прамы, просты, нескладаны (спосаб уборкі)’; хутчэй да прасціла́ць ’рассцілаць, раскладваць’, гл. просцілка ’посцілка’ і пад., ці да прасціра́ць, прасце́рці ’тс’ (прасл. *(pro‑)sterti, *(pro‑)stьrǫ), тады зыходная форма была б *na prostьlъ ці *na prostrъ, змененая пад уплывам *prostъ.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

памча́ць, ‑мчу, ‑мчыш, ‑мчыць; зак.

1. каго-што. Пачаць імчаць, вельмі хутка, стрымгалоў павезці каго‑, што‑н. Голасна коні заржалі на пашы, Гвардыі смелых памчалі на бітвы. Купала. // Захапіўшы, пацягнуць за сабой сілай руху. Прачнуўся вецер І па свеце Памчаў сарваныя лісты. Тарас.

2. Тое, што і памчацца. Поезд зрабіў невялікі прыпынак на гадзіну.. і памчаў на Брэст. Філімонаў. — Воўк! — крыкнуў [дзед] і напрасткі памчаў да берага. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напро́ст, прысл.

1. Не звязваючы (у снапы), свабодна. Камунары завіхаліся на жніве. Павыцягвалі панскія жняяркі, прыладзілі да кос грабелькі і з ранішняй расою клалі напрост супольна пасеянае жыта. Грахоўскі. / перан. Свабодна, без цяжкасцей. Значыць, сіла такая — вялікая — ёсць, Што й навалу абложыць напрост: Гэта наша — твая і мая — маладосць. Глебка.

2. Абл. Напрасткі. Беглі людзі напрост — Цераз мост, цераз луг — На папар Беглі. Куляшоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Нацянькі́напрасткі, бліжэйшай дарогай’ (Гарэц., Др., Яруш., Некр., Бяльк., лях., Янк. Мат., Сцяшк.), ’кароткім шляхам’ (Сл. ПЗБ), наценькі́ ’напрамік, наўпрост’ (слуц., Нар. словатв., ТС), параўн. нацянёк ’кароткім шляхам’ (лаг., Сл. ПЗБ), укр. давати натеньки́ ’намякаць’. Да цянькі́ ’бліжэйшая прамая, але глухая, цяністая ці небяспечная дарога, ідучы па якой лёгка збіцца’: Цянькі бываюць на тры дзянькі (Нас.), Цянькі дома не начуюць (Сл. ПЗБ), як відаць, звязанае з цень, цянёк, параўн. дыял. на́цень ’тс’, што можа быць вынікам народнай этымалогіі; параўн. іншую версію: з на‑цям‑кі, ад цяміць ’помніць, кеміць, заўважаць’ (Шуба, Прыслоўе, 141). Гл. папярэдняе слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Наўз- (наўс‑) у прыслоўях тыпу наўздагон ’следам’, наўзбоч ’збоку’, наўскрыж ’накрыж’, наўскасы ’наўкос, коса’ і пад., сінанімічных адпаведным прыслоўям з на- або уз‑ (ус‑), параўн. наўздагон/уздагон, наўскрыж/накрыж і пад., часам мае тое ж значэнне, што і прэфіксальны комплекс наў- (гл.) у прыслоўях, параўн. наўдагон, наўкры́ж і інш. У многіх выпадках можа разглядацца як вынік кантамінацыі аднакарэнных прыслоўяў з на- і уз‑ (ус‑): надоўж × уздоўж = наўздоўж, накрай × ускрай = наўскрай, пры гэтым створаны ўмовы для фарміравання комплексу наўз‑ (наўс‑), які ў далейшым стаў ужывацца незалежна ад наяўнасці адпаведных прыслоўяў або паралельна з імі, параўн. наўзрост ’навыраст’ (ТС), наўспрамікнапрасткі’ (Янк. Мат.) і г. д.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)