маладу́ха, ‑і, ДМ ‑дусе, ж.

Разм.

1. Тое, што і маладзіца. Маладуха так захапілася расказам пра сваю ўяўную смеласць, што .. [Саша і Аксана] не пачулі, як прыйшоў Данік. Шамякін. Пазней прыходзілі на лугі дзяўчаты і маладухі, разбівалі сена ў пракосах. Асіпенка.

2. Маладая, нявеста. — Цяпер самі сабе маладух шукаюць, — працягваў Басько .. басам. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ра́ха ’неахайніца’: раха ходзіць без спадніцы (латг., Новы час, 2003, 23, 7), параўн. укр. ря́ха ’чапуруха’. Паводле Горбача (Арго, 30) сувязь апошняга з укр. ра́хамаладзіца, жанчына’ другасная, зыходная форма з цыганскага раклі ’дзеўка (не цыганка)’, што не пераконвае. Супрацьлеглае значэнне ў выніку атаясамлівання ня‑ (не-) у няраха (гл.) з адпаведнай узмацняльнай часціцай (гл. не-). Гл. атраха.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Маладзён, маладзёнак ’малады, малы, малакасос’ (Нас.), ’падлетак, малы’ (Шат.), ’жаніх у час вяселля’ (Касп., Пан.), ’малады хлопец, мужчына’ (Нар. Гом.), ’нядаўна народжанае дзіця’ (КЭС, лаг.). Рус. молодёны ’малады з маладой’, молодён ’немаўля’, ’малады чалавек’, польск. młodzień ’юнак’. Да прасл. mold‑ěnъ < moldъ > малады́ (гл.). Сюды ж маладзёна, маладзёнкамаладзіца’ ’маладая дзяўчына’ (ТС, Нар. Гом.), маладзёны ’маладыя ў час вяселля’ (паўн.-усх., КЭС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

палагадне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Стаць больш лагодным, памяркоўным; падабрэць. Стары неяк адразу палагаднеў, спытаў, адкуль ідзе маладзіца і ці далёка ісці. Шамякін. // Стаць больш прыветлівым, сардэчным (пра голас, твар, погляд і пад.). Пальцы гаспадыні спрытна лічылі храбусткія паперкі, голас палагаднеў. Савіцкі.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць цяплейшым; памякчэць. Вецер палагаднеў, абяцаючы мяккую цяплынь бабінага лета. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Няве́хна ’нявеста, маладзіца’ (Гарэц., Анік., Мал.), ’нявестка, жонка сына’ (Нас., Федар., Кліх, гом., Шн.; Жд. 1, Сл. ЦРБ, ТС, Ян.), неві́хна ’тс’ (Маш.), укр. невіхна ’тс’, рус. неве́хна ’тс’. Відаць, да нявеста (гл.); канец слова зменены пад уплывам’ слоў на ‑хна, параўн. цётухна, матухна, параўн. заўвагу Насовіча: Невѣхна… Тоже, что Невѣстухна». Менш верагодна з няве́сна (гл.), параўн. балг. дыял. неве̑хчи, неве́хчо ’зварот да нявесты’ (радоп., БД, 2) з чаргаваннем с/х.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

штось 1, чагось, чамусь, штось, чымсь, аб чымсь, займ. неазначальны.

Тое, што і штосьці ​1. Вусны.. [Джуліі], не перастаючы, шапталі штось незразумелае, іншамоўнае, але Іван і без таго адчуваў усё. Быкаў. — Ну, маладзіца, прысядзь трохі: маю штось у цябе запытаць, — лагодненька пачынае Гудзілка. Колас.

штось 2, прысл.

Тое, што і штосьці ​2. Штось пад канец сваволіць сэрца, Прыступак пяць бы тут [на лесвіцы] адняць. Прыходзька. Як відаць, .. [сабака] не выспаўся або так штось заленаваўся. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Кабе́та ’сталая жанчына, звычайна замужняя’ (БРС, ТСБМ). У гаворках вядома на значнай тэрыторыі: ’маладзіца, сталая жанчына, замужняя жанчына і г. д.’ (Касп.; КЭС, лаг.; слуц., КЭС; Мядзв., Нас., Шат., Яруш.). Запазычанне з польск. мовы, гл. Слаўскі, 2, 301. У польск. мове слова вядома па тэкстах з XVI ст., аднак выключна з пейаратыўным значэннем. Што датычыць этымалогіі, то прымальнай версіі пакуль што няма. Падрабязны агляд версій пра магчымае запазычанне ў польск. мову і спробы вытлумачыць яго мясцовае паходжанне гл. у Слаўскага, 2, 300–303.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

недано́сак, ‑ска, м.

1. Дзіця, якое нарадзілася раней тэрміну. Ужо на сёмым месяцы нарадзілася дачка — неданосак, як сказала акушэрка. Асіпенка. // перан. Ужываецца як лаянка. Маладзіца хіхікнула ўслед, і да .. [Лабановіча] даляцелі словы: — Гэта мужчына: ад бабы ўцёк... Неданосак! Стоптаны лапаць. Колас.

2. часцей мн. (недано́скі, ‑аў). Старая, паношаная вопратка. Перад ад’ездам з Акінчыц пані Аксеня паклікала Ганну, аддала ёй сякія-такія неданоскі сваіх дзяцей. С. Александровіч. Косцік апрануў бацькаў неданосак-куртачку, шапку, узяў з пячуркі рукавіцы і пайшоў. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыхарашы́цца, ‑рашуся, ‑рошышся, ‑рошыцца; зак.

Разм.

1. Апрануцца прыгожа, хораша, лепш, чым раней, чым звычайна. Купіла.. [Марылька] за тыя грошы сабе новую сукенку, чаравікі, прыхарашылася так, што ўсе сяброўкі зайздросцяць ёй. Якімовіч. І неўзабаве мы, прыхарашыўшыся, наколькі дазвалялі небагатыя ўборы, што меліся ў нас, выправіліся да дзяўчат. Марціновіч.

2. Надаць сабе больш прыгожы, прыгажэйшы выгляд. Маладзіца ўжо ў кабіне выняла люстэрка і какетліва паправіла спадаўшыя на лоб завіткі. Прыхарашылася, схавала люстэрка і неспадзявана закранула Лявонаў локаць. Хадановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́няць, выму, вымеш, выме; зак., што.

1. Дастаць адкуль‑н., з чаго‑н. Выняць газеты з паштовай скрынкі. □ Маладзіца выняла з печы чыгунок і паставіла на стол. Мележ. [Пячнік] спрытна пастукаў малатком па сценцы.., выняў адну цагліну, другую і пашоргаў у дымаходзе тоўстым дротам. Даніленка. // Выставіць што‑н. устаўленае. Выняць дубэльты з вокнаў. // Выцягнуць, выслабаніць што‑н. Выняць нагу са стрэмя.

2. Спец. Вычарпаць (зямлю, грунт) каўшом. Выняць грунт з катлавана.

•••

Выняць душу — а) давесці да смерці; б) маральна замучыць, знясіліць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)