дре́вность

1. старажы́тнасць, -ці ж.;

в глубо́кой дре́вности у глыбо́кай старажы́тнасці;

музе́й дре́вностей музе́й старажы́тнасцей;

2. (давность) старада́ўнасць, -ці ж.;

дре́вность э́той моне́ты не подлежи́т сомне́нию старада́ўнасць гэ́тай мане́ты не выкліка́е сумне́ння.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Ты́нфа ‘сярэбраная манета, роўная 15 кап.’, памянш. ты́нфік (Нас.), тынхвік ‘15 кап. серабром’ (Шымк. Собр.), ст.-бел. тынфъ, тинфъ ‘сярэбраная манета вартасцю 18 грошаў’ (1688 г., ГСБМ). Запазычана са ст.-польск. tynf, tymf — манета, што атрымала назву ад імя манетчыка Андрэя Тымфы (ням. Tümpe, Брукнер, 589), фіксуецца з 1691 г. (Булыка, Выбр. пр., 181), паралельная лацінская назва манеты tynfus, мн. л. tynf засведчана ў кнізе Гарадзенскага земскага суда ў 1714 г., дзе прыраўноўвалася да 38 грошаў (Жлутка, 340).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

чака́ніць, -ню, -ніш, -ніць; незак., што.

1. Выбіваць на паверхні металічных вырабаў рэльефны адбітак або ўзор.

Ч. манеты.

2. перан. Выразна, рэзка аддзяляць адно ад другога (крокі, словы, гукі і інш.).

Ч. крок.

Ч. словы.

3. Апрацоўваць (краі заклёпачных швоў металічных вырабаў; спец.).

4. Абразаць ці абломваць верхавінкі сцябла або бакавых парасткаў для ўзмацнення плоданашэння і хутчэйшага паспявання; пасынкаваць (спец.).

|| зак. вы́чаканіць, -ню, -ніш, -ніць; -нены (да 1 знач.), адчака́ніць, -ню, -ніш, -ніць; -нены (да 1 і 2 знач.), расчака́ніць, -ню, -ніш, -ніць; -нены (да 3 знач.) і прачака́ніць, -ню, -ніш, -ніць; -нены (да 4 знач.).

|| наз. чака́нка, -і, ДМ -нцы, ж. і чака́ненне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

размяня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.

1. Абмяняць каго‑, што‑н. на другое падобнае або на другога падобнага. Размяняць палонных. // У шахматнай гульні — зрабіць размен фігур. Размяняць ферзёў.

2. Абмяняць адны грашовыя купоны або манеты на больш дробныя ў адпаведнай колькасці. [Алесь:] — Толькі паўрубель гэты дзеду ўсё ж аддамо. Размяняем на медзь і аддамо. Караткевіч. Размяняю зарплату на медзякі — І грашыма цябе засыплю! Барадулін. // Пачаць расходаваць, траціць (буйную купюру). [Гарык:] «Дарагая матуля, жыву нішто сабе: учора размяняў апошні чырвонец». Скрыган. / Пра гады. [Трахім:] І так зажыўся на гэтым свеце — хвала богу, восьмы дзесятак размяняў... Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зо́лата, -а, М -лаце, н.

1. Высакародны метал жоўтага колеру, які ўжыв. як мера каштоўнасцей і ў каштоўных вырабах.

Чыстае з.

Не ўсё з., што блішчыць (прыказка). Чырвонае з.

Чорнае з. (пра нафту). Белае з. (пра бавоўну).

2. зб. Манеты або вырабы з гэтага металу.

Купіць рэч за з.

Хадзіць у золаце.

Заваяваць з. на алімпіядзе (залаты медаль; разм.).

3. Пазалочаныя шаўковыя ніткі.

Шыць золатам.

4. перан. Пра таго (тое), што вылучаецца добрай якасцю, вартасцю (ужыв. таксама як ласк. зварот).

Чалавек ён — з.!

З. ты маё!

|| памянш.-ласк. зо́латка, -а, н. (да 4 знач.) і зо́латца, -а, н. (да 4 знач.).

|| прым. залаты́, -а́я, -о́е (да 1 і 3 знач.).

З. пясок.

З. запас.

З. прызёр (хто атрымаў залаты медаль). Залатыя горы абяцаць каму-н. (абяцаць вялікія даброты, багацце).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

чырво́нец, ‑нца, м.

1. Руская назва замежных залатых манет у дапятроўскай Русі.

2. Руская залатая манета вартасцю ў тры рублі, якая была пашырана ў Расіі ў 18–19 стст. // Уст. Руская залатая манета вартасцю ў пяць і дзесяць рублёў, якая была ва ўжытку ў дарэвалюцыйнай Расіі.

3. Грашовы крэдытны білет вартасцю ў дзесяць рублёў, які быў ва ўжытку ў СССР з 1922 да 1947 г. // Дзесяць рублёў. Новыя — у руках шапацяць, як бярэш, — чатыры чырвонцы прыйшліся Адасю. Калюга.

4. звычайна мн. (чырво́нцы, ‑аў). Разм. Наогул манеты, золата, грошы. Песня мая не шукае чырвонцаў. Купала. А сёння стаіць вось у сонцы І вочы красою чаруе. Такую не ўзяць за чырвонцы, — Душу аддасі за такую. Буйло.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лічма́н1 ’ордэн’, ’медальён’ (Ян., Растарг.), лічба́н ’манета ў прывесках на каралях’ (Нас.). Укр. личма́н ’старэйшы пастух авечак’, ’буйная металічная аздоба, якую жанчыны носяць на шыі’, рус. новарас. ли́чман ’старэйшы пастух авечак’, перм. ’чалавек з крупным тварам’, бран. ’жэтон’, зах.-бран. ’ордэны, медалі’, курок., арханг. ’вельмі дробная манета’. Фасмер (4, 242–243) мяркуе, што ўкр. і рус. лексемы запазычаны з польск. liczman ’металічная бляха, пры дапамозе якой лічылі’, ’металічная бляшка, якая замяняе капейкі ў гульні’, ст.-польск. ’рахункавод’ — а гэта (ад liczyć ’лічыць’) можа быць частковай калькай лац. calculus ’каменьчык для лічэння’. Да лічы́ць (гл.). Аб суфіксе ‑ман гл. Сцяцко (Афікс. наз., 54). Трубачоў (Эт. сл., 15, 85) прасл. ličьmanъ выводзіць з likъ, ličiti > лічы́ць (гл.). Суфікс ‑man‑ да і.-е. *‑men‑.

Лічма́н2 ’чалавек з тварам у высыпцы і струпах’ (М. Шаховіч, в. Сакі (бельск., ПНР) // Наша ніва. № 16. 1978. С. 4) — у выніку пераносу семантыкі лічма́н1 ’круглыя металічныя манеты, якія падобны да струпоў’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

станда́рт, ‑у, М ‑рце, м.

1. Прынятыя за аснову ўзор, мадэль, эталон, якім павінна адпавядаць што‑н. сваім намерам, формай, якасцю і пад. Дзяржаўны стандарт. // Ідэальны, узорны экземпляр. Бялявая галава была пастрыжана «пад бокс» і прылізана на прабор, вочы — светла-блакітныя, па стандарту арыйскай расы. Брыль. // Аднастайная, тыпавая форма арганізацыі, ажыццяўлення чаго‑н. Выпрацаваны стандарт выпрабавання металу.

2. Нарматыўна-тэхнічны дакумент, якім вызначаюцца адзінкі велічынь, тэрміны і іх азначэнні, патрабаванні да прадукцыі, вытворчых працэсаў і г. д. Стандарты на харчовыя прадукты.

3. перан. Тое, што не мае ў сабе нічога арыгінальнага, своеасаблівага; шаблон, трафарэт. Узнік сцэнічны стандарт «жалезабетоннага камісара», у якім вельмі мала было агульначалавечага. «Маладосць».

•••

Залаты стандарт — форма арганізацыі капіталістычнага грашовага абароту, пры якой існаваў размен банкнотаў на залатыя манеты, залатыя зліткі ці на замежную валюту.

[Англ. standard.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пералічы́ць, ‑лічу, ‑лічыш, ‑лічыць; зак., каго-што.

1. Палічыць, злічыць адно за другім усё, усіх, зрабіць падлік. Прафесар некалькі разоў перачытаў .. пісьмо, машынальна пералічыў дні, якія засталіся да вызначанага тэрміну. Лынькоў. Андрэй спакойна ўзяў бліскучыя манеты, пералічыў іх і паабяцаў аддаць у два разы больш. Пальчэўскі. // Назваць, упамянуць усё, многае або ўсіх, многіх. Пералічыць абавязкі. Пералічыць недахопы. □ Нас, дзяцей, бацька таксама пералічыў па імёнах. Якімовіч. Цімафееўка, віка, канюшына чырвоная і белая, лісахвост — у намесніка старшыні і пальцаў не хапіла, каб усе гатункі пералічыць. Кірэйчык.

2. Злічыць нанава, яшчэ раз. Таццяна разгарнула пакуначак, яшчэ раз пералічыла грошы. Васілёнак.

3. Падаць у другіх велічынях. Пералічыць вёрсты ў кіламетры. Пералічыць фунты ў кілаграмы.

4. Перавесці на чый‑н. рахунак. Учора я пералічыў.. праз банк пяць тысяч рублёў, узяў з сабою копію плацежнага даручэння, і цяпер мы едзем, каб адразу зрабіць аж дзве справы. Скрыган.

•••

Пералічыць косці каму — моцна пабіць, набіць каго‑н.

Пералічыць на пальцах — пра вельмі малую колькасць каго‑, чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дро́бязь, ‑і, ж.

1. зб. Невялікія прадметы; дробныя рэчы. Сталыя гандляркі на ўсе галасы расхвальвалі свой тавар: рознае жалезнае ламачча, іголкі, ніткі, усякую іншую дробязь. Лынькоў. А маці скрыню пакавала І дробязь розную збірала. Колас. // Дробныя жывыя істоты. У чарацяным гушчары шчабеча ды шастае нейкая птушыная дробязь. Брыль.

2. зб. Дробныя манеты. [Хлопчык] дастаў жменю дробязі і адлічыў некалькі манет. Курто. Мужчына.. дакурыў, памацаў у кішэнях і, напэўна не знайшоўшы дробязі, дастаў з бумажніка новенькі рубель. Корбан.

3. Падрабязнасць, дэталь. Страшэнны рогат стаяў у гэтым, такім знаёмым да самых дробязей, кабінеце. Лынькоў. Паэта цікавілі і хвалявалі ўсе дробязі вясковага жыцця. Кухараў. // Што‑н. нязначнае, малаважнае, не вартае ўвагі. Вой з дэсантам быў у параўнанні з гэтым боем дробяззю. Мележ. — Дамашнія спрэчкі і ўсё іншае .. не мае ніякай вартасці; усё гэта дробязь. Чорны. У цёткі Аўгінні было цяпер шмат работы, і ёй не было калі зважаць на такую дробязь, як парадак у хаце. М. Стральцоў.

•••

Разменьвацца на дробязі гл. разменьвацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)