Камо́рнік, кымо́рнік ’спецыяліст па межаванню зямельных надзелаў, землямер’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Мядзв., Гарэц., Др.-Падб., Бяльк.; Сл. паўн.-зах.), каморніцтва ’землямерная справа’ (Гарэц., ТСБМ). Ст.-бел. коморникъ ’загадчык каморы, памочнік, падкаморы’, ’феадальна залежны селянін у Вялікім княстве Літоўскім (XVII–XIX стст.), які не меў зямлі і ўласнага дома, бабыль’. Значэнне ’землямер’ уласнабеларускае. Узнікла яшчэ ў часы Вялікага княства Літоўскага (Падкаморы ў судова-арбітражным органе XVI–XIX стст. аглядаў спрэчныя землі, заслухоўваў сведчанні суседзяў, выносіў рашэнне і вызначаў межы; яму памагалі каморнік ’памочнік падкаморыя’ і пісар (БелСЭ, 8, 7), да камора (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)