*Мята́ць1, мята́ццамільгаць блізка, перад вачыма’ (Юрч.), укр. мета́ти, рус. мета́ть (мечу́), польск. miotać ’кідаць’, палаб. micĕ ’шпурляе’, н.-луж. mjetaś, в.-луж. mjetać, чэш. metati, славац. metať, славен. méȧti, metáti, серб.-харв. мѐтати, ’кідаць’, ’падаваць’, макед. метка се ’кідацца, мільгаць, матляцца’, мета, балг. метка ’кіну’, ст.-слав. метати ’кідаць’. Прасл. metati. І.‑е. адпаведнікі: літ. mèsti ’кідаць’, лат. mest ’тс’, mets ’куча збожжа’ (Бернекер, 2, 41; Траўтман, 183; Фасмер, 2, 614). Дапускаецца роднаснасць з ме́сці (гл.). Іншая ступень вакалізму — motati > матаць (гл.). Сюды ж мята́льнік ’фокуснік’, мята́льніца ’жанчына, якая бегае без толку’, ’непаседа’, ’якая ўмешваецца не ў свае справы’ (Нас.), мяту́цца ’кінуцца ў якім-небудзь напрамку’ (ТСБМ, Растарг.).

Мята́ць2, міта́ць ’месці’ (мін., КЭС). Да ме́сці (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

міга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Хутка паднімаць і апускаць павекі. Хлапчук палахліва, не мігаючы, пазіраў на Марыю Хведараўну. Марціновіч.

2. Падаваць знак рухам павек.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Свяціцца слабым, няроўным святлом. Навокал ні жывой душы, толькі дзесьці далёка мігала агеньчыкамі вёска. Асіпенка. На вясеннім чыстым небе скрозь проразі верхавін мігалі далёкія халодныя зоры. Колас.

4. Хутка праносіцца перад вачыма, мільгаць. Снуюць тралейбусы, Мігаюць машыны. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Мжыць ’заплюшчыць вочы’, мжы́цца ’змыкацца, заплюшчвацца’, ’мроіцца, здавацца’ (Нас., Яруш.). Укр. мига́тися, мигну́тися ’мроіцца, здавацца’, ’здацца’, ’мільгаць’, польск. mżyć, mżeć ’міргаць (вачыма)’, ’драмаць’, ’склейвацца (пра вочы)’, ’глядзець, нібы праз туман’, mżonki ’паўсон’. Да прасл. migati > міга́ць (гл.) (Брукнер, 351) ’хутка рухацца туды-сюды’ > ’міргаць вачыма, калі надыходзіць сон’ (параўн. літ. miegóti ’спаць’) > ’бачыць праз сон нешта час-ад-часу’ > ’здавацца, мроіцца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

мігце́ць, ‑ціць; незак.

1. Ледзь свяціцца. У хаце чад, мігціць газніца. Лужанін. У адным акне мігцеў скупы агонь. Чарнышэвіч.

2. Свяціць няроўным бляскам. Праз некаторы час неба на ўсходзе пабялела і зоркі пачалі мігцець не так ярка. Ляўданскі.

3. Хутка праносіцца, мільгаць. Вятры тугія свішчуць ля кабіны, Мігцяць слупы, зігзагі паваротаў. Ставер.

4. перан. З’яўляцца на кароткі час і зноў знікаць. Мігцяць думкі. □ Мучыў боль па загінуўшым сыне, мігцела надзея хоць што-небудзь пачуць аб ім. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мелька́ть несов.

1. мільга́ць, мільгаце́ць; мітусі́цца;

мелька́ют очерта́ния го́рода мільга́юць абры́сы го́рада;

2. (прерывисто светить) блі́скаць; (мерцать) мігце́ць;

мелька́ют огоньки́ блі́скаюць (мігця́ць) аге́ньчыкі;

в глаза́х мелька́ет у вача́х мігці́ць;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Мікуліць ’быць нясмелым, баяцца; баючыся, не ведаць, як паступіць’ (мін., КЭС), укр. микуля́ти ’глядзець, адводзячы вочы, адчуваючы сябе няёмка’, валын. мику́лити ’хітрыць’, ’віляць’, паўд. мику́литися ’мяць’, ’хітрыць’, рус. пск. мику́лить ’пры паляванні прапускаць, не заўважаць, зяваць’, серб.-харв. mikuliti se ’корчыцца, скурчвацца, сціскацца, зморшчвацца’. Генетычна роднасныя з в.-луж. mikać ’маргаць’, mikotać ’варушыць; міргаць’, зах.-мар. mikati se ’спрытна, жвава рухацца’, паўд.-мар.мільгаць’, ’вагацца’, серб.-харв. ми̏гољити ’круціцца, ёрзаць’, ’павольна цягнуцца’, изми́гољити се ’вырвацца, выслізнуць’. Усх.-слав. лексемы паходзяць з асновы mik‑(/mig‑), пашыранай дэмінутыўным суфіксам ‑ul‑/‑ol‑. Да міг (гл.). Паводле ЕСУМ (3, 460), ад Микола.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пестре́тьII несов.

1. (мелькать) мільга́ць; (часто попадаться) ча́ста трапля́цца;

флажки́ пестря́т пе́ред глаза́ми сцяжкі́ мільга́юць пе́рад вачы́ма;

2. (изобиловать чем-л. пёстрым) стракаце́ць;

рису́нок пестри́т я́ркими кра́сками малю́нак стракаці́ць я́ркімі фа́рбамі;

статья́ пестри́т цита́тами перен. арты́кул стракаці́ць цыта́тамі.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Сві́гаць (сьві́гаць) ‘бліскаць, мігаць’ (Ласт.), свігну́ць (сьвігну́ць) ‘паказацца, бліснуць’ (Скарбы, Ласт.), сюды ж сьвігаві́ца ‘пробліск у хмары, маланка’ (Ласт.), відаць, і сві́га ‘мінога рачная’ (Скарбы). Магчыма, балтызм, параўн. літ. sviégti, sviégiu ‘кідаць, шпурляць; біць, стукаць’, лат. sviêžu ‘кідаю’. Назва міногі, хутчэй за ўсё, звязана з хуткімі рухамі і яркай афарбоўкай. Параўн. аднак укр. дыял. шви́гати ‘кідаць, шпурляць’, што, магчыма, сведчыць пра славянскі характар слова. Куркіна (Диал. структура, 126) са спасылкай на Пятлёву (ОЛА 1974, 125–129) супастаўляе беларускае сьві́гаць ‘бліскаць’ з славен. svígati ‘хутка рухацца, мільгаць’, рус. дыял. свигать ‘гуляць, шляцца’, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *svigati, роднаснага літ. svaĩgti ‘ганяць, ездзіць туды-сюды; круціцца’, svíegti ‘паварочваць, кідаць, біць’ < і.-е. *su̯ei‑g‑ ‘згібаць, гнуцца, круціць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мітусі́цца, мітузі́цца, мітушы́цца, мытушы́тысь, мытушя́тысь ’хутка і бесперапынку перамяшчацца ў розных напрамках’, ’бязладна рухацца, увіхацца’, ’мільгацець перад вачыма’, ’рабацець, каламуціцца, перамешвацца’, ’перашкаджацца’, ’свяціць няроўным бляскам’, ’салавець’, ’збівацца ў размове, губляцца, саромецца’ (ТСБМ, Нас., Грыг., Гарэц., Мядзв., Шат., Касп., Бяльк., Растарг., Клім., ТС; паст., пух., іўеў., Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.; Крыў., Дзіс.). Рус. ми́туси́ть ’перамешваць, збіваць з панталыку’, ’глядзець адным вокам, жмурыцца’, митуси́ться ’мітусіцца’, ’хвалявацца’, ’рабацець’, ’здавацца’, смал. митуса́ ’няўрымслівы’. Параўн. таксама рус. мельтеши́тьмільгаць’. Да мі́тусь (гл.). Карскі (Труды, 393) супастаўляе бел. мітусі́ць ’муціць, мяшаць, трывожыць’ з літ. mita, mitas ’крыло мутніка (венцера)’. Мартынаў (Бел.-укр. ізал., 51) адносіць лексему мітусі́цца да балтызмаў перыяду існавання Велікага княства Літоўскага. Лаўчутэ (Балтизмы, 55–56) у якасці балт. крыніцы для бел.-рус. ізалексы падае лат. mits, mitus ’мена’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ро́іцца ’раіцца (пра пчол)’ (брасл., ваўк., Сл. ПЗБ), ро́іцца, роі́цца ’тс’, ’мітусіцца, мільгаць’ (ТС); укр. роїтися ’раіцца (пра пчол)’, роїтися в голові ’успамінацца’, рус. рои́ться, польск. roić się ’тс’, roić ’марыць, летуцець’, ’мроіць’, н.-луж. rojś se ’тс’, ’у мітусні імкнуцца наперад’, в.-луж. rojić so ’раіцца’, ’кішэць’, ’багацець’, чэш. rojiti se ’раіцца (пра пчол)’, ’таўчыся (пра машкару)’, ’тоўпіцца (пра людзей на вуліцы’, славац. rojiť sa ’тс’, ’раіцца (пра думкі чалавека ў галаве)’, славен. rojíti ’тс’, ’бадзяцца’, ’марыць’, серб. ро̀јити се, харв. ròjiti, макед. рои се, балг. роя ’сабраць у рой’, роя́ се ’раіцца’. Прасл. *rojiti sę, утворанае ад назоўніка *rojь > рой (гл.). Гл. таксама раі́цца. Сюды ж: ро́іцца ’здавацца, з’яўляцца, прыходзіць у галаву’ (Юрч.; бялын., Янк. Мат.; іўеў., Сцяшк. Сл.), ’трызніцца’ (Жд. 3), ’мроіцца, здавацца’, ’думацца’ (ТС), у выніку семантычнага пераносу ’роіцца’ > ’мітусіцца, кішэць’ > ’прыходзіць у галаву і да таго пад.’, а таксама ро́іць ’ляцець, валіць’ (ТС), семантыку якога можна знайсці яшчэ ў прасл. *rojíti, *rojь ці нават у і.-е. адпаведніках *roi(H)o‑, напрыклад, лац. rīvus ’ручай, струмень’ і інш. (гл. рой1).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)