ПЕРАЧАКА́НКА МАНЕ́ТЫ,

выкарыстанне ўстарэлых манет для вырабу манет новага ўзору. Звычайна звязана са зменай манетнай стапы. Адрозніваюць мэтанакіраваную П.м. (перараблялі вял. партыю манет цалкам) і дапаможную (для невял. іх колькасці). Перачаканеная манета вызначаецца па фрагментах старых выяў на аверсе і рэверсе, несупадзенні віду арнаменту. павялічаным дыяметры і меншай таўшчыні кружка. П.м. шырока ўжывалася ў Рас. імперыі ў 18 ст. для медных манет, стапа якіх на працягу стагоддзя мянялася 9 разоў. Спарадычна для П.м. ствараліся часовыя манетныя двары (гл. Полацкі манетны двор).

І.​І.​Сінчук.

т. 12, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ліванезы (манеты) 6/358

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МАНЕ́ТНЫ СТАТУ́Т,

устаноўленыя дзяржавай правілы, якія вызначаюць парадак чаканкі манеты ў краіне.

т. 10, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІ́ПА (ад швед. klippe рэзаць нажніцамі),

назва манет квадратнай формы. Выраблялі з мэтай паменшыць затраты працы. Вядомы з пач. 16 ст. ў Даніі, Швецыі. Арыгінальную кампаноўку мелі талеры караля Рэчы Паспалітай Аўгуста П (1697—1709, 1709—33). У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. ў форме К. выпускалі манеты прыватныя асобы ці прадпрыемствы з-за недахопу дзярж. плацежных сродкаў. Часам К. называюць манеты на 6- або 8-гранных пласцінках.

т. 8, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНЕТАПАДО́БНЫЯ ПЛАСЦІ́НКІ,

сярэбраныя пласцінкі пераважна ў форме кружкоў без адзнак чаканкі, якія з’яўляліся ў грашовым абарачэнні з-за недастатковага ўвозу чаканнай манеты ў 10—12 ст., на тэрыторыі, дзе адсутнічала свая эмісія манет. Памер іх кружкоў і вага былі роўныя куфіцкаму дырхему (2,47—4,44 г) або зах.-еўрап. дэнарыю (1,29—1,79 г). У Стараж. Русі мелі вагу вевярыцы (0,332—0,34 г), куны (2,6—2,7 г), нагаты (3,3—3,5 г). З’яўленне мясц. чаканнай манеты змяншала колькасць М.п. у грашовым абарачэнні.

Ш.​І.​Бекцінееў.

т. 10, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕГЕ́НДА ў нумізматыцы, ба́ністыцы, сфрагістыцы,

надпіс на аб’екце даследавання. Па форме напісання бывае гарызантальная (радковая), дугавая (кругавая, паўкругавая), вертыкальная; па месцы размяшчэння ў полі манеты — прыгуртавая (змешчана ўздоўж краю кружка), бакавая (размешчана па баках выявы), нізавая (знаходзіцца на абрэзе манеты). Паводле тэхнікі выканання адрозніваюць Л. рэльефныя, контррэльефныя і камбінаваныя, а таксама суцэльныя і разарваныя, калі разрыў зроблены іншым надпісам, знакам пасярэдзіне або паміж пачаткам і канцом Л Не з’яўляюцца Л. асобныя лічбы, літары і словы, што не маюць адносін да сюжэта відарыса.

І.​І.​Сінчук.

т. 9, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІЯ СКА́РБЫ.

1) Знойдзены ў Магілёўскай губ. каля 1822. Ухаваны ў канцы 820-х г. Вядома 1300 цэлых і некалькі соцень фрагментавых куфіцкіх дырхемаў дынастый Амеядаў, Ідрысідаў, Абасідаў. Манеты чаканілі манетныя двары Пірэнейскага п-ва, Паўн. Афрыкі, Азіі, Закаўказзя. Рас. АН набыла 250 манет, лёс астатніх невядомы.

2) Знойдзены ў Магілёве ў 1936. Ухаваны ў 1790-я г. У глінянай пасудзіне было 476 залатых манет, з якіх вядома 466 экз. У скарбе манеты 16—18 ст. чаканкі манетных двароў Нідэрландаў, Даніі, Аўстрыі, Чэхіі, Саксоніі, Трансільваніі, Венецыі, Савоі, вольных імперскіх гарадоў і інш. Адзін з найбуйнейшых скарбаў залатых манет на тэр. Беларусі. Зберагаецца ў Эрмітажы (С.-Пецярбург).

т. 9, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Барацінкі (манеты) 2/144, 434; 6/614; 9/630; 10/360

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

РЭМЕ́ДЫУМ (лац. remedium сродак супраць чаго-н.),

дазволенае законам адхіленне вагі і пробы манеты ад устаноўленай нормы. Р. прадухіляў псаванне паўнацэнных манет і магчымасць абарачэння манет, у якіх фактычная залатая вартасць адхілялася ад законнай нормы.

т. 14, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́ВЕННІК,

1) манета Рас. дзяржавы, парытэтная 10 капейкам. Уведзены грашовай рэформай 1700—04 Пятра I, выраблялі рас. манетныя двары ў 1701—96 (з перапынкамі) з серабра, у 1725—27 медныя кліпы.

2) Папулярная назва манеты наміналам у 10 капеек.

т. 5, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)