Сле́дчы ‘хто вядзе следства’ (ТСБМ). Крукоўскі (Уплыў, 119) безпадстаўна лічыць калькай рус. сле́дователь, параўн. польск. śledczy ‘тс’ і іншыя назвы службовых асоб, шырока вядомыя ў Вялікім княстве Літоўскім і ў Рэчы Паспалітай (ст.-бел. ловчий ‘арганізатар вялікакняжацкага палявання’, крайчий ‘прыдворны, які разразаў ежу, што падавалася вялікаму князю’, а таксама створанае па гэтай мадэлі мостовничий, сокольничий і пад.). Параўн. і народнае следзі́ць ‘асочваць’: пошлі следзщь по следам, то нашлі (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вута́к ’самец качкі, селязень’ (Мат. Гом.); параўн. на беларуска-літоўскім паграніччы вута́к ’качаня’ (Балто-слав. сб. 382), укр. палес. вута́к ’селязень’. Другаснае ўтварэнне ад ву́тва ’качка’, (< *ǫty, ǫtъve), узнікшае ў сувязі з пераасэнсаваннем формы зыходнага слова ў якасці зборнага назоўніка, параўн. дзятва́ ’дзеці’, і вычляненнем асновы вут‑, суфіксацыя, як у гуса́к (З жыцця); форма са значэннем ’качаня’ ўтворана з суф. ‑ак, які на паўночным захадзе і ў цэнтры Беларусі выступае ў назвах маладых істот тыпу цяля́к, хлапча́к і да т. п.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

шарва́ркі, ‑рак; адз. шарварка, ‑і, ДМ ‑рцы, ж.

Грамадская працоўная павіннасць пераважна па будаўніцтву і рамонту дарог, мастоў, грэбляў, панскіх будоўляў у Вялікім княстве Літоўскім, Рэчы Паспалітай у 15–18 стст., а таксама ў Заходняй Беларусі ў 1921–39 гг. Вёска не хадзіла адбываць шарваркі, не плаціла падаткаў. Пестрак. Вызначалі [панскія начальнікі] фурманкі і людскую сілу на шарварку для рамонту мастоў і дарог, што праходзілі па панскай зямлі, зноў збіралі сход. Машара. На сялян сыпаліся шматлікія штрафы і прымусовыя павіннасць па рамонту дарог і мастоў (шарваркі), якія ператварылася ў сапраўдную дарожную паншчыну. Палуян.

[Польск. szarwark ад ням. Scharwerk.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шля́хта, ‑ы, ДМ ‑хце, ж.

Гіст. Прывілеяванае саслоўе — дробнапамеснае дваранства — у Польшчы, Літве, на Беларусі ў 13 — пачатку 20 стст. Паходзілі.. чыноўнікі з асяроддзя заняпалай шляхты. Машара. У Польшчы шляхта мела больш правоў над сялянствам, і прыгоннае права ў ёй адчувалася мацней і праводзілася ў больш жорсткіх формах, чымся ў Вялікім Княстве Літоўскім. «Беларусь». // зб. Шляхцічы. Хадзіў.. [Лапінка да баптыстаў] часта, бо непрыхільна было сярод ганарыстай балоцкай шляхты. Брыль. Успомнілася і тое, як заляцаўся я да Стэфы, Лідзінай маткі, як прагнала мяне, мужыка, ганарлівая шляхта. Ваданосаў. Сябры баявыя разгрукалі шляхту Пад Аўгустовам і Гроднам. Панчанка.

[Польск. szlachta з стараж.-верхненям. slahta — род, парода.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Камо́рнік, кымо́рнік ’спецыяліст па межаванню зямельных надзелаў, землямер’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Мядзв., Гарэц., Др.-Падб., Бяльк.; Сл. паўн.-зах.), каморніцтва ’землямерная справа’ (Гарэц., ТСБМ). Ст.-бел. коморникъ ’загадчык каморы, памочнік, падкаморы’, ’феадальна залежны селянін у Вялікім княстве Літоўскім (XVII–XIX стст.), які не меў зямлі і ўласнага дома, бабыль’. Значэнне ’землямер’ уласнабеларускае. Узнікла яшчэ ў часы Вялікага княства Літоўскага (Падкаморы ў судова-арбітражным органе XVI–XIX стст. аглядаў спрэчныя землі, заслухоўваў сведчанні суседзяў, выносіў рашэнне і вызначаў межы; яму памагалі каморнік ’памочнік падкаморыя’ і пісар (БелСЭ, 8, 7), да камора (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Рэ́дчыкі, рэ́ччыкі ’бульбяны суп’ (івац., Нар. словатв.), рэ́ччыкі ’рэдкі суп’ (стаўб., Сл. ПЗБ). Відавочна, ад рэдкі (гл.), параўн. яшчэ назвы бульбянага супу рэ́дкія (маг., Нар. словатв.), рэ́дкая картошка (бяроз., глус., акц., ЛА, 4). Таму неапраўдана параўноўваць фанетычны запіс беларускага слова, дзе [‑чч‑] < ‑дч‑, з рускім речи́ки, речеги ’дробныя часткі, аскепкі, чарапкі’, і суадносіць яго з чэшскім proráčit ’праламіце, літоўскім ràkti ’калоць вострым прадметам’, матывуючы тым, што ’бульбяны суп’ — гэта ’суп з пакрышанай, рэзанай бульбы’ (Гарачава, Этимология–1985, 65–66), тым больш што існуюць і такія назвы бульбянога супу, як кры́шанка (гл. крышыць, крыха), рэ́занкі (гл. рэзанка, рэзаць).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

старо́ства, ‑а, н.

Гіст.

1. У Вялікім княстве Літоўскім і феадальнай Польшчы — дзяржаўны маёнтак, які вялікі князь або кароль даваў на часовае карыстанне феадалам. Крычаўскае староства, якім у першай палавіне 18 ст. уладалі князі Радзівілы, было адным з буйнейшых ва ўсходняй Беларусі. «Весці». Тое [Дудзінскае] староства было падорана каралём раней князю Хадкевічу. Якімовіч. // Адміністрацыя на чале са старостам. Амаль усе памешчыкі з сем’ямі выехалі ў Глушэц, пад крыло паліцыі, староства і касцёла. Пестрак. Але як жа цяжка было здабыць у старостве дазвол на спектакль і канцэрт! Мядзёлка. З боку ад прэзідыума за асобным сталом размясцілася [афіцыйная] ўлада: прадстаўнікі староства і паліцыі. Машара.

2. Тое, што і старастоўства. Прыйдзе час — радзіма спамяне Яму [Юхіму] і дэзер[ці]рства, і староства. З. Астапенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фунт 1, ‑а, М ‑нце, м.

1. Руская мера вагі, роўная 409,5 г, якая існавала да ўвядзення метрычнай сістэмы. Насечкі на пруце зроблены па старой сістэме — на фунты. Два з палавінай фунты роўны кілаграму. Жычка. // У Вялікім княстве Літоўскім — мера вагі, якая з 1766 г. адпавядала 374,82 г.

2. У краінах з англійскай сістэмаю мер — мера вагі, роўная 453,6 г.

•••

Пачым фунт ліха (ведаць, зазнаць, паказаць і пад.) — як цяжка ў горы, у нястачы.

[Ням. Pfund ад лац. pondus — вага, гіра.]

фунт 2, ‑а, М ‑нце. м.

1. Грашовая адзінка Вялікабрытаніі; тое, што і фунт стэрлінгаў. Было калісьці так: англійскі фунт На біржах свету ўздымаў тайфун. Панчанка.

2. Грашовая адзінка Арабскай Рэспублікі Егіпет, Лівана, Судана, Сірыі і некаторых іншых краін.

•••

Фунт стэрлінгаў — грашовая адзінка Вялікабрытаніі, роўная 100 пенсам.

[Англ. pound (sterling).]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

селяні́н, ‑а; мн. сяляне, ‑лян; м.

Жыхар сельскай мясцовасці, асноўным заняткам якога з’яўляецца апрацоўка зямлі. Бацькі Ціхона Піменавіча Бумажкова былі бедныя сяляне з вёскі Пудоўля на Магілёўшчыне. Чорны. // Да рэвалюцыі — прадстаўнік ніжэйшага падатковага саслоўя.

•••

Асадныя сяляне — сяляне ў Вялікім княстве Літоўскім, асноўнай павіннасцю якіх быў грашовы чынш.

Беглы селянін — селянін, які збег ад памешчыка.

Дзяржаўны селянін — у 18–19 стст. селянін, які знаходзіўся на дзяржаўнай зямлі і, акрамя падаткаў, плаціў аброк казне.

Прыгонны селянін — селянін, які з’яўляўся ўласнасцю памешчыка.

Прыпісныя сяляне — у Расіі 18–19 стст. дзяржаўныя сяляне, якія валодалі казённымі землямі і былі прыпісанымі цэлымі паселішчамі да казённых і прыватных прамысловых прадпрыемстваў для выканання дапаможных работ.

Часоваабавязаныя сяляне — былыя памешчыцкія сяляне ў Расіі, якія паводле рэформы 1861 г. вызвалены ад прыгону, але асталіся абавязанымі ў адносінах да памешчыкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ста́тут, ‑а, М ‑туце, м.

1. Звод правіл, якія вызначаюць і рэгулююць парадак дзейнасці, выканання ці прымянення чаго‑н. Юрыдычны статут. Статут ордэна Леніна. // Звод палажэнняў, якія вызначаюць структуру, прынцыпы і парадак дзейнасці якой‑н. арганізацыі, установы. Статут КПСС. Статут Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Статут сельскагаспадарчай арцелі. □ Па турэмнаму статуту «кухару» ад асуджаных у крэпасць дазвалялася хадзіць на астрожную кухню і гатаваць абеды. Колас. Хоць і нялёгка салдату, затое на сэрцы спакойна — службу нясе дакладна па статуту. «Звязда».

2. У некаторых краінах Еўропы 14–18 стст. — закон, звод законаў або ўрадавая пастанова аб чым‑н. На .. [беларускай мове] пісаліся ўсе дакументы ў княстве Літоўскім, і нават Літоўскі статут напісаны па-беларуску. Арабей. // У Англіі і шэрагу іншых краін — назва закона. // перан. Звычаі, традыцыі. Статут палявання патрабаваў, каб людзі былі сытыя, а сабакі галодныя, аж да самага позняга вечара, калі раскінуць ім палатняныя кармушкі. Караткевіч.

[Лац. statutum.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)